26 снежня Брамы Міласэрнасці ў Надзвычайны Юбілейны Год Божай Міласэрнасці былі адчынены ў санктуарыі св. Андрэя Баболі ў Іванаве. Іх адкрыццё здзейсніў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
У гаміліі падчас святой Імшы пінскі ардынарый звярнуў увагу, што на працягу ўсяго Года Міласэрнасці гэтыя Святыя Дзверы будуць нагадваць кожнаму, хто будзе ў іх уваходзіць, «аб Богу, якога называюць міласэрным», «адных заклікаць да навяртання, іншых – да таго, каб евангелізаваць».
Іерарх дадаў, што, паводле булы Папы Францішка «Misericordiae Vultus», Брамы Міласэрнасці прызначаны для людзей добрай волі, для свядомых хрысціян, але і для непрактыкуючых; «для тых, хто два разы ў дзень моліцца, і для тых, хто забыўся пра ўсё і толькі выпадкова знаходзіцца ў касцёле», «для ўсіх парафіян, гасцей, грамадзян і людзей з замежжа».
«Гэтыя Брамы не для таго, каб зачыняць, выключыць з Касцёла, але каб абвяшчаць Год ласкі», – падкрэсліў біскуп.
Таму, па словах іерарха, важна маліцца аб тым, «каб як мага больш людзей звярталася да Божай міласэрнасці, паядналася з Ім у канфесіянале і скарыстала з прабачэння Ім за грахі ў адпустах».
«Для Бога няма лепшых і горшых. Бог прагне міласэрнасці для амаль здаровых і для моцна хворых, – адзначыў пінскі ардынарый. – Бог сам адчыняе дзверы, чакае на парозе, каб узнагародзіць. І гэта найважнейшы змест гэтага года».
Таксама біскуп нагадаў, што першай з крыніц міласэрнасці з’яўляецца для хрысціян Эўхарыстыя. «Яна той сакрамэнт, які адчыняе сэрца; яна дае сілу да практыкі міласэрнасці, дае сілу прабіцця цвёрдай шкарлупіны нашага сэрца”, – сказаў іерарх і заклікаў вернікаў «ужываць яе рэгулярна як лекі міласэрнасці», а калі з якойсьці прычыны Эўхарыстыя недаступная – то звяртацца да Бібліі і іншых святых тэкстаў.
«Няхай міласэрнасць пераменіць наша жыццё», – пажадаў усім прысутным біскуп. (AG)
|