Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папская рада па культуры: падрыхтоўка маладых хрысціян — выраз адказнасці перад будучыняй
Рымская курыя
10.02.2013 16:02

Неабходна прымаць моладзь без стэрэатыпаў і маралізарства — да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі пленарнага пасяджэння Папскай рады па культуры на тэму«Моладзь і культура», якое праходзіла ў Ватыкане 6–9 лютага. На заканчэнне форуму было апублікавана паведамленне, у якім прадстаўлены вынікі дыскусій.

У дакуменце адзначаецца, што сённяшнія маладыя людзі з’яўляюцца адлюстраваннем крызісу грамадства і таму патрабуюць разумення, якое будзе ўключаць у сябе не толькі культурнае вымярэнне, але таксама эканамічнае і структурнае. Узгадваючы прыклад маладых удзельнікаў шматлікіх маніфестацый, якія ўскалыхнулі Еўропу на працягу 2011–2012 гг, гаворыцца, што яны выражаюць «стомленасць маладых людзей перад абліччам існуючай сістэмы» і ставяць пад пытанне актуальнасць «старых формаў палітычнай дзейнасці і звычайнага спосабу абвяшчэння веры».

Звяртаецца ўвага, што новыя тэхналогіі занялі асабліва важнае месца ў фарміраванні ідэнтычнасці сучаснай моладзі — ідэнтычнасці, якая ў пэўных мадэлях і групах знаходзіць гарантыю бяспекі. Таксама падкрэсліваецца, што дзякуючы новым СМІ моладзь прызвычаілася сама задаваць шматлікія пытанні і пакідаць каментары да іх. У сувязі з гэтым неабходна ствараць месцы, дзе можна будзе адказваць на самыя радыкальныя пытанні моладзі, а таксама вучыцца разумець яе «граматыку».

«Многія маладыя людзі не разумеюць мову Касцёла, а Касцёл не разумее мову моладзі», — адзначаецца ў дакуменце Папскай рады і дадаецца, што гэта выклік, на які неабходна адказаць. Моладзь часта шукае глыбокага сэнсу, таму неабходна максімальна ясна прадставіць прыгажосць і радасць хрысціянскага жыцця, евангельскіх запаведзяў, якія дазваляюць дасягнуць шчасця і паўнаты. Падрыхтоўка маладых хрысціян — гэта выраз «адказнасці перад будучыняй, каб будаваць паўсюднае братэрства», — падкрэсліваецца ў дакуменце, які цытуе Ватыканскае радыё.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме