Паведамленне Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адносна пераносу святкавання будслаўскіх урачыстасцяў |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
05.07.2012 10:08 |
У сувязі з узнікаючымі пытаннямі і інсінуацыямі адносна пераносу святкавання традыцыйнага фэсту Маці Божай Будслаўскай з 2 ліпеня на першую суботу гэтага ж месяца, Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ўпаўнаважана выступіць з тлумачэннем. 1. Шматлікія вернікі, у тым ліку студэнты, а таксама святары выказвалі пажаданне, каб урачыстасць Маці Божай Будслаўскай была перанесена на суботу, бо хацелі б яе святкаваць ва ўсёй поўні, што не заўсёды магчыма, бо 2 ліпеня часта прыпадае на працоўны дзень. 2. Практыка пераносу святкавання ўрачыстасцяў у Каталіцкім Касцёле практыкуецца даволі часта. Кананічнае Права Каталіцкага Касцёла (пар. кан. 1246, § 2) дазваляе Канферэнцыі Біскупаў з дазволу Апостальскага Пасаду перанесці нават абавязковыя святы на нядзелю. 3. У сувязі з вышэйсказаным і з душпастырскага погляду, каб даць магчымасць як мага большай колькасці вернікаў прыняць удзел у Будслаўскім фэсце, абсалютна свабодным рашэннем Касцёльнай улады ён быў перанесены з 2 ліпеня на першую суботу гэтага ж месяца. 4. Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі спадзяецца на зразуменне вернікаў і заклікае выкарыстаць новыя магчымасці для больш плённага ўшанавання Маці Божай Будслаўскай як шляху да духоўнай дасканаласці. |