29 верасня 2012 г., Мазыр
Святое Пісанне некаторых анёлаў называе па імёнах. Сярод іх святы Міхал Арханёл. Мы верым, што анёлы дапамагаюць нам у барацьбе са злымі духамі. Мы павінны штодзённа праяўляць гатоўнасць да такой барацьбы, бо толькі такім чынам мы можам вытрываць на дарозе, якая вядзе да вечнага жыцця.
У першым чытанні прарок Даніэль у сваім адкрыцці паказвае нам ролю, якую выконваюць анёлы. Яны служаць спрадвечнаму Богу, спаўняючы Яго загады.
А ў другім чытанні св. Ян паказаў нам арэну барацьбы Міхала і анёлаў з сатаною. Хрысціянін, карыстаючыся дапамогай анёлаў, штодзённа праяўляе гатоўнасць да барацьбы са злом.
Анёлы не адзін раз служылі Хрысту падчас Яго прабывання на зямлі. Таксама і нам яны дапамагаюць у зямной пілігрымцы да нябёсаў.
Мы ведаем, што ніхто з людзей на зямлі не ўбачыць Бога ў Яго хвале. Толькі калі пераступім парог вечнасці, убачым Бога (пар. Кар 13, 12). Зможам убачыць Яго такім, якім Ён сапраўды ёсць (пар. 1 Ян 3, 2). Аднак людзі імкнуліся і імкнуцца ўявіць сабе Бога Айца ўласцівымі ім прадстаўленнямі — як старца, які трымае ў руках зямны шар і скіпетр як знак найвышэйшай улады над светам. Ад яго галавы разыходзяцца промні — сімвал нябеснай хвалы. Менавіта такое бачанне прадстаўляе сёння прарок Даніэль, калі сцвярджае, што ў прароцкай візіі бачыў, як рыхтаваліся троны, а Спрадвечны заняў сваё месца. Апісваючы Бога, натхнёны аўтар робіць акцэнт на Яго хвале. Акружае Яго вялікая колькасць тых, якія служаць Яму. А прэфацыя чацвёртай эўхарыстычнай малітвы так апісвае дзеянні анёлаў: «стаяць перад Табой незлічоныя натоўпы анёлаў, якія служаць Табе ўдзень і ўначы і, углядаючыся ў хвалу Твайго аблічча, аддаюць Табе пашану».
Добры Бог, які нікога і нічога не патрабуе для сваёй хвалы, стварыў разумных істот, якія паводле Яго намераў павінны былі ўдзельнічаць у Яго хвале і шчасці. Напачатку стварыў анёлаў, а потым і першую пару людзей, якім загадаў памнажацца і напаўняць зямлю. Але, маючы свядомасць і вольную волю, яны павінны былі самі свабодна прыняць рашэнне адносна таго, што ім прапанаваў Бог. Такім чынам людзі былі паддадзеныя выпрабаванням, якія не пайшлі ім на карысць. Частка анёлаў узбунтавалася і адмовіла ў паслухмянасці Богу. Была барацьба паміж анёламі, і на чале стаў св. Міхал, які прызнаваў, як вынікае з яго закліку, Бога за найдасканалейшую істоту, каго неабходна безумоўна слухацца.
Але бясслаўна з таго выпрабавання выйшаў чалавек, створаны на вобраз і падабенства Бога. Адам і Ева паслухалі няверных анёлаў, якія ў адрозненне ад св. Міхала і добрых анёлаў, верных Богу, за мэту паставілі адвесці ад Бога і людзей. Няверныя анёлы не маюць магчымасці навяртання.
Інакш склаўся шлях чалавека, які саграшыў. Добры Бог пастанавіў адкупіць чалавека, калі той па прычыне першароднага граху заслужыў пакарання. Шмат разоў аб гэтым гаворыць Святое Пісанне — як у кнізе Даніэля, якую сёння вы чулі. Хрыстус называе сябе Сынам Чалавечым. Але з барацьбой не так проста. Яе павінны весці пастаянна. Бо і зло пастаянна прапанавана чалавеку злым духам. У гэтай барацьбе нам дапамагаюць анёлы на чале са св. Міхалам, які дае нам у гэтым прыклад, прыпамінаючы, што толькі Бог добры і толькі Ён можа нас адарыць сапраўдным шчасцем: «Хто ж як не Бог».
Святы Міхал стаіць на чале анёлаў, а яго імя азначае «Хто ж як не Бог». Гэты кліч ён прамаўляе супраць збунтаваных анёлаў і Люцыфера, які хацеў быць падобным да Бога. Святое Пісанне паказвае нам яго заўсёды ў барацьбе — калі спрачаецца з д’яблам за цела Майсея (Пасланне Св. Юды Апостала) і калі перамагае цмока ў Апакаліпсісе: тады адбылася бітва вялікая на нябёсах, і Міхал і яго анёлы павінны былі весці барацьбу з цмокам (пар. Ап 12, 67). Наша барацьба, як гаворыць св. Павел, вядзецца супраць «нябесных духаў злосці» (пар. Эф 6, 12).
Айцы Касцёла тлумачаць вершы Апакаліпсіса як сведчанне барацьбы паміж Міхалам і д’яблам, калі анёльскія духі былі паддадзеныя выпрабаванню. У гэтым сэнсе разумелі таксама тую барацьбу, якую сатана вядзе з Касцёлам на працягу стагоддзяў і якая ўзмоцніцца напрыканцы свету. Пастаянная барацьба з д’яблам, які хоча выкарыстаць кожную сітуацыю, — барацьба, якая характарызуе постаць св. Міхала, — актуальная і сёння, таму што д’ябал жыве і дзейнічае на зямлі. І ёсць такія перыяды, калі такое існаванне злога паміж людзьмі асабліва відавочнае ў свеце. Здаецца, што сучасны чалавек не хоча бачыць такую праблему. Ён робіць усё, каб выдаліць са свядомасці гэтых валадароў цёмнага свету, і не ўсведамляе атакі д’ябла, аб якіх гаворыць у пасланні да Эфесцаў св. Павел. Гэтыя атакі сапраўдныя і страшныя, якія могуць знішчыць Божае жыццё ў душы, калі не даверымся Божай ласцы, дапамозе анёлаў і нашай нябеснай Маці.
Але моц сатаны не бясконцая. Ён толькі стварэнне, ён моцны, бо з’яўляецца духам, аднак ён стварэнне, і не зможа перашкодзіць у будаванні Божага Валадарства. Хоць у свеце дзейнічае сатана праз нянавісць да Бога і Яго Валадарства ў Езусе Хрысце, а яго дзейнасць прыносіць вялікую шкоду духоўнага і нават матэрыяльнага плану для кожнага чалавека і супольнасці, гэтую дзейнасць дапускае Божы Провід, які з моцай, але і з лагоднасцю кіруе сусветам. Дапушчэнне Богам дзейнасці сатаны — вялікая таямніца, але ведаем, што Бог з тымі, хто Яго любіць, і садзейнічае ва ўсім для іх дабра (пар. Рым 8, 28). І таму неабходна маліцца малітвай Касцёла: «Святы Міхал Арханёл, барані нас у змаганні».
Святы Міхал у Пісанні ўпамінаецца пяць разоў. У апокрыфах Старога Запавету яго асоба ўзгадваецца часцей, і ён выступае як першы пасля Бога, як выканаўца Божых планаў, якія датычаць зямлі і чалавечага роду, як асаблівы апякун Ізраэля. Ён мае ключы ад неба. Ён з’яўляецца князем анёлаў. Ён — анёл Божай Міласэрнасці, суду і Божага пакарання.
Сённяшняе свята нагадвае нам, што на пачатку свету першая адарацыя выйшла з глыбіні анёльскіх істот, злучаных усёй натурай з тым, кліч якога «Хто ж як не Бог» — Міхалам і яго анёламі. Адначасова Апакаліпсіс кажа, што такой з’яве супраціўляліся злыя анёлы. Вынікам стаў бунт супраць Бога, які і надалей чутны ў свеце ў розных формах. Калі бачым адсутнасць служэння Богу міласэрнаму і іншым людзям, мы, хрысціяне, павінны ведаць, што трэба Яго любіць і служыць Яму ўсёй натурай, нічога ўзамен для сябе не патрабуючы. Скажам: «Езу, не маю іншых намераў, як толькі служыць Табе».
Вялікая перамога д’ябла ў нашыя часы ў тым, што многія аб ім забыліся альбо, як мяркуюць некаторыя, ён належыць да вераванняў мінулых часоў у супольнасцях з нізкай культурай побыту. Не забываймася, што яго дзейнасць і ў сучасным свеце таямнічая, рэальная і дзейсная. Таму часта ў малітвах звяртаймася да св. Міхала Арханёла.
Касцёл лічыць св. Міхала асаблівым апекуном і прызывае яго пастаянна ў малітвах і Літаніі да ўсіх святых. Папа Леў ХІІІ зацвердзіў з пашаны да яго асобную малітву, якую раней усе святары прамаўлялі пасля ціхай святой Імшы. Арханёла Міхала выбралі асаблівым апекуном такія краіны, як Германія і Аўстрыя. Таксама ён з’яўляецца апекуном Касцёла ў Беларусі. На працягу стагоддзяў набажэнства да яго распаўсюдзілася па ўсім свеце.
У 590 годзе, у часы Пантыфікату папы Грыгорыя Вялікага, св. Міхал аб’явіўся ў Рыме падчас эпідэміі. Падчас урачыстай працэсіі на замку св. Грыгорый убачыў Арханёла, які хаваў свой меч у ножны, што азначала заканчэнне Божага гневу, — і эпідэмія скончылася. У памяць аб гэтым на самай вяршыні замку была пастаўлена фігура св. Міхала, а замак быў перайменаваны ў Замак анёла. Таксама на востраве каля праліва Ла Манш ёсць старажытны санктуарый Св. Міхала. Больш за 300 касцёлаў св. Міхала збудавана ў Польшчы, таксама шмат касцёлаў у яго гонар існуе ў Беларусі — у тым ліку ваш, і, між іншым, у Ашмянах, Навагрудку, Гнезне, Ішчолне, Луконіцы, Міхалішках.
У тыя часы, калі не ставала мужнасці і адвагі, св. Міхал станавіўся вобразам такіх цнотаў і быў апекуном рыцараў. На многіх рыцарскіх сцягах была выява святога з д’яблам, які, пераможаны, ляжыць у яго пад нагамі. Яго выяву насілі рыцары, якую змяшчалі на сваёй зброі. У дамах папулярнымі былі рынграфы, перад якімі малілася сям’я, калі рыцар ад’язджаў на вайну. Сяляне на вёсках таксама ўшаноўвалі св. Міхала, асабліва ў асеннюю пару, калі палі павінны быць пустымі і засеянымі. Сеяць пасля св. Міхала лічылася крыху нядбайным. Былі складзены прыказкі: «Святы Міхал усё з палёў паспіхаў і ўсе куты запіхаў», «Па св. Міхале можна пасвіць на кожным вале». Аб надвор’і былі такія прыкметы: «Калі ноч ясная на Міхала, то будзе зіма трывалая», «Птушкі да Міхала — дзесьці зіма застала(ся)», «Збытак на Міхала жалудоў — на Божае Нараджэнне намяце шмат снягоў».
З гор у гэты час зганялі авечак. Пастухі разбіралі шацёр, тушылі касцёр і згаслае вогнішча жагналі знакам крыжа. А потым залівалі вадой.
У Пугіі на гары Гаргана на поўдні Італіі ёсць найбольш славуты санктуарый Св. Міхала. Легенда апавядае, што нейкі Гаргана шукаў быка, які ўцёк ад яго. Скаціна схавалася ў скальнай пячоры, і гаспадар пусціў у яго стралу, але яна выпала з лука і параніла лучніка. Тады, каб выпрасіць ласку здароўя для сябе, мужчына звярнуўся да св. Лаўрэна Маёрана. Той загадаў яму пасціць тры дні, а потым з’явіўся св. Міхал, і Гаргана выздаравеў. Тады Арханёл паабяцаў лангабардам, якія вялі барацьбу з сарацынамі, перамогу, якая фактычна мела месца ў 663 годзе.
У Сярэднявеччы св. Міхала заклікалі воіны напярэдадні бітвы і падчас эпідэмій. З’явіўся св. Міхал на Кальтанісэтта і на Монт-Сант-Міхаэль у Францыі, а таксама падчас крыжовых паходаў у перыяд захопу мусульманамі Іспаніі.
Ён з’яўляецца апекуном дэсантнікаў, працаўнікоў радыяцыйнай медыцыны, паліцыі, фехтавальшчыкаў, разьбяроў па дрэве, пазалотчыкаў, бізнесменаў і ўсіх, хто ў сваёй працы выкарыстоўвае вагі, буфетчыкаў, аптэкараў, уладальнікаў супермаркетаў, купцоў, вытворцаў рознай прадукцыі і г.д. І ён будзе суправаджаць душы на Божы суд (прадстаўлены як рыцар з мячом і вагамі, атрыбутамі справядлівасці).
|