Мінская архікатэдра, 28 лютага 2010 г.
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Сённяшняе Евангелле вядзе нас на гару Табор. Езус бярэ з сабою Пятра, Яна і Якуба, на вачах якіх перамяняецца. Вучні, якія прывыклі да Яго звычайнага выгляду, былі вельмі здзіўлены, убачыўшы Яго перамяненне. Езус выглядаў зусім інакш, чым звычайна. Сваім перамяненнем Хрыстус паказаў Апосталам сваю славу і як быццам адкрыў прыгажосць святога ў небе. Езус паказаў ім, якім Ён ёсць на самой справе ў хвале свайго Айца Нябеснага. Апосталы былі настолькі зачараваны ўбачаным, што Пётр прапанаваў пабудаваць тры шатры — адзін для Езуса, а два іншыя для Майсея і Іллі, з якімі размаўляў Хрыстус. Тады з воблака пачуўся голас Айца Нябеснага: гэта Сын мой выбраны, Яго слухайце.