Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа сустрэўся з удзельнікамі XXIII Міжнароднага марыялагічнага кангрэса
Святы Айцец
10.09.2012 11:19

8 верасня Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся з удзельнікамі XXIII Міжнароднага марыялагічнага кангрэса, які праходзіў 4–9 верасня ў Рыме. Папа адзначыў, што тэма форума, «Марыялогія пачынаючы ад Другога Ватыканскага Сабору», з’яўляецца вельмі своечасовай, бо зараз Касцёл адзначае 50-годдзе гэтай вялікай падзеі.

Святы Айцец падкрэсліў, што разважанне над верай Панны Марыі ў гэтым кантэксце з’яўляецца вельмі актуальным, бо Другі Ватыканскі Сабор адкрываўся менавіта 11 кастрычніка — у той жа дзень, калі ў далёкім 431 г., падчас Эфескага Сабору, Найсвяцейшая Панна Марыя была названа тытулам «Theotokos» — Маці Божая. Акрамя таго, Папа нагадаў, што ў гэтым годзе, таксама 11 кастрычніка, у Касцёле пачнецца Год веры, аб якім Святы Айцец абвясціў сваім спецыяльным дакументам «Porta fidei», дзе прадставіў Панну Марыю як прыклад веры.

Як інфармуе Ватыканскае радыё, Бэнэдыкт XVI расказаў, што, будучы маладым тэолагам, у якасці эксперта прымаў удзел у працах Другога Ватыканскага Сабору і меў магчымасць пазнаёміцца з рознымі падыходамі да вывучэння ролі Панны Марыі ў гісторыі збаўлення. У той час існавала група Айцоў Сабора, якая настойвала на тым, каб Марыі быў прысвечаны асаблівы раздзел у дагматычнай канстытуцыі аб Касцёле «Lumen gentium». Аднак існавала таксама і іншая група, якая настойвала на стварэнні асобнага дакумента, прысвечанага Маці Божай. Як сказаў Папа, у выніку галасавання, якое прайшло 29 кастрычніка 1963 г., перавага была аддадзена першай прапанове, і Марыя была «ўключана ў фундаментальныя таямніцы хрысціянскай веры».

«Марыя, вера якой была адзначана асаблівым чынам, была зразумета ў таямніцы любові і адзінстве са Святой Тройцай; яе супрацоўніцтва з Божым планам збаўлення і пасярэдніцтва з Хрыстом было ясна падкрэслена і прызнана дапамогай. Такім чынам, яна стала прыкладам і апорай Касцёла, які ў ёй распазнае самога сябе, уласнае пакліканне і місію», — дадаў Пантыфік.

Паводле Святога Айца тэкст Сабору не раскрывае ўсіх тэмаў, звязаных з Паннай Марыяй, але з’яўляецца кропкай апоры для далейшых разважанняў у тэалагічнай, духоўнай і душпастырскай сферах. Папа заклікаў удзельнікаў Марыялагічнага кангрэса, каб вера Марыі суправаджала хрысціян у іх дзейнасці і жыцці паводле паклікання дзяцей Божых.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме