Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас святой Імшы у межах канферэнцыі «Евангелізацыя ў сучасных абставінах секулярызму»

Мінск, касцёл св. Сымона і св. Алены, 7 лістапада 2009 г.

 

Разважаючы пра час правядзення катэхізацыі, можам з упэўненасцю працытаваць словы натхнёнага аўтара са Святога Пісання: «Гэта (вось) час адпаведны, гэта дзень (час) збаўлення» (пар. 2 Кар 6, 2). З аднаго боку, сапраўды, мы — тыя, хто спазнаў і носіць у сабе жар любові да Бога і бліжняга. Сёння мы маем велізарныя магчымасці дзяліцца Добраю Весткай з бліжнімі: у касцёле, у катэхетычнай зале, на розных сустрэчах, урачыстасцях, у сям’і, сярод блізкіх і родных.

Мы можам накіроўваць адпаведныя матэрыяльныя сродкі для падрыхтоўкі і публікацыі друкаваных матэрыялаў, аудыё- і відэадапаможнікаў. Выкарыстоўваецца вопыт педагогаў і псіхолагаў, спецыялістаў з іншых галін навукі, каб як мага эфектыўней перадаваць катэхетычныя веды. Слуга Божы папа Ян Павел ІІ у адной са сваіх адгартацый пісаў: «Ад часоў, калі Апосталы навучалі ў вуснай форме, а ў касцёлах зачытваліся пасланні, ажно да сённяшняга часу, калі існуюць розныя формы дапамогі, катэхеза, якую вядуць душпастыры пры ўдзеле супольнасцяў, заўсёды шукала шляхоў і сродкаў найбольш адпаведных для выканання сваёй місіі. Гэтае намаганне павінна быць падтрымана».

Шматлікія магчымасці для перадачы інфармацыі даюць таксама сучасныя сродкі масавай камунікацыі: тэлебачанне, перыядычны друк, радыё, дыскі, магнітафонныя стужкі, а таксама аўдыёвізуальная тэхніка. Намаганні, якія былі з поспехам рэалізаваны, дазваляюць спадзявацца на лепшае. Вопыт паказвае, напрыклад, што эфектыўным з’яўляецца навучанне з выкарыстаннем радыё і тэлебачання, пры ўмове іх спалучэння з клопатам пра эстэтычныя каштоўнасці і вернасць навучанню Касцёла. На сённяшні дзень Касцёл мае шмат магчымасцяў, каб займацца гэтай праблемай, асабліва ў дні, прысвечаныя сродкам масавай камунікацыі.

З іншага боку, належыць прыняць Божы Провід пры ацэнцы вынікаў катэхетычнай працы ва ўзроставай групе, катэхезы ў парафіі альбо спецыяльнай катэхезы для асобных груп (нарачоныя, катэхумены і інш.). Няхай заўсёды перад вачыма застаецца вобраз сейбіта, зерне падчас сяўбы якога ўпала на розную глебу: урадлівую, камяністую, сухую. Неабходная ўмова для місіі катэхізацыі — гэта гатоўнасць з пакораю прыняць Божую волю: быць у месцы, прызначаным Божым Провідам, бо ў нас толькі адно жыццё, прыклад зменлівасці якога мы бачым у лёсе святога Паўла Апостала.

Чым адзначаецца глеба, у грунт якой падае зерне Божага слова, і які яна можа даць плён? З аднаго боку, гэта вялікая колькасць інфармацыі, жыццё адной хвілінай і мімалётнымі поспехамі, няздольнасць засяроджвацца на сапраўды важным, адкрытасць на спажывальніцтва і іншыя спосабы ўласназа задавальнення. Паводзіны сучаснага чалавека можна ў многім параўнаць з паводзінамі грэкаў на рынку ў Афінах.

Менавіта катэхеза тлумачыць сучаснаму чалавеку знакі і словы ў абрадах, каб свядома і глыбока перажываць спатканне з Хрыстом у сакрамэнтах. Пра гэта нагадвае Святы Айцец Бэнэдэкт XVI у Апостальскай Адгартацыі «Sacramentum Caritatis», дзе звяртае ўвагу на неабходнасць знаёміць вернікаў са значэннямі знакаў у абрадах: «Гэтае заданне з’яўляецца асабліва неадкладным у нашыя часы, калі існуе пагроза страты здольнасці разумення знакаў і сімвалаў. Заданне гэтай катэхезы — не толькі інфармаваць, але зацікавіць мовай знакаў і жэстаў, якія ў спалучэнні са словам прадстаўляюць абрад. Неабходна прыкласці намаганні, каб у катэхезе паказаць вернікам значэнне абрадаў у еднасці з хрысціянскім жыццём ва ўсіх яго вымярэннях, працы, думках і пачуццях, актыўнасці і адпачынку.

У Год святарства неабходна ўспомніць св. Яна Марыю Віянэя, пробашча з Арс (Францыя), які не столькі здольнасцямі абвяшчэння Евангелля, колькі прыкладам свайго жыцця паказаў Хрыста многім сваім сучаснікам. Аб гэтым папа Бэнэдэкт XVI у Апостальскай Адгартацыі «Sacramentum Caritatis» гаворыць так: «Першай і асноўнай місіяй, якая нараджаецца са святых таямніц, з’яўляецца сведчанне сваім жыццём. Дар, які нам даў Бог у Хрысце, нараджае ў нашым быцці дынаміку, якая абавязвае нас, каб мы давалі сведчанне Ягонай любові. Мы становімся сведкамі, калі праз нашыя ўчынкі, словы і спосаб жыцця абвяшчаецца і ўдзяляецца хтосьці Іншы. Можна сказаць, што гэтае сведчанне з’яўляецца сродкам, дзякуючы якому чалавек спасцігае праўду аб Божай любові, якая пабуджае яго добраахвотна прыняць такую радыкальную навіну. У гэтым сведчанні Бог адкрываецца, так бы мовіць, на рызыку свабоды чалавека. Езус сам з’яўляецца сапраўдным і праўдамоўным сведкам (пар. Ян 1, 5; 3, 14). Прыводзячы гэтыя словы, я жадаю растлумачыць разуменне, якое было важным для першых хрысціян і датычыць таксама нас, сучасных хрысціян: сведчыць ажно да ахвяры з самога сябе, ажно да мучаніцтва заўсёды лічылася ў гісторыі Касцёла вяршыняй новага духоўнага культу — «каб вы далі свае целы» (Рымлянаў, 12, 1).

Клопатам аб паглыбленні веры і аб пазнанні Хрыста агортвае Касцёл розныя ўзроставыя групы, а асабліва моладзь. Пра гэта пісаў Святы Айцец Ян Павел II у адгартацыі «Аб катэхізацыі ў нашыя часы»: «Пералічу таксама групы моладзі, якія пад рознымі назвамі і рознай формай арганізацыі, але заўсёды з той самай мэтай, якой з’яўляецца пазнанне Езуса Хрыста і жыццё Евангеллем — множацца ў некаторых рэгіёнах і расквітаюць, як кветкі ў вясеннюю пару, што з’яўляецца вельмі вялікай пацехай для Касцёла. Успамінаю згуртаванне Каталіцкай Акцыі, харытатыўныя групы, групы супольнай малітвы, групы хрысціянскай кантэмпляцыі і інш. Гэтыя групы нясуць вялікую надзею для Касцёла заўтрашняга дня».

Гаворачы аб плёне сяўбы, не забудзем пра так званыя «пабочныя дзеянні». Ян Павел II, выказваючы у сваёй адгартацыі задавальненне актыўнасцю шматлікіх апостальскіх евангелізацыйных і малітоўных груп, таксама папярэджваў: «Але ў імя Езуса Хрыста прашу маладых, якія іх ствараюць, іх кіраўнікоў і святароў, якія ім прысвячаюць найбольшую частку свайго служэння, ні ў якім выпадку не дапусціце, каб у вашых групах — настолькі багатых каштоўнасцямі сяброўства і салідарнасці моладзі, радасці і энтузіязму, разважлівасці над справамі і здарэннямі жыцця — не хапіла сур’ёзных ведаў хрысціянскага навучання. У процілеглым выпадку, гэта пагражае небяспекай, што, як ні балюча, ужо здаралася: такія групы ашукваюць і сваіх членаў, і сам Касцёл. Праца, прысвечаная катэхезе ў гэтых ці іншых абставінах, тым больш будзе паспяхова развівацца і тым лепшы будзе плён, чым больш будзе павагі да іх сапраўднага характару».

Трэба кіравацца разважлівасцю, разумеючы, што ў канчатковым выніку плён дае Бог. Дапамогуць у гэтым кнігі ў парафіяльнай бібліятэцы, каталіцкія газеты і часопісы. За рэлігійнаю чысціню іх зместу адказвае святар-тэолаг, прызначаны біскупам ардынарыем.

Вельмі важным з’яўляецца аддзяленне катэхезы ад прадстаўлення сваіх палітычных, ідэалагічных і іншых поглядаў, што не змяшчаецца ў паняцці перадавання веры. Папа Ян Павел II навучаў: «Першая агульная справа, якую належыць разгледзець, — гэта тое, каб ніхто сваімі пагардлівымі паводзінамі і паддаючыся спакусам, не змешваў неправамерна катэхетычнага навучання са скрытымі ці яўнымі ідэалагічнымі поглядамі, асабліва грамадска-палітычнай прыроды, а таксама са сваім асабістым настаўленнем. Калі такія погляды паўплываюць на Добрую Навіну, якая павінна абвяшчацца ў першую чаргу, і яе зацемняць і зробяць чымсьці другарадным, а нават падпарадкаваным іх уласным мэтам, тады катэхеза будзе зменена ў сваёй аснове».

Катэхет абвяшчэе Добрую Навіну аб Езусе Хрысце ў радасці. «Абвяшчаю вам вялікую радасць — гаворыць анёл жыхарам зямлі» (пар. Лука 2, 10). І мы, нягледзячы на столькі вякоў, не абвяшчаем змененай навукі, але толькі тую самую Добрую Навіну, якую неслі Апосталы, вучні, Айцы Касцёла, прадстаўнікі законных супольнасцяў і іх вялікія заснавальнікі — св. Васіль, Аўгустын, Бэнэдыкт. Радасць павінна нам спадарожнічаць і таму, што такім чынам мы рыхтуем фундамент для хрысціянскага грамадства ў будучым. Сённяшнія слухачы і адэпты катэхезы ў катэхетычных класах, дзякуючы вашай працы будуць ведаць, як на хрысціянскіх каштоўнасцях будаваць жыццё, будучыню грамадства і сям’і.
Напаўняюць нас страхам памеры зла, якому паддаюцца пэўныя групы людзей. Свядома ці несвядома яны аказаліся ў полі ўздзеяння розных дэструктыўных сіл. Аднак, калі вы праводзіце катэхезу, будзьце свядомымі таго, што дзякуючы вашай працы зло становіцца меншым і з часам знікае падобна цемры, якая знікае на світанку.

Дарагія катэхеты, жадаю, каб вам спадарожнічала радасць ад свядомасці таго, што вы вельмі многа дапамагаеце бацькам у рэлігійным выхаванні дзяцей. Напэўна, святасць і рэлігійнасць у сям’і будзе залежаць ад якасці катэхезы, заснаванай на Святым Пісанні. Такім чынам, вы таксама ўключаны ў працэс фарміравання сужэнства і сям’і — найменшай, але вельмі важнай клеткі грамадства і Касцёла.

Адноўлена 07.11.2009 19:31
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі