Пантыфіку перададзена пасланне ад караля Саудаўскай Аравіі |
Святы Айцец
|
18.04.2013 11:02 |
Пасля агульнай аўдыенцыі 17 красавіка Святы Айцец Францішак сустрэўся з паслом Саудаўскай Аравіі ў Італіі. Салех Мухамед аль-Гамдзі перадаў Пантыфіку пасланне ад караля Абдалы бін Абдэль-Азіза.
Кароль Абдала стаў першым манархам Саудаўскай Аравіі, які ў лістападзе 2007 г. наведаў Ватыкан. 26 лістапада 2011 г. у Вене адкрыўся Міжнародны цэнтр па міжрэлігійным дыялогу імя караля Абдалы, створаны па ініцыятыве Саудаўскай Аравіі, Аўстрыі і Іспаніі, у працы якога ўдзельнічае і Апостальская Сталіца.
У Саудаўскай Аравіі адсутнічае свабода веравызнання, і гэтая дзяржава займае другое месца ў спісе арганізацыі «Open Doors» сярод самых небяспечных для хрысціян краін свету — адразу пасля Паўночнай Карэі. Адмаўленне ад ісламу і прыняцце іншай рэлігіі тут вядзе да смяротнага пакарання.
Папа Францішак, які ў бытнасць арцыбіскупам Буэнас-Айрэса ўтрымліваў добрыя стасункі з аргенцінскімі мусульманскімі лідарамі, ад пачатку свайго Пантыфікату выказваецца за дыялог з ісламам. Як адзначае польская рэдакцыя Ватыканскага радыё, аб гэтым Святы Айцец казаў 22 сакавіка ў сустрэчы з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванымі пры Апостальскай Сталіцы. У Вялікі чацвер у рымскай калоніі для непаўналетніх падчас Імшы Вячэры Пана папа Францішак абмыў ногі таксама маладым мусульманам. (AG)
|