Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Як выглядала каталіцкая Піншчына ў 1930-х?
Беларусь - Пінская дыяцэзія
05.07.2016 12:09

Восенню 1934 года экспедыцыя амерыканскай даследчыцы і фатографа Луізы Арнер Бойд прыбыла ў Пінск. За перыяд, які Луіза Бойд правяла на беларускім Палессі, яна сфатаграфавала дзясяткі пейзажаў, гарадскіх і вясковых замалёвак, элементы быту беларускіх сялян на Палессі.

На месцы амерыканка працавала разам з польскімі географамі Станіславам Гажухоўскім і Вандай Рэвеньскай, вадзіцель вазіў Бойд на асобным аўтамабілі.

На Палессі даследчыца прабыла месяц: з канца верасня па канец кастрычніка 1934 года. Сярод здымкаў Луізы Бойд, а іх было зроблена каля 700, можна знайсці і тыя, якія, хоць і ўскосна, паказваюць рэлігійны стан Піншчыны 1930-х, якая ў той час належала да Польшчы.



Так, на фотаздымках, якія адлюстроўваюць Палескі кірмаш, які штогод ладзіўся ў сталіцы Палесся ў канцы жніўня, можна пабачыць комплекс былога езуіцкага касцёла св. Станіслава і кляштар пры ім, узарваны ў 1953 годзе савецкімі ўладамі.

«У 7 гадзін раніцы гандаль у самым разгары, — пісала ў сваіх успамінах Бойд. — За сваё жыццё я бачыла шмат разнастайных кірмашоў у розных краінах свету, але нідзе я не бачыла таго ўнікальнага і цікавага, што я ўбачыла ў Пінску. Гэты горад з’яўляецца перакрыжаваннем шляхоў, дзе з усёй ваколіцы прыбываюць і сустракаюцца людзі, якіх раздзяляюць дзясяткі кіламетраў вады».

Таксама па тэме:

Як дадае фатограф, пінскі кірмаш падзелены на часткі.


На фота: паезуіцкі касцёл св. Станіслава ў Пінску — адна з найбуйнейшых святыняў на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай канца XVIII стагоддзя, узарваны савецкай уладай у 1953-м годзе.

На фота: чырвоным абведзена месца, дзе да 1953 года стаяў касцёл. Сёння ў Пінску на гэтым месцы — гарадскі парк

«Пад паўночнай сцяной касцёла стаяць вазы з драўнінай: бярозавы брус, які выкарыстоўваецца для вагонаў, піламатэрыялы, дрэва для вытворчасці гонты, жэрдкі і дровы. Побач — прадукцыя з дрэва.

Каля заходняй сцяны: хатнія птушкі, гародніна, садавіна — яблыкі, грушы, крыху вінаграду і бананаў. Вуліца ўздоўж заходняга боку касцёла была прызначана для вазоў з сенам, балотнай травой і чаротам. Пры продажу сена яго ўзважвае спецыяльна прызначаны вагаўшчык. Гружаныя сенам вазы з’язджаюць з пагорка, возчыкі лаюцца і праклінаюць адзін аднаго з-за найменшага дотыку да іх воза. Праехаць проста немагчыма. Я налічыла каля 300 вазоў».

Даследчыца адзначала, што большасць прыбывалі на кірмаш на лодках за 15-20 кіламетраў.

«Усё, што можа быць дастаўлена па вадзе, транспартуецца па Піне да прычала, размешчанага каля паўднёвага боку касцёла езуітаў. Многія з тых, хто прыплывае на лодках, начуюць проста ў іх; тыя, хто трапіў сюды па сушы, гэтак жа выкарыстоўваюць свае вазы».



«Берагавая лінія з паўднёвага боку касцёла запоўнена ўсім тым, што прывозілася на лодках. Рыба прадавалася проста з лодак і была нанізана на шнуры. Увесь вольны прастор быў заняты лодкамі, выцягнутымі на бераг, лодкамі ўсіх тыпаў, напоўненымі рознымі прадуктамі».

Акрамя Пінска, даследчыца пабывала ў навакольных Гарадзішчы, Кнубаве, Кудрычах, Кырадаве, Пінкавічах, Тупчыцах і інш. Шмат здымала Бойд рэкі, балоты і азёры, а таксама сялян ля іх:

«Звычайна балоты апісваюцца як нешта экстрэмальна плоскае і манатоннае, чаго я тут не ўбачыла, бо маёй галоўнай мэтай былі толькі мясцовыя жыхары... Жывучы на водных шляхах або сярод іх, яны ствараюць своеасаблівы этнічны стрыжань, які адрознівае гэтых людзей ад іншых», — пісала ў сваіх успамінах амерыканка.



У 1937 г. па выніках экспедыцыі на Палессе Бойд выдала альбом «Польская правінцыя». Памерла Луіза Бойд у 1972 годзе ў Сан-Францыска ва ўзросце 84 гадоў.

Паводле media-polesye.by і паведамленняў СМІ,
(IL)



 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.