Мітрапаліт Кандрусевіч наведаў Мазыр праз 22 гады ад апошняга візіту |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
06.02.2012 15:24 |
Праз 22 гады з таго часу, калі вернікам Мазыра быў аддадзены касцёл, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў гэты горад з пастырскім візітам. Іерарх азнаёміўся з рэстаўрацыйнымі працамі, памаліўся з вернікамі, сустрэўся з праваслаўным іерархам і ўладамі горада. 4–6 лютага 2012 г. арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі здзейсніў кананічную візітацыю ў парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мазыры. Пасля прыезду ў горад над Прыпяццю вечарам 4 лютага Мітрапаліт абмеркаваў з пробашчам кс. Тадэвушам Воласам SCJ сітуацыю парафіі, яе дасягненні і праблемы. Апошні раз іерарх наведваў Мазыр 22 гады таму, калі католікам быў перададзены былы цыстэрцыянскі касцёл. Тады Мітрапаліт цэлебраваў святую Імшу на другім паверсе. Рэстаўрацыйныя працы працягваюцца ў святыні і сёння. У нядзелю 5 лютага Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі ўзначаліў літургію для вернікаў парафіі. Кананiчная вiзiтацыя была спалучана са святкаваннем 25-годдзя святарскага пасвячэння пробашча кс. Тадэвуша Воласа SCJ. Звяртаючыся да юбіляра, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў аб тым, што «паклiканне — гэта дар Божы, на якi трэба адкрыцца». Іерарх нагадаў таксама пра галоўныя абавязкi святара: абвяшчаць Евангелле, асвячаць Народ Божы праз цэлебрацыю сакрамэнтаў i кiраваць iм праз служэнне. Пры гэтым арцыпастыр падкрэслiў асаблiвасцi святарскага служэння ў час секулярызацыi, якi патрабуе асаблiвай увагi ў выкананнi святарскiх абавязкаў. Пасля абеду іерарх сустрэўся з парафiяльнай радай. Прысутныя выказалі пажаданне мець яшчэ адзiн касцёл, бо iснуючы знаходзiцца вельмi далёка ад жылых раёнаў. Гэтае пытанне Мітрапаліт абмеркаваў падчас сустрэчы са старшынёй Мазырскага райвыканкама спадаром Яўгенам Адаменкам, што адбылася 6 лютага. Пытанне было прынята з разуменнем, i Касцёл мае надзею на будаўніцтва новага сакральнага будынку ў горадзе над Прыпяццю. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся таксама з членамі руху «Легiён Марыi», ружанцовым колам i трэцiм законам ордэна францiшканаў, заахвочваючы вернікаў і надалей развiваць харызмы супольнасцяў, каб такім чынам рабіць парафiю больш дынамiчнай. У гэты ж дзень Мітрапаліт сустрэўся з праваслаўным епіскапам Тураўскiм i Мазырскiм Стэфанам. Падчас сустрэчы было выказана дбухбакавое задаваленне развіццём адносiнаў памiж Касцёламі i падкрэслена неабходнасць сумеснага сведчання i абароны хрысцiянскiх каштоўнасцяў. Насычаны нядзельны дзень пастырскай візітацыі арцыбіскупа завяршыўся святой Імшой. У гамiлii арцыпастыр нагадаў пра значэнне служэння святара як духоўнага лекара людзей, што мае асаблiвае значэнне ў Гомельскай вобласці, якая вельмi моцна пацярпела як ад фiзiчнага Чарнобылю, так і ад духоўнага — падчас ганенняў на Касцёл. |
Фотарэпартаж |