Мітрапаліт Кандрусевіч у Новай Мышы: змяніць стыль жыцця на хрысціянскі |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
16.01.2012 11:58 |
15 студзеня 2012 года Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Перамянення Пана ў Новай Мышы (Пінская дыяцэзія). З нядаўняга часу тут працуе кс. Павел Врубель. У святочным набажэнстве прынялі ўдзел шматлікія вернікі. Адразу бачна, што парафія вельмі жывая і моцная ў веры, пра што сведчаць і пакліканні да святарскага жыцця — сем дыяцэзіяльных святароў і адзін законік. Звяртаючыся да тэкстаў нядзельнай літургіі слова, арцыпастыр прапанаваў прысутным паразважаць на тэму пакліканняў. Іерарх працытаваў пытанне вучняў да Хрыста: „дзе жывеш“? І адказ „ідзіце і ўбачыце“. «Вучні пайшлі, убачылі і засталіся. Пайсці — азначае стаць на шлях веры, што адбываецца праз хрост. Убачыць — прыняць навучанне Хрыста», — адзначыў арцыпастыр. Мітрапаліт нагадаў пра неабходнасць катэхізацыі і актыўны ўдзел бацькоў у рэлігійным выхаванні дзяцей і моладзі. «Застацца — азначае жыць праўдай Хрыста. Тут маем вельмі многа недахопаў, бо мы не заўсёды з’яўляемся сапраўднымі хрысціянамі, — дадаў іерарх. — Верым у Бога ў касцёле, падчас набажэнства, а жывём так, як быццам Бога зусім няма. Трэба змяніць стыль жыцця, каб яно было сапраўды хрысціянскім. Гэтаму дапаможа хрысціянскае сведчанне. Андрэй быў адным з вучняў Яна Хрысціцеля, які пайшоў за Хрыстом». Мітрапаліт заклікаў вернікаў Новай Мышы берагчы хрысціянскія традыцыі, не адракацца ад сваіх каранёў і сведчыць Хрыстовае Евангелле. |
Фотарэпартаж |