Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці на ўрачыстым прыёме з нагоды пачатку Пантыфікату папы Францішка

16 красавіка 2013 г., Мінск

Шаноўны спадар Міністр, вялебныя каталіцкія біскупы і ардынарыі дыяцэзій у Беларусі, паважаныя паслы і прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, дастойныя прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій і іншых рэлігій, спадарыні і спадары, я маю асаблівы гонар шчыра вітаць усіх вас ад імя папы Францішка. Дзякую вам за тое, што вы прынялі нашае запрашэнне.

Напачатку дазвольце мне прывесці цытату з Бібліі. У кнізе прарока Ісаі мы чытаем такія словы: «Вось, Я раблю новае; зараз жа яно з’явіцца; няўжо ж вы і гэтага не хочаце ведаць?» (Іс 43, 19). Сапраўды, мы бачылі штосьці новае, нечаканае. Папа Бэнэдыкт XVI адчуў, што яму стала неставаць сілаў, і праз некалькі дзён пакінуў пасад. Гэта нармальнае рашэнне для веруючага чалавека, які лічыць сябе толькі слугою Бога, а не гарантам або ўласнікам нейкай улады, свецкай або духоўнай. Яшчэ праз некалькі дзён 115 кардыналаў з усіх частак свету, прадстаўнікоў разнастайных культураў, якія жывуць у цалкам розных умовах, выбралі новага Папу: кардынала Хорхе Марыё Берголіо з Аргенціны.

«Вось, Я раблю новае!»
З самага пачатку стала зразумелым, што гэта не толькі дзве зусім розныя асобы, але што на змену адной культуры прыйшла цалкам іншая. Пасля Папы еўрапейца — лацінаамерыканец. Пасля таго, хто быў увасабленнем усіх дасягненняў і крызісу Старога Свету, прыйшоў той, хто з’яўляецца носьбітам маладосці і прастаты, але разам з тым і сведкам трагедыі страшэнных памераў беднасці. Прадстаўнік Паўднёвага паўшар’я, поўнага імпэту, але жахліва збяднелага, вельмі часта не з уласнай віны, але з-за тых, хто супрацоўнічаў з глыбока несправядлівай эканомікай, пабудаванай на эксплуатацыі, якая, зрэшты, не была мясцовым вынаходніцтвам. На пачатку ХХ стагоддзя па-за межамі Еўропы жыла толькі чацвёртая частка ўсіх католікаў. Сёння ж тры чвэрці католікаў жывуць у Паўднёвым паўшар’і. Як жа ў Касцёле маглі не выявіцца такія глыбокія змены?

Сёння мы тут дзеля таго, каб засведчыць, што не баімся новых магчымасцяў і выклікаў. Евангелле — гэта Добрая Навіна для ўсіх народаў, і ўнёсак кожнага народа ў тым, каб выразіць Евангелле па-свойму. Мы тут дзеля таго, каб прывітаць папу Францішка і ягоную культуру, якая цяпер злучаецца ў адно з іншымі культурамі ў Рыме — гэтым старажытным сэрцы і плавільным тыглі заходняй цывілізацыі.

«Вось, Я раблю новае; няўжо ж вы і гэтага не хочаце ведаць?»
Ніводная рэлігія, як і ніводная члавечая ідэалогія, ад якой застаецца толькі туга па мінулым, не мае будучыні: гэта ўсяго толькі ўчарашні дзень свету.

Дарагія сябры, я думаю, што тое, што адбылося ў Каталіцкім Касцёле, мае для нас значэнне сёння. Мы ўжо сказалі, што Паўднёвае паўшар’е штодня сутыкаецца з праблемай беднасці. З самага пачатку папа Францішак пачаў гаварыць пра служэнне бедным.

Ён зрабіў гэта яўна, калі растлумачыў прычыну, чаму ён выбраў сабе імя Францішак: «Падчас выбараў я сядзеў побач з кардыналам Клаўдыу Хумэсам. Калі пры падліку галасоў былі набраныя дзве трэці, як прынята ў такіх выпадках, загучалі апладысменты, таму што Папа быў выбраны. Ён абняў і пацалаваў мяне, сказаўшы пры гэтым: „Не забывайся пра бедных!“. Гэтыя словы глыбока запалі мне ў душу: „бедныя, бедныя“. Разам з думкамі пра бедных мне адразу ж узгадаўся святы Францішак Асізскі».

Ён нагадвае нам пра тое, што змаганне з беднасцю і клопат пра бедных — не проста нейкі магчымы накірунак дзейнасці; гэта наш абавязак. Ён нагадвае нам, што гэта не толькі пытанне добрай волі, а праблема справядлівасці ў сусветным маштабе. Правы чалавека пачынаюцца з нашага абавязку забяспечыць рэальную справядлівасць і раўнапраўе для ўсіх, пачынаючы з масы галодных і сканчваючы зняволенымі асобамі.

Мы жадаем Беларусі знайсці адпаведныя прылады для таго, каб працягваць справу, што з’яўляецца выразам чалавечага права, магчыма, першага з усіх: права на жыццё, права на працу, ахову здароўя, адукацыю, фізічнае і культурнае развіццё для ўсіх, а не толькі для тых, хто можа сабе гэта дазволіць дзякуючы свайму багаццю. Акрамя таго, вядома ж, усе іншыя правы таксама важныя і павінны належным чынам захоўвацца. Аднак для мізэрнай чалавечай істоты першая мэта — гэта выжыванне. А значная частка чалавецтва не можа сабе забяспечыць і гэтага.

«Вось, Я раблю новае!»
Выбар папы Францішка з’яўляецца для нас нагодаю, каб задаць сабе пытанне: ці сапраўды мы пакідаем месца на штосьці новае? Колькі ж гадоў мы з вамі слухалі ўсё тыя ж самыя палітычныя дыскусіі і спрэчкі на тэмы, што не выходзяць па-за вузкі спектр нашых зацікаўленняў? Мы трацілі час на абмеркаванне абмежаванага кола пытанняў і забываліся, што вялізная частка свету ахоплена полымем трагедый, але таксама і полымем новай надзеі. Мы сядзім у нашых гасцёўнях, палім нашыя цыгары, пасёрбваючы гарбату, займаемся бясконцымі спрэчкамі і сваркамі ў той час, калі нашая будучыня залежыць ад падзеяў у сусветным маштабе, якія не сканцэнтраваныя ў нашым еўрапейскім рэгіёне, інакш кажучы, у тым маленькім пакойчыку, дзе мы жывем. Мы ўпарта паўтараем нейкія дробязі, не зважаючы на глабальную перспектыву. Мы абараняем нашыя інтарэсы, не робячы пры гэтым крокаў да дыялогу і ўзаемаразумення, мы трымаемся сваёй ганарлівасці і злуемся адно на аднаго, трапляючы пры гэтым у тупік. Мы забываемся пра тое, што клімат, які змяняецца з-за забруджвання навакольнага асяроддзя, разбурае нашае здароўе і жыццё. Мы не заўважаем таго, што сацыяльныя праблемы, перадусім беднасць, вяртаюцца ў Еўропу — туды, дзе ў мінулым былі вынайдзены найбольш эфектыўныя сродкі, каб пазбавіцца ад яе. Ці ж не прыйшоў час адысці ад агульных месцаў і па-новаму паглядзець на свет, у якім роля Паўднёвага паўшар’я непазбежна стане дамінуючай, або прынамсі вельмі ўплывовай, і дапоўніць культурны набытак Еўропы, які сёння апынуўся ў вялікай небяспецы, разам з самою Еўропаю?

Я жадаю, каб Каталіцкі Касцёл дзякуючы выбару гэтага новага Папы мог даць узор шырыні поглядаў і дапамагчы нам усім зразумець, што сутнасць новага падыходу да палітыкі знаходзіцца не там, дзе мы прызвычаіліся яе бачыць, а дзесьці ў іншым месцы. Каб усе мы зразумелі, што сапраўды вялікія выклікі для чалавецтва, што ўзніклі недзе далёка, ідуць далей і вельмі хутка набліжаюцца да нас, нібы цунамі. Каб да ўсіх нас дайшло, што адзіна магчымая для нас будучыня — гэта выйсці з нашага культурнага і палітычнага гета і быць гатовымі да працы для дасягнення агульнай мэты. Калі мы зробім гэта, глабалізацыя перастане быць праз навязванне задушлівых эканамічных стратэгій, якія праводзяцца вельмі нешматлікімі і эгаістычнымі меншасцямі. Гэта павінна быць здзейснена сумеснымі намаганнямі. І тады паасобныя фрагменты набудуць свой рэальны памер і значна лягчэй і эфектыўней стануць на свае месцы ў агульнай карціне.

Дазвольце мне падзякаваць хору студэнтаў Беларускай нацыянальнай акадэміі музыкі і таленавітым удзельнікам ансамблю «Alta Mente». Для нас вялікі гонар, што сёння гэтую залу ўпрыгожвае жывапіс Паўла Кандрусевіча. Словы падзякі скіроўваю і маім супрацоўнікам, дзякуючы чыім вялікім намаганням і руплівасці гэтая падзея стала магчымай. Дзякуй таксама і вам за вашую цярплівасць і зычлівую ўвагу!

Адноўлена 17.04.2013 01:15
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску