У маі 2013 г. Святы Айцец Францішак наведае адну з рымскіх парафій. Аб гэтым сказаў кардынал Агасціно Валіні, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі. Іерарх таксама адзначыў, што ў чэрвені Пантыфік прыме ўдзел у штогадовым кангрэсе Рымскай дыяцэзіі, а ў верасні, на пачатку душпастырскага года, сустрэнецца з усімі святарамі Вечнага Горада.
6 красавіка Святы Айцец Францішак у тэлефоннай размове з губернатарам правінцыі Буэнас-Айрэса (Аргенціна) Даніэлем Сцыолі асабіста даведаўся пра сітуацыю ў сувязі з паводкай, выкліканай вялікімі дажджамі, у архідыяцэзіі, якую ўзначальваў раней. Папа праз пасрэдніцтва губернатара запэўніў аргенцінцаў у сваёй духоўнай блізкасці.
15 інвалідаў прымуць удзел у інгрэсе папы Францішка на рымскую кафедру, які адбудзецца 7 красавіка ў базыліцы св. Яна на Латэране. Яны прадставяць ўсю супольнасць людзей з абмежаванымі магчымасцямі Вечнага горада.
9 красавіка папа Францішак сустрэнецца з Генеральным сакратаром ААН Пан Гі Мунам. 6 красавіка інфармацыю пра сустрэчу пацвердзіла Прэс-служба Апостальскай Сталіцы.
5 красавіка Святы Айцец Францішак прыняў на аўдыенцыях прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння арцыбіскупа Герхарда Мюлера і прэфекта Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў кардынала Леанарда Сандры. Папа зааахвоціў арцыбіскупа Мюлера да рашучых дзеянняў cупраць сексуальных злачынстваў.
Перад сваім інгрэсам на рымскую кафедру, які адбудзецца 7 красавіка ў базыліцы св. Яна на Латэране, Святы Айцец Францішак адкрые дошку, на якой будзе змешчана новая назва плошчы перад гэтай базылікай. Аб гэтым паведаміла Прэфектура Папскага дому.
Толькі ў Хрысце збаўленне, — падкрэсліў Святы Айцец Францішак падчас літургіі, якую ён цэлебраваў 5 красавіка ў Доме св. Марты ў Ватыкане. Разважаючы над літургічнымі чытаннямі гэтага дня, Папа адзначыў, што толькі ў імя Езуса мы збаўлены.
Акаўнт Папы Францішка ў Твітары за тры тыдні пасля яго выбрання на Святы Пасад набраў больш за пяць мільёнаў падпісчыкаў. У чацвер акаўнт, які дзейнічае ў дзевяці мовах, у тым ліку лаціне і арабскай, налічваў звыш пяці мільёнаў чытачоў. Найбольшую групу складаюць англамоўныя чытачы — звыш двух мільёнаў чалавек.
«Бог любіць нас. Мы не павінны баяцца любіць Яго. Вера вызнаецца вуснамі і сэрцам, словам і любоўю», — так гучыць новы запіс у профілі папы Францішка ў «Твітэры».
Уражанне ад сустрэчы з Езусам — да гэтай тэмы звярнуўся ў гаміліі падчас Імшы 4 красавіка ў капліцы Дома св. Марты папа Францішак. Святы Айцец нагадаў, што літургічныя чытанні гэтага дня кажуць пра ўражанне натоўпу аздараўленнем, здзейсненым ад імя Хрыста, і ўражанне вучняў аб’яўленнем паміж імі ўваскрослага Езуса.
Папа Францішак запэўніў у малітоўнай блізкасці пацярпелых ад паводкі аргенцінцаў. Паводка, выкліканая праліўнымі дажджамі, прывяла да смерці некалькіх дзясяткаў, а да вымушанай эвакуацыі — некалькіх тысяч чалавек.
Яшчэ ў бытнасць кардыналам папа Францішак прызнаўся, што дзякуючы сведчанню Яна Паўла ІІ штодзень моліцца ўсе таямніцы Ружанца. Аб гэтым сённяшні Пантыфік казаў у размове з італьянскім выданнем «30 Giorni».
На агульную аўдыенцыю з папам Францішкам 3 красавіка прыбылі каля 10 тысяч пілігрымаў з архідыяцэзіі Мілана (Італія) на чале са сваім Мітрапалітам кардыналам Анджэла Скола. Большасць пілігрымаў склала моладзь.
Італьянцаў і аргенцінцаў яднаюць духоўныя і сямейныя сувязі, культура і традыцыі. Аб гэтым, нагадваючы пра сваё італьянскае паходжанне, піша папа Францішак у лісце да Італьянска-аргенцінскага грамадска-культурнага таварыства «Ascia» у Італіі.
У Апостальскай Сталіцы стаў вядомы каляндар літургічных цэлебрацый, якія ўзначаліць Святы Айцец у красавіку і маі. 7 красавіка, у нядзелю Божай Міласэрнасці, у 17.30 адбудзецца інгрэс папы Францішка на кафедру Біскупа Рыма ў базыліцы св. Яна на Латэране.