Святы Айцец Францішак устанавіў нядзелю 28 верасня 2014 г. Днём малітваў у інтэнцыі III Надзвычайнай сесіі Сіноду Біскупаў на тэму «Душпастырскія выклікі, звязаныя з сям’ёй у кантэксце евангелізацыі». Сінод адбудзецца ў Ватыкане 5-19 кастрычніка.
У сувязі з гэтым загадваю ва ўсіх парафіях і манаскіх супольнасцях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі 28 верасня 2014 г. маліцца ў гэтай так важнай у жыцці сучаснага Касцёла інтэнцыі і пасля кожнай Імшы прачытаць малітву Святога Айца Францішка да Святой Сям’і.
Заахвочваю святароў, кансэкраваных асобаў, сем’і і вернікаў маліцца аб поспеху Сіноду перад яго распачаццем і падчас трывання.
З благаслаўленнем
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 20 верасня 2014 г.
Малітва да Святой Сям’і ў інтэнцыі Сіноду
Езу, Марыя і Юзэфе, Ад вас зыходзіць Ззянне сапраўднай любові, Да вас мы звяртаемся з даверам. Святая Сям’я з Назарэту, учыні таксама нашыя сем’і асяродкамі еднасці і вячэрнікамі малітвы, сапраўднымі школамі Евангелля і малымі хатнімі Касцёламі. Святая Сям’я з Назарэту, няхай больш ніколі ў нашых сем’ях не будзе насілля, адасобленасці і падзелаў; калі ж хто быў зранены або трапіў у спакушэнне, няхай як мага хутчэй спазнае суцяшэнне і ацаленне. Святая Сям’я з Назарэту, просім, каб Сінод Біскупаў, які мае адбыцца, паспрыяў, каб ва ўсіх абудзілася свядомасць сакральнасці і непарушнасці сям’і, Яе прыгажосці ў Божай задуме. Езу, Марыя і Юзэфе, Пачуйце і выслухайце нашыя просьбы. Амэн.
|