Знамянальная батлейка ў аршанскай парафіі |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
30.12.2011 11:48 |
Урачыстасць Нараджэння Пана адзначаецца 25 снежня. Аднак на гэтым святкаванне таямніцы Уцелаўлення Божага Сына не завяршаецца — у літургіі яно працягваецца да нядзелі Хросту Пана, да таго часу, калі Касцёл згадвае хрост Езуса ў Ярдане ўслед за ўрачыстасцю Аб’яўлення Пана (6 студзеня), якую традыцыйна называюць святам Трох Каралёў. Перыяд Божага Нараджэння напаўняе сэрцы цяплом і надзеяй. Перажыванне радаснага свята вельмі злучае парафіяльную супольнасць. Спрыяе гэтай лучнасці таксама ўдзел у розных калядных мерапрыемствах. Адным з іх з’яўляецца батлейка. Дзеці і моладзь пераўтвараюцца ў акцёраў «парафіяльнага тэатра». У рэжысуры сябе спрабуюць святары, сёстры законныя або бацькі маленькіх акцёраў. Падрыхтоўка інсцэніроўкі, а таксама яе прадстаўленне гледачам з’яўляецца сапраўднай «цаглінкай» у духоўнае жыццё як акцёраў, так і гледачоў. Так, упершыню ў парафіі Беззаганнага Сэрца Марыі ў Оршы была паказана батлейка з такім вялікім удзелам дзяцей і моладзі. Праз шчодрасць душы і любоў да бліжняга дзеткі паказвалі шлях Бэтлеемскай зоркі, якая вядзе да Збаўцы. Сюжэт батлейкі меў сваю ідэю: героямі былі дзеткі розных краін, якіх Бог любіць аднолькава і кожнаму даручае адну і тую ж місію — быць добрымі хрысціянамі, быць святлом для тых, хто побач. |
Фотарэпартаж |