Канада: небяспечная фортка для эўтаназіі |
25.01.2013 13:38 |
Уладам канадскай правінцыі Квебек камісіяй экспертаў прадстаўлены праект закона пра «медыцынскую дапамогу ў паміранні». Каталіцкая арганізацыя па абароне жыцця і сям’і, створаная епіскапатам Канады супольна з каталіцкім дабрачынным рухам «Рыцары Калумба», лічыць дадзеную прапанову легалізацыяй эўтаназіі. Каталіцкая арганізацыя звяртае ўвагу, што 60% асобаў і груп, кансультаваных камісіяй па пытаннях «годнага памірання», з’яўляюцца праціўнікамі легалізацыі эўтаназіі ці дапамогі ў самазабойстве. Абедзве гэтыя практыкі забаронены крымінальным кодэксам Канады. Увядзенне ў заканадаўства правінцыі Квебек паняцця «медыцынскай дапамогі ў паміранні» прывяло б да парушэння забаронаў, якія дзейнічаюць для ўсёй Канады. У пытаннях, якія датычаць службы аховы здароўя, кожная канадская правінцыя мае ўласны закон. Урад Квебека мае намер да чэрвеня гг. прадставіць у мясцовы парламент праект закона пра «медыцынскую дапамогу ў паміранні». Каталіцкая арганізацыя па абароне жыцця і сям’і заклікае жыхароў да супрацьстаяння планам урада. (VGr) |