У чым чалавек пачынае адчуваць найбольшую неабходнасць, калі прыходзіць восень? Не залатая сонечная пара, а амаль зімовая восень, нават са снегам. Чалавек патрабуе цеплыні, патрабуе іншых людзей. Каб змяніць гэты маркотны настрой і не толькі, у параф’янаўскай парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі была арганізавана сустрэча моладзі, якая адбылася з 27 на 28 кастрычніка.
Удзел у сустрэчы прыняла парафіяльная моладзь, а таксама студэнцкая і працоўная моладзь з Мінска — агульнай колькасцю больш за 50 чалавек.
Кульмінацыйным момантам была сустрэча ля каміна, калі госці і парафіяне, дзякуючы Кастусю Шыталю, даведаліся пра гісторыю Параф’янава і мясцовага касцёла. Потым яны пазнаёміліся адно з адным. Магчымасць распавесці пра сябе, пра каштоўнасці ў сваім жыцці і інтарэсы меў кожны ўдзельнік сустрэчы.
Некаторыя ўдзельнікі давалі сведчанні свайго прыйсця да Бога. Сястра Марына Яскевіч распавяла гісторыю свайго паклікання да законнага жыцця. Згуртаваныя цяплом каміна і святлом свечак, людзі адчувалі еднасць і радасць.
Андрэй Лугін з жонкай Веранікай распавялі пра два свае дыскі: «Трэба спяшацца любіць» і «Слаўце Пана неба». Першы дыск быў запісаны на пачатку вясны 2012 года паводле вершаў польскага святара і паэта Яна Твардоўскага. З падрабязнай гісторыяй узнікнення гэтага дыска ўдзельнікаў пазнаёміла Вераніка, якая і пераклала вершы на беларускую мову. Андрэй распавёў гісторыю паўстання другога дыска, а таксама праспяваў некалькі песень, якія падхапілі ўсе.
На наступны дзень удзельнікі сустрэчы сабраліся на нядзельнай святой Імшы. Падчас прынясення дароў моладзь паднесла намаляваны сімвал Года веры.
Варта адзначыць, што спачатку арганізатары мерапрыемства сумняваліся: а ці збяруцца людзі на сустрэчу? Але перамагла вера. Удзельнікамі кіравала жаданне адкрываць нешта новае, асабліва іншых людзей, і праз іх адкрываць Бога. Асноўным вынікам стала рашэнне працягнуць такія сустрэчы, зрабіць іх рэгулярнымі.
Традыцыя сустрэч моладзі ў Параф’янаве, якая асаблівым чынам развівалася, калі ў парафіі працавала сястра Крыспіна Янецкая, місіянерка Святой Сям’і, пачала аднаўляцца. Патрэба збірацца разам і дзяліцца сваімі марамі, планамі, ідэямі на будучыню, спрачацца, абмяркоўваць і шукаць праўды ў моладзі ёсць заўсёды, таму павінны быць і адпаведныя ўмовы, каб спрыяць гэтым развагам і пошукам. Разам шукаць Бога і Яго любові лягчэй.
Многія ўдзельнікі пакінулі свае каментары пасля гэтай сустрэчы. Вось некаторыя з іх:
Сястра Марына, місіянерка Святой Сям’і: «Думаю, што гэтая сустрэча — гэта першы крок да вялікай справы, далей можна будзе зрабіць працяг з канкрэтнай тэмай. Запрашаць розных людзей, спецыялістаў у розных напрамках… Я ўбачыла, што ўмовы ў нас нядрэнныя, трэба будзе толькі крыху лепш падрыхтаваць начлег. Увогуле, гэтая сустрэча абудзіла ў людзей зацікаўленасць. Іх лёсамі. Іх жыццём».
Глорыя, 13 гадоў, а.г. Сітцы: «Дзякуючы гэтай сустрэчы я пазнаёмілася з вельмі цікавымі людзьмі. Нягледзячы на тое, што нас было шмат, мы ўсе былі адным цэлым, разам спявалі і смяяліся. Мне вельмі б хацелася зноў паўтарыць гэты вечар ля коміну».
Оля, студэнтка, Мінск: «Сустрэча ў Параф’янаве была напоўнена дабрынёй і даверам. Натхніў вечар ля коміну, які стварыў спакойную, цёплую і ўтульную атмасферу. У такія моманты побач з сабранымі людзьмі, якія, здавалася б, такія розныя, але падобны ў адным — адданасці навучанню нашага Пана, калі ты знаёмішся і слухаеш гісторыі жыцця кожнага ўдзельніка, ты сам натхняешся і задумваешся над тым, наколькі можна памятаць і любіць. Адчуваеш, што ўва многіх яшчэ жывы той агонь сэрца, полымя веры, дух шчырага і чыстага жыцця, атрыманы ад выхавання ў хрысціянскай рэлігіі. Калі трапяткія пачуцці дасягаюць свайго піку, ты пачынаеш адчуваць, наколькі ты шчаслівы, а ўсе праблемы вырашальныя… Калі ёсць жаданне марыць, маліцца, адчуваць, радавацца, жыць, ды яшчэ так ярка… Гэта дар, які ўтрымлівае ў сабе заклік Бога. Полымя коміну вельмі сімвалічна данесла сутнасць і сэнс сустрэчы. Галоўнае — запаліць кнот сваёй душы і свяціць, і саграваць цяплом тых, хто навокал. Час будзе праходзіць, а агонь будзе нязгасны…»
Аксана Ючкавіч
|