Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Мазыры адбылася сустрэча легіянераў Марыі Гомельскай вобласці
Беларусь - Пінская дыяцэзія
18.04.2013 12:26

Штогадовае свята легіянераў Марыі з Гомельскай вобласці адбылося ў Мазыры 13 красавіка 2013 г. Падчас святой Імшы ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якую цэлебравалі іх духоўныя настаўнікі кс. Тадэвуш Волас  і кс. Аляксандр Драбышэўскі, легіянеры аднавілі абяцанні вернасці сваёй Каралеве — Маці Божай.

Легіён Марыі — гэта самая вялікая апостальская арганізацыя свецкіх католікаў, якая дзейнічае практычна ў кожнай краіне свету і налічвае больш за 3 млн. актыўных і каля 10 млн. дапаможных легіянераў. Арганiзацыя была заснавана ў Дубліне ў 1921 г.

У Беларусі гэты рух пачаў дзейнічаць у 1994 г. і зараз існуе ў Мінску, Баранавічах, Маладзечне, Віцебску, Гродне, Брэсце, Магілёве, Мазыры, Лельчыцах, Барысаве, Лідзе, Глыбокім, Вілейцы, Стаўбцах, Жодзіне, Хойніках, Пінску, Смаргоні і г. д.

У Мазыры дарослы прэзідыум Легіёна Марыі існуе 15 гадоў. Заснавальнікам стаў кс. Юзаф Дзеконьскі. Зараз духоўным настаўнікам з’яўляецца кс. Тадэвуш Волас. Прэзідыум налічвае 8 актыўных легіянераў і 20 дапаможных.

У Мазыры таксама адбываюцца штомесячныя сходы курыі Легіёна Марыі, якая аб'ядноўвае чатыры прэзідыумы на тэрыторыі Гомельскай вобласці: Лельчыцы — 11 легіянераў, Хойнікі — 5 легіянераў, Петрыкаў — 4 легіянеры і Мазыр — 8 легіянераў.

Галоўная мэта Легіёна Марыі — праслаўленне Бога праз духоўнае ўзрастанне ў малітве і сумесную працу на апостальскай ніве. Місія легіянераў заключаецца ў наведванні хворых католікаў і духоўна занядбаных парафіянаў, у распаўсюджванні духоўнай літаратуры, тлумачэнні сэнсу святых сакрамэнтаў, у дапамозе па падрыхтоўцы дзяцей і дарослых да першай споведзі і інш. Нездарма, легіянераў часам называюць «дапаможнымі рукамі» святара.

Галіна Ліпская

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.