Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Брамы міласэрнасці адчынены ў Бярозе
Беларусь - Пінская дыяцэзія
21.12.2015 12:45

20 снежня ў парафіяльным касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Бярозе былі адчынены Святыя Дзверы ў Год Божай Міласэрнасці. Урачыстую святую Імшу, прысвечаную адкрыццю Года Міласэрнасці, цэлебраваў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Бярозаўскі касцёл знаходзіцца ў спісе святыняў, дзе на працягу Года Міласэрнасці кожны дзень можна будзе атрымліваць адпуст. Дзверы касцёла адчынены для кожнага, хто хоча праз асабістую сустрэчу з Хрыстом у святой Эўхарыстыі ачысціць сваё сэрца ад граху, нават самага цяжкага.

У гаміліі біскуп Антоні Дзям’янка сказаў: «Чалавек часам баіцца пераступіць парог касцёла, бо думае, што яго грэх вельмі цяжкі і Бог яму не прабачыць. Чалавек забывае пра Божую міласэрнасць».

Аднак проста прайсці праз Браму Міласэрнасці ў адпустовым касцёле недастаткова: трэба працаваць над сабой, над уласнымі слабасцямі, грахамі, супрацоўнічаючы пры гэтым з Хрыстом.

Юбілейны Год Міласэрнасці нагадвае, што ў свеце, забруджаным грахом, вельмі важна правільна расстаўляць каштоўнасці ў сваім жыцці. Важна, каб гэтымі каштоўнасцямі сталі каштоўнасці хрысціянскія, і важна памятаць, што міласэрнае сэрца Хрыста адкрыта для чалавека заўсёды.

Алена Казловіч, (AG)
Фота Дзяніса Крываносава

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.