Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Параф’янаве імя Марыі ўшаноўваюць з 1675 года (дададзена фота)
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
13.09.2012 12:06

Урачыстасць Найсвяцейшага Імя Марыі адсвяткавалі 12 верасня ў мястэчку Параф’янава (Докшыцкі раён). Гэты тытул параф’янаўскаму касцёлу быў нададзены яшчэ ў 1675 годзе, а вось свята Імя Марыі для паўсюднага Касцёла было ўстаноўлена пазней — пасля перамогі ў бітве з туркамі пад Венай у 1683 годзе.

Параф’янава (даўней казалі Парфенава) — гэта старадаўнія, вядомыя з XV стагоддзя, уладанні Віленскай дыяцэзіі. У 1633 г. з параф’янаўскага дрэва рабілі алтары для катэдральнага касцёла ў Вільні.

Касцёл у Параф’янаве быў заснаваны ў 1624 годзе. Выгляд святыні дайшоў да нас з гравюры 1650 года. Пасля 1654-га касцёл спалілі маскоўскія акупанты. Параф’янаўскі касцёл адбудаваў і асвяціў у 1675 годзе віленскі біскуп Мікалай Слупскі. Гэты святар вельмі шанаваў Імя Марыі, таму і надаў такі тытул новаму касцёлу.

Праз трынаццаць год, 12 верасня 1683 года, з іменем Марыі на штандарах еўрапейскія войскі кінуліся ў бой з туркамі пад Венай, ад вынікаў якога залежаў лёс хрысціянскай Еўропы. Пасля перамогі папа Інакенцій ХІ абвясціў свята Імя Марыі для ўсяго Каталіцкага Касцёла.

На фэст у Параф'янава прыехалі святары з навакольных парафій — Лучая, Дунілавіч, Канстанцінава, Двара, Докшыц, Падсвілля.

«Імя Марыя ў перакладзе з габрэйскай мовы азначае „горкае мора“, — адзначыў у гаміліі кс. Аляксандр Дулінец. — Гэта выяўна кажа нам пра жыццё Марыі. У скульптурах і на абразах мы бачым яе прыгожай, а побач з ёй анёлы. Але Бог даў ёй нялёгкае, горкае жыццё. Найгоршае для маці — смерць сына. Марыя была пад Яго крыжам. Таму словы „горкае мора“ вельмі пасуюць да жыцця Дзевы Марыі».

Скончылася Імша — і пачалася «неафіцыйная» частка ўрачыстасці.

На пляцы перад парафіяльным домам граў гурт «Рэха» на чале з афрабеларусам Андрусём Такіндангам. «Рэхаўцы», як адзначаецца на партале Навін Паўночнай Беларусі і Вільні westki.info, выступаюць на Паазер’і вельмі часта. Сёлета яны тройчы гралі ў Лучаі (Пастаўскі раён) і двойчы ў Германавічах (Шаркоўшчынскі раён).

У Параф’янава гурт прыехаў у поўным складзе. Андрусь Такінданг спяваў і граў на домры, Яўген Шурмей — на гітары, Віктар Паўлючэня — на акардэоне, Кастусь Лісецкі – на бас-гітары, Леанід Паўлёнак — на барабанах.

Пакуль музыкі гралі, удзельнікі фэсту мелі магчымасць павячэраць. Гаспадыні з вёскі Заборцы прыгатавалі бігас, быў кампот і розныя прысмакі. Парафіянкі завіхаліся каля сталоў, стараліся, каб ежы хапіла ўсім.

Пад спеў «Да сустрэчы! Да пабачэння!» неба над Параф’янавам расквеціў салют.

(VGr)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў