Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Візіт Папы ў Ліван: агульная карціна, планы і надзеі
Святы Айцец
13.09.2012 11:10

14 верасня распачынаецца трохдзённы візіт Святога Айца Бэнэдыкта XVI у Ліван. Ужо зараз журналісты, палітыкі і духавенства выказваюць надзею, што гэтае падарожжа прынясе хаця б крыху міру ўсяму Блізкаму Усходу. Што чакае Папу ў Ліване і якая гэта краіна?

Галоўнай мэтай візіту Пантыфіка ў Ліван з’яўляецца падпісанне Апостальскай адгартацыі «Ecclesia in Medio Oriente», якая вызначае накірункі жыцця Касцёла ў гэтым рэгіёне свету. Чакаецца, што найбольшая колькасць ліванскіх вернікаў сустрэнецца з Папам на нядзельнай святой Імшы 16 верасня ў Бейруце, на ўзбярэжжы Міжземнага мора. Прагназуюць, што на літургіі будзе 250, 300 і нават, магчыма, 500 тысяч удзельнікаў. Для 75 тысяч ужо падрыхтаваны пластыкавыя крэслы. Месца правядзення Імшы вельмі зручнае і знаходзіцца ў 20 хвілінах хады ад цэнтра горада.

Да месца цэлебравання літургіі вядзе трыумфальная арка, у цэнтры якой знаходзіцца партрэт Бэнэдыкта XVI з рукой, узнятай у жэсце благаслаўлення. Па абодва бакі знаходзяцца ліванскі і ватыканскі сцягі, а таксама лацінскі надпіс «Pax vobis» («Супакой вам»).

Рэзідэнцыя Папы будзе знаходзіцца ў 20 км ад Бейрута, у Харысе — горадзе, размешчаным у гарах, «месцы Марыі», дзе знаходзіцца санктуарый Маці Божай Ліванскай. Гэтае месца было абрана ў 1904 г. у памяць аб 50-годдзі абвяшчэння дагмату аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. З цягам часу Харыса стала найважнейшым марыйным санктуарыем усяго Блізкага Усходу, куды прыбываюць не толькі хрысціяне, але і мусульмане. Вызнаўцы ісламу аддаюць пашану Маці Божай, бо яна адзіная жанчына, названая ў Каране па імені. Штогод Харысу наведваюць ад 1,5 да 2 мільёнаў пілігрымаў, найбольш у маі. Санктуарыем апякуюцца з самага пачатку яго заснавання святары з Супольнасці ліванскіх місіянераў.

Менавіта ў Харысе Святы Айцец падпіша Апостальскую адгартацыю — плён Спецыяльнага пасяджэння Сіноду Біскупаў для Блізкага Усходу, якое адбылося ў 2010 г. Падпісанне адбудзецца ў базыліцы св. Паўла, якая належыць Грэка-каталіцкай (мелхіцкай) Царкве.

У Ліване існуе 18 прызнаных дзяржавай рэлігійных супольнасцяў, у тым ліку 7 абрадаў Каталіцкага Касцёла: мараніцкі, халдэйскі, мелхіцкі, армянскі, сірыйскі, копцкі і лацінскі. Папа наведае з іх чатыры: акрамя ўзгаданай мелхіцкай базылікі св. Паўла, сустрэнецца з моладдзю перад рэзідэнцыяй мараніцкага Патрыярхату ў Бкерке, будзе абедаць разам з біскупамі ў сядзібе армянскага Патрыярхату ў Бзумары і прыме ўдзел у экуменічнай сустрэчы ў сядзібе сірыйскага Патрыярхату ў Шарфеце.

У 1997 г. Ліван наведаў папа Ян Павел ІІ, сустрэўшы цёплы прыём мноства хрысціян і мусульман: на сустрэчу з Пантыфікам прыйшла чацвёртая частка жыхароў гэтай краіны. Перад гэтым адбылося прысвечанае Лівану Спецыяльнае пасяджэнне Сіноду Біскупаў, плёнам якога стала напісаная на французскай мове Апостальская адгартацыя «Новая надзея для Лівана». Сённяшні мараніцкі Патрыярх Лівана Бехара Раі падкрэслівае, што ў вялікай меры дзякуючы гэтаму дакументу Касцёл у краіне зараз перажывае сваю вясну. Іншыя, аднак, адзначаюць, што адгартацыі не было нададзена «такога значэння, якога яна заслугоўвала».

На пытанне аб чаканнях, звязаных з візітам Бэнэдыкта XVI, ліванцы кажуць, што жадаюць пацвярджэння правільнасці абранага імі шляху згоднага суіснавання паміж хрысціянамі і мусульманамі. Таксама яны спадзяюцца, што Папа ўмацуе ліванскіх хрысціян у сведчанні Хрысту і Евангеллю на зямлі, дзе яны жывуць ужо дзве тысячы гадоў. Гэта дапамагло б ім вытрываць і не пакідаць краіну нават пад цяжарам войнаў, канфліктаў, рэлігійнага фанатызму некаторых ісламскіх груп. У той жа час для ўладаў краіны важна ўказанне іншага вобразу Лівана, чым той, які сёння бачым у СМІ: яны жадаюць, каб гэта быў вобраз краіны дэмакратычнай, плюралістычнай, якая можа быць прыкладам для іншых дзяржаў Блізкага Усходу. Найперш, аднак, ліванскія хрысціяне жадаюць выказаць Папу сваю сыноўнюю любоў.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме