6 мая 2012 г. друйская парафія вітала біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна, які прыбыў у касцёл з нагоды візітацыі парафіі. Візітацыя прыпала менавіта на месяц май, прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі, якую асаблівым чынам ушаноўваюць марыяне, што працуюць у парафіі.
На гэты год прыпадае таксама 85-я гадавіна смерці і 25-я гадавіна беатыфікацыі бл. Юрыя Матулевіча, які адыграў выключную ролю ў дзейнасці марыянскай супольнасці. Гэты душпастыр не толькі аднавіў супольнасць марыянаў, але і ўнёс новыя духоўныя акцэнты ў яе дзейнасць, выражаныя ў дэвізе «Pro Christo et Ecclessia» — «За Хрыста і Касцёл». Таму гэты год у марыянскай супольнасці абвешчаны годам бл. Юрыя Матулевіча. У 1923 годзе бл. Юрый Матулевіч заснаваў Друйскі кляштар айцоў марыянаў і Кангрэгацыю Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі.
Разам з біскупам Блінам на святую Імшу ў друйскі касцёл прыбыў і дэкан Мёрскі кс. прэлат Кшыштаф Мянкіна. На пачатку Імшы біскупа прывітаў адміністратар парафіі айцец Пётр Бярнацкі МІС і прадстаўнікі парафіяльных супольнасцяў. Паколькі біскуп Блін як пастыр Віцебскай дыяцэзіі з’яўляецца пробашчам усіх парафій, у тым ліку і друйскай, парафіяне ўручылі іерарху сімвалічны ключ ад касцёла.
Асабліва кранальна прагучалі словы ў прывітанні маленькай дзяўчынкі, якая ад імя дзяцей парафіі выказала радасць, што сёння мы «бачым так блізка нашага біскупа». У гаміліі, адказваючы на гэта, біскуп заклікаў усіх быць блізка Езуса. Іерарх прыгадаў, што мы — галінкі вінаграднай лазы, якой з’яўляецца Езус. Сучасны свет імкнецца адарваць нас ад гэтай вінаграднай лазы. Але адсечаныя галінкі сохнуць і паміраюць. Плён даюць толькі тыя галінкі, якія моцна трымаюцца галоўнай.
Літургію ўпрыгожыў спевам і граннем на скрыпках хор друйскай парафіі пад кіраўніцтвам Валянціны Казакевіч, якая шмат гадоў з’яўляецца нязменнай арганісткай і кіраўніком хору. Прыгажосць спеваў адзначыў біскуп, які расказаў прысутным, што калісьці, праязджаючы праз Друю, завітаў у касцёл падчас Імшы і вельмі цешыўся, слухаючы, як друйскі хор праслаўляе Пана Бога.
Падчас святой Імшы паслугу ў канфесіянале нёс вікарый парафіі ксёндз Антоні Лось МІС.
Пасля Імшы моладзь парафіі прапанавала ўвазе прысутных канцэрт. Група скрыпак разам з Валянцінай Казакевіч сыграла некалькі запальных мелодый, цудоўныя песні праспявала вакальная група. Дзяўчаты з дзіцячага дома прадставілі некалькі танцаў. Напрыканцы моладзь прадэманстравала біскупу плакат, дзе размешчаны запамінальныя кадры з жыцця парафіі «Сягнулі белай птушкай у блакіце касцёла друйскага крыжы. І Божая любоў паўсюль іскрыцца, благаслаўляючы жывое на зямлі».
Напрыканцы каля касцёла для ўсіх прысутных быў арганізаваны пачастунак. Парафіяне разам з біскупам частаваліся смачным пловам і салодкімі прысмакамі.
Візітацыя парафіі — гэта не толькі сустрэча вернікаў з ардынарыем дыяцэзіі, але перадусім справаздача, якім чынам ідзе душпастырская праца ў парафіі, што зроблена за апошнія пяць гадоў. На сённяшні час у друйскай парафіі дзейнічаюць хор, моладзевы гурт «Светач», кола Жывога Ружанца, супольнасць духоўнага ўсынаўлення, вядома ж, ёсць міністранты. Асаблівая роля ў парафіі надаецца працы з дзецьмі і моладдзю. Гэта не толькі патрэба сённяшняга часу, але і працяг традыцыі. У міжваенны час у мурах друйскага кляштара айцы марыяне кіравалі гімназіяй, якая з’яўлялася цэнтрам хрысціянскай духоўнасці і адукацыі. З гэтым кляштарам былі звязаны імёны такіх выбітных постацяў, як а. Андрэй Цікота, а. Фабіян Абрантовіч, а. Язэп Германовіч, а. Казімір Смулька, а. Віталіс Хаменак, а. Яўгеній Кулеша. Менавіта з друйскага кляштара выехалі ў Росіцу яе благаслаўлёныя мучанікі а. Юрый Кашыра і а. Антоні Ляшчэвіч. Так што друйскай моладзі сапраўды ёсць з каго браць прыклад.
Дарэчы, у Друі знаходзіцца дзіцячы дом. Большасць яго выхаванцаў — сіроты пры жывых бацьках. Зразумела, што ў дзіцячым доме яны маюць і ежу, і адзенне, але самае галоўнае ў жыцці — Бога — яны атрымліваюць менавіта дзякуючы айцам марыянам і сёстрам эўхарысткам, якія даюць сведчанне сваёй верай і прыклад хрысціянскага жыцця.
Катэхізацыяй дзяцей і моладзі ў парафіі займаюцца сястра Наталля Арлянковіч SJE і сястра Ганна Мізавец SJE. На сённяшні дзень у катэхетычных занятках прымаюць удзел 45 дзяцей.
На працягу года ў кляштар прыязджаюць дзеці і моладзь з розных куткоў Беларусі на рэкалекцыі, дні малітвы і канікулы з Богам.
Духоўную пацеху і магчымасць весці сакрамэнтальнае жыццё, нягледзячы на хваробы і ўзрост, дзякуючы айцу Пятру Бярнацкаму маюць і пацыенты дома састарэлых, што таксама знаходзіцца ў Друі. З душпастырскай паслугай а. Пётр Бярнацкі наведвае капліцу в. Малькаўшчына, а таксама в. Бабарыкі, дзе Імшу святар цэлебруе ў прыватнай хаце ці пад адкрытым небам каля крыжа.
Працы ў друйскай парафіі сапраўды хапае, але праца гэтая радасная, бо нясеш людзям Хрыста. А ўсе цяжкасці і праблемы заўсёды пераадольваюцца з дапамогай Пана Бога і Найсвяцейшай Панны Марыі.
Кацярына Лаўрыненка
|