Шчасце чалавека — у святасці сям’і |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
21.08.2010 18:35 |
Усё, што зрабіў жонцы сваёй, Мне зрабіў; усё, што зрабіла мужу свайму, Мне зрабіла, — такімі словамі заахвоціў кс. Павел Кнурэк удзельнікаў IV Міждыяцэзіяльнай пілігрымкі сем’яў уявіць сустрэчу мужа і жонкі з Езусам на небе. Канферэнцыю святар прысвяціў сутнасці сужэнства, якое з’яўляецца пакліканнем, шляхам да святасці, святой рэчаіснасцю. Кожная асоба паклікана да святасці, аднак, як адзначыў кс. Кнурэк, трыванне чалавека ў добрым не з’яўляецца яго дасягненнем: гэта Езус, прысутны сярод людзей, перамяняе іх, робіць лепшымі. Чалавек, як нагадаў святар, пакліканы да любові, а крыніцаю сапраўднай любові з’яўляецца Бог. «Любоў з пункту гледжання хрысціянскай веры — гэта дар, абмен дарам… з Богам і бліжнім», — працягваў прамоўца. Праяўленне ж любові, нават праз дробныя рэчы і знакі ўвагі, нараджаюць радасць, як у таго, хто атрымлівае, так і ў таго, хто дае. Радасць, як нагадаў святар, нясе таксама вытрываласць у вернасці адно аднаму, а сілу дае сакрамэнт пакаяння і Эўхарыстыя. «Сужэнства з’яўляецца падмуракам. Муж і жонка да канца застануцца адно для аднаго», — падкрэсліў кс. Кнурэк, нагадаўшы, што дзеці маюць свой шлях да святасці, сваё пакліканне, у рэалізацыі якога бацькі не павінны быць перашкодаю. Прысутныя сужэнствы пачулі таксама пра вялікую моц бацькоўскай катэхезы, бацькоўскага прыкладу, бо «сям’я — гэта школа малітвы, сапраўднай, не крывадушнай». На заканчэнне канферэнцыі кс. Павел Кнурэк заахвоціў удзельнікаў стаць перад абразом Маці Божай Валадаркі Азёраў і зрабіць нейкую супольную пастанову, разам — муж і жонка — прыняць пэўнае рашэнне, і не баяцца яго прыняць, але кіравацца жаданнем духоўна ўзрастаць у сваёй сям’і. Святар звярнуў увагу сужэнцаў на чысціню ў сферы інтымных адносінаў, а таксама заахвоціў да ўдзелу ў справе абароны жыцця. «Паглядзіце з любоўю на тое, што маеце ў жыцці. Імкніцеся быць святымі, а значыць шчаслівымі, сёння», — заклікаў кс. Павел Кнурэк. |