Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
ССЕЕ: Другі Ватыканскі Сабор прадставіў адвечныя праўды ў кантэксце сучаснасці
30.09.2012 13:01

50-годдзе адкрыцця Другога Ватыканскага Сабору, Год веры, а таксама рэлігійная неталерантнасць, у тым ліку ў дачыненні да хрысціян, — такія тэмы абмяркоўваліся ў трэці дзень пасяджэння Рады епіскапатаў Еўропы (ССЕЕ) у Санкт-Галене (Швейцарыя). Нашу краіну на пасяджэнні прадстаўляюць біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Саборную праблематыку прадставіў у выступленні Патрыярх Лісабона кардынал Хасэ да Круз Палікарпа. Па словах іерарха, сёння Сабор з’яўляецца такім жа актуальным, як 50 гадоў таму. Кардынал дадаў, што ў апостальскім лісце «Porta fidei» Святы Айцец Бэнэдыкт XVI пацвердзіў гэтую актуальнасць. Патрыярх падкрэсліў, што надалей існуе матыў, з якім папа Ян ХХІІІ склікаў гэты Сабор, — маецца на ўвазе падрыхтоўка Касцёла да сустрэчы з вялікай задачай евангелізацыі грамадства.

Кардынал узгадаў словы Бэнэдыкта XVI пра тое, што Сабор належыць разумець у святле «здаровай герменеўтыкі»: значыць адчытваць адвечнае Божа слова і навучанне Касцёла ў канкрэтнай сітуацыі. У гэтым кантэксце, адзначыў іерарх, трэба разумець абвяшчэнне Года веры ў 50-ю гадавіну адкрыцця Сабору і ацэньванне новай евангелізацыі праз скліканне прысвечанага ёй Сіноду Біскупаў.

На думку старшыні епіскапату Партугаліі, пасланне Другога Ватыканскага Сабору — гэта прастата ў веры, якая з’яўляецца не толькі справай розуму, але датычыць найперш сэрца чалавека. Сабор заклікае «мець жывую веру, бо толькі Касцёл, збудаваны на спатканні чалавека з Езусам Хрыстом, можа быць пасланы ў свет і распачаць з ім дыялог». Неабходна таксама «глядзець на рэчасінасць з надзеяй і распазнаваць знакі Божага валадарства ў зменах свету».

Пытанні, звязаныя з Годам веры, прадставіў кардынал Вільям Якабус Эійк, Мітрапаліт Утрэхта (Галандыя). Іерарх падкрэсліў, што пасля Другога Ватыканскага Сабору, з якім звязваліся вялікія чаканні, у Касцёле настаў сур’ёзны крызіс, асабліва на Захадзе. Некаторыя кажуць, што гэта «віна Сабору», які, між іншым, выклікаў змены ў літургіі. Аднак, на думку кардынала, галоўная прычына крызісу — тое, што пасля Сабору «разышліся шляхі Касцёла і культуры».

«Дабрабыт схіляе людзей жыць незалежна ад іншых, ад супольнасці, — адзначыў кардынал Эійк. — Індывідуалізм прыводзіць да таго, што адзінка сама выбірае свае каштоўнасці, філасофію жыцця, рэлігію, не прымае таго, што агульнае, хоча адрознівацца ад іншых, а разам з тым ставіць сябе ў цэнтры ўсяго». Культура таксама «не адводзіць месца на абвяшчэнне каталіцкай веры». Чалавек адчувае сябе самадастатковым, не жадае адкрыцца на трансцэндэнтнае, на Бога і на Касцёл.

Іерарх звярнуў увагу, што сучаснаму чалавеку рэлігія павінна быць прадстаўлена вельмі ясным спосабам — менавіта тады ён зможа «нанава адкрыць Касцёл і выбраць яго». І ў лісце «Рorta fidei», дадаў кардынал, папа Бэнэдыкт XVI заахвочвае перадаваць жывую веру, якая заснавана на асабістым кантакце з Хрыстом і з’яўляецца нашым свядомым выбарам.

Увечары ў санкт-галенскай катэдры еўрапейскія іерархі ўдзельнічалі ва ўрачыстых Нешпарах. Старшыня ССЕЕ кардынал Пэтэр Эрдо ў гаміліі адзначыў, што Другі Ватыканскі Сабор з’яўляецца зыходным пунктам разам з іншымі Саборамі ў гісторыі Касцёла.


Сабор, па словах іерарха, прадставіў адвечныя праўды ў кантэксце нашых часоў. Пасля яго былі выдадзены новыя літургічныя кнігі, Брэвіярый, Кодэкс Кананічнага Права і Кодэкс Канонаў Усходніх Касцёлаў, а таксама Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, дзякуючы якім «мы можам абвяшчаць веру ў эпоху глабалізацыі».

Удзельнікі форуму вырашылі, што наступнае пленарнае пасяджэнне ССЕЕ адбудзецца 3–6 кастрычніка 2013 г. у Братыславе (Славакія).

 

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме