Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі
Беняконі — парафія Св. Яна Хрысціцеля
Беняконі — касцёл св. Яна Хрысціцеля
Фота grodnensis.by
Адрас:
д. Беняконі
Воранаўскі р-н
Гродзенская вобл.
231381

Тэл.:  (8-01594) 9-43-16
sРасклад набажэнстваў (магчымы змены)  
  • Св. Імша ў нядзелю і святы — 9.30, 14.30
  • Св. Імша ў будні — 9.00
Адпуст:  24 чэрвеня
aЗ гісторыі парафіі

Парафія створана ў  1634 г., цяперашні касцёл пабудаваны ў 1900 г., кансэкраваны.
 
Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на свята Святой Сям’і
13.07.2009 16:01
Возьмем пад апеку сямейнае жыццё

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!

Чарговы раз Божы Провід дазваляе нам адзначаць свята Святой Сям’і. І гэтае сённяшняе свята скіроўвае нашыя думкі і сэрцы да таго месца, дзе Пан Езус  разам з Марыяй і Юзафам правёў гады свайго дзяцінства і юнацтва, а менавіта — да дома ў Назарэце. У гэтым доме развіваліся сямейныя адносіны паміж Езусам, Марыяй і Юзафам, тут Пан Езус адчуў сямейнае цяпло, узрастаў у мудрасці, якой вучыўся ад бацькоў, і такім чынам пазнаваў Бога і людзей.

Сёння Евангелле запрашае нас разам з Марыяй, Юзафам і Езусам у святыню, куды, паводле закона, трэба было прынесці першароднае дзіця, каб ахвяраваць Богу. У святыні Святая Сям’я сустракае Сімяона, які, убачыўшы Дзіцятка Езуса, узнёс прыгожы гімн праслаўлення. У той жа час з ягоных вуснаў Марыя пачула таксама словы, якія тады не зразумела, але якія захавала ў сваім сэрцы.

Потым Святая Сям’я вярнулася дадому ў Назарэт. Езус «рос і ўмацоўваўся, і напаўняўся мудрасцю, а ласка Божая спачывала на Ім»  (пар. Лк 2, 40). За гэтымі словамі відаць звычайнае, простае сямейнае жыццё, якое і для нашых сем’яў  з’яўляецца школаю евангельскага жыцця. Гледзячы на жыццё Святой Сям’і ў Назарэце, мы вучымся праслаўляць Бога сярод штодзённых цяжкасцяў, бо, хоць  Марыя, Юзаф і Езус спазналі беднасць і пераслед, яны заўсёды давяралі Богу.

Мы перажываем у Касцёле год святога Паўла, апостала народаў. Сёння нам трэба асаблівым чынам далучыцца да Марыі і Юзафа, якія разам з Езусам, баючыся за Яго жыццё, уцякаюць у Егіпет. Якая ж адважная была Марыя, калі, пачуўшы словы Юзафа аб тым, што трэба ісці, узяла Дзіцятка і ноччу накіравалася ў невядомы шлях. Яны былі адважныя, бо ахоўвалі сваю сям’ю, жыццё свайго дзіцяці ад бязлітаснага Ірада. Святы Павел нагадвае: «Бог не даў нам Духа боязі, але сілы, любові і разважлівасці» (пар. 2 Цім 1, 7). Гэта значыць, што, дзякуючы Божай ласцы, мы таксама пакліканыя да такой жа адвагі і разважлівасці ў барацьбе за хрысціянскую сям’ю, за кожнае ненароджанае і народжанае чалавечае жыццё.

Слуга Божы Ян Павел ІІ у Энцыкліцы Evangelium vitae нагадвае нам, што  выбар Хрыста — гэта таксама прызнанне святасці чалавечага жыцця: «Рашучы выбар на карысць жыцця набывае сваё поў¬нае рэлігійнае і маральнае значэнне, калі вынікае з веры ў Хрыста, праз яе ўдасканальваецца і з яе чэрпае сваю моц. Нішто так не дапамагае правільна падыходзіць да канфлікту паміж смерцю і жыццём, які з’яўляецца нашаю рэальнасцю, як вера ў Сына Божага, які стаўся чалавекам і прыйшоў да лю¬дзей» (EV 28). Кожны чалавек адораны розумам, вольнаю воляй і сумленнем, а кожны хрысціянін мае маральны і рэлігійны наказ адважна абараняць і шанаваць кожнае чалавечае жыццё. Менавіта ў Хрысце Бог дае нам дапамогу, робячы нас здольнымі дзейнічаць, рабіць дабро, «любіць чалавечае жыццё, служыць яму, абараняць і падтрымліваць яго».

У супольнасці, якой з’яўляецца Касцёл, мы ўсе пакліканыя любіць чалавечае жыццё і служыць жыццю. У Энцыкліцы Evangelium vitae Папа піша: «Усе мы павінны несці нашаму бліжняму паслугу любові, баронячы яго жыццё і заўсёды падтрымліваючы яго, асабліва тады, калі яно слабое альбо знаходзіцца ў небяспецы. Мы павінны клапаціцца пра яго не толькі паасобку, але таксама  супольна, беручы падмурак для новага грамадства, як безагаворачную павагу да чалавечага жыцця» (EV, 77). Каталіцкі Касцёл у Беларусі таксама ажыццяўляе шмат ініцыятываў, скіраваных на абарону чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці. Адна з такіх ініцыятываў, якая называецца «Духоўнае ўсынаўленне», ужо некалькі гадоў праводзіцца ў нашай краіне. Дзякуючы адвазе і вытрымцы многіх тысяч вернікаў шмат ненароджаных дзяцей, якія знаходзяцца ў небяспецы смерці, застаюцца жыць. Дзякуючы малітвам і самаахвярнасці гэтых людзей бацькі, перад якімі стаіць дылема, перамагаюць страх і прымаюць смелае рашэнне, каб пакінуць свайму дзіцяці жыццё, а потым выхоўваюць яго ў атмасферы сямейнай любові.

Мы ведаем, што «Духоўнае ўсынаўленне» звязана з асаблівымі намаганнямі і самаадрачэннем. Для многіх людзей іх уласнае цярпенне набыло сэнс, калі яны ахвяравалі яго ў інтэнцыі безабароннага дзіцяці, якому пагражае небяспека аборту. Папа Ян Павел ІІ, сёння Слуга Божы, у 1994 годзе, калі вярнуўся са шпіталя, такім чынам тлумачыў сэнс свайго цярпення: «Усё гэта з-за таго, што сям’я знаходзіцца ў небяспецы, сям’і наносіцца ўдар. Папа таксама трапляе пад удар, і ён павінен цярпець, каб падрыхтаваць будучыню, трэцяе тысячагоддзе сем’яў: кожнай сям’і і ўсіх сем’яў».

Усім вернікам, якія ў мінулым годзе з энтузіязмам уключыліся ў «Духоўнае ўсынаўленне», мы выказваем словы сваёй глыбокай удзячнасці. Мы дзякуем і молімся за тых, хто якім-небудзь чынам служыць сям’і і чалавечаму жыццю.

На працу служэння сем’ям і жыццю мы даручаем усіх вас словамі малітвы Слугі Божага Яна Паўла ІІ: «Няхай Святая Сям’я, ікона і ўзор для кожнай чалавечай сям’і, дапаможа кожнаму дзейнічаць у духу Назарэта. Няхай яна  дапаможа кожнай сям’і паглыбляць усведамленне ўласнай місіі ў грамадстве і ў Касцёле праз слуханне Божага слова, малітву і годнае братэрскае жыццё. Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, Маці прыгожай любові, і святы Юзаф, апякун Адкупіцеля, суправаджаюць усіх сваёю пастаяннаю апекаю» (Ян Павел ІІ, Ліст да сем’яў, 23).
Ад шчырага сэрца ўсіх вас благаслаўлем.

Каталіцкія Біскупы Беларусі

Мінск, 5 снежня 2008 года


+Антоні Дзям’янка
Тытулярны біскуп Лесві
Адказны за Душпастырства
 
Паведамленне з XXXVIII Пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
13.07.2009 16:00

5 снежня 2008 г., Сакратарыят ККББ, Мінск

У Пленарным пасяджэнні прынялі ўдзел усе біскупы, а таксама ксёндз прэлат Крыспін Дубель, сакратар Апостальскай Нунцыятуры, і ксёндз Архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі Візітатар для Грэка-католікаў Беларусі.

1. На пачатку Пленарнага пасяджэння біскупы сустрэліся са старшынямі мужчынскіх манаскіх супольнасцяў, якія працуюць у Беларусі, і абмеркавалі каардынацыю душпастырскіх праграмаў, супрацоўніцтва і працу на карысць пакліканняў да святарства і манаскага жыцця.

2. Сабраныя павіншавалі сакратара Апостальскай Нунцыятуры з нагоды надання яму тытулу капелана Яго Святасці.

3. У сувязі са смерцю Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія II сабраныя выслалі тэлеграму на імя кіраўніцтва Рускай Праваслаўнай Царквы са словамі спачування.

4. Сабраныя падтрымалі ініцыятыву Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага аб падрыхтоўцы і выданні «Літургічнай агенды», у якой будуць змешчаныя літургічныя тэксты для святара, што выкарыстоўваюцца на набажэнствах і сустрэчах з вернікамі.

5. Старшыня Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў пры ККББ прадставіў сабраным пераклад рытуалу «Сакрамэнту паяднання». Прысутныя, адзначыўшы, што тэкст патрабуе пэўных удакладненняў, шляхам галасавання зацвердзілі яго.

6. Біскуп, дэлегаваны ад ККББ на Сінод Біскупаў, які праходзіў у Рыме ў кастрычніку гэтага года, падрабязна распавёў прысутным аб працы Сінода.

7. Прысутныя вызначылі даты Пленарных пасяджэнняў ККББ у наступным годзе. Пасяджанні адбудуцца: 02.04.09, 25.06.09, 23.09.09, 02.12.09.

8. Старшыня Камісіі па агульнаму душпастырству ККББ прадставіў на разгляд прапанову душпастырскага плана на 2009 год. Старшыня Рады па справах сям’і ККББ прадставіў на разгляд сабраным праект Ліста на нядзелю Святой Сям’і з Назарэта.

9. Сабраныя абмеркавалі працу Сакратарыята ККББ і Нацыянальнага Caritas Беларусі.

Былі таксама абмеркаваны некаторыя іншыя справы, актуальныя для Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.

Біскуп Антоні Дзям’янка
Генеральны сакратар ККББ
 
Паведамленне 37-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
13.07.2009 15:58

11 верасня 2008 г. у сакратарыяце Каталіцкіх Біскупаў Беларусі ў Мінску адбылося 37-е Пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.

У пасяджэнні прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі на чале са старшынёю ККББ біскупам Аляксандрам Кашкевічам.

На пасяджэнні прысутнічаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч, сакратар Апостальскай нунцыятуры кс. Крыспін Дубель, а таксама Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў на Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек.

Прысутныя падвялі вынікі візіту Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці папы Бэнэдыкта XVI кардынала Тарчызіо Бэртонэ ў Беларусь. Малітоўныя сустрэчы з іерархам Ватыкана адбыліся ў многіх месцах Беларусі з удзелам шматлікіх вернікаў. Біскупы адзначылі цёплы прыём і сардэчнасць з боку дзяржаўных уладаў, вернікаў і іншых жыхароў Беларусі. Прабыванне кардынала Тарчызіо Бэртонэ на Беларусі шырока асвятлялася ў сродках масавай інфармацыі. Дзякуючы гэтаму візіту як Касцёл, так і грамадства краіны стала больш вядомым у свеце.

Сабраныя выказалі сваю занепакоенасць парадкам запрашэння і рэгістрацыі замежных святароў, накіраваных на душпастырскую працу ў Беларусь, а таксама запрошаных і прабываючых у краіне кансэкраваных асобаў з-за мяжы. Палічылі неабходным працягваць займацца вырашэннем гэтага пытання з дзяржаўнай уладай.

Сабраныя разважалі над утварэннем структуры душпастырства пакліканняў у межах краіны, аб арганізацыі адпаведных сустрэчаў для моладзі, якая шукае сваё пакліканне.

Абмяркоўвалася падрыхтоўка сужэнцаў да VI Сусветнай сустрэчы сем’яў, якая адбудзецца ў студзені 2009 г. у Мексіцы. Кожны атрымаў тэксты катэхезаў, якія прызначаюцца для дапамогі ў лепшай духоўнай падрыхтоўцы сем’яў да сустрэчы ў Мехіко. Былі разгледжаны некаторыя дакументы адносна паглыблення душпастырства сем’яў у краіне.

На пасяджэнні прысутныя атрымалі інфармацыю пра заканчэнне тлумачэння тэкстаў II Ватыканскага Сабору на беларускую мову, а таксама пра падрыхтоўку да выдання гэтых важных і актуальных касцёльных дакументаў.

Было прынята рашэнне ў пастаральным плане год Святога Паўла праводіць пад дэвізам «Слова Божае — жывое і дзейснае».

Сабраныя з радасцю прынялі паведамленне аб прызнанні кіраўніцтвам Люблінскага каталіцкага універсітэта Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу тытула Doctor honoris causa гэтага універсітэта. Урачыстасць уручэння адбудзецца 25 верасня 2008 г. у Люблінскім універсітэце падчас ІІІ Кангрэсу хрысціянскай культуры, на якім Мітрапаліт выступіць з адпаведным дакладам.

Антоні Дзям’янка
Генеральны сакратар ККББ
 
Паведамленне з ХXХVI Пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
13.07.2009 15:54
12.03.2008 г., цэнтр св. Лукі, в. Ляскоўка
 
У пасяджэнні прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі разам са Старшынёй ККББ біскупам Аляксандрам Кашкевічам. На пасяджэнні прысутнічаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч.
 
Біскупы прынялі папраўкі і дапаўненні да нормаў Кананічнага Права ў адпаведнасці з прадпісаннямі для Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў паасобных краінаў.
 
Біскупы разгледзелі магчымасць прыняцця адзінага плана катэхезы для нарачоных. Гэтаму павінны дапамагчы катэхезы для нарачоных «Пакліканыя да любові», якія выдадзены па ініцыятыве Рады па справах сям’і пры ККББ.
 
На разгляд быў прадстаўлены пераклад рытуалу «Святая Камунія і культ эўхарыстычнай таямніцы па-за святой Імшой» на беларускую мову, падрыхтаваны Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ. Рытуал будзе высланы ў Апостальскую Сталіцу на зацвярджэнне.
 
Акрамя таго, сабраныя вырашалі арганізацыйныя пытанні па правядзенні сёлетняга фестывалю «Магутны Божа» ў Магілёве, свята Маці Божай Будслаўскай 2 ліпеня (узгоднена праграма правядзення). Быў вызначаны склад дэлегацыі з Беларусі на Сусветныя дні моладзі ў Сіднэі. Біскупы таксама абмеркавалі план правядзення ў тым жа часе моладзевай сустрэчы ў Івянцы, каб быць у лучнасці з сабранаю моладдзю ў Сіднэі.
 
Сабраныя выказалі сваю занепакоенасць у сувязі з зацвярджэннем новай пастановы Савета Міністраў РБ ад 30.01.2008 г. № 123, звязанай з парадкам запрашэння замежных грамадзянаў для ажыццяўлення рэлігійнай дзейнасці ў Беларусі.
 
11.03.2008 г. беларускія біскупы прымалі ўдзел у сустрэчы Caritas нашай краіны і некаторых краінаў Еўропы з мэтаю актывізацыі і каардынацыі дабрачыннай дзейнасці Caritas у Беларусі.
 
На пасяджэнні былі разгледжаны таксама іншыя пытанні, якія датычылі душпастырскіх патрэбаў Касцёла на Беларусі.
 

Генеральны сакратар ККББ
біскуп Антоні Дзям’янка

 
«Эўхарыстыя нараджае любоў» - пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на Нацыянальны дзень Caritas
13.07.2009 15:49

Чарговы раз у трэцюю нядзелю Вялікага посту мы адзначаем Нацыянальны дзень Caritas. Ён прыпадае на год, калі ў Канадзе адбудзецца 49-ы Эўхарыстычны кангрэс. Рыхтуючыся да гэтай падзеі, Касцёл нагадвае нам пра вялікае значэнне Эўхарыстыі ў жыцці хрысціяніна. Указвае на тое, што яна з’яўляецца Божым дарам для жыцця кожнага чалавека і ўсяго свету.

Ідучы да Езуса Эўхарыстычнага, мы вучымся ахвяроўваць сябе іншым. Папа Бэнэдыкт ХVІ у адгартацыі Sacramentum Caritatis выразна падкрэслівае, што, «прымаючы ўдзел у ахвяры крыжа, хрысціянін удзельнічае ў ахвярнай любові Хрыста і атрымлівае здольнасць, а таксама абавязак жыць гэтай любоўю ва ўсіх сваіх жыццёвых паставах і чынах» (SC, 82).

Дзякуючы частаму ўдзелу ў Эўхарыстыі, мы напаўняем сваё сэрца клопатам пра людзей, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. «Ніводную хрысціянскую супольнасць немагчыма стварыць, калі ў яе няма кораня і асновы ў цэлебрацыі Найсвяцейшай Эўхарыстыі. [...] Каб цэлебрацыя Эўхарыстыі была сапраўднай і поўнай, яна павінна таксама весці да розных справаў міласэрнасці і ўзаемадапамогі» (Presbyterium ordinis, 6), — вучыць Другі Ватыканскі Сабор.

З пачатку гісторыі Касцёла таямніца Эўхарыстыі сягае яшчэ далей, ахопліваючы ўсіх, хто знаходзіцца ў патрэбе. Неўзабаве пасля спаслання Духа Святога вернікі ерузалемкай супольнасці пачалі дабравольна аддаваць свае дамы, каб апосталы маглі дзяліць паміж беднымі грошы, атрыманыя ад іх продажу (пар. Дз 2, 44). Касцёл у ІІ стагоддзі яднаў з Эўхарыстыяй — Хлебам Божым — дзяленне звычайным хлебам. У той час вернікі складалі ў рукі святара, які ўзначальваў Эўхарыстыю, розныя дары. «Бо Ён атуляе клопатам сіротаў, удоваў, хворых або тых, хто з іншае прычыны церпіць нястачу, вязняў, чужаземцаў, гасцей, карацей кажучы, спяшаецца на дапамогу ўсім, хто мае патрэбу», — напісана ў адным з твораў святога Юстына.

Дзякуючы ахвярнасці вернікаў, хрысціянская супольнасць можа спазнаць тое, што абвяшчае ў Божым слове і што цэлебруе ў Эўхарыстыі. Цяжка гаварыць пра дзейснае прапаведванне і пра плённую літургію, калі ім не спадарожнічае адказнасць за бліжняга і калі слова і сакрамэнт не вядуць да служэння, да аказання дапамогі тым, хто знаходзіцца ў патрэбе. Эўхарыстычная камунія з Хрыстом адкрывае вочы веры на вечныя каштоўнасці, робіць нас здольнымі распазнаваць аблічча Хрыста ў тварах бліжніх, якія знаходзяцца ў патрэбе.

З усіх бакоў даходзіць да нас найчасцей бязгучная просьба аб дамозе. Уменне з разуменнем ставіцца да іншага чалавека патрабуе выйсця з кола ўласнага эгаізму і адкрыцця значэння і прыгажосці служэння бліжніму, нават калі ён здаецца «найменшым» у вачах іншых людзей. Салідарнасць з тымі, хто знаходзіцца ў патрэбе, азначае прысутнасць чалавечага сэрца. У бескарыслівым абмене нараджаецца рэальнае дабро, якое вяртае надзею, умацоўвае, а таксама здольнае падняць з найцяжэйшага ўпадку.

У перыяд Вялікага посту Касцёл нагадвае нам пра асноўныя практыкі, якімі з’яўляюцца малітва, пост і міласціна. Яны павінны дапамагчы нам у працэсе ўнутранай адновы. А Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта ХVI на Вялікі пост 2008 года звяртае нашу ўвагу на міласціну, «якая з’яўляецца канкрэтным спосабам дапамогі тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, і ў той жа час аскетычным практыкаваннем з мэтаю вызваліцца ад прывязанасці да зямных дабротаў. [...] Міласціна дапамагае нам перамагчы гэтую неадступную спакусу і вучыць нас ісці насустрач патрэбам бліжніх, дзелячыся з іншымі тым, што мы маем дзякуючы Божай шчодрасці. Для гэтага прызначаны спецыяльныя зборы ахвяраванняў на карысць бедных, якія падчас Вялікага посту адбываюцца ў многіх рэгіёнах свету. Такім чынам, унутранае ачышчэнне дапаўняецца жэстам касцёльнай еднасці, як гэта адбывалася ўжо ў раннім Касцёле».

Хрыстус абуджае ў нас пачуццё адказнасці за грамадскія справы. Калі Яго вучні спрабуюць аддаліць ад сябе праблему галодных людзей, прапануючы Яму загадаць ім разысціся і купіць сабе ежы ў навакольных вёсках, бо ўжо позняя гадзіна, Езус рашуча і катэгарычна адказвае: «Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці!» Катэгарычныя словы Хрыста «вы дайце ім есці» застаюцца актуальнымі аж да сканчэння свету. Ніхто з людзей не вызвалены ад гэтага грамадскага абавязку. Ніякае «няхай яны неяк самі спраўляюцца», ніякія падказкі, што, можа, «няхай іншыя гэта зробяць», не могуць брацца пад увагу. Езус, прысутны ў галодным натоўпе, заўсёды будзе глядзець на кожнага чалавека позіркам, поўным просьбы.

Можа, мяне непакоіць думка, што мая сям’я не дастаткова заможная і няздольная на справы дабрачыннасці. Сапраўдная любоў усё ж грунтуецца на прынцыпе: бедныя — бедным. Паслухайце сведчанне святой маці Тэрэзы з Калькуты: «Аднойчы вечарам у наш дом прыйшоў нейкі мужчына і сказаў, што ёсць сям’я, у якой восем дзяцей, і ім даўно ўжо няма чаго есці. Я занесла гэтай сям’і крыху рысу. На тварах дзяцей я бачыла жудасныя прыкметы голаду. А маці падзяліла рыс на дзве часткі і выйшла. Калі яна вярнулася, я запытала: „Куды ты хадзіла? Што рабіла?“ Прыгожым быў адказ гэтай жанчыны: „Яны таксама галодныя“. Я не здзівілася, што яна падзялілася з суседзямі. Яна вызнавала індуізм, а суседзі былі мусульманамі».

Дзейнасць маці Тэрэзы, як і многіх іншых добрых людзей, не магла вырашыць праблему голаду ў сусветным маштабе. Аднак шмат могуць зрабіць паасобныя хрысціяне. Давайце задумаемся пра тысячы тон хлеба, які выкідаецца ў адходы. Пра вялікія сумы грошай, якія выдаткоўваюцца на дыеты і іншыя сродкі для пахудзення, яшчэ больш на алкаголь, цыгарэты і раскошнае адзенне. Тым, хто так робіць, — як і кожнаму з нас — маці Тэрэза кажа: «Калі часам нашы бедныя былі вымушаны паміраць з голаду, то не таму, што Бог не паклапаціўся пра іх, але таму, што ты і я нічым іх не адарылі, не былі прыладамі любові ў руках Бога, не далі ім хлеба, не далі ім адзежы, не распазналі Хрыста, калі Ён прыйшоў яшчэ раз у бедным адзенні, у галодным, у самотным, у бяздомным чалавеку і ў тым, хто шукае прытулку, у дзіцяці».

Аказанне неадкладнай дапамогі тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, не можа вырашыць усіх праблемаў, вакол якіх засяроджваецца дабрачынная дзейнасць. Неадкладаная дапамога можа аказвацца дзейсна і ў дастатковай колькасці асобам, якія маюць часовую патрэбу. Аднак у грамадстве заўсёды ёсць шмат катэгорый людзей, якім патрэбна пастаянная апека (дзеці, інваліды, невылечна хворыя і іншыя). Апека над імі патрабуе пастаяннага клопату, кваліфікаванага персаналу, сістэматычнага фінансавання і іншых захадаў). Усяго гэтага можна дасягнуць толькі арганізавана, таму абедзве гэтыя формы дзейнасці неабходныя і ўдзел католікаў у абодвух абавязковы.

Дабрачынная дзейнасць, якая вядзецца Дабрачынным каталіцкім таварыствам Caritas у нашай краіне, ахоплівае ўсіх людзей, якія знаходзяцца ў патрэбе, незалежна ад іх веравызнання і нацыянальнасці. Галоўным крытэрыем аказання дапамогі з’яўляецца чалавек, які мае патрэбу. Дабрачыннае таварыства Caritas скіроўвае гуманітарную дапамогу ў шпіталі, дамы састарэлых, дзіцячыя дамы, у школы і каталіцкія парафіі. Арганізоўвае адпачынак, злучаны з кліматычным лячэннем, для дзяцей і моладзі як у Беларусі, так і за мяжою. З нагоды Божага Нараджэння дзеці з бедных і шматдзетных сем’яў атрымліваюць падарункі. Аказваецца таксама медыцынская дапамога. У некаторых мясцовасцях дзейнічаюць прытулкі, дзе дзеці са шматдзетных і праблемных сем’яў могуць зрабіць урокі і атрымаць гарачую ежу. У сталоўках для бедных выдаюцца абеды. Праводзяцца акцыі дапамогі інвалідам. Дзейнічае швейная майстэрня і камп’ютэрныя класы. Цэнтр св. Лукі ў Мінску аказвае дапамогу сем’ям, якія маюць дзяцей, хворых на рак. Ва ўсіх гэтых акцыях

удзельнічаюць валанцёры. Дапамога патрабуючым не абмяжоўваецца толькі жыхарамі Беларусі. Мы далучаемся таксама да сусветных акцый, напрыклад, была аказана дапамога ахвярам землятрусу ў Іране і стыхійнага бедства ў Азіі.

Мы хочам шчыра падзякаваць тым, хто штодня праяўляе любоў і міласэрнасць да сваіх блізкіх. Выконваючы запаведзь любові ў найбліжэйшым асяроддзі, яны будуюць Божае Валадарства. Сведчаць пра тое, што жыццё паводле Евангелля ў сённяшні час магчымае і дае шчасце зямное і вечнае. У першую чаргу мы дзякуем дзецям, якія не забываліся пра сваіх старых і хворых бацькоў і знайшлі для іх месца ў сваіх дамах. Суседзям, якія спяшаюцца са штодзённаю дапамогаю інвалідам, старым і самотным асобам. Усім, хто змог заўважыць людзей, якія знаходзяцца ў патрэбе, і падтрымаць іх словам, дарам, дапамогаю або малітваю.

Няхай Божая ласка дапамагае нам служыць бліжнім так, каб мы калісьці пачулі словы Пана: «Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне» (Мц 25, 35–36) і радаваліся прабываннем з Ім ў небе.

Усім людзям, якія пэўным чынам аказваюць дапамагу тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, выказваем словы шчырай удзячнасці і на далейшую працу ў справах міласэрнасці ад усяго сэрца благаслаўляем.

Каталіцкія біскупы Беларусі
24 лютага 2008 г., ІІІ нядзеля Вялікага посту.
 
Паведамленне з 35-га звычайнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
13.07.2009 15:47
Мінск, 11 снежня 2007 г.
 
Біскупы зацвердзілі агульны план душпастырства на наступны, 2008 год. Ён будзе праходзіць пад дэвізам «Божае Слова — крыніца надзеі».
 
У агульнай душпастырскай праграме прадугледжаны паглыбленыя катэхезы пра сутнасць Касцёла як супольнасці, якая дапамагае нам на шляху да збаўлення; ажыўленне дыялогу з іншымі хрысціянамі на падставе праўды і ўзаемнай павагі. Сярод душпастырскіх мерапрыемстваў: IV Міжнародная медыцынская канферэнцыя, правядзенне якой запланавана на 17 мая 2008 г. у Віцебску, а таксама сустрэча моладзі ў Івянцы (сярэдзіна ліпеня), прымеркаваная да Сусветных дзён моладзі ў Сіднэі (Аўстралія).
 
Удзельнікам пасяджэння быў прадстаўлены тэкст перакладу на беларускую мову новай энцыклікі Святога Айца Бэнэдыкта XVI Spe salvi.
 
Напрыканцы года сабраныя біскупы разгледзелі справаздачы кіраўнікоў катэхетычнай і літургічнай камісій і прадстаўленыя імі планы працы на бліжэйшы час.
 
Былі вылучаныя біскуп і дэлегаты ад моладзі з усіх дыяцэзій на Сусветныя дні моладзі ў Сіднэі (Аўстралія).
 
На пасяджэнні арцыбіскуп Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч быў зацверджаны ў якасці старшыні рады ККББ па сродках масавай інфармацыі.
 
Былі абмеркаваныя таксама іншыя пытанні з жыцця Касцёла.

Генеральны Сакратар ККББ
біскуп Антоні Дзям’янка

 
Паведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на свята Святой Сям’і
Умілаваныя ў Хрысце Пану!

Святам Святой Сям’і заканчваецца чарговы год малітвы ў інтэнцыі зачатых, але яшчэ ненароджаных дзяцей. Ад усяго сэрца мы хочам падзякаваць усім тым, хто распачаў акцыю духоўнага ўсынаўлення. Вы рашыліся на працу штодзённай малітвы і выконвалі добрыя ўчынкі, каб ратаваць найменшыя і найслабейшыя чалавечыя істоты. Вы сталі на абарону тых, хто не можа сам сябе абараніць. Малітваю і ахвяраю вы ахоўвалі іх ад смяротнага прысуду, які вынеслі ім бацькі, блізкія або ўрачы. Дзякуючы вашай дзевяцімесячнай малітве шмат маці прынялі рашэнне нараджаць і выхоўваць сваіх дзяцей.

Імёны і прозвішчы людзей, якія распачалі акцыю духоўнага ўсынаўлення, былі запісаныя ў спецыяльныя парафіяльныя кнігі. Памяць пра іх будзе жыць. Яны застануцца ў гісторыі як сучасныя героі, якія не паддаліся модзе, але заўсёды стаялі на варце праўды і жыцця, г. зн. на баку Бога і Евангелля Жыцця.

Сучасны свет прапануе іншы стыль жыцця. Ён высмейвае ўсялякія каштоўнасці, заахвочвае пакланяцца сабе і свайму целу, забывае пра ахвяранасць, пасвячэнне. У ім расце эгаізм і адсутнасць адказнасці. Гэта вядзе да крызісу сужэнства і сям’і, што ў сваю чаргу з’яўляецца небяспекаю для зачатых дзяцей. Гэта яны, як першыя, становяцца ахвярамі моды выгоднага жыцця. Гэта для іх не хапае месца ў сэрцы бацькоў і ў секулярызаваным грамадстве, і ў выніку — аборт або смерць зачатага дзіцяці на розных этапах яго жыцця.

На жаль, у наш час нават хрысціяне часта ідуць за духам гэтага свету. Умілаваныя, мы не павінны паддавацца гэтай фальшывай «мудрасці» сучаснага свету. Як веруючыя людзі, мы маем сілы, каб жыць інакш. Падмацоўваючыся Евангеллем і Целам Хрыста, узмацняючы Божую ласку ў святых сакрамэнтах, мы ў стане крочыць Божымі сцежкамі незалежна ад моды, якая пануе ў свеце. Не будзем жа забываць пра вялікую годнасць, якою мы адораныя. Мы — дзеці Божыя. Давайце будзем шанаваць і развіваць гэтую годнасць як у сабе, так і ў іншых. Будзем жа сцерагчы яе так, як Марыя са святым Юзафам сцераглі Дзіцятка Езуса.

Усіх людзей, якія абвяшчаюць Евангелле Жыцця словам, малітваю і прыкладам ад усяго сэрца благаслаўляем.

Каталіцкія Біскупы Беларусі

 
Прэс-камюніке Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прызначыў арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім Яго Эксцэленцыю арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які да гэтага часу з’яўляўся Мітрапалітам архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве (Расійская Федэрацыя).

Да часу кананічнага ўступлення на пасаду, давераную Святым Айцом арцыбіскупу Кандрусевічу, якога сардэчна вітаем, Яго Эксцэленцыя біскуп Антоні Дзям’янка будзе надалей выконваць абавязкі Апостальскага Адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Мінск, 21 верасня 2007 г.

 
Пастырскі ліст Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага на Нараджэнне Пана 2007 г.
13.07.2009 15:45

Нарадзіўся нам Хрыстус Збаўца

Браты ў біскупскім і святарскім служэнні, кансэкраваныя асобы, верны народ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі!

1. Сардэчна вітаю ўсіх вас і віншую са збаўчай урачыстасцю Нараджэння Пана ў год усеагульнага паклікання да святасці!

Літургія сённяшняй урачыстасці адбываецца пад знакам адной надзвычай важнай весткі, што нас умацоўвае, — нарадзіўся нам Збаўца, які ёсць сама святасць.

Прарок Ісая, пераносячы нас у атмасферу чакання прыйсця Хрыста сцвярджэннем, што «ідзе Збаўленне» (пар. Іс 62, 11), адначасова гаворыць пра нараджэнне Валадара-Месіі: «Народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае; над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяла святло. (…) Бо Дзіця нарадзілася нам, Сын дадзены нам; і ўлада спачыла на плячах Яго, і дадуць імя Яму: Цудоўны Дарадчык, Бог Моцны, спрадвечны Айцец, Князь супакою» (Іс 9, 1. 5).

2. Час, у які мы сёння жывем, ужо больш не напоўнены чаканнем прыйсця Месіі-Збаўцы, як гэта было падчас першага гістарычнага Адвэнту. Вось што піша аўтар Паслання да Габрэяў: «Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў, у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына» (Гбр 1, 1–2). Раней Бог прамаўляў праз прарокаў, каб падрыхтаваць людзей да прыйсця свайго Сына. Цяпер, аднак, Ён дазволіў, каб прамовіў Яго Сын. Гэта выключна важнае і фундаментальнае сцвярджэнне. Неабходна адзначыць, што аўтар Паслання да Габрэяў менавіта гэтымі словамі пачынае свае разважанні, каб паказаць, што Хрыстус — гэта завяршэнне Аб’яўлення Бога (пар. Гбр 1, 13).

3. Хто ж Ён, народжаны ў бэтлеемскай стаенцы Збаўца?

Аўтары Новага Запавету, з аднаго боку, прапануюць нам адказ на гэтае пытанне, карыстаючыся паняццямі таго часу, з другога ж — гэты адказ надзвычай багаты ў тэалагічным вымярэнні.

Збаўца з’яўляецца «спадкаемцам усяго» (Гбр 1, 2), — піша аўтар паслання да Габрэяў. Паняцце спадчыны мела вялікае значэнне на старажытным Усходзе. Спадкаемца — гэта той, хто ўвасабляе гаспадара і яго справы; ён мае роўныя з ім правы. Таму апостал Ян Багаслоў у сваім Евангеллі кажа, што Збаўца «прыйшоў да свайго» (пар. Ян 1, 11).

Бог стварыў свет праз свайго Сына. «Усё праз Яго сталася» (Ян 1, 3), — падкрэслівае святы Ян Багаслоў. Папа Бэнэдыкт XVI у сувязі з гэтым у сваёй энцыкліцы Deus caritas est (Бог ёсць любоў) кажа, што «ўвесь свет быў створаны дзякуючы моцы Яго творчага слова» (пар. DCE 9).

Увесь свет сваім існаваннем абавязаны Хрысту і скіраваны да Хрыста, бо толькі ў Ім ён знаходзіць падставу і сэнс свайго існавання.

Збаўца з’яўляецца ззяннем хвалы Бога і вобразам Яго постаці (пар. Гбр 1, 3), — сцвярджае аўтар ужо цытаванага Паслання да Габрэяў. Таму Ён роўны Богу Айцу. Для таго, каб растлумачыць гэтую праўду, апостал Ян выкарыстоўвае метафару «Слова» (лпгпт) і кажа, што «Слова было ў Бога, і Богам было Слова» (Ян 1, 1). Як Сын Божы, Збаўца з’яўляецца пасрэднікам паміж Богам і людзьмі (пар. 1 Цім 2, 5), бо толькі Яму Бог сказаў: «Ты — Сын мой» (Гбр 1, 4).

Збаўца адорвае духоўным жыццём і святлом. Жыццё — гэта тая Божая энергія, якая гарантуе чалавеку сувязь з Богам на гэтым свеце і ў вечнасці. Не можа быць жыцця без святла. Біялагічнае жыццё знікне, калі раптам перастане свяціць сонца. Невычэрпнаю крыніцаю Божага святла і, такім чынам, крыніцаю жыцця, своеасаблівым Сонцам, што ніколі не заходзіць, з’яўляецца Сын Божы.

Магчыма, для нас, людзей ужо ХХІ стагоддзя, гэтыя тэалагічна-філасофскія разважанні гучаць ужо не настолькі пераканаўча, як для хрысціянаў апостальскіх часоў. Аднак яны павінны дапамагчы нам зразумець і паглыбіць нашую ўпэўненасць у тым, што ў момант нараджэння Дзіцяці ў Бэтлееме здзейснілася штосьці непаўторнае. А менавіта, здзейснілася таямніца Богаўцелаўлення, і на свет прыйшоў такі доўгачаканы Збаўца; споўнілася прароцтва Ісаі: «валадарыць Бог твой! (…) суцешыў Пан народ свой (…). Пан адкрыў святое плячо сваё перад вачыма ўсіх народаў» (Іс 52, 7. 9. 10). Такім чынам, чалавечая гісторыя атрымала новую якасць — яна абагавілася, у ёй з’явіўся Бог з чалавечымі абліччам і сэрцам; Бог, блізкі да людзей.

Пададзеныя вышэй думкі, узятыя з Новага Запавету, таксама паказваюць, што ў таямніцы Богаўцелаўлення дабро пэўным чынам уваходзіць у гісторыю чалавецтва, як адзначае кардынал Ёзаф Ратцынгер, сённяшні Папа Бэнэдыкт XVI, ва ўступе да кнігі Слугі Божага Яна Паўла ІІ «Памяць і самасвядомасць». Тут быццё самога Бога, абсалютнага Бога ўваходзіць у тканіну гісторыі. Творца становіцца стварэннем. Дзякуючы гэтаму анталагічнаму кроку ў заплямленую высакамернасцю і эгаізмам волю чалавека ўваходзіць іншая, не скампраметаваная нічым воля. Пакора ўцелаўлення — гэта радыкальны кантраст з пыхаю, якая стала для чалавека другою натураю (пар. «Памяць і самасвядомасць», Уступ).

4. У літургічным календары толькі дзве падзеі маюць надзвычай яскравую асаблівасць і незабыўную атмасферу, калі пачуццё чакання і цярпення перамяняецца ў радасць. Гэта — Божае Нараджэнне і Пасха. Радасць прыйсця ў свет Збаўцы і радасць Яго перамогі над злом аб’ядноўваюць дзве гэтыя падзеі падобна да таго, як мост яднае два берагі ракі. Разам з тым яны з’яўляюцца як быццам повяззю, што знітоўвае ўсё зямное жыццё Езуса Хрыста.

5. У калядную вігілію мы збіраемся за адным сталом, каб падзяліцца аплаткаю і пажадаць адно аднаму супакою, шчасця, радасці. Менавіта за агульным вігілійным сталом асаблівым чынам перажываецца таямніца супакою, якім Бог адорвае людзей добрай волі (пар. Лк 2, 14).

З гэтаю атмасфераю душэўнага супакою мы прыходзім у нашыя касцёлы, каб нанава перажываць таямніцу Богаўцелаўлення і ўслухацца ў тое, чаму вучыць нас урачыстасць Нараджэння Пана.

5.1. У першую чаргу яна кажа пра рэальнасць уваходжання Бога ў гісторыю чалавека і пра Божую любоў да яго, любоў да свету, у якім чалавек жыве.

У цяжкія моманты нашага жыцця мы часта забываемся, што менавіта Сын Божы прыйшоў у гэты свет і прыняў на сябе чалавечыя пакуты, прыняў чалавечую долю і нядолю. Сын Божы на ўласным вопыце ведае, што кожны з нас перажывае і з чым не можа справіцца. Таму без боязі, што нас не зразумеюць, мы можам звяртацца да Яго, можам шукаць у Яго выйсця з цяжкай сітуацыі і дапамогу.

Мы не можам забыцца пра тое, што праз уваходжанне Сына Божага ў чалавечую гісторыю Ён асвяціў і ўзвысіў да збавеннай годнасці дзейнасць чалавека. Мы павінны памятаць пра гэта, распачынаючы кожны новы дзень, бо дзякуючы Нараджэнню Хрыста нашая дзейнасць набыла новае і найвышэйшае з усіх магчымых вымярэнне.

5.2. Сённяшняя ўрачыстасць таксама кажа нам пра ўзвышэнне і хвалу простых людзей. Бо першымі, каму была дадзена ласка ўбачыць нованароджанага Збаўцу і пакланіцца Яму, былі не кіраўнікі ізраэльскага народа, не фарысеі, не старазапаветныя святары, не моцныя гэтага свету, а простыя пастухі.

Менавіта яны першымі прынялі вестку пра нараджэнне Збаўцы і паверылі ёй. Менавіта іх, непрыкметных у ценю моцных і слаўных гэтага свету, узвялічыў Пан Бог і пра іх апавядае Евангелле, якое будзе абвяшчацца да канца часоў.

У сувязі з гэтым мы павінны сёння запытацца ў саміх сябе: а якое нашае стаўленне да евангельскай весткі? Як мы сёння ўспрымаем Добрую Навіну, у тым ліку і пра Нараджэнне Хрыста? Ці цалкам мы яе прымаем? А можа, мы гатовыя прыняць з яе толькі тое, што адпавядае нашаму спосабу мыслення ці секулярнай культуры сучаснага свету? Мы маем перад сабою дзве магчымасці: прыпадобніцца да цара Ірада, які жадаў знішчыць усё, што нагадвала пра Хрыста, ці па прыкладзе бэтлеемскіх пастухоў паверыць і прыняць Добрую Навіну пра збаўленне.

5.3. І нарэшце, сённяшняя ўрачыстасць гаворыць нам, што важна не тое, як і дзе нарадзіўся чалавек, а тое, як ён жыве. Збаўца прыйшоў на гэты свет у крайняй галечы, Яму не знайшлося нават месца ў заездзе (пар. Лк 2, 7). Аднак Хрыстус сваім жыццём паказаў, што вартасць чалавека вызначаюць каштоўнасці, якія ён вызнае і нясе ў сабе. У гэтым сэнсе Хрыстус пакінуў нам найлепшы прыклад для пераймання.

6. Таму Нараджэнне Пана — гэта нібы лекцыя для нас. Лекцыя, якая павінна перасцерагчы ад падзення з высокага п’едэсталу, на які мы самі сябе ўзносім. Гэта лекцыя пакоры для нас — людзей, якія, жывучы ў эпоху постмадэрнізму, спадзяюцца толькі на ўласныя сілы, на рацыянальны розум, на дасягненні навукі і тэхнікі. Гэта, нарэшце, лекцыя вытрымкі ў імкненні да дасканаласці.

7. «Бачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны» (Ян 1, 14). Гэтае вызнанне, якое мы знаходзім у Евангеллі паводле святога Яна, павінна стаць нашым вызнаннем, вызнаннем людзей ужо ХХІ стагоддзя. Узнёслую вестку пра Нараджэнне Збаўцы нельга абвяшчаць інакш, як вызнаючы яе перад усім светам: мы адчулі на сабе, што Бог увайшоў у наш свет і ў Езусе стаў чалавекам, і гэтае вызнанне павінна стаць набыткам усіх людзей.

У Хрысце матэрыяльны свет атрымаў свой цэнтр. У ім свет атрымаў «Жыццё» і «Святло». «А святло свеціць у цемры» (Ян 1, 5), і гэта азначае, што «Жыццё» прабілася ў наш свет праз акасцянелую і закарэлую паверхню. Таму чалавек ужо не павінен навобмацак шукаць чагосьці невядомага, пра што нічога не ведае. Ён не павінен уцякаць ад рэальнасці жыцця, бо ў Хрысце яно перастала быць цёмнаю пусткаю без сэнсу. Для чалавека скончыўся шлях у невядомае, і ён у Хрысце атрымаў сваю мэту. Бог выйшаў насустрач чалавеку, дзякуючы чаму чалавек адчувае сябе ў гэтым свеце бяспечна, як у сябе дома, бо тут яго сустракае бязмежная любоў Бога. Жыццё чалавека набыло сэнс. Таму ўцёкі ад рэальнасці былі б уцёкамі ў бессэнсоўнасць.

8. Сёння, святкуючы ўрачыстасць Нараджэння Пана, мы нанава пераасэнсоўваем учалавечанне Бога, перажываем нашую ўпэўненасць ва ўсеабдымнай і бязмежнай любові Бога. Можа, гэта гучыць сентыментальна, але менавіта таямніцы Нараджэння Хрыста належыць абяцаны Богам супакой людзям добрай волі (пар. Лк 2, 14). І толькі тады, калі мы самі нясем іншым супакой, мы абвяшчаем учалавечанне Бога і тую рэчаіснасць, якою мы самі жывем.

9. Умілаваныя ў народжаным Збаўцы браты і сёстры!

Ад усяго сэрца віншую вас з Божым Нараджэннем! Віншую іншыя хрысціянскія Цэрквы і супольнасці, якія разам з намі святкуюць гэтую збавенную ўрачыстасць. Віншую вернікаў Беларускай Праваслаўнай Царквы, якія праз трынаццаць дзён будуць ушаноўваць Нараджэнне Збаўцы, і жадаю ім як найлепш падрыхтавацца да гэтага свята.

Усе мы, хрысціяне розных Цэркваў і супольнасцяў, вызнаем тую ж самую праўду пра Богаўцелаўленне, што стала знакам прыйсця ў свет Бога ў вобразе чалавека, які аднавіў парушаную першароднам грахом гармонію. Хрыстус, стаўшы цэнтрам чалавечай гісторыі, для ўсіх нас з’яўляецца таксама цэнтрам прыцягнення.

Гэта — імператыў, які абавязвае нас да новага бескампраміснага, пазбаўленага «рэлігійнай паліткарэктнасці» абвяшчэння праўды Евангелля і да абароны маральных каштоўнасцяў з мэтаю стварэння цывілізацыі любові і пабудовы грамадства, заснаванага на ўзаемнай павазе, узаемнай любові, справядлівасці і абяцаным Збаўцам супакоі.

Ад усяго сэрца жадаю вам Божых ласкаў, здольнасці і сілаў перанесці на ўсе дні вашага жыцця атмасферу сённяшняга свята, атмасферу любові, супакою і адзінства.

Радасці вам, шчасця, шчодрага Божага благаслаўлення на святы Божага Нараджэння і калядны перыяд, а таксама на ўвесь надыходзячы Новы 2008 год, які ў душпастырскай праграме Каталіцкага Касцёла на Беларусі будзе праходзіць пад дэвізам: «Слова Божае — крыніца надзеі». Выбіраючы такую тэму, наш мясцовы Касцёл імкнецца больш поўна ўдзельнічаць у жыцці Паўсюднага Касцёла. Гэта звязана з тым, што 28 чэрвеня 2008 г. распачынаецца Год святога апостала Паўла, які нястомна абвяшчаў Евангелле ўсім народам, а ў кастрычніку ў Ватыкане распачне працу чарговы Сінод Біскупаў, прысвечаны слову Божаму ў жыцці і місіі Касцёла. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваёй апошняй энцыкліцы Spe salvi (У надзеі мы збаўленыя) заклікае ўслухацца ў сведчанне Бібліі пра надзею, бо сапраўды слова «надзея» з’яўляецца цэнтральным словам біблейскай веры (пар. SS 2).

Яшчэ раз, браты і сёстры, са святам, з Нараджэннем Хрыстовым! Даручаючы ўсіх вас заступніцтву Багародзіцы Марыі, якая нарадзіла свету Збаўцу, я дзялюся з вамі аплаткаю на знак еднасці, і ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 8 снежня 2007 г.
Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі

 
<< Першая < Папярэдняя 1751 1752 1753 1754 1755 1756 1757 1758 1759 1760 Наступная > Апошняя >>

Старонка 1753 з 1895
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.