Папа заклікаў да спынення насілля ў Сірыі |
Святы Айцец
|
24.04.2013 14:06 |
Яшчэ адным сведчаннем драматычнай сітуацыі, у якой прабывае сірыйскі народ, назваў Святы Айцец выкраданне двух праваслаўных іерархаў каля Алепа. Папа Францішак з занепакоенасцю адзначыў, што ў гэтай частцы Блізкага Усходу насілле і зброя працягваюць сеяць смерць і пакуты.
«Я зноў кірую заклік, які зрабіў у Велікодную нядзелю, аб заканчэнні кровапраліцця», — сказаў Папа на заканчэнне агульнай аўдыенцыі 24 красавіка. Як інфармуе Ватыканскае радыё, Пантыфік дадаў, што трэба забяспечыць неабходнай гуманітарнай дапамогай насельніцтва Сірыі і шукаць палітычнага рашэння крызісу.
22 красавіка Мітрапаліты Алепа Павел Язігі і Іаан Ібрагім былі выкрадзены невядомымі і вывезены ў Турцыю. Аўтамабіль Мітрапаліта Паўла падвергнуўся нападу. Дыякан, які вёў машыну, быў забіты. (AG)
|