Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Аўтар фотавыставы ў Будславе: Каб здымкі пабачыла як найбольш простых людзей
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
03.07.2016 02:21

Сёлета ў Будславе серыя фотаздымкаў з найпрыгажэйшых момантаў пілігрымак, якая была размешчана ў парку насупраць святыні, прыцягнула шырокую колькасць гледачоў. Некаторыя з іх пазнавалі на здымках сябе, усміхаючыся таму, што іх дзесьці хтосьці падлавіў сваім аб'ектывам i ўжо ўнёс у гісторыю.

Аўтар гэтых работ — фатограф Віктар Ведзень, які прэзентацыю сваёй выставы зрабіў перад тым, як першыя сёлетнія пілігрымы вырушылі ў шлях да Божай Маці Будслаўскай. Прэзентацыя адбылася ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены 12 чэрвеня.

Віктар адзначыў, што ўдзячны Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, які падтрымаў яго ініцыятыву яшчэ вясной, кс. Уладзіславу Завальнюку, які дазволіў зрабіць прэзентацыю ў дольнай частцы (Белай зале) Чырвонага касцёла, а таксама а. Віктару Бурлаку, кусташу будслаўскага санктуарыя, які дазволіў ладзіць прэзентацыю ў парку для пілігрымаў.

Мэта праекта, які паўстаў па ініцыятыве маладога фатографа, заключаецца ў тым, каб паказаць прыгожыя моманты — вобразы пілігрымкі і паасобных пілігрымаў — тым людзям, якія маюць менш магчымасцяў, каб наведваць нейкія выстаўкі ці іншыя творчыя імпрэзы.

«Напрыклад, у Мінску такіх творчых мерапрыемстваў вельмі шмат, і гэтыя праекты тычацца найчасцей культурнага жыцця, а часама, хоць і радзей значна, рэлігійнага», — адзначае Віктар.

У меншых мясцовасцях Беларусі не такія вялікія магчымасці. Не кожны можа даехаць да сталіцы ці абласнога цэнтра, а паказваць людзям цікавыя рэчы, якія дапамагаюць задумацца і паразважаць, даць імпульс да пэўных змен, вельмі важна.

«Таму я хачу паказваць фотаздымкі простым людзям, хачу, каб іх пабачыла як найбольш простых людзей», — заключае Віктар.

Наступнай парафіяй, якая пабачыць фотавыставу Віктара Ведзеня, будзе парафія ў Жодзішках. Гэта адбудзецца 24 ліпеня, у дзень, калі будзе адзначацца парафіяльная ўрачыстасць святой Ганны. Парафіяльнае свята з працоўнага дня — 26 ліпеня — перанесена на нядзелю.

Напярэдадні, 23 ліпеня, Віктар і яго дзяўчына Ганна, якая дапамагае яму з выставай у Будславе, возьмуць шлюб у гэтым касцёле.

«Жодзішкі — гэта святыня, дзе мяне хрысцілі, гэта месца мне блізкае», — дзеліцца Віктар.

Пра творчы метад фотамастака

«Найперш для мяне вобраз, а ўжо потым мяне цікавіць гісторыя той асобы, з якой атрымалася зрабіць, "падлавіць" гэты вобраз. Лічу, што калі фатограф спачатку даведваецца пра гісторыю асобы, а потым робіць здымак, то гэта атрымліваецца не так натуральна, як наадварот».

Віктар кажа, што, калі рабіць фотаздымкі, шукаючы вобразу, а потым удакладняючы гісторыю, то толькі ў такім выпадку гэты вобраз можа паўстаць натуральным, а герой здымка будзе найбольш з раскрытай душой.

Адметнасць фотаработ Віктара і ў тым, што да кожнай падабрана цытата: гэта альбо словы са Святога Пісання, альбо выказванні асобаў, якія натхняюць сваім прыкладам духоўнага жыцця.

«Да некаторых прац, — адзначае аўтар, — цытаты падбіраліся не адразу, з часам».

Можна сцвердзіць, што выстава Віктара ў Будславе знайшла водгук у гледачоў, асабліва ў пілігрымаў. Свае ўражанні яны пакінулі на старонках нататніка:

Тут словы і падзякі, і захаплення, і пажадання поспехаў.

Аднак аўтар ставіцца да сябе крытычна і імкнецца да ўдасканалення. «Напрыклад, да наступнай прэзентацыі, — кажа ён, — трэба замяніць некалькі слабейшых кадраў на больш моцныя».

Застаецца разам з астатнімі пажадаць поспехаў і развіцця, новых творчых канцэпцый, вобразаў, якія будуць прамаўляць да сэрца чалавека, што імкнецца духоўна мацнець і сведчыць пра Хрыста.

Аксана Ючкавіч, фота Аляксандры Шчыглінскай

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.