16 красавіка Пантыфік на пенсіі Бэнэдыкт ХVI адзначае 87-мы дзень нараджэння. Кардынал Ёзаф Ратцынгер, які быў абраны на Святы Пасад 19 красавіка 2005 г. і ўзяў імя Бэнэдыкта ХVI, быў 265-м намеснікам Пятра.
“На працягу гэтага тыдня было б добра для ўсіх нас глядзець на ўкрыжаванне, цалаваць раны Езуса, цалаваць распяцце”, - з такой парадай звярнуўся да вернікаў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 16 красавіка. Пантыфік прысвяціў сваю катэхезу таямніцы прыніжэння і смерці Хрыста, якую Касцёл перажывае ў гэтыя дні.
Папа Францішак зробіць велікодны падарунак рымскім зняволеным: яны атрымаюць 1200 “кішэнных” Евангелляў. Папскі элемазінарый арцыбіскуп Конрад Краеўскі раздасць частку кніг, якія ўключаюць чатыры Евангеллі і Дзеі апосталаў, 16 красавіка ў рымскай турме “Regina Coeli”.
Пра тое, што ў Пальмовую нядзелю Касцёл адзначае Сусветны дзень моладзі, нагадаў перад малітвай “Анёл Панскі” 13 красавіка Святы Айцец Францішак. У гэты дзень у Рыме па традыцыі моладзь сустрэлася са сваім біскупам – Папам — на плошчы св. Пятра.
Вялікі тыдзень пазначаны пытаннем: я падобны да Юды і Пілата або Марыі, Сымона кірынейца і жанчын, якія заставаліся з Езусам аж да самай Яго смерці? З такімі словамі Папа Францішак звярнуўся да ўдзельнікаў Эўхарыстыі на плошчы св. Пятра, якая адбылася ў Пальмовую нядзелю 13 красавіка.
Папа Францішак павіншаваў юдэйскую супольнасць Рыма са святам Песах, якое адзначаецца ў памяць аб зыходзе ізраільскага народа з егіпецкага палону. Святкаванне сёлета пачнецца 14 красавіка і па традыцыі будзе працягвацца восем дзен.
9 красавіка ў ЗША адышоў у вечнасць былы Патрыярх Халдзейскай Каталіцкай Царквы, кардынал Эмануэль ІІІ Дэлі. З гэтай нагоды Папа Францішак выказаў свае спачуванні, прызнаўшыся, што “быў глыбока засмучаны” весткай пра смерць іерарха, якога “ўспамінае з глыбокай удзячнасцю”.
Падчас агульнай аўдыенцыі 9 красавіка Папа Францішак пачаў новы цыкл катэхез, прысвечаны дарам Духа Святога. Па словах Пантыфіка, Дух Святы – гэта любоў Бога, які робіць з сэрцаў людзей свой дом і ўваходзіць у адзінства з імі.
На заканчэнне агульнай аўдыенцыі 9 красавіка ў Ватыкане Папа Францішак нагадаў, што 7 красавіка ў сірыйскім Хомсе быў забіты айцец Франс ван дэр Люгт – 75-гадовы езуіт з Галандыі. Пантыфік нагадаў, што яго сабрат прыбыў у Сірыю яшчэ 50 гадоў таму, “з бескарыслівасцю і любоўю прыносіў шмат дабра ўсім і за гэта быў любімы і паважаны як хрысціянамі, так і мусульманамі”.
17 красавіка, у Вялікі чацвер, Папа Францішак узначаліць Імшу Вячэры Пана ў рымскім цэнтры “Santa Maria della Provvidenza”, які клапоціцца пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі і пажылых. У Эўхарыстыі прымуць удзел пастаяльцы цэнтра і члены іх сем’яў, супрацоўнікі і кіраўніцтва. Падчас Імшы Пантыфік здзейсніць абрад абмывання ног.
“Чалавекам міру” назваў забітага ў Сірыі святара кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі. Айцец Франс ван дэр Люгт, які належаў да Ордэну езуітаў, быў вядомай асобай у блакаваным горадзе, які паўстанцы ўтрымліваюць ужо амаль два гады. Па словах сведкаў, 7 красавіка ў кляштар езуітаў у Хомсе зайшоў чалавек, вывеў яго на вуліцу і двойчы стрэліў яму ў галаву перад домам.
Вечарам 6 красавіка Папа Францішак наведаў рымскую парафію Св. Грыгорыя Вялікага. Як і падчас сустрэчы на малітве “Анёл Панскі”, вернікі парафіі ў падарунак ад Папы атрымалі “кішэнныя” Евангеллі. “Насіце іх з сабой заўсёды, разгортвайце і чытайце любы фрагмент, стоячы ў чарзе або седзячы ў аўтобусе”, - пажадаў Святы Айцец.
“Наша ўваскрасенне пачынаецца тады, калі мы вырашаем прыняць гэты наказ Езуса выйсці на свет, да жыцця, вызваліцца ад нашых масак, якімі маскіруем грахі”, - адзначыў Папа Францішак перад малітвай “Анёл Панскі” 6 красавіка на плошчы св. Пятра. Асновай для разважанняў Пантыфіка стала Евангелле аб уваскрашэнні Лазара.