Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Галгота ў Мінску: інсцэніраваны Крыжовы шлях прадставілі парафіяне Залатой Горкі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
12.04.2017 21:41

Напярэдадні Пасхальнага Трыдуума 12 красавіка парафіяне мінскага касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы прадставілі інсцэніраваны Крыжовы шлях. Сёлета ён прайшоў у новым фармаце — асноўны ўхіл інсцэніроўкі канцэнтраваўся на разважаннях.

«Інсцэніраваны Крыжовы шлях дапамагае нам лепш асэнсаваць тое, што адбылося на Галгоце 2000 гадоў таму, а найперш асэнсаваць тое, якой цаной мы былі збаўленыя», — адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, распачынаючы разважанні Крыжовага шляху.


Як адзначыў іерарх, сёння людзі хочуць жыць шчасліва без клопатаў і цярпенняў, але «жыццё чалавека — даліна слёз».

«Бесклапотнага жыцця не бывае. З болем мы нараджаемся і ў хваробах пакідаем гэты свет. Усё наша жыццё — даліна слёз. — адзначыў іерарх. — Езус першым прайшоў Крыжовы шлях, і мы таксама пакліканы ісці такім шляхам. Перажываючы з Хрыстом Яго цярпенні, мы ўдасканальваемся і паглыбляем сувязь з Ім».


«Крыжовы шлях Хрыста не заканчваецца»

У разважаннях Крыжовага шляху прымалі ўдзел шмат вернікаў — дарослыя, моладзь, дзеці. Многія, уважліва назіраючы за інсцэніроўкай, не стрымлівалі слёз.

Як адзначыў пасля тэатралізаванай дзеі арцыбіскуп Кандрусевіч, «малыя і вялікія крыжы спадарожнічаюць кожнаму з нас».

«Крыжовы шлях паказаў нам праўду аб нясталасці чалавека, які спачатку праслаўляе Хрыста як свайго Караля, а пасля адмаўляецца ад Яго на карысць злачынца Барабы. Мы разважалі над жудаснымі цярпеннямі Хрыста.


Крыжовы шлях Хрыста не завяршыўся. Ён працягваецца. Мы бачым яго ў жыцці кожнага чалавека — малыя і вялікія крыжы спадарожнічаюць нам. Гэта цяжкасці нашага асабістага жыцця».


Крыжовы шлях як напамін пра смерць


Падводзячы вынік Крыжовага шляху, арцыбіскуп прыгадаў урочышча Курапаты — Кальварыю беларускага народа.

«У апошні час не сыходзіць з вуснаў урочышча Курапаты — Кальварыя нашага народа, якая не маўчыць, але з кожным днём прамаўляе ўсё мацней. Такіх Кальварый — месцаў гібелі беларусаў — шмат на беларускай зямлі. Сёння гэтыя месцы нагадваюць нам, што мы павінны цаніць сваё жыццё і жыццё іншых».


Мітрапаліт дадаў, што Крыжовы шлях не толькі нагадвае смерць Езуса, але і дае надзею на новае заўтра.

«Разважаючы над цярпеннямі Езуса, мы павінны жыць заўтрашнім днём, куды нас вядзе Уваскрослы Хрыстус і які мы з вамі будуем ужо сёння».

Пасля Крыжовага шляху ў касцёле св. Роха прайшла святая Імша, якую ўзначаліў іерарх.

(DN), (IL)
Фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.