Бэнэдыкт XVI заклікае хрысціян і іўдзеяў да абароны чалавечай годнасці |
Святы Айцец |
12.05.2011 15:11 |
Пантыфік нагадаў аб сустрэчы Міжнароднага каталіцка-іўдзейскага камітэту еднасці з нагоды 40-годдзя дыялога паміж католікамі і яўрэямі, якая адбывалася ў лютым гг. у Парыжы (Францыя). Як падкрэсліў Святы Айцец, вынікі гэтага дыялога трэба лічыць вялікім Божым дарам. Падчас парыжскай сустрэчы абодва бакі выказалі жаданне супрацоўнічаць перад абліччам выклікаў сённяшняга свету. Гэтае супрацоўніцтва павінна выявіцца ў супольнай барацьбе з убоствам, несправядлівасцю і парушэннем правоў чалавека. Папа дадаў, што існуе шмат магчымасцяў супрацоўніцтва хрысціян і іўдзеяў на карысць будавання лепшай будучыні і дабра чалавецтва. Бэнэдыкт XVI адзначыў і важнасць практычнага супрацоўніцтва ў галіне дабрачыннасці. Таксама Папа нагадаў, што падчас размоваў дэлегацый Галоўнага Рабінату Ізраіля і ватыканскай Камісіі па рэлігійных кантактах з юдаізмам, якія прайшлі ў сакавіку гг. у Іерусаліме, падкрэслівалася неабходнасць сцвярджэння правільнага разумення ролі рэлігіі ў жыцці сучаснага грамадства. Гэтае разуменне павінна скарэкціраваць чыста гарызантальнае, а таму няпоўнае, бачанне чалавечай асобы і грамадства. |