Удзельнікі IV Міждыяцэзіяльнай пілігрымкі сем’яў прыбылі ў Браслаў |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
21.08.2010 13:22 |
21 жніўня 2010 г. у 11 гадзін раніцы ў санктуарыі Маці Божаў Браслаўскай распачалася праграма для ўдзельнікаў IV Міждыяцэзіяльнай пілігрымкі сем’яў. Цырымонію адкрыцця здзейснілі біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка. Перад абразом Маці Божай Валадаркі Азёраў сабраліся вернікі з Пінскай, Гродзенскай, Віцебскай дыяцэзій і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У сваім прывітальным слове біскуп Дзям’янка адзначыў, што ўжо чацвёртая пілігрымка сем’яў стала магчымай дзякуючы запрашэнню біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна, працы Рады па справах сям’і і грунтоўнай падрыхтоўцы да гэтай сустрэчы душпастыра сем’яў Віцебскай дыяцэзіі кс. Алега Півавара. Біскуп Дзям’янка выказаў спадзяванне, што насычаная праграма, якая чакае удзельнікаў пілігрымкі, будзе «з карысцю рэалізавана для духоўнага дабра». Біскуп Уладзіслаў Блін, у сваю чаргу, дадаў, што ўсе прысутныя ў гэты дзень вернікі «павінны вярнуцца дадому адноўленымі — духоўна ўзмоцненымі». Пасля прывітальнага слова іерархаў удзельнікі IV Міждыяцэзіяльнай пілігрымкі сем’яў звярнуліся да Маці Божай Браслаўскай у супольнай ружанцовай малітве за беларускія сем’і. |
Фотарэпартаж |