Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Польшчы прадставілі поп-оперу пра назарэтанку з Навагрудка
Грамадства
19.09.2012 16:18

15 верасня быў на оперы пад назвай «Малгажата». Гэта было ў касцёле Уваскрасення Пана ў Познані. Спектакль падрыхтаваў і прадставіў музычны тэатр «Futryna». Галоўнай постаццю была с. Марыя Малгажата ад Сэрца Пана Езуса, Канаючага ў Садзе Аліўным — Людвіка Банась, Слуга Божая, назарэтанка з Навагрудка.

Сястра Малгажата нарадзілася 10 красавіка 1896 г. пад Вадавіцамі (Польшча) і памерла 26 красавіка 1966 г. у Навагрудку. Так, у спектаклі было прадстаўлена яе жыццё: вяселле бацькоў у Кракаве, яе народзіны, школьная адукацыя, ваганні ў выбары жыццёвага шляху, уступленне да назарэтанак… Затым было паказана прыбыццё назарэтанак у Навагрудак, выбух Другой сусветнай вайны, трагічны лёс адзінаццаці сясцёр, прабыванне с. Малгажаты на пасту веры ў вельмі складаныя гады пасляваеннай савецкай рэчаіснасці да канца яе жыцця.

Гэта жыццё, поўнае веры і прысвячэння для іншых людзей, жыццё, якое ахвяраваў ёй Бог, стаўшы на дарозе Малгажаты 31 ліпеня 1943 года.

У той дзень адзінаццаць сясцёр назарэтанак па загаду Гестапа накіраваліся ў камісарыят у Навагрудку. Акурат яна адна вярталася з дзяжурства ў мясцовым шпіталі, і с. Стэла, іх настаяцельніца, наказала ёй застацца дома і паклапаціцца пра фарны касцёл, а таксама пра капелана сясцёр кс. Аляксандра Зянкевіча.

1 жніўня на світанку сёстры былі вывезены за некалькі кіламетраў ад горада і расстраляны ў невялікім лесе, а іх целы былі кінуты ў супольную магілу. Злачынства здзейснілі афіцэры спецыяльнай лётнай працоўнай брыгады паліцыі бяспекі з Баранавіч, якая 10 сакавіка 1943 года расстраляла дзевяць святароў у Лідзе.

Адзінаццаць назарэтанак аддалі сваё жыццё ўзамен за жыццё каля 120 мужчын і членаў сем’яў, жыхароў Навагрудка, арыштаваных ў ноч з 17 на 18 ліпеня 1943 года. Амаль усе арыштаваныя былі вывезены на працы ў Германію і засталіся жывымі.

З дапамогай мясцовага насельніцтва с. Малгажата адшукала магілу сясцёр і пазней прысутнічала пры іх эксгумацыі і пахаванні пры навагрудскай фары (19 сакавіка 1945 г.).

Тое, што яна сама ўцалела, с. Малгажата адчытала як знак Божай волі: павінна застацца ў горадзе, даглядаць за касцёлам і служыць людзям, падтрымліваючы ў іх веру.

Прызналася: «Адчуваю выразна, што Бог пакінуў мяне на стражы свайго дому». Умовы яе працы былі місійныя і, як сама сказала: «Не трэба Афрыкі. Тут добрая місія, а Бог сілы дае». Так сястра Малгажата клапацілася пра навагрудскую фару, а перш за ўсё аб прысутнасці ў ёй Найсвяцейшага Сакрамэнту. Навагрудчане назвалі яе «ахоўнікам табэрнакулюма». Яна збірала вернікаў на малітву, упрыгожвала алтары, праводзіла набажэнствы. Арганізавала духоўную і матэрыяльную дапамогу святарам і свецкім, сасланым у Сібір.

60-70-я гады былі вельмі цяжкімі для Касцёла і памежнага грамадства. Арганізоўваліся калгасы, зачыняліся або разбураліся святыні, па-ранейшаму непакорныя адпраўляліся ў ссылку ў Сібір, у тым ліку і святары. Пасля вяртання са ссылкі святары ўжо не маглі працаваць у сваёй парафіі і ў сваёй большасці выязджалі ў Польшчу. Наступіла другая экспатрыяцыя палякаў на іх радзіму.

Сястра Малгажата жыла ў складаных умовах у сакрыстыі навагрудскай фары, на ахвяраванні людзей і з працы ўласных рук. З жывой верай адданая Божай волі, злучаная з Езусам Эўхарыстычным, паўтарала: «Мучаніцтва духа — гэта павольнае паміранне. Гэтага прагнула». Памерла пасля цяжкай хваробы 26 красавіка 1966 года ў Навагрудку і была пахавана на мясцовых могілках.

5 сакавіка 2000 года ў Рыме Святы Айцец Ян Павел ІІ беатыфікаваў адзінаццаць назарэтанак. Працэс беатыфікацыі с. Малгажаты і капелана назарэтанак з Навагрудка кс. Аляксандра распачаўся ў 2003 годзе. З 2009 года ў Беларусі існуе Правінцыя благаслаўлёных мучаніц з Навагрудка, а ў навагрудскай фары знаходзяцца іх рэліквіі і вісіць беатыфікацыйны абраз. Назарэтанская супольнасць у Навагрудку жыве ў былой школе, там жа знаходзіцца навіцыят.

Казімір Нехвядовіч

(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Грамадства

01.02 14:45Пад Кобрынам пройдзе II кангрэс медыкаў-хрысціян Усходняй Еўропы
20.10 15:26«Мой сябар Джэйсан»: прэм’ера монаспектакля на тэму інклюзіі прайшла ў мінскім Чырвоным касцёле
13.04 16:51Віртуальны музей кляштара картузіянцаў прэзентуюць у Бярозе
04.04 12:59«Адзіны спосаб выказаць любоў да мяне — судакрануцца падушачкамі пальцаў»: прэм’ера спектакля на тэму аўтызму прайшла ў Мінску
24.03 13:11Насельніцтва Астраўца з запускам Беларускай АЭС павялічыцца ў 2,7 разы
22.03 18:12Інклюзіўны фестываль творчасці дзяцей і моладзі «Фарбы жыцця» прайшоў у Мінску
11.03 10:23Бясплатная паслуга дзённага дагляду пажылых людзей з’явіцца ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці
10.03 18:04У Мінску прайшла канферэнцыя на тэму смяротнага пакарання
18.12 21:36Місія «Чыстае сэрца» перад Божым Нараджэннем парадавала хлопчыкаў з Крывіцкага прафесійна-тэхнічнага вучылішча
13.08 16:25У Беларусі знізілася колькасць шлюбаў і разводаў