16 лістапада было апублікавана пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень моладзі, які пройдзе ў ліпені 2013 г. у бразільскім Рыа-дэ-Жанейра. Папа заклікаў моладзь рыхтавацца да форуму, разважаючы над яго асноўнай тэмай: «Ідзіце і навучайце ўсе народы».
Пасланне Святога Айца прысвечана менавіта тэме евангелізацыі і ролі моладзі ў гэтай місіі Касцёла. «Пазнаёміць з Хрыстом — гэта самы каштоўны дар, які вы можаце даць іншым», — звярнуўся да моладзі Пантыфік, нагадаўшы, што маладыя людзі маюць асаблівае заданне ў Касцёле — быць місіянерамі сярод сваіх аднагодкаў. Сёння, паводле Папы, патрэба ў евангелізацыі з’яўляецца тэрміновай, бо «на кон пастаўлена збаўленне чалавецтва і збаўленне кожнага з нас».
Святы Айцец падкрэсліў, што для выканання евангелізацыйнай місіі неабходна клапаціцца аб уласнай веры. А «абвяшчаючы Евангелле, вы самі ўзрастаеце і ўсё больш укараняецеся ў Хрысце, становіцеся сталымі хрысціянамі». Папа дадаў, што евангелізацыя дамапамагае самім евангелізатарам: праз служэнне іншым і абвяшчэнне Божага слова жыццё, «часта фрагментаванае паміж рознымі заняткамі, знойдзе сваё адзінства ў Пану». «Вы пабудуеце саміх сябе, узрасцёце і пасталееце ў чалавечнасці», — напісаў Святы Айцец.
Каб быць вучнямі Хрыста, Папа заклікаў моладзь уважліва слухаць Божае слова і глыбока вывучаць змест веры. Пантыфік нагадаў словы з уступу да моладзевага катэхізіса «Youcat»: «Вы павінны ведаць вашу веру з такой дакладнасцю, з якой спецыяліст у інфарматыцы ведае аператыўную сістэму камп’ютара; павінны ведаць, як музыкант ведае сваю частку; так, вы павінны быць больш укаранёнымі ў веры, чым пакаленне вашых бацькоў, каб здолець супрацьстаяць з сілай і рашучасцю выклікам і спакусам гэтага часу».
Папа падкрэсліў, што евангелізацыя пачынаецца ад асабістай сустрэчы з Езусам і Яго любоўю. «Чым больш пазнаём Бога, тым больш узнікае жаданне абвяшчаць Яго», — сказаў Пантыфік і заклікаў моладзь не замыкацца ў сабе, сваіх праблемах, звычках, але дазволіць любові Бога, якую адкрылі, весці сябе і дасягнуць іншых людзей.
Святы Айцец вылучыў два полі дзейнасці, важныя для евангелізацыі: першае звязаны са сродкамі камунікацыі і ў прыватнасці з інтэрнэтам, а другое з падарожжамі і перамяшчэннямі маладых людзей з адной краіны ў іншую.
Папа нагадаў, што абвяшчэнне Хрыста павінна суправаджацца уласным сведчаннем і канкрэтнымі жэстамі любові. «Першы акт любові, які можаце зрабіць іншаму, — гэта падзяліцца крыніцай нашай надзеі: той, хто не дае Бога, дае вельмі мала!» — напісаў Бэнэдыкт XVI. Пантыфік таксама заклікаў моладзь не баяцца прапаноўваць прыняць хрост тым, хто гэтага не зрабіў, а таксама заахвочваць да знаёмства з верай праз катэхізацыю.
Перад абліччам цяжкасцяў, звязаных з евангелізацыяй, Святы Айцец заклікаў не апускаць рукі, але быць моцнымі верай: укараніцца ў малітве і сакрамэнтах, быць вернымі Божаму слову і працягваць з адвагай сведчыць аб ім, а таксама захоўваць еднасць з Касцёлам. «Будзьце сэрцам і рукамі Езуса! Ідзіце і сведчыце аб Яго любові, будзьце місіянерамі, запаленымі Яго любоўю і адкрытасцю! Наследуйце прыклад вялікіх місіянераў Касцёла, такіх, як св. Францішак Ксаверый і многія іншыя», — пажадаў моладзі Бэнэдыкт XVI, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё. (AG)
|