Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Служэнню сясцёр эўхарыстак на тэрыторыі сучаснай Беларусі 90 гадоў
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
21.03.2013 12:06

19 сакавіка, ва ўрачыстасць святога Юзафа, у касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Друі адбылося вялікае свята — у гэты дзень, які супаў з інаўгурацыяй папы Францішка, сёстры эўхарысткі святкавалі 90-годдзе заснавання сваёй кангрэгацыі. 90 гадоў таму ў Друю прыбылі дзве першыя сястры для працы на гэтай тэрыторыі — Казімера Вілейкіс і Зоф’я Шкілондзь.

Заснаваў кангрэгацыю бл. Юрый Матулевіч, на той час біскуп Віленскі, які аднавіў дзейнасць ордэна марыянаў. Ён хацеў, каб новая супольнасць сясцёр стала дзейснаю дапамогай у паяднанні розных веравызнанняў не толькі на тэрыторыі Віленскай дыяцэзіі, але і ў іншых частках свету. Кананічнае ўрэгуляванне статусу кангрэгацыі адбылося ў 1924 годзе.

Асаблівай справай супольнасці, паводле задумы заснавальніка, павінна было быць навучанне і выхаванне да хрысціянскага жыцця дзяцей і моладзі, пашырэнне духу навучання Хрыста, асабліва ў асяроддзях занядбаных з гэтага пункта гледжання, развіццё ў кожным асяроддзі сакрамэнтальнага жыцця, асабліва эўхарыстычнага, малітва за святароў. У цэнтры духоўнага жыцця і дзейнасці кангрэгацыі знаходзіцца Езус Хрыстус у таямніцы Эўхарыстыі.


Дзень святкавання 90-годдзя заснавання кангрэгацыі

Як адзначыў пробашч друйскай парафіі кс. Сяргей Сурыновіч, кангрэгацыя сясцёр эўхарыстак хоць і дастаткова маладая, але шлях яе напоўнены падзеямі «сведчання аб веры ў Хрыста Эўхарыстычнага, падзеямі сведчання аб адданасці народа Божага, аб змаганні і мужнасці за тыя добрыя пераканнні, якія сёстры прапаведавалі і прапаведуюць».

Прысутная на ўрачыстасці с. Зоф’я Грыгатовіч, правінцыяльная настаяцельніца Дэлегатуры ў Беларусі і Літве, ад імя ўсёй дэлегатуры выказала падзяку пробашчу за магчымасць святкавання гэтай урачыстасці менавіта ў Друі, дзе ўсё і пачалося.

Апостальскі адміністратар Віцебскай дыяцэзіі кс. прэлат Францішак Кісель у сваёй прамове адзначыў, што сёлетняя ўрачыстасць святога Юзафа супала з інаўгурацыяй папы Францішка і 90-годдзем заснавання кангрэгацыі сясцёр эўхарыстак. «Гэтыя гады для кангрэгацыі былі поўныя выпрабаванняў і цяжкага досведу, але сёстры вытрывалі. Мы прагнем падзякаваць Пану Богу за тыя ласкі, якімі вас адарыў. За тых сясцёр, якія ўжо адышлі і пахаваныя тут, у Друі. Будзем маліцца, каб і надалей Бог даваў новыя пакліканні, і кангрэгацыя з благаслаўлення Божага працягвала жыць і служыць Богу».

Гамілію да прысутных прамовіў кс. Міхаіл Цвячкоўскі MIC, які ў свой час быў пробашчам друйскай парафіі і, як адзначыў, «уклаў у гэтую парафію часцінку свайго сэрца». Святар звярнуў увагу на тое, што глядзець у будучыню трэба са свядомасцю таго, што «Хрыстус  патрабуе маіх рук». «Калі я страціў пачуццё, што Хрыстус патрабуе менавіта маіх рук, то трэба задаць сабе пытанне, — працягваў кс. Цвячкоўскі. — Крызісы ў ордэнах адбываюцца з-за таго, што асобы пачынаюць чакаць, што ім дасць кангрэгацыя, але самі ўжо нічога не ўносяць. Калі кожны пачынае браць, не знаходзіцца таго, хто дае (…) — духоўна ці матэрыяльна. Ці будзе ў такім ордэне бескарыслівасць? Таму будучыня кожнай кангрэгацыі, у тым ліку і вашай, заключаецца ў тым, каб адкрыць жаданне даваць і даваць бескарысліва. Гэта магчыма толькі тады, калі ў сэрцы ёсць Хрыстус, калі я адкрываю бескарыслівую любоў Езуса Хрыста на любым узроўні. І гэтая любоў заключаецца не толькі ў пэўным эмацыйным парыве, а перш за ўсё ў сталасці і вернасці, нават тады, калі гэтага парыву я не адчуваю, але веру, што Хрыстус ёсць».

Пасля абраду Камуніі сёстры ўрачыста аднавілі свае манаскія абяцанні: «Усім сэрцам хачу наследаваць майго Божага Збавіцеля Езуса Хрыста і прысвяціць сябе пашырэнню хвалы Божай...»

«90 гадоў існавання Кангрэгацыі Сясцёр Служак Езуса ў Эўхарыстыі — гэта паказальная лічба, беручы пад увагу тое, што частку гэтага часу нашая кангрэгацыя перажыла тут, на гэтай тэрыторыі, падзяляючы лёс і клопаты сваіх сучаснікаў. Сённяшняя ўрачыстасць — гэта нагода падзякаваць Пану Богу за ласкі, якія мы спазналі ад Бога і людзей. Мы ўдзячныя Богу за 90 гадоў існавання, за сённяшні дзень і за ўсіх тых, хто маліўся сёння з намі», — прамовіла с. Зоф’я Грыгатовіч, падзякаваўшы таксама бацькам сясцёр, якія прыехалі на гэтае свята.


Выстава-аповед пра жыццё, побыт і служэнне сясцёр эўхарыстак у савецкія часы

Да свята ў касцёле была падрыхтаваная выстава, якая апавядала аб гісторыі кангрэгацыі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Ініцыятару экспазіцыі с. Наталлі Арлянковіч SJE, настаяцельніцы супольнасці сясцёр у Друі, у рэалізацыі задумы дапамагала свецкі гісторык.

Пачыналася выстава стэндам з фотаздымкамі з жыцця сясцёр ў даваенны перыяд. Сярод іх — партрэт Ванды Еўтэ, якая лічыцца першай настаяцельніцай кангрэгацыі (1923–1927) і першым дырэктарам друйскай гімназіі. Фота сястры Ядвігі Дзевалтоўскай, першай Маці Генеральнай на тэрыторыі Польшчы пасля таго, як частка сясцёр выехала ў Польшчу ў 1945 годзе. Фота Ірэны Дзевалтоўскай-Гінтаўт, якая вызначалася асаблівай духоўнасцю, фота  навучэнцаў друйскай гімназіі, дзе працавалі сёстры. Там жа былі прадстаўлены копіі некалькіх архіўных дакументаў з беларускіх архіваў аб дзейнасці сясцёр у савецкі час. Асобны раздзел-аповед аб росіцкай трагедыі 1943 года. Не ўсе ведаюць, што ў час вайны больш за дзевяць сясцёр актыўна працавалі на тэрыторыі росіцкай парафіі: катэхізавалі мясцовае насельніцтва, рыхтавалі да прыняцця сакрамэнтаў. Сёстры ў сваёй ахвярнасці маглі б падзяліць лёс благаслаўлёных росіцкіх пакутнікаў кс. Антонія Ляшчэвіча і кс. Юрыя Кашыры, але тыя ўпрасілі гітлераўцаў выпусціць сясцёр. Сярод іх была і святой памяці с. Ядвіга Віршута, якая ў пасляваенны час дапамагла ў аднаўленні памяці пра тыя жахлівыя падзеі.

Наступны раздел выставы — фармацыя сясцёр і іх паслуга ў Касцёле. На экспазіцыі былі прадстаўлены старыя кнігі, якія чыталі ў рамках сваёй фармацыі сёстры. Даволі цікавыя экспанаты рукапісных і друкаваных на машынцы малітоўнікаў і спеўнікаў, а таксама Канстытуцыя Кангрэгацыі і ўрыўкі з Дакументаў Другога Ватыканскага Сабору. Добра вядома, што ў савецкія часы касцёльнай літаратуры не хапала, бо яна не друкавалася. Прывозіць яе з Польшчы было практычна немагчыма, ды і сёстры не заўсёды маглі дазволіць сабе такія выдаткі. У гэтым жа раздзеле — партэт с. Юзэфы Жук, другой настаяцельніцы кангрэгацыі, якая выконвала гэтую паслугу з 7 ліпеня 1927 года на працягу 16 гадоў. Тут жа была прадстаўлена літургічная бялізна, якую шылі сёстры, прылады для выпякання камунікантаў і аплаткаў, свечы і ружанцы, якія рабілі сёстры. Тут жа быў прадстаўлены і хабіт з пелерынай, які раней насілі сёстры эўхарысткі.

Трэці раздзел выставы — прылады працы, якімі карысталіся сёстры. У свой час сёстры праводзілі курсы крою і шыцця, па вырабу трыкатажу, ткацтва, вучылі дзяўчат гаспадарству. Вельмі цікавы экспанат-дыван, вытканы рукамі с. Апалоніі Пяткун, настаяцельніцы сясцёр ад 1943 года. Гэтую паслугу яна несла на савецкай тэрыторыі на працягу 38 гадоў. У свой час яе выслалі на курсы шыцця і гаспадарства ў Вільню, дзе яна выткала гэты дыван у якасці сваёй дыпломнай працы.

Чацвёрты раздзел выставы — гаспадарчыя рэчы, якімі карысталіся сёстры ў сваім штодзённым побыце. Сёстры жылі ў такіх жа ўмовах, як і людзі навокал, карысталіся тымі ж рэчамі. Дадзеная экспазіцыя ў пэўнай меры дэманструе, як жылі сёстры ў тагачасных умовах. Часта гэта было звычайнае змаганне з паўсядзённымі цяжкасцямі вясковага жыцця. А яны ж акрамя гэтага яшчэ праводзілі апостальскую працу, дапамагалі святарам у іх паслузе. І самае галоўнае — шмат маліліся. І ў такіх умовах, часта цяжкіх, часам амаль невыносных, гэтыя звычайныя  сёстры імкнуліся да святасці.

Кацярына Лаўрыненка

(VGr)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў