Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Агульнадыяцэзіяльнае святкаванне Юбілейнага Года з удзелам Мінска-Магілёўскай курыі адбылося ў Мінску
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
23.02.2016 11:55

22 лютага ў мінскім архікатэдральным касцёле адбылося агульнадыяцэзіяльнае святкаванне Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці з удзелам курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У гэты дзень Каталіцкі Касцёл адзначае свята катэдры святога Пятра, апостала.

Урачыстую святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У Эўхарыстыі ўдзельнічалі дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB і Юрый Касабуцкі, а таксама супрацоўнікі курыі.

Мітрапаліт адзначыў у гаміліі, што свята катэдры святога Пятра, апостала, бярэ назву ад крэсла, з якога, паводле традыцыі, Пётр навучаў і якое знаходзіцца ў ватыканскай базыліцы.

Па словах арцыбіскупа, гэтае свята, як і літургічныя чытанні гэтага дня, «нагадваюць пра выбар апостала Пятра быць бачнай галавой Касцёла, быць Вікарыем Езуса на зямлі».

Евангелле на гэты дзень, як дадаў іерарх, можна назваць Евангеллем вызнання Пятра аб тым, кім ёсць Езус, і адначасова прызначэння яго першым у Касцёле. «Езус цікавіцца: кім Яго лічаць людзі? Гэта натуральна, бо Ён быў вельмі папулярным і за Ім ішлі натоўпы людзей. Аднак Ён хацеў ведаць, кім на самой справе Ён для іх з’яўляецца. Напэўна, і кожны з нас зрабіў бы падобна. Адказы, як мы пачулі, былі розныя, – сказаў Мітрапаліт.


Гэта, як бачна, не задаволіла Езуса да канца, і Ён задаў фундаментальнае пытанне апосталам: а хто Ён для іх? Хрыстус не спытаўся ў Пятра, кім Ён з’яўляецца для яго. Але спытаўся, кім Ён з’яўляецца для ўсіх апосталаў. І тады Пётр ад імя ўсіх вучняў Хрыста першы вызнаў праўду аб тым, што Ён – Сын Бога жывога, доўгачаканы Месія».

У адказ на такую заяву Пятра, дадаў арцыбіскуп, Хрыстус удзяліў яму ўсю паўнату ўлады ў Паўсюдным Касцёле; і больш за тое, «устанавіў яго фундаментам Касцёла».

«Хрыстус з’яўляецца будаўніком Касцёла, але Ён будуе на Пятры. Аб гэтым вельмі важна ведаць усім нам: што Пётр з’яўляецца галоўным зыходным пунктам у справе будовы Касцёла і яго еднасці. Мы не можам быць сапраўднымі веруючымі католікамі без лучнасці з Папам. І шчаслівы Каталіцкі Касцёл, што мае Пятра, які жыве ў сваіх наступніках – Рымскіх Папах», – сказаў арцыпастыр.

Арцыбіскуп нагадаў, што Пётр на пытанне Езуса, кім Яго лічаць апосталы, ад свайго імя і ад імя ўсіх апосталаў адказаў: Ты Хрыстус, Сын Бога жывога. «Гэты адказ не быў пазычаны ў кагосьці або вычытаны ў кнізе, але стаў вынікам яго асабістага спазнання Бога. Аб гэтым сведчыць Хрыстус, кажучы, што не цела і кроў яму аб’явілі гэтую праўду, але Яго нябесны Айцец», - сказаў іерарх. Па словах арцыпастыра, з гэтага можна зрабіць выснову, што «не столькі вучачыся аб Хрысце па кнігах, колькі пазнаючы Яго з Божага аб’яўлення і асабістага спазнання Бога, мы становімся сапраўднымі веруючымі».


Кажучы пра святкаванне Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці з удзелам Мінска-Магілёўскай курыі, арцыбіскуп нагадаў, што ў іерархічнай структуры Касцёла на першым месцы знаходзіцца Папа з ватыканскімі ведамствамі, далей ідзе біскуп са сваёй курыяй, затым парафія і іншыя структуры. «Як нам, біскупам, так і ўсім супрацоўнікам курыі патрэбна Божая дапамога і Яго міласэрнасць, каб мы маглі годна выканаць даверанае нам Божым Провідам заданне», – сказаў Мітрапаліт.

Іерарх нагадаў, што курыя – гэта касцёльнае ведамства, якое распрацоўвае пастырскі і іншыя планы працы і дапамагае іх рэалізаваць, «каб Божы народ дыяцэзіі ішоў шляхам збаўлення».

Мітрапаліт заклікаў усіх удзельнікаў святой Імшы маліцца за яго, за дапаможных біскупаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, за ўсіх супрацоўнікаў курыі, каб усе іх дзеянні «адпавядалі Божай волі», каб яны і Божы народ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «заўсёды вызнавалі разам з Пятром веру ў Езуса як Сына Божага і былі Яго сведкамі».   

Напрыканцы Імшы Мітрапаліт заклікаў вернікаў памаліцца за нядаўна спачылага Віктара Вілька, польскага архітэктара, пад кіраўніцтвам якога адбывалася аднаўленне сакральных будынкаў у Мінcку і Пінску, у тым ліку будынка курыі архідыяцэзіі. 

(AG), (AYU)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.