«Вучы мяне любіць і верным Табе быць»: сцэнку да Божага Нараджэння для бацькоў і арцыбіскупа падрыхтавалі дзеці пры «Місіі добрага самараніна» |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
20.12.2015 16:50 |
20 снежня ў парафіі Св. Сымона і св. Алены ў Мінску прайшла святая Імша для дзяцей, якія займаюцца пры «Місіі добрага самараніна» ў Мінску, і іх бацькоў. Пасля Імшы ўсіх чакала тэатралізаванае прадстаўленне і дзяленне аплаткай. Святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, пачалася з ўрачыстага ўнясення Бэтлеемскага Святла міру ў мінскую святыню. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў асаблівую ўвагу на сімвалізм Бэтлеемскага агню і заклікаў падрыхтаваць дарогу ў душы для прыйсця Езуса. «У цэнтры падрыхтоўкі да Божага Нараджэння павінна быць чаканне Хрыста, а не выбар падарункаў, клопаты па ўпрыгожванні ёлкі і паход па магазінах», — зазначыў іерарх.
«Калі мы перад святам Божага Нараджэння наводзім парадак у нашых дамах і іх упрыгожваем, то ў гэтым працэсе мы павінны пакінуць месца для Немаўляткі Езуса. Мы павінны дзейнічаць па прыкладу Марыі. Яе сустрэча з Альжбетай прынесла ў яе дом Езуса і Ягоную ласку. Падобна і нашы перадсвяточныя і святочныя сустрэчы павінны быць накіраваны на нараджэнне Езуса Ягонай ласкай у нашых сэрцах і сэрцах тых, з кім мы сустракаемся», — адзначыў арцыбіскуп. «Евангельская гісторыя адведзінаў Марыяй святой Альжбеты заклікае нас да
разважання аб прысутнасці Езуса ў нашым жыцці. Доўгія чэргі да споведзі,
калі мы ачышчаем нашыя душы ад граху, і Юбілейны Год Божай
Міласэрнасці, які распачаўся, з’яўляюцца не чым іншым, як упрыгожваннем
нашых душаў да святаў Раства Хрыстовага. «Трэба ўзяць дзяцей на рукі ў прамым і пераносным сэнсе слова, клапаціцца пра іх, каб Езус увайшоў у іх сэрцы, каб Бэтлеемскі агонь "гарэў" у іх сэрцах і ніколі не згасаў», — сказаў іерарх.
Пасля тэатралізаванага прадстаўлення прайшла аплаткавая сустрэча арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з дзецьмі і іх бацькамі, а таксама быў падрыхтаваны салодкі пачастунак для самых маленькіх.
*** З рубрыкі «Гавораць дзеці»: Ян Бушлякоў, у пастаноўцы выконваў ролю аднаго з трох каралёў:
— Хто такі Езус? — Езус дапамагае людзям. Бабуля: — І як ты любіш казаць? Ян: — (Пасля невялікай паўзы) Ён самы лепшы!
— Маё імя Адэля. У сцэнцы я была анёлам. — А хто такі анёл? — (пасля невялікай паўзы) Ой, я ўжо забылася. (Глядзіць на тату, а пасля дадае) Анёлы дапамагаюць Богу і робяць дабро. — А хто яшчэ, акрамя анёлаў, быў у пастаноўцы? — Багач, тры каралі, Езус... (пасля паўзы бойкім голасам) Езус – гэта Бог. — А пасля сцэнкі ты дзялілася аплаткай? — Так. — А што такое аплатка? — Яна такая квадратная (паказвае рукамі ў паветры). На ёй малюнкі розныя пра Божую сям’ю.
— Хвала Хрысту! — Хвала навекі! Мяне завуць Віталік. — А тваё прозвішча? — Эээ... (думае). Я — Алегавіч. — Ты таксама сёння выступаў на сцэне? — Так, я быў прынцам, які выратаваў планету! — А пра што была сцэнка? — Мы шукалі Езуса, які ёсць любоў. І паказвалі, што ёсць сябры, якіх нельга купіць за грошы. — А ты ўжо ведаеш, што такое аплатка? — Так, гэта такая вафелька. Бежавая. *** «Калі б не было дзетак, наша праца не мела б сэнсу»
Паводле слоў с. Чаславы, гурткі па інтарэсах пад апекай «Місіі добрага самараніна» працуюць пры архікатэдральнай парафіі і парафіі Св. Сымона і св. Алены ў Мінску. На бягучы момант будуецца і асобны дом «Місіі добрага самараніна» для заняткаў з дзецьмі, але будаўніцтва яшчэ не скончана.
Ілья Лапато |
Фотарэпартаж |