Аб сэнсе нядзелі запрасіў задумацца вернікаў папа Бэнэдыкт XVI 27 студзеня. У разважаннях перад малітвай «Анёл Панскі» Святы Айцец засяродзіўся на нядзельнай літургіі.
Пантыфік нагадаў, што нядзеля — асаблівы дзень, які варта і трэба прысвяціць сабе і сваім бліжнім, перш за ўсё сям’і. Але цэнтральнае месца ў гэты дзень павінна займаць Эўхарыстыя. Яшчэ адной рысай, якую развівае ў чалавеку нядзельны дзень, з’яўляецца здольнасць слухаць — сябе, іншых, але перш за ўсё Бога, які прыходзіць да нас у сваім слове. Нядзельная літургія, паводле Святога Айца, становіцца «школай» слухання Бога.
Папа заўважыў, што сённяшняя літургія дэманструе аб’яднаныя разам дзве асобныя часткі Евангелля паводле Лукі. Першая з’яўляецца пралогам, адрасаваным «Тэафілу». Паколькі гэтае імя, па словах Пантыфіка, у перакладзе з грэчаскай мовы азначае «Божы сябар», у ім можна ўбачыць «кожнага верніка, які адкрывае сябе Богу і хоча дзяліцца Евангеллем». Другі ўрывак прадстаўляе Езуса, што «ў моцы Духа» адправіўся ў суботу ў сінагогу ў Назарэце.
«Прыгледзеўшыся, можна ўбачыць, што Пан не пазбягае штотыднёвага літургічнага рытму і далучаецца да сходу сваіх суайчыннікаў для малітвы і слухання Святога Пісання, — адзначыў Папа, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё. — Рытуал уключае ў сябе чытанне тэксту Торы і Прарокаў, а затым каментар. У гэты дзень Езус устаў чытаць і знайшоў урывак з прарока Ісаі, які пачынаецца: „Дух Пана на Мне; бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім“. Арыген каментуе гэта такім чынам: „Гэта не супадзенне, што Ён адкрыў кнігу і знайшоў урывак з прароцтвам аб Ім самім, гэта была справа Божага Провіду”. Езус жа, пасля чытання, у цішыні, поўнай увагі, сказаў: „Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі” (Лк 4, 21)».
«Святы Кірыл Александрыйскі кажа, што „сёння”, размешчанае паміж першым і канчатковым прышэсцем Хрыста, звязана са здольнасцю вернікаў слухаць і навяртацца, — працягваў Пантыфік. — Але ў сэнсе яшчэ больш радыкальным сам Езус з’яўляецца гэтым „сёння” збаўлення ў гісторыі, таму што яно завяршае паўнату адкуплення. Слова „сёння”, вельмі дарагое для св. Лукі, вяртае нас да хрысталагічнага тытулу — „Збаўца” (sōtēr). Ужо ў апавяданні аб дзяцінстве ён прысутнічае ў словах анёла да пастухоў: „Сёння ў горадзе Давіда нарадзіўся для вас Збаўца, Хрыстус Пан».
Гэты евангельскі фрагмент, па словах Святога Айца, адносіцца таксама да нашага «сёння». Перш за ўсё «гэта прымушае нас задумацца аб нашым ладзе жыцця ў нядзелю: дні для адпачынку і сям’і, але перш за ўсё дні, прысвечаным Пану праз удзел у Эўхарыстыі, у якой мы сілкуемся Целам і Крывёю Хрыста і Яго словам жыцця». У наш «рассеяны і безуважлівы час гэтае Евангелле заклікае нас спытаць сябе аб нашай здольнасці слухаць» — бо, «перш чым казаць пра Бога і з Богам, мы павінны слухаць Яго».
Кожны момант, дадаў Папа, можа стаць сапраўдным «сёння» нашага навяртання, кожны дзень можа стаць збаўчым «сёння», паколькі збаўленне — гэта гісторыя, якая працягваецца для Касцёла і для кожнага вучня Хрыста.
Пасля малітвы Бэнэдыкт XVI выказаў свае спачуванні ў сувязі са смерцю кардынала Юзафа Глемпа, арцыбіскупа Варшаўскага і Прымаса Польшчы на пенсіі. «Сёння я яднаюся з Касцёлам у Польшчы ў малітве падзякі за жыццё і служэнне памерлага кардынала Прымаса Юзафа Глемпа», — сказаў Папа. Таксама Пантыфік прывітаў дзяцей з рымскага аддзялення руху «Каталіцкая акцыя». (AG)
|