Узмоцненыя Духам Святым. Урачыстасці ў Полацку |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
31.05.2012 13:05 |
У дзень Спаслання Святога Духа полацкая парафія Святога Андрэя Баболі прымала з пастырскай візітацыяй біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна. У гэты ж дзень 37 чалавек з рук біскупа прынялі сакрамэнт канфірмацыі, а пробашч парафіі адзначыў гадавіну святарства. Несучы ў дарах чырвоныя агеньчыкі, вернікі паказалі, што прынялі ў сваё сэрца Духа Мудрасці, Духа Розуму, Духа Рады, Духа Моцы, Духа Умеласці, Духа Пабожнасці, Духа Боязі Божай. Шчырыя віншаванні з нагоды 25-годдзя святарства з усмешкамі і слязьмі шчасця склалі кс. прэлату Францішку Кіселю ўдзячныя вернікі. Юбіляр узгадаў сваё святарскае пасвячэнне і душпастырскую працу за гэтыя гады, падзякаваў Пану Богу за дар святарства і за бацькоў, за самааданых вернікаў. Ксяндза прэлата павіншавалі таксама госці з Германіі. Нямецкая дэлегацыя з горада-пабраціма Фрыдрыхсхафэна прыбыла ў любімы Полацк, каб раздзяліць усеагульную радасць. З гасцямі вернікі танцавалі шмат гарачых народных танцаў і спявалі песні. Пасля святой Імшы моладзь і дзеці прапанавалі прысутным святочны канцэрт. У цікавай інсцэніроўцы пра мурашоў маладыя людзі паказалі, што толькі еднасць дапаможа ўпэўнена прайсці праз жыццёвыя першакоды. Усе таксама маглі паласавацца стравамі, якія прыгатавалі парафіяне. На працягу ўсяго дня ў полацкай парафіі панавала атмасфера радасці, бо Дух Святы напоўніў сэрцы вернікаў і святароў сваёй незлічонай моцай. Ірына Грэйць |
Фотарэпартаж |