Капучына ад капуцынаў у Будславе |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
05.07.2012 17:19 |
Падчас сёлетніх урачыстасцяў у Будславе браты меншыя капуцыны запрашаюць усіх жадаючых на капучына і не толькі. У спецыяльна адведзенай палатцы вы зможаце пакаштаваць смак Божага слова падчас размовы з братамі капуцынамі і бліжэй пазнаёміцца з жыццём ордэна. Палатка будзе змяшчацца ў парку перад базылікай і насіць назву «У капуцына». Што вас там чакае: Кава, капучына і гарбата Каляндар на 2013 г. З нагоды юбілею Віцэправінцыі капуцынаў у Беларусі быў выдадзены каляндар на 2013 г. Старонка за старонкай гэты каляндар распавядае пра розныя аспекты духоўнасці ордэна, такія, як малітва, праца, адпачынак і інш. Усё гэта праілюстравана фотаздымкамі з жыцця ордэна капуцынаў у Беларусі, на якіх вы знойдзеце шмат вядомых вам асобаў. Каляндар таксама змяшчае ў сабе выказванні св. Францішка, і носіць назву «Супакой і дабро». Цаглінка на будову касцёла Так называюцца ўлёткі з інфармацыяй аб маладзечанскім касцёле, які на дадзены момант дабудоўваецца і будзе насіць тытул св. айца Піо з П’етрэльчыны. Святыня ўзводзіцца на сродкі вернікаў, таму на картках будзе таксама разліковы рахунак для ахвярадаўцаў. Усе сродкі, выручаныя за продаж у капуцынскай палатцы падчас будслаўскага фэсту, будуць перададзены на будаўніцтва касцёла ў Маладзечне. Простыя словы, простыя рэчы… Урэшце рэшт можна проста пагутарыць з братамі, задаць розныя пытанні і проста пазнаёміцца бліжэй з гэтымі цікавымі людзьмі. Запрашаем! Аляксандра Шчыглінская |