Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды заканчэння Юбілейнага Года Міласэрнасці
Беларусь - Пінская дыяцэзія
10.11.2016 12:06

Да святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі

«Дзякуйце заўсёды за ўсё Богу і Айцу у імя Пана нашага Езуса Хрыста»
(Эф 5, 20)

Браты і сёстры ў Хрысце!

З перапоўненым удзячнасцю сэрцам я скіроўваю да Вас гэты радасны заклік святога Паўла ў той момант, калі ў Каталіцкім Касцёле завяршаецца Юбілейны Год Міласэрнасці. Гэты час быў надзвычай багаты на падзеі і духоўныя перажыванні. Па волі папы Францішка ён заканчваецца 20 лістапада, у нядзелю Хрыста Валадара. 13 лістапада будуць урачыста замкнёныя брамы стацыйных святынь як ва ўсім Касцёле, так і ў нашай дыяцэзіі: у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце, у касцёле Святой Тройцы ў Бярозе, у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Іванаве, у касцёле святых Пятра і Паўла ў Лагішыне, у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах, у касцёле Нараджэння Маці Божай у Гомелі і ў катэдры ў Пінску.

Узгаданыя святыні на працягу года давалі нам магчымасць асабіста дасведчыць самую галоўную рысу Бога Айца і сустрэцца з Ім у таямніцы Яго міласэрнасці. Заахвочваю кусташаў стацыйных касцёлаў прызначыць адпаведны час для ўрачыстай святой Імшы на заканчэнне Юбілею і запрасіць з гэтай нагоды духавенства і свецкіх вернікаў з рэгіёну для супольнай падзякі. Трэба ўрачыста і перадусім шчыра дзякаваць Богу за гэты незвычайны час ласкі. Са свайго боку, я хачу ўжо цяпер падзякаваць усім душпастырам за належны і руплівы падыход да гэтай падзеі.

Таямніца міласэрнасці заключае ў сабе два аспекты: міласэрная любоў з боку Бога да чалавека і ўзаемнае сведчанне аб такой любові паміж людзьмі. Першы ўзровень заўсёды апярэджвае другі, бо толькі сапраўдны досвед міласэрнасці Айца Нябеснага нараджае неабходную матывацыю для наследавання Бога ў Яго дабрыні. Вельмі важна належным чынам усвядоміць гэту заканамернасць і рухацца ў такім напрамку.

Разумеючы, што немагчыма ахапіць вялікае мноства ласкаў, якія мы атрымалі ад Бога на працягу Юбілейнага Года, я, аднак, хачу з пакораю і перапоўненым радаснай удзячнасцю сэрцам звярнуць Вашу ўвагу, браты і сёстры, на некаторыя бачныя праявы ласкавасці Божай для нашага партыкулярнага Касцёла. За час Юбілейнага Года Міласэрнасці Пінская дыяцэзія ўзбагацілася новымі святынямі. Былі пабудаваныя і асвячоныя святыні ў Жлобіне на беразе Дняпра і ў Брэсце. Да таго ж з’явіліся святыні ў Гарадку, Крыўчыцах, быў адноўлены касцёл у Воўчыне. Новыя і адноўленыя святыні — бясцэнная каштоўнасць для вернікаў, якія на працягу 80 гадоў ва ўсходняй і 40 гадоў у заходняй частцы дыяцэзіі чакалі гэтага моманту. Святыня — гэта дар міласэрнасці для душы верніка і месца, дзе людзі рэгулярна могуць адчуваць на сабе Божую міласэрнасць, прыступаючы да святых сакрамэнтаў. Карыстаючыся момантам, я запрашаю ўсіх на асвячэнне касцёлаў у Гарадку і Воўчыне.

Дзякуем Богу таксама за пакліканні да святарства з нашай дыяцэзіі, якія з’яўляюцца выразам Божай міласэрнасці. У Юбілейным Годзе колькасць клерыкаў у духоўнай семінарыі ў Пінску ўзрасла на 100%. Сёння ў Пінскай семінарыі вучыцца 16 алюмнаў, якія рыхтуюцца да прыняцця святарскіх пасвячэнняў. Касцёл у Беларусі надалей патрабуе святароў, недахоп якіх асабліва востра адчуваецца ў Пінскай дыяцэзіі. Даручаем Божай міласэрнасці нашых семінарыстаў з надзеяй, што калі-небудзь яны будуць несці святарскае служэнне ў нашых парафіях.

22 кастрычніка двое семінарыстаў, якія паходзяць з Пінскай дыяцэзіі, прынялі дыяканскае пасвячэнне. З гэтай хвіліны яны дапамагаюць біскупу і святарам. Дзякуючы Богу за дар пакліканняў, мы не можам перастаць далей маліцца ў гэтай інтэнцыі. Справу добрых і шматлікіх пакліканняў да Божай службы я давяраю Вашай малітве.

Урачыстае закрыццё дзвярэй юбілейных касцёлаў не азначае развітання з таямніцай, якую мы перажывалі на працягу апошніх месяцаў. Міласэрнасць не мае канца. Наадварот, пасля Юбілею ўсё толькі пачынаецца. Узмоцненыя духоўна, поўныя руплівасці, мы прагнем адказаць на дар Божай міласэрнасці ў штодзённым жыцці. Мы хочам быць міласэрнымі, як Айцец (пар. Лк 6, 36). Штодзённасць прапануе нам бясконцае мноства магчымасцяў перажываць і сведчыць аб міласэрнасці як у грамадскім, так і ў прыватным жыцці. Таму я хачу нагадаць пра другі, вертыкальны аспект міласэрнасці, які праяўляецца ў адносінах паміж людзьмі.

Касцёл Пінскай дыяцэзіі ажыццяўляе шмат ініцыятыў у галіне аказання міласэрнай любові патрабуючым. Адной з праяваў гэтага з’яўляецца функцыянаванне Дома Міласэрнасці ў Лагішыне, дзе 24 лістапада мы збярэмся, каб адсвяткаваць пятую гадавіну яго дзейнасці. Лагішынскі Дом Міласэрнасці нясе дапамогу 40 асобам старэйшага ўзросту, якія не маюць адпаведных умоў для жыцця ў сябе дома. Тут варта ўзгадаць і пра дом для дзяцей-інвалідаў у Гомелі, для якіх міласэрна служаць сёстры бэнэдыктынкі-самарытанкі. Таксама ў Гомелі з годнай захаплення міласэрнасцю служаць сёстры ордэна, заснаванага Маці Тэрэзай з Калькуты. Заснавальніца гэтай супольнасці была кананізавана 4 верасня бягучага года. Нельга не ўзгадаць пра Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і з Баранавічаў, якія штодня выдаюць бедным і хворым 60-100 абедаў, а часта і адвозяць пасілкі ім дадому. І ўрэшце, справа міласэрнасці — гэта паслуга сясцёр св. Вінцэнта дэ Поля (шарытак) у Брэсце, якія ўжо 25 гадоў апякуюцца хворымі, наведваючы іх па дамах.

Гэта толькі некаторыя, найбольш яскравыя прыклады службы міласэрнасці з боку кансэкраваных асобаў. У нашай дыяцэзіі працуюць і іншыя кангрэгацыі сясцёр, якія часта ціха і незаўважна верна выконваюць сваё пакліканне, у тым ліку ў справе міласэрнай любові.

Асобна трэба сказаць пра наш дыяцэзіяльны «Карытас». Філіял гэтай дабрачыннай арганізацыі ў Гомелі і філіялы ў многіх парафіях штодзённа аказваюць арганізаваную дапамогу патрабуючым. Радуючыся ўсяму гэтаму, мы прагнем горача дзякаваць Богу за тое, што па-рознаму і ў многіх месцах можна ўдзельнічаць у справе міласэрнасці. Дапамагаючы патрабуючым, мы з’яўляемся нібы прадаўжэннем рук міласэрнага Бога ў свеце.

Юбілейны Год Міласэрнасці быў для ўсяго Касцёла часам незлічонай колькасці ласк. Але ён павінен таксама даць нам патрэбны імпульс для яшчэ лепшага разумення нашай місіі апосталаў міласэрнасці. Абшар міласэрнасці назаўсёды застанецца бязмежным. Нам заўсёды будуць сустракацца людзі, якім спатрэбяцца нашы рукі, наша сэрца, наша прысутнасць. Карыстаючыся Божай дабрынёю, нам нельга паступаць іначай. Дзеці павінны браць прыклад з Айца! Я глыбока спадзяюся, што перажыты Юбілейны Год дасць маім дыяцэзіянам шмат запалу, патрэбнага для выканання і памнажэння ў жыцці ўчынкаў міласэрнасці. Са свайго боку, я буду маліцца, каб так было, і з сэрца благаслаўляю ўсе ініцыятывы на карысць абвяшчэння праўды пра Бога, багатага міласэрнасцю.

+ Антоні Дзям’янка
Ардынарый Пінскай дыяцэзіі

Змест гэтага паслання, зачытанага 6 лістапада ва ўсіх касцёлах Пінскай дыяцэзіі на ўсіх св. Імшах, заахвочваю выкарыстоўваць і ў казаннях. Акрамя гэтага, пасланне трэба змясціць на дошках аб’яў на перыяд да канца лістапада бягучага года.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.