8–9 кастрычніка 2011 г. у Друі (Віцебская дыяцэзія) пройдзе чуванне моладзі «Школа малітвы». Аб чым даведаецца моладзь падчас гэтай сустрэчы? Якую карысць атрымае ад яе? Аб гэтым распавёў кс. Тадэвуш Дабравольскі SDS.
— Ксёндз Тадэвуш, раскажыце, калі ласка, аб асаблівасцях гэтага моладзевага чування.
— Чуванне будзе прысвечана тэме сакрамэнту споведзі. Яно дапаможа моладзі паглыбіць сваё разуменне споведзі, аднавіць падрыхтоўку да яе. Да гэтай сустрэчы моладзь ставіцца з вялікім чаканнем.
— Хто з’яўляецца ініцыятарам правядзення падобных сустрэч? З якімі мэтамі яны праходзяць?
— Чуванні былі арганізаваны па ініцыятыве двух душпастырскіх пакліканняў: сальватарыянаў і сясцёр эўхарыстак. Таксама ў іх правядзенні дапамагаюць марыяне. Часта здараецца, што падрыхтоўка да споведзі заканчваецца з прыняццем першай Камуніі, а пасля, на жаль, людзі прыступаюць да яе рэдка. Таму мэта сустрэчы — аднавіць у маладых людзях разуменне важнасці сакрамэнту пакаяння. Акрамя гэтага, сустрэча праходзіць у Год Божай Міласэрнасці, таму споведзь мае тут вялікае значэнне.
— Які вопыт правядзення такіх моладзевых чуванняў? Наколькі актыўна моладзь удзельнічае ў іх?
— Сустрэчы арганізуюцца двойчы ў год — вясной і восенню. Гэтае чуванне стане ўжо восьмым па ліку. Пачынаюцца чуванні ў суботу, а заканчваюцца ў нядзелю раніцай. У іх удзельнічае звычайна больш за 100 чалавек, у асноўным моладзь з Віцебскай дыяцэзіі.
— Якую карысць атрымлівае моладзь ад удзелу ў такіх сустрэчах?
— Думаю, што самы важны знак для нас, арганізатараў, — гэта сам водгук моладзі, тое, што яна прыязджае на чуванні. Ёсць таксама група актыўнай моладзі, якая затым працягвае дзейнасць у сваіх парафіях. Вельмі важна тое, каб пасля такіх сустрэч маладыя людзі, вярнуўшыся дадому, актыўна ўдзельнічалі ў жыцці сваёй парафіі. Сведчаннем карысці для моладзі з’яўляецца і споведзь падчас самога чування. Бачна, што моладзь рыхтуецца да споведзі, прыступае да яе, і гэта знак таго, што яна глыбока перажыла сустрэчу.
— Дзякуй за размову і поспехаў у правядзенні чування! Размаўляла Анастасія Грышан
|