Кардынал Крыстаф Шонбарн на ўрачыстай Імшы ў Будславе: Сёння я маю магчымасць быць сведкам вашай моцнай веры (+фотарэпартаж) |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
02.07.2016 14:24 |
Галоўную святую Імшу ў межах урачыстасцяў у Нацыянальным санктуарыі ў
Будславе 2 ліпеня ўзначаліў спецыяльны папскі пасланнік на будслаўскія
ўрачыстасці кардынал Крыстаф Шонбарн ОР. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, вітаючы на Эўхарыстыі папскага легата, сказаў: «Мы вельмі рады, што Святы Айцец паслаў да нас на ўрачыстасці Вас — вядомага тэолага, пастыра і кардынала, які таксама з’яўляецца старшынёй вядомага кангрэса Божай міласэрнасці». Таксама Мітрапаліт падзякаваў аўстрыйскаму іерарху за наведванне беларускіх парафій, дзе пасланнік Пантыфіка пабываў 1 ліпеня.
Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі агучыў ліст Папы Францішка да легата на ўрачыстасці ў Будславе кардынала Крыстафа Шонбарна і прывітальнае слова новага Апостальскага Нунцыя ў Беларусі мансеньёра Габара Пінтэра з нагоды святкавання ў Нацыянальным санктуарыі 25-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі.
Кажучы пра першы элемент, іерарх адзначыў: «Дзве жанчыны, якія чакаюць патомства, абдымаюцца. Я хацеў бы ад шчырага сэрца падзякаваць усім маці, якія знаходзяцца на гэтай Імшы. Кожны з нас калісьці таксама знаходзіўся пад сэрцам маці. Якая прыгожая гэтая таямніца, што кожны з нас мае сваю ўласную маці! Я таксама вельмі шчаслівы, што яшчэ жывая мая маці, якой 96 гадоў. І мы заўсёды застаемся дзецьмі сваёй маці і ўдзячныя ім за тое, што яны нам даюць».
Разважаючы пра другі элемент – словы «Адкуль мне гэта, што Маці Пана Майго прыйшла да мяне?» — папскі пасланнік заўважыў: «Альжбета здзіўлена, што Марыя прыйшла да яе, бо адчувае, што разам з Марыяй да яе прыходзіць Езус. І сёння разам з вамі ў гэтым прыгожым месцы я магу дзякаваць Усемагутнаму Богу, што Марыя прыходзіць з Хрыстом і да нас. Яна прыйшла ў гэтую краіну, да гэтых людзей, і Яна жадае таксама прыйсці ў нашы сем’і. І кожны з нас за св. Альжбетай можа сказаць: “Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне?”» «Я ўпэўнены, што ў кожнай сям’і вы маеце абраз Маці Божай, — дадаў кардынал Крыстаф Шонбарн. — Марыя жадае прыйсці да кожнага з нас».
Кажучы пра трэці элемент – словы «Шчаслівыя тыя, хто паверыў», – папскі легат падкрэсліў: «Моцная вера Марыі падаравала нам Хрыста. Таму мы маем прыгожую магчымасць цалкам аддаць нашу веру веры Маці Божай. Вельмі часта наша вера вельмі слабая, але Маці Божая мае моцную веру. І калі я перажываю цяжкасці са сваёй слабой верай, то магу з моцнай верай Марыі звяртацца да Хрыста».
«Марыя моцна верыла, што збудуцца словы, якія Яна пачула ад анёла. Я жадаю кожнаму з вас, каб Найсвяцейшая Маці несла вашу веру ў цяжкія часы, каб узмацняла яе і была для вас моцнай апорай», — пажадаў іерарх вернікам.
«Усемагутны і вечны Божа! Стоячы каля падножжа нашай нябеснай Заступніцы і Апякункі — Маці Божай Будслаўскай, у Надзвычайны Юбілейны Год Божай Міласэрнасці і сярэбраны юбілей заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі мы дзякуем Табе за дар свабоды веравызнання і спрыянне ў развіцці Касцёла, — гаворыцца ў малітве. — Заступніцтвам Найсвяцейшай Багародзіцы мы зноў набылі страчаную спадчыну веры. Прымі, Міласэрны Ойча, нашу малітву падзякі за Маці Твайго Сына і нашу духоўную Маці, якая ў Фаціме прадказала наша навяртанне. Наша падзяка непараўнальная з Яе заслугамі. Дазволь Ёй і далей быць нашаю Апякункаю і Заступніцаю».
Таксама на заканчэнне Імшы прадстаўнікі ўсіх дыяцэзій Беларусі – каля 30 чалавек — атрымалі з рук кардынала Крыстафа Шонбарна ганаровыя граматы за ўклад у станаўленне і развіццё Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. |
Фотарэпартаж |