Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адкрыццё Святых Дзвярэй у мінскай архікатэдры: «Свет патрабуе міласэрнасці, спачування і прабачэння» (+фота)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.12.2015 15:40

Адкрыццё Святых Дзвярэй у мінскім архікатэдральным касцёле адбылося 13 снежня, пасля таго, як вернікі ў працэсіі вуліцамі горада ад Чырвонага касцёла прыйшлі да галоўнай каталіцкай святыні сталіцы на плошчы Свабоды.

Урачыстыя мерапрыемствы пачаліся святой Імшой у касцёле свв. Сымона і Алены, якую цэлебраваў ксёндз-прэлат Андрэй Стэцкевіч. Гамілію на Імшы прамовіў кс. Уладзімір Русак, віцэ-рэктар духоўнай семінарыі ў Пінску, які яшчэ раз прыгадаў, як шмат трэба вучыцца беларускаму грамадству, каб аказваць учынкі міласэрнасці.

Пасля Эўхарыстыі на пачатку працэсіі на прыступках Чырвонага касцёла сваім словам вернікаў прывітаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч:

«Юбілейны Год Міласэрнасці адкрывае новую эпоху ў гісторыі Касцёла — а менавіта самім спазнаць дзеянне Божай міласэрнасці, абвяшчаць яе людзям і практыкаваць у штодзённым жыцці».

Пасля слоў Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча працэсія рушыла за крыжам — «знакам збаўлення і надзеі, Святым Пісаннем – крыніцай нашай веры і вучэння пра Божую міласэрнасць» і абразом-пілігрымам Езуса Міласэрнага да архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Запоўніўшы прастору вуліц, як падчас працэсіі Божага Цела, вернікі падышлі да пляца перад архікатэдрай, дзе чакала таксама вялікая грамада людзей.

У гэты момант дзверы катэдры, якія сімвалізуюць Брамы Міласэрнасці, адчыніліся.

Людзі ўваходзілі ў святыню, у якой ужо распачыналася святая Імша, вялікая колькасць людзей засталася на вуліцы.

Святую Імшу ў архікатэдры цэлебраваў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Падчас Імшы ўся гамілія Мітрапаліта была дапамогай у разважанні пра міласэрнасць, а дакладней пра радасць Юбілею Міласэрнасці. Дзень адкрыцця Святых Дзвярэй супаў з пачаткам трэцяга тыдня Адвэнту — Нядзеляй радасці.

«Сучасны свет адчувае вялікую патрэбу ў міласэрнасці, спачуванні і прабачэнні. Свет павінен адкрыць праўду аб тым, што ў ім існуе міласэрнасць, што Бог — гэта не караючы дэспат, але міласэрны Айцец», — сказаў арцыпастыр.

«Усё Святое Пісанне, асабліва Евангелле, прадстаўляе сабой прыклад бязмежнай Божай міласэрнасці. Езус лячыў хворых, выганяў злых духаў, адпускаў грахі і пры гэтым не асуджаў, як у прыкладзе са злоўленай на чужаложстве жанчынай. Ён казаў, што на нябёсах большая радасць ад аднаго чалавека, які навярнуўся, чым са ста справядлівых.

Усё гэта нагадвае аб тым, што Божая міласэрнасць не ведае межаў і Бог чакае грэшніка, каб яму дапамагчы вярнуцца ў Божы дом», — дадаў Мітрапаліт.

Распачынаючы Год Міласэрнасці, арцыбіскуп заклікаў памятаць пра сакрамэнт пакаяння і штодзённыя ўчынкі любові і міласэрнасці да бліжняга.

Падчас споведзі, па словах іерарха, чалавек спазнае міласэрнасць Бога, да якой ён пакліканы, каб дзяліцца сэрцам з іншымі; пасля споведзі і прыняцця Эўхарыстыі чалавек знаходзіцца ў поўнай еднасці з Богам. Без гэтай еднасці немагчыма атрымаць адпустаў, сімвалам якіх і з'яўляюцца Брамы Міласэрнасці – Святыя Дзверы санктуарыяў і катэдраў па ўсім свеце.

Прайсці праз гэтыя Брамы — прайсці праз пакаянне, праз прабачэнне, каб з асаблівай руплівасцю несці ўчынкі міласэрнасці ва ўсе сферы грамадства, заўважыў Мітрапаліт.

Тэкст гаміліі цалкам»»

Напрыканцы Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч памаліўся з вернікамі спецыяльнай малітвай у інтэнцыі Папы Францішка, каб тыя, хто знаходзіцца ў стане асвячальнай ласкі, маглі атрымаць адпуст. Пасля малітвы ўсім прысутным было ўдзелена благаслаўленне Папы.

Такім чынам, час каяцца, прабачаць і з яшчэ большай адданасцю і адвагай рабіць учынкі міласэрнасці пачаўся.

Аксана Ючкавіч
Фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.