20 красавіка, калі Касцёл адзначае Уваскрасенне Пана, біскуп Антоні Дзям’янка ўзначаліў урачыстую Імшу ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску.
Па словах біскупа, здзіўленне Марыі Магдалены пры адкрыцці таго, што магіла Хрыста пустая, “спадарожнічае хрысціянам дзве тысячы гадоў кожны раз, калі разважаем пра таямніцу Уваскрасення”, і “такі выпадак можна прыняць толькі ў катэгорыях веры”. “Гэта была шакіруючая вестка, нават страшная. Праўда, Езус падчас зямнога жыцця гаварыў вучням, што пасля мукі і смерці ўваскрэсне на трэці дзень, але яны не памяталі аб гэтым, - дадаў іерарх. - Калі ўбачылі свайго Пана, канаючага на крыжы, тады памерла ў іх усялякая надзея”.
“Ці смерць - гэта канчатковы канец чалавечага жыцця? Якая розніца паміж смерцю чалавека і жывёлы? Сённяшняя ўрачыстасць Уваскрасення Езуса Хрыста адказвае на гэтае пытанне, - адзначыў біскуп. - Чалавек мае глыбокае жаданне з хвілінай смерці не знікнуць поўнасцю, але адначасова перад ім з’яўляецца неабходнасць смерці. (…) Хрыстус Уваскрослы нам дае прыклад, што і мы павінны ўваскрэснуць і валадарыць з Панам Богам”.
Пінскі ардынарый звярнуў увагу, што “вера не з’яўляецца ўласнасцю ўсіх - толькі дарам, ласкаю, але і прызначэннем усіх - гэта значыць, што ўсе людзі пакліканы да веры”, “Бог чакае пазітыўнага адказу з боку чалавека”.
“Радуймася ж сёння з такой перспектывы жыцця, якую нам абяцае Хрыстус сваім Уваскрасеннем, - заахвоціў вернікаў біскуп. – Будзем падарожнічаць з Ім далей па жыцці. Няхай наша жыццё праходзіць у Яго святле. Калі з Ім будзем злучаны, ніхто і ніколі нас не пераможа. З Ім і ў Ім мы можам перамагаць зло, грэх, нашу маладушнасць. З Ім дойдзем да шчаслівай мэты, да вечнага жыцця ва Уваскрасенні”. (AG)
|