Сотні гомельскіх католікаў сабраліся ў Пасхальную вігілію ў касцёле Нараджэння Божай Маці, маліліся і слухалі Слова Божае да самай раніцы. З-за недахопу месцаў у касцёле службы праводзіліся паралельна ў дзвюх залах. Многія прыйшлі ў гэтую ноч з дзецьмі, і многія абрады адмыслова праводзіліся для маленькіх вернікаў.
Пачалася ўсяночная з Літургіі святла: каб дзецям было прасцей зразумець сэнс Уваскрасення Хрыстовага, які перавёў людзей ад смерці да жыцця, ад цемры да святла. Вернікі пачулі дзевяць чытанняў: пра стварэнне свету, пра айца веры - Абрагама, пра зыход габрэяў з егіпецкага рабства, а таксама Слова Божае, дадзенае праз прарокаў і апосталаў, Евангелле пра Уваскрасенне Езуса.
Перад кожным чытаннем дарослыя звярталіся да дзяцей, тлумачачы, пра што зараз будзе гаварыць Бог, запрашалі слухаць Яго Слова. Каб дапамагчы дзецям не спаць, іх сабралі перад алтаром выканаць песню аб тым, чаму ў гэтую ноч яны не спяць.
“Пан Езус для кожнага з нас сёння хоча зрабіць гэты цуд уваскрасення. Нам жа засталося толькі адкрыць свае сэрцы і сказаць: «Хачу! Уваскрасі мяне там, дзе я мёртвы». Калі сямейны - каб уваскрос у сваім шлюбе, калі алкаголік - каб уваскрос для жыцця ў цвярозасці, каб сужэнцы ўваскрэслі для новага жыцця, каб прымаць дзяцей, калі дзіця - то каб уваскрос у паслухмянстве бацькам, калі працуеш - каб уваскрос у сваёй працы, каб працаваў сумленна не дзеля грошай, а для славы Божай. І ва ўсіх іншых момантах - прасі, каб Пан сёння ўваскрасіў цябе!” - заклікаў у гаміліі пробашч парафіі кс. Славамір Ласкоўскі.
Падчас усяночнага чування ў Гомелі ўрачыста хрысцілі траіх дзяцей і двух дарослых.
Завяршылася начное чуванне Крыжовым шляхам пад гук званоў. Святочныя Імшы працягваюцца ўвесь наступны тыдзень.
Паводле katolik-gomel.by (AG) Фота katolik-gomel.by
|