Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі
Жукойні-Жэлядскія — парафія Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль
Жукойні-Жэлядскія — касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль
Фота grodnensis.by
Адрас:
вул. Савецкая, 25
в. Канстантынава
Мядзельскі р-н
Гродзенская вобл.
222386

Тэл.: (8-01797) 3-73-34
фРасклад набажэнстваў (магчымы змены)  
  • Св. Імша ў нядзелю і святы — 10.00 або 12.00
фЗ гісторыі парафіі

Парафія створана ў XVI ст., касцёл зачынены ў 1947 г., вернуты ў 1990 г.
 
Пасланне біскупа Антонія Дзям’янкі, Апостальскага Адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
13.07.2009 15:20

Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце Пану!

14 чэрвеня г. г. Папа Бэнэдыкт XVI прызначыў мяне Апостальскім Адміністратарам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Я ўдзячны Святому Айцу за давераную мне ганаровую пасаду ў Мінска-Магілёўскім Касцёле, у якім на пачатку мінулага стагоддзя працаваў Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі — біскуп, які адзначаўся святасцю жыцця, — а на пераломе тысячагоддзяў гэтую паслугу выконваў кардынал Казімір Свёнтэк, fidei testis. Мы ўдзячныя яму за сведчанне святарскай веры ў сталінскіх гулагах і на кожным месцы ягонага служэння Богу і людзям.

Асаблівую падзяку хачу выказаць Апостальскаму Нунцыю ў Беларусі арцыбіскупу Марціну Відавічу за яго добразычлівасць і бацькоўскі клопат.

На пачатку свайго служэння ў якасці Апостальскага Адміністратара я звяртаюся з просьбай аб малітоўнай падтрымцы да цябе, Народ Божы, каб у Мінска-Магілёўскім Касцёле я служыў дзеля большай хвалы Бога, Адзінага ў Святой Тройцы, і дзеля дабра вернікаў, даручаных пастырскаму клопату біскупа. Прашу аб малітве дзяцей, моладзь, сем’і, а перадусім людзей хворых і тых, хто ў патрэбе, — праз сваё цярпенне яны знаходзяцца бліжэй за ўсіх да крыжа Хрыстовага. Я разлічваю на дапамогу і супрацоўніцтва тых, хто выконвае разнастайныя абавязкі ў нашым грамадстве. Спадзяюся, што нашыя супольныя намаганні — нягледзячы на няпростыя выклікі, якія ставіць сучасны свет, — будуць садзейнічаць умацаванню цывілізацыі жыцця і любові.

Звяртаюся з просьбаю аб малітве да ўсіх святароў Мінска-Магілёўскага Касцёла, да законнікаў і сясцёр законных, дыяканаў, алюмнаў духоўных семінарый. Я разлічваю на вашую падтрымку ў маім служэнні, каб мы разам ішлі шляхам святасці і дапамагалі іншым імкнуцца да яе.

Разам з вамі ўсімі я хачу ісці шляхам веры пілігрыма пад апекай Марыі, Маці Езуса Хрыста — Маці Божай Будслаўскай, Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Божай Чэнстахоўскай...

Мой біскупскі заклік «Ut unum sint» («Каб усе былі адно») я буду і надалей рэалізоўваць. Дзеля таго, каб нас яднаў Езус Хрыстус — наш Пан і Збаўца, каб мы ўсе былі адной сям’ёй Божых дзяцей. Няхай Пан учыніць нас прыладай свайго супакою, каб мы, як заклікаў святы Францішак Асізскі, «сеялі любоў там, дзе пануе нянавісць, прабачэнне — там, дзе пануе крыўда, еднасць — там, дзе пануе разлад, надзею — там, дзе пануе роспач, святло — там, дзе пануе цемра, радасць — там, дзе пануе смутак. (...) Каб мы маглі не столькі шукаць суцяшэння, колькі суцяшаць, не столькі шукаць разумення, колькі разумець, не столькі шукаць любові, колькі любіць, бо, калі даём — мы атрымліваем, калі прабачаем — атрымліваем прабачэнне, а калі паміраем — нараджаемся для вечнага жыцця праз Езуса Хрыста, Пана нашага».

Езус Хрыстус да сваіх вучняў скіраваў наступнае пасланне: «Ідзіце і навучайце ўсе народы (...). Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20). Гэтае пасланне і мы павінны выконваць у Духу Хрыстовага Евангелля, і тады настане а+дна Аўчарня і Адзін Пастыр.

На плённае абвяшчэнне Добрай Навіны ад усяго сэрца благаслаўляю.

 
Прэс-камюніке Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
13.07.2009 15:18
І. Сёння, 14 чэрвеня 2006 г., прэс-служба Апостальскай Сталіцы паведаміла, што Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў адрачэнне ад пастырскага кіраўніцтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй, прадстаўленае Яго Эмінэнцыяй кардыналам Казімірам Свёнткам у адпаведнасці з Кодэксам Кананічнага Права, кан. 401, § 1.

Разам з тым, Святы Айцец прызначыў Яго Эксцэленцыю Антонія Дзям’янку, тытулярнага біскупа Лесвійскага і дапаможнага Мінска-Магілёўскага, Апостальскім Адміністратарам sede vacante i ad nutum Sanctae Sedis названай Мітрапалітальнай сталіцы.

Сёння ж біскуп Дзям’янка прыме высокую пасаду, даручаную яму Святым Айцом.

ІІ. Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк, Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп на пенсіі, якому 21 кастрычніка гэтага года споўніцца 92 гады, працягне выконваць абавязкі Пінскага Апостальскага Адміністратара ad nutum Sanctae Sedis.

ІІІ. Таксама сёння, 14 чэрвеня 2006 г., завяршаючы ХХІХ Пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, кардынал Казімір Свёнтэк папрасіў вызваліць яго ад пасады Старшыні названай Канферэнцыі ў сувязі з тым, што ён ужо не з’яўляецца дыяцэзіяльным біскупам (пар. Кодэкс Кананічнага Права, кан. 376). Вядома, што займаць пасаду Старшыні Канферэнцыі Епіскапату могуць толькі дыяцэзіяльныя біскупы і тыя, хто прыраўнаваны да іх у правах згодна з юрыдычнай нормай Кодэкса Кананічнага Права, кан. 381, § 2 (пар. Папская Камісія па аўтэнтычным перакладзе ККП, Адказ ад 23 мая 1988 г. AAS 81 [1989], с. 338; Notitiae 24 [1988], с. 669; Leges Ecclesiae, n. 5270).

У адпаведнасці з артыкулам 7 Статуту, тэрмін паўнамоцтваў Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі працягваецца тры гады. Гэтыя паўнамоцтвы могуць быць працягнутыя на наступны тэрмін у выніку тайнага галасавання на Пленарным пасяджэнні. Такая ж норма дзейнічае ў адносінах іншых пасадаў у Канферэнцыі, сярод якіх пасады Намесніка Старшыні і Генеральнага Сакратара. Пасады Старшыні, Намесніка Старшыні, Генеральнага Сакратара і іншых кіраўнікоў вызначаюцца Кодэксам Кананічнага Права і Статутам Канферэнцыі, а таксама падстатутнымі актамі.

Кардынал Казімір Свёнтэк быў абраны Старшынёю на Устаноўчым Сходзе 11 лютага 1999 г. У далейшым на ХІІ Пленарным пасяджэнні, якое адбылося 5 сакавіка 2002 г., і на ХХІІІ Пленарным пасяджэнні, якое адбылося 28 снежня 2004 г., яго паўнамоцтвы былі працягнутыя на два наступныя трохгадовыя тэрміны. Цяперашні, трэці тэрмін, павінен быў скончыцца 11 лютага 2008 г.

На Пленарным пасяджэнні пасада Старшыні была сёння даверана Яго Эксцэленцыі Аляксандру Кашкевічу, біскупу Гродзенскаму, які да гэтага часу з’яўляўся Намеснікам Старшыні. На згаданым Пасяджэнні пасада Намесніка Старшыні была даверана Яго Эксцэленцыі Уладзіславу Бліну, біскупу Віцебскаму.

 
Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з нагоды 15-годдзя аднаўлення структуры і адраджэння Каталіцкага Касцёла на Беларусі
13.07.2009 15:16
Цябе, Бога, праслаўляем, Табе, Пане, хвала вечна
(Гімн падзякі: Te Deum Laudamus)

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!

У пятнаццатую гадавіну аднаўлення структуры і адраджэння Каталіцкага Касцёла на Беларусі мы звяртаемся да вас з пастырскім прывітаннем і напамінам пра найбольш важныя моманты нашай сучаснай гісторыі, сумеснымі творцамі якой праз справу Божага Провіду вы з’яўляецеся.

1. Пачынаючы з 1917 года, на працягу 70-ці гадоў на ўсходніх тэрыторыях і 50-ці гадоў на заходніх тэрыторыях Беларусі савецкі рэжым паслядоўна і бескампрамісна рэалізоўваў сваю атэістычна-матэрыялістычную праграму.

У выніку рэпрэсійных акцый савецкіх уладаў Каталіцкі Касцёл на Беларусі меў велізарныя страты сярод духавенства, а таксама былі знішчаны і забраныя шматлікія святыні і кляштары. З сапраўды шатанскай лютасцю пераследавалі тых, хто вызнаваў Бога і спрабаваў выконваць рэлігійныя практыкі. Гэта адбывалася пры адсутнасці ўмяшальніцтва Захаду ў абароне Касцёла і веруючых, якія пераследаваліся савецкім атэістычным рэжымам.

Але Касцёл на Беларусі, пазбаўлены адпаведных касцёльных структураў, церпячы і не раз сыходзячы крывёю, трываў — і выжыў.

І менавіта ў часы надыходзячых пераменаў у Еўропе Папа Ян Павел ІІ асаблівым чынам звярнуў свой позірк і сваё сэрца на жахлівы пераслед вернікаў на Беларусі. «Не бойцеся адчыніць дзверы Хрысту», — заклікаў ён.

2. У кастрычніку 1989 года ён прызначыў і кансэкраваў у Рыме біскупа, які — як Апостальскі Адміністратар — распачаў душпастырскую апеку над усімі католікамі на тэрыторыі Беларусі. Такім чынам Святы Айцец засведчыў прыгнечаным вернікам збаўчую памяць, запэўніў ратунак і дапамогу, распачаў працэс аднаўлення веры, Касцёла і рэлігійнага жыцця на Беларусі.

Ужо ў наступным годзе была адкрыта Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне, якая да 2006 года выхавала і адукавала больш за сто святароў. Ва ўрачыстым святкаванні 10-годдзя дзейнасці гэтай семінарыі ўдзельнічаў арцыбіскуп Зянон Грахалеўскі, прэфект Кангрэгацыі па справах каталіцкага выхавання, духоўных семінарый і навуковых інстытутаў.

3. 13 красавіка 1991 г. Папа Ян Павел ІІ стварыў у межах Рэспублікі Беларусь Мінска-Магілёўскую Мітраполію, у склад якой увайшла Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Пінская і Гродзенская дыяцэзіі. У гэты ж дзень былі прызначаны два біскупы. Гэта была вельмі важная гістарычная падзея для Касцёла на Беларусі, гадавіну якой мы якраз адзначаем.

4. Тым часам адбыўся распад Савецкага Саюза і стварэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь. Спыніліся яўныя пераследванні Касцёла і вернікаў, усталявалася прынамсі адносная рэлігійная свабода.

Насталі гады інтэнсіўнага, поўнага энтузіязму і ахвярнасці ўдзелу духавенства і Божага народа ў адраджэнні Касцёла і аднаўленні рэлігійнага жыцця на Беларусі. Было пабудавана некалькі дзесяткаў новых касцёлаў на месцы тых, што былі цалкам разбураныя, была адрэмантавана значна большая колькасць святыняў, якія былі вернутыя, але моцна спустошаныя ці перабудаваныя для свецкіх мэтаў.

Вялікую дапамогу ў гэтай працы аказала новаствораная Арцыбіскупская будаўнічая рада. Дасягненні ў будаўніцтве дазволілі яшчэ больш скіраваць душпастырскую працу на развіццё ўнутранага Касцёла ў чалавечых душах.

5. Пазітыўныя вынікі аднаўлення з’явіліся дзякуючы актыўнай працы мясцовых святароў, законніц і Божага народа, а ў значнай ступені дзякуючы ахвярнай інвестыцыйнай і душпастырскай дзейнасці святароў і сясцёр законных, якія прыбылі з Польшчы на дапамогу. У гэтае аднаўленне ўключыліся цэнтры катэхетычнай фармацыі ў Гродне і Баранавічах, а таксама каталіцкія выданні, якія пачалі выдавацца ў Мінску, Гродне і Баранавічах. Значны ўклад у гэта зрабілі выдавецтвы «Pro Christo» ў Мінску і дыяцэзіяльнае выдавецтва ў Гродне.

На працягу гэтых 15 гадоў у значнай ступені былі навярстаны тыя вялікія страты, якія Касцёлу на Беларусі былі нанесены за час пераследу з боку атэістычна-матэрыялістычнай савецкай сістэмы.

6. Пазіцыя Касцёла на Беларусі настолькі ўзрасла, што ён здабыў аўтарытэт, павагу і прызнанне не толькі сярод веруючых людзей, але нават сярод тых, хто яшчэ 15 гадоў таму назад прыкладаў усялякія намаганні, каб цалкам яго знішчыць.

Мінскі архікатэдральны касцёл — вернуты католікам, адбудаваны і рэкансэкраваны 21 кастрычніка 1997 года з удзелам Папскага легата кардынала Эдмунда Шокі — стаў бачным і красамоўным знакам Каталіцкага Касцёла на Беларусі, які адраджаецца.

7. У перыяд аднаўлення Касцёла на Беларусі мелі месца разнастайныя ўхвалы і падзеі, якія ўсё больш выразна і канкрэтна фармуюць аблічча тутэйшага партыкулярнага Касцёла ў паасобных дыяцэзіях.

У лістападзе 1992 года адбылося наладжванне дыпламатычных адносінаў паміж Апостальскай Сталіцай і Рэспублікай Беларусь.

26 лістапада 1994 года Папа Ян Павел ІІ паклікаў у склад Калегіі кардыналаў Арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. Тым часам у 1998–1999 гадах адбылося далейшае папаўненне іерархіі ў структуры Касцёла на Беларусі. Менавіта былі прызначаны тры дапаможныя біскупы і адзін біскуп ардынарый у новайстворанай Віцебскай дыяцэзіі. 28 лістапада 1998 г. была заснавана Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, старшынёй якой быў абраны Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Адбыліся ўжо два візіты Ad limina Apostolorum біскупаў з Беларусі ў Апостальскую Сталіцу. Красамоўнымі былі словы Святога Айца, з якімі ён звярнуўся да біскупаў 7 красавіка 1997 г.: «Езус Хрыстус перамог свет, з Ім і вы ўжо з’яўляецеся пераможцамі», а таксама 11 лютага 2003 г.: «Дзякуючы Богу гэты суровы перыяд скончыўся і ўжо на працягу некалькіх гадоў адбываецца рашучае, натхнёнае аднаўленне».

8. Каталіцкі Касцёл на Беларусі ў параўнанні з Праваслаўнай Царквой складае меншасць па канфесійнай колькасці вернікаў. З боку Каталіцкага Касцёла пастаянна праяўляецца добрая воля ў накірунку падтрымання ўзаемнага кантакту Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы ў духу экуменізму.

9. Велізарнае значэнне ў жыцці і дзейнасці Касцёла на Беларусі меў і надалей мае праведзены на працягу 4 гадоў (з 1996 па 2000 гады) Сінод Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій, у заканчэнні якога прымаў удзел папскі пасланнік кардынал Каміллё Руіні, Генеральны вікарый Рымскай дыяцэзіі.

10. У Мінску-Пінску, Гродне і Віцебску былі скліканы Судовыя трыбуналы, якія займаюцца перадусім канфліктнымі сужэнскімі сітуацыямі.

11. 12 верасня 2001 года, пасля 62-гадовага перапынку, у вернутым і адрамантаваным будынку былой Вышэйшай духоўнай семінарыі Пінскай дыяцэзіі, была адчынена Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя ў Пінску.

12. Важным элементам аднаўлення рэлігійнага жыцця, а асабліва марыйнага культу на Беларусі сталі, па жаданні Папы, тры вызначаныя (у 1991–1996 гадах) Меншыя базылікі: у Гродна, Будславе і Пінску, а таксама каранацыя папскімі каронамі (у 1996–2005 гадах) чатырох цудатворных абразоў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Брэсце, Лагішыне, Будславе і Гродне.

10 снежня 2005 г. па жаданні Святога Айца Яна Паўла ІІ быў каранаваны абраз Імя Марыі Беззаганна Зачатай, ахвяраваны і асвечаны Папам і змешчаны ў галоўным узноўленым алтары мінскай архікатэдры. Прыгожаю праяваю пашаны Найсвяцейшай Панны Марыі сталі праведзеныя ў 1993–1998 гадах у парафіях Мінска-Магілёўскай Мітраполіі перэгрынацыі копіі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай і фігуры Маці Божай Фацімскай, прывезенай з Партугаліі.

Мы назіраем павелічэнне колькасці пілігрымак у Марыйныя санктуарыі з усё больш шматлікім удзелам у іх вернікаў. Самыя мнагалюдныя пілігрымкі накіроўваюцца ў Нацыянальны санктуарый у Будславе.

13. 13 чэрвеня 1999 года Святым Айцом Янам Паўлам ІІ былі беатыфікаваныя адзінаццаць беларускіх мучанікаў, а 5 сакавіка 2000 года — адзінаццаць сясцёр назарэтанак з Наваградка.

У гісторыю Касцёла на Беларусі залатымі літарамі ўпісана светлая постаць Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага. Перад яго труною спачатку ў крыпце, а цяпер у капліцы Маці Божай Вастрабрамскай у пінскай катэдры пастаянна стаяць жывыя кветкі і рэгулярна ўзносяцца малітвы аб яго беатыфікацыі.

Вялікі духоўны плён прынесла святкаванне Вялікага Юбілею 2000 Года ў катэдрах, у парафіяльных касцёлах і юбілейных святынях, у якія прыбывалі шматлікія пілігрымкі, каб атрымаць адпусты.

14. У мінулым годзе распачалася ўжо трэцяя кананічная візітацыя парафій у дыяцэзіях, якая дае магчымасць пазнаёміцца са становішчам кожнай парафіі і наладзіць непасрэдны кантакт біскупа са святарамі і вернікамі.

15. Вялікім дасягненнем стала выданне ў 2004 годзе Імшала на беларускай мове (вынік шматгадовай працы Камісіі па перакладзе літургічных тэкстаў). Гэты Імшал ва ўсім паўсюдным Касцёле з’яўляецца першым выданнем трэцяй версіі Рымскага Імшала (Editio Typica Tertio), які быў перакладзены на нацыянальную мову. Вынікам працы камісіі таксама з’яўляецца пераклад на беларускую мову некаторых літургічных кніг такіх як «Абрады святога хросту», «Сакрамэнт бежмавання», «Сакрамэнт сужэнства».

16. Вялікае значэнне мае ўдзел партыкулярнага Касцёла на Беларусі ў дзейнасці і рэлігійным жыцці паўсюднага Касцёла.

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з’яўляецца членам рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы. Біскупы ўдзельнічаюць у Сінодах біскупаў, у розных кангрэсах, канферэнцыях і сімпозіумах у многіх краінах свету.

Аб прысутнасці Касцёла на Беларусі на міжнароднай арэне сведчаць шматлікія замежныя пілігрымкі. У 1997 годзе каля тысячы вернікаў выехала на спецыяльным цягніку ў Вроцлаў, каб прыняць удзел у 46 Міжнародным эўхарыстычным кангрэсе і каб сустрэцца з Папам.

З вялікаю радасцю была перажыта ў кастрычніку 1998 года аўтобусная пілігрымка каля 900 вернікаў з усёй Беларусі ў Рым на ХХ гадавіну пантыфікату Папы Яна Паўла ІІ. На заканчэнне спецыяльнай аўдыенцыі ў зале Паўла VI Папа, нягледзячы на нямогласць, прайшоў праз усю залу сярод узрушаных і расчуленых да слёз беларускіх пілігрымаў, аказваючы ім асаблівую сардэчнасць і зычлівасць.

У колах Захаду Касцёл на Беларусі, які адраджаецца, атрымаў прызнанне і нават выклікаў здзіўленне, і сёння займае ў паўсюдным Касцёле належнае яму месца нароўні з іншымі партыкулярнымі Касцёламі.

17. У пятнаццатую гадавіну адраджэння Касцёла на Беларусі, калі мы ўсведамляем вялікую колькасць здзейсненых пераменаў і дасягненняў, хоць і не можам іх усіх пералічыць, у пакоры схіляем галовы перад усемагутным Богам і з глыбіні сэрцаў выказваем падзяку за збавеннае кіраванне Божага Провіду, а таксама за пастаянную апеку Маці Божай.

У той жа час шчыры клопат Папы Яна Паўла ІІ залатою стужкаю бацькоўскай любові атульваў гэтыя мінулыя гады цяжкіх выпрабаванняў і нялёгкай справы аднаўлення Касцёла на Беларусі.

Асаблівыя словы ўдзячнасці трэба сказаць Святому Айцу Яну Паўлу ІІ за ратаванне Касцёла на Беларусі ад згубы, за выратаванне чалавечых душаў ад страты веры, за захаванне чалавечых сэрцаў ад знішчэння ў іх любові Бога і вернасці Касцёлу.

Слава людзям за тое, што былі мужнымі ў справе фармавання аблічча Касцёла на Беларусі. Мы маем на ўвазе святароў, законнікаў, мясцовых і тых, хто прыехаў з Польшчы, хто плённа і ахвярна выконваў і выконвае душпастырскую працу ў даручаных ім розных касцёльных пляцоўках. Асаблівае прызнанне выказваем люду Божаму за вернасць у гады пераследу, а таксама за іх актыўны ўдзел у гады адраджэння Касцёла і рэлігійнага жыцця на Беларусі.

Вялікіх спраў Божых нельга забываць. Святы Айцец Ян Павел ІІ сказаў: «Трэба, каб мы з удзячнасцю ўзгадвалі мінулае, усім сэрцам перажывалі сучаснае і былі адкрытымі на будучыню». З бязмежным даверам Касцёл на Беларусі даручае сваю будучыню міласэрнаму кіраванню Божага Провіду, чулай апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, кіраўніцтву Апостальскай Сталіцы.

Ад усяго сэрца благаслаўляюць

Каталіцкія біскупы Беларусі
 
Слова на Вялiкдзень 2007 года
Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых?
Яго тут няма; Ён уваскрос (Лк 24, 5–6).


Гэтыя словы прамовіў Анёл да жанчын у велікодную раніцу. Яны пасля свята Пасхі прыйшлі да грабніцы, каб выканаць традыцыйныя абрады над нябожчыкам, чаго не паспелі зрабіць падчас пахавання. Прыйшлі ў смутку ад страты свайго Настаўніка і Цудатворцы, якога чалавечая нянавісць пазбавіла жыцця. Але сутыкнуліся з фактам знікнення цела Хрыста з грабніцы, куды яно было пакладзена ў Вялікую пятніцу, калі блізкія вучні, зняўшы яго з крыжа, з пашанаю пахавалі. Толькі хвіліну ў іх была няўпэўненасць, разгубленасць і слёзы. Незнаёмы каля грабніцы запытаўся: «Жанчына, чаго ты плачаш? Каго шукаеш?» (Ян 20, 15). І ў Ім Марыя пазнае Таго, каго лічыла памерлым…

Імкліва развіваліся падзеі ў велікодную раніцу. Вестку пра ўваскрасенне Хрыста перадавалі з вуснаў у вусны жыхары Ерузалема і іншых мясцовасцяў. Дзякуючы першым сведкам пустой грабніцы пра падзеі велікоднай раніцы даведаліся многія, а сёння ведае ўвесь свет.

Сёння мы святкуем тую вялікую падзею. Гэта не проста нейкая сенсацыя: хрысціяне называюць яе таямніцаю. Але гэта здарылася. Першы раз у гісторыі чалавецтва грабніца апусцела. Пан не памёр, але спіць — так разважае Касцёл у Вялікую суботу. Ён перамог смерць.

Пустая грабніца сведчыць пра той факт, што Езус уваскрос. Ён адчыніў брамы раю, якія былі зачыненыя перад чалавекам з прычыны першароднага граху нашых прабацькоў Адама і Евы. Вось чаму надзея велікоднай раніцы не пакідае абыякавымі жыхароў зямлі. «Хрыстос уваскрос з памерлых», — так гучыць велікодны спеў вернікаў. Ён прайшоў праз адхлань і сваім уваскрасеннем прынёс радасць тым праведнікам, якія перад Яго прыйсцем адышлі з гэтага свету. Мы штодзённа згадваем пра гэта, прамаўляючы Сімвал веры.

Адзіная пустая грабніца ў гісторыі чалавецтва сведчыць пра тое, што жыццё змяняецца, але не сканчваецца. Яно працягваецца ў іншым вымярэнні. Езус сустракаецца з вучнямі, дазваляе дакрануцца да ранаў на Яго руках і да свайго прабітага боку. Вучні пераконваюцца ў тым, што гэта не з’ява і не сон — гэта іх Настаўнік, якога яны слухалі, які быў забіты бязбожнікамі. Гэта іх умілаваны Месія, якога пахавалі ў новай грабніцы. Ён уваскрос!

Уваскрасенне адбылося нечакана, вучні не былі падрыхтаваныя да такога развіцця падзеяў, але пасля сустрэчы з Уваскрослым жыццё тых, хто шчыра паверыў, грунтоўна перамянілася. Яны сталі сведкамі ўваскрасення і пачалі абвяшчаць у свеце таямніцу велікоднай раніцы, пустой грабніцы Хрыста, і гэтаму цалкам прысвяцілі сваё жыццё, як сведчаць Дзеі Апосталаў.

Да прыняцця таямніцы велікоднай раніцы кожны католік рыхтуецца на працягу перыяду Вялікага посту, які папярэднічае святу. Так, як вучні Езуса, як жанчыны, якія першыя ўбачылі пустую грабніцу, няхай кожны з нас атрымае адноўленую ласку моцнай веры.

Вера ва Ускрослага Хрыста няхай дапамагае хворым людзям з трывалаю надзеяй несці цяжкі крыж хваробы. Тым, хто дапамагае хворым, церпячым, нямоглым, святло Хрыстовага ўваскрасення няхай будзе крыніцаю новых сілаў у іх ахвярным служэнні. Разважанне пра цуд уваскрасення Езуса няхай дапамагае ўсім, ад каго шмат у чым залежыць будучы лёс чалавецтва, бескампрамісна служыць праўдзе і несці людзям дабро і надзею.

Няхай Уваскрослы дапаможа кожнаму ў пошуках свайго месца ў жыцці, свайго служэння ў грамадстве. Дзякуючы разважанням пра таямніцу ўваскрасення тыя, каго Хрыстус кліча да асаблівага служэння ў Яго Касцёле, няхай па прыкладзе апосталаў прымуць мужнае рашэнне і стануць на шлях абвяшчэння Добрай Навіны ў сённяшнім секулярызаваным свеце. У свеце, які з цікаўнасцю разглядае старыя і новыя тэорыі знікнення Хрыста; у свеце, які да сённяшняга дня сумняваецца ў тым, што грабніца сапраўды апусцела.

Выбар святарскага паклікання, выбар манаскага жыцця ў сучасным свеце — гэта яскравае сведчанне для ўсіх, што ў велікодную раніцу грабніца сапраўды была пустою.

Вестка пра ўваскрасенне Пана няхай дадасць мужнасці ўсім бацькам у выхаванні дзяцей у адпаведнасці з маральнымі нормамі Касцёла — супольнасці, заснаванай Хрыстом.

Няхай з нашых вуснаў сёння і на працягу ўсяго Велікоднага перыяду ўсе навокал пачуюць вокліч радасці і надзеі: «Хрыстос уваскрос! — Сапраўды уваскрос! Аллелюя!».

Біскуп Антоні Дзям’янка,
Апостальскі Адміністратар
Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
 
Пастырскі ліст на Божае Нараджэнне 2006 года
Свята Нараджэння Пана папярэджвае Адвэнт — перыяд радаснага чакання, таму сутнасцю гэтага свята з’яўляецца звышнатуральная радасць. Паразважаем пра адну з крыніцаў радасці Божага Нараджэння.

(...) Нараджэнне Пана гаворыць нам, што чалавек — не справа выпадку ці дзеяння сілаў прыроды. Як піша святы Ян Багаслоў, чалавек не з’яўляецца плодам жадання цела ці жадання мужа (пар. Ян 1, 13). Яго пачатак — у Богу, які жадае, каб ён існаваў. Для яго прыйсця Бог рыхтуе свет, стварыўшы яго і няспынна падтрымліваючы яго існаванне. Чалавек нараджаецца з Божага жадання падзяліцца шчасцем любові, каб прабываць у гэтым стане на ўсю вечнасць. Ніводзін чалавек, нават няверуючы, не з’яўляецца сіратою. У кожнага ёсць Айцец, які радуецца існаванню свайго любага дзіцяці. Хтосьці можа не ведаць гэтага Айца, бо яму ніхто пра Яго не сказаў; хтосьці можа скептычна ставіцца да Яго — насамрэч, такі скепсіс заўсёды беспадстаўны, — і цяпер пра Яго забыўся. Святое Пісанне вельмі прыгожа і яскрава паказвае гэтую праўду: «Ці забудзецца жанчына пра сваё немаўля? Але калі б нават і забылася, я не забудуся пра цябе. Не бойся, чарвяк Якубе, люд Ізраэля» (пар. Іс 49, 15; 41, 14).

Няведанне Бога або забыццё пра Яго не змяняе таго факту, што Ён з’яўляецца Нябесным Айцом, крыніцаю існавання кожнага чалавека. Наяўнасць Айца, а тым больш Бога Айца нясе з сабою незвычайны дар. Айцец з’яўляецца сімвалам дзейснай дапамогі, клопату пра задаволенне нашых патрэбаў — «хлеба нашага штодзённага». Кожны з нас у сваім жыцці можа карыстацца дапамогаю ўсемагутнага Нябеснага Айца. Сваім клопатам Ён ахоплівае ўсе нашыя клопаты. Як гаворыць Евангелле, нават валасы ў нас на галаве палічаныя. Гэта азначае, што ў нашым жыцці няма такіх справаў, якімі Бог не цікавіўся б, нават калі гаворка ідзе пра такую дробязь, як выпадзенне аднаго воласа.

Малое дзіцятка развіваецца, калі адчувае любоў бацькоў. Атмасфера любові з’яўляецца глебаю, на якой развіваюцца нашыя здольнасці, якая дае сілы для пераадолення слабасцяў і стымулюе няспыннае развіццё. Такую любоў дае не толькі любячы чалавек, а перадусім Бог Айцец, з любові якога мы нарадзіліся. Св. Павел сказаў: «Усё магу ў тым, хто ўзмацняе мяне» (пар. Флп 4, 13). Усё магу, таму што я не сірата, таму што маю Нябеснага Айца, спрыянне якога заўсёды мяне суправаджае. Св. Павел адчуваў сам да сябе пагарду, такую моцную, што нават прасіў Хрыста выбраць сабе іншага чалавека, каб той стаў Ягоным апосталам. Хрыстус адказаў яму на гэта: «Хопіць табе Маёй ласкі» (пар. 2 Кар 12, 9). Кожны з нас у хвіліну сутыкнення з абмежаванасцю сваёй натуры і грэшнасцю можа разлічваць на ласку, гэта значыць, на бескарыслівую дапамогу Нябеснага Айца.

Наша радасць ад Божага айцоўства, якою прасякнуты нашыя сэрцы, выяўляецца таксама і знешне. Яна такая вялікая, што не варта яе пакідаць толькі сабе. Таму мы рыхтуем вігілійную вячэру, на якой дзелімся аплаткаю і дорым адзін аднаму падарункі як знак прабачэння. Радасць вядзе нас ад сям’і да супольнасці Касцёла, каб разам з ёю ўдзельнічаць у Пастэрцы, услухоўвацца ў спеў калядак. У нашых дамах мы ставім елачкі, што сваім зялёным колерам нагадваюць нам пра надзею, якая нараджаецца ў свята Нараджэння Пана. Асаблівым месцам нашых малітваў становяцца бэтлеемскія яслі, дзякуючы якім мы можам задумацца пра Божае Айцоўства.

На надыходзячае Божае Нараджэнне хацеў бы пажадаць усім адкрыць Божае Айцоўства. Маю цвёрдую надзею, што гэтая праўда веры, якую мы можам сузіраць штодня, верне сэнс нашаму жыццю, учыніць нас людзьмі непахіснай надзеі перад абліччам жыццёвых цяжкасцяў і дасць нам здольнасць развівацца і перамяняцца.

 

Апостальскі Адміністратар
Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
біскуп Антоні Дзям’янка
 
Пастырскі ліст на Адвэнт 2006 г.
1. Адвэнт — час радаснага чакання Божага Нараджэння

Святкаванню таямніцаў Божага Нараджэння папярэднічае перыяд падрыхтоўкі, які мы называем “Адвэнт”. Гэтае слова ў старажытным Рыме азначала афіцыйны візіт, адведзіны дзяржаўнага саноўніка пасля прыняцця пасады. У язычніцтве гэтым жа словам называлі штогадовае прыбыццё боства ў святыню. У хрысціянстве гэтым словам мы акрэсліваем прыйсце Хрыста да чалавецтва.

Адвэнт мае падвойны характар. Гэта час падрыхтоўкі да ўрачыстасці Нараджэння Пана, калі ўспамінаецца першае прыйсце Хрыста, а таксама час, калі мы скіроўваем нашыя думкі да прыйсця Хрыста на сканчэнні вякоў. Гэтыя дзве прычыны ўказваюць на Адвэнт як на час радаснага чакання. Таму перыяд Адвэнту падзяляецца на дзве часткі. Дзень 17 снежня з’яўляецца мяжой гэтага падзелу.

Пра важнасць Адвэнту сведчаць розныя набажэнствы і аздабленне святыні ў гэты перыяд. У нас традыцыйнаю адметнасцю Адвэнта з’яўляюцца святыя Імшы, якія называюцца “рараты”. Іх назва паходзіць ад першых словаў спеву на ўваход — “Rorate coeli” (“Крапіце, нябёсы, з вышыняў...”) (пар. Іс 45, 8). Рараты — гэта святая Імша, якая традыцыйна цэлебруецца на світанні ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. У шматлікіх парафіях вялікая колькасць дзяцей збіраецца на гэтай Эўхарыстыі — з ліхтарыкамі, зробленымі дома ці ў нядзельнай школцы. Неабходна падкрэсліць, што намаганні душпастыраў падтрымліваць гэтую традыцыю вельмі патрэбныя для рэлігійнага выхавання дзяцей і моладзі.

З цэлебрацыяй раратняй святой Імшы звязана запальванне свечак. Раратняя свечка сімвалізуе Найсвяцейшую Панну Марыю — Дзянніцу (Зорку Ранішнюю), якая з’яўляецца “перад узыходам” Сонца — Езуса Хрыста. Ад раратняй свечкі мы адрозніваем дзве іншыя свечкі, такія, як пасхал і грамнічная.

У перыяд Адвэнту ў нашых касцёлах можам заўважыць змешчаныя на вянку 4 свечкі, якія сімвалізуюць 4 нядзелі Адвэнту. Свечка, зялёны колер і форма (кола) вянка маюць сваё значэнне: святло праўды, надзея, жыццё і Бог. У цэласнасці адвэнтавы вянок з’яўляецца вобразам супольнасці, якая ў любові і радасці чакае свайго Пана.

Усе гэтыя адвэнтавыя сімвалы павінны нагадваць нам, што неабходна паклапаціцца пра тое, каб унутрана, духоўна падрыхтавацца да Божага Нараджэння. Адвэнт — гэта час незвычайнага дзеяння шчодрай ласкі. Гэта спазнала святая Тэрэза ад Дзіцятка Езуса. У сваім дзённіку пад назвай “Гісторыя адной душы” яна апісвае вельмі цяжкое выпрабаванне, якое называе ласкай Божага Нараджэння. Яна піша, як аднойчы пасля яе вяртання з пастэркі Езус дапусціў, што з вуснаў свайго любімага таты, які называў яе сваёю прынцэсаю, яна пачула поўную раздражнення заўвагу. Словы бацькі літаральна наскрозь прабілі яе сэрца. Але менавіта ў гэты момант яна атрымла ад Бога гэтую незвычайную ласку, дзякуючы якой змагла павесці сябе так, нібы нічога не чула і, замест таго, каб займацца сабою, пачаць прыносіць радасць іншым. Ласка перавярнула сілу яе духа і праз дзесяць гадоў безвыніковай барацьбы з уласнай празмернай эмацыянальнай уражлівасцю, ва ўзросце чатырнаццаці гадоў яна была ў адну хвіліну ад яе вызвалена. Святая так піша ў сваім дзённічку: “Мяне сапраўды ўсё засмучала, цяпер жа наадварот: добры Бог аказвае мне такую ласку, што ніводная часовая справа не саб’е мяне з ног. Калі падумаю пра тое, як было раней, то мяне ахоплівае ўдзячнасць за тыя дабрадзействы, якімі адарылі мяне Нябёсы; я настолькі змянілася, што цяпер мяне проста не пазнаць”.

Варта падрыхтаваць сваю душу, каб мы таксама спазналі аздараўляльную моц ласкі ў перыяд Божага Нараджэння.

2. Новы касцёльны год прысвечаны імкненню да святасці

Касцёльны год, які распачынаецца, прысвечаны імкненню да святасці. Мы павінны нанава нагадаць сабе, што святасць, з’яднанне нашай волі з Божай Воляй, з’яўляецца мэтай нашага жыцця і крыніцай шчасця ўжо тут, на зямлі. Адвэнт, радасны час чакання нараджэння Езуса, указвае нам на адзін са слупоў, на якіх трымаецца будынак нашай святасці. Трапна сказала пра гэта святая Тэрэза з Лізьё: “Езус не патрабуе вялікіх учынкаў, але адзіна таго, каб мы даверыліся Яму і былі ўдзячнымі”. Сапраўдная радасць выяўляецца ва ўдзячнасці. Хто ўдзячны, той бачыць дзеянне Бога ў сваім жыцці, бачыць прысутнасць Бога ў сваёй штодзённасці. Святасць развіваецца дзякуючы ўдзячнасці. Ніхто з нас не можа палюбіць Бога, падпарадкаваць сваю волю Божай Волі, калі не ўбачыць Божай любові да сябе. Удзячнасць — гэта стан душы, якая бачыць любоў Бога і дзякуючы гэтаму здольная адказаць любоўю на любоў. Святая Тэрэза адзначае, што “ўдзячнасць больш за ўсё прыцягвае ласкі Божыя; калі мы дзякуем за дабрадзействы, Бог узрушаны і спяшаецца даць нам дзесяць новых ласкаў, а калі мы працягваем дзякаваць з такой жа шчырасцю, то як жа нязмерна памнажаюцца ласкі!”.

У час Адвэнту мы можам адказаць на заклік да святасці, які скіроўвае да нас Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, імкнучыся як найчасцей узбуджаць у душы акты ўдзячнасці Богу. Быць можа, варта ў вячэрнім рахунку сумлення задаць сабе пытанне: за што я сёння павінен падзякаваць Богу, чым Бог асабліва мяне адарыў? Дзякуючы гэтым намаганням Адвэнт можа стаць радасным часам не толькі тэарэтычна, але таксама ў штодзённым жыцці.

Святы Бонавэнтура перасцерагае нас, што калі мы не дзякуем Богу, то ў нашай душы з’яўляецца супрацьлегласць ўдзячнасці, а менавіта — няўдзячнасць. А яна, паводле святога, з’яўляецца коранем усялякага зла, таму што нараджае ў душы пыху і самаўпэўненасць, перакананне (магчыма, падсвядомае) у тым, што мы ўсё заслужылі самі. Вельмі часта ў жыцці мы адчуваем вынікі няўдзячнасці. Гэта смутак, скаргі і прэтэнзіі. Гэтыя пачуцці вельмі моцна ўскладняюць імкненне да святасці. Яны могуць паралізаваць нашую волю і давесці нас да незадаволенасці і нават да азлобленасці.

Удзячнасць жа чыніць так, што ўвесь навакольны свет мы можам пачаць успрымаць як атуляючыя нас абдымкі Любячай Прысутнасці Бога. У святле веры мы можам убачыць на рэчах, якія нас акружаюць, сціплыя надпісы: “Дар ад Пана Бога”, “Дар Любячай Прысутнасці”. І не толькі на прадметах, якія нам служаць, але таксама на падзеях, сітуацыях, людзях. Па меры таго, як нашая ўдзячнасць будзе паглыбляцца, мы пачнём чуць, што ўвесь свет кажа пра Любоў. Бо ўсе Божыя дары, якія нас акружаюць, шэпчуць, паўтараюць, усклікаюць: “Я люблю цябе такім, які ты ёсць. Таму Я побач з табою, клапачуся пра цябе, даю табе ўсё, што табе неабходна кожны дзень”. Такое перажыванне свету дае нашай волі незвычайны дынамізм да навяртання, імкнення да святасці. Святы Ян Багаслоў нагадвае нам пра тое, што мы любім Бога, бо Ён першы нас палюбіў.

3. Эўхарыстыя — школа ўдзячнасці

На сімпозіуме, які адбыўся ў Мінску 25 лістапада гэтага года і які быў прысвечаны Слузе Божаму Яну Паўлу ІІ, прэфект Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі кардынал Грахалеўскі ў гаміліі ўказваў на розныя аспекты святой Імшы ў вучэнні Вялікага Папы. Між іншым, кардынал нагадаў, што святая Імша — гэта Эўхарыстыя, а значыць — падзяка. Можна сказаць, што яна з’яўляецца месцам узрастання ва ўдзячнасці. Слуга Божы Ян Павел ІІ называў удзячнасць менавіта “эўхарыстычным станам” (Mane nobiscum Domine, 26).

Ад усяго сэрца заахвочваю ўсіх, каб у гэты перыяд Адвэнту мы паклапаціліся пра ўдзячнасць Богу і людзям, бо гэты стан духу будуе святасць у нашых душах. Будзем жа выкарыстоўваць тое, што дае нам традыцыя — раратнія святыя Імшы. Будзем старацца як мага часцей карыстацца гэтай Школай Удзячнасці. Я вельмі спадзяюся, што калі мы будзем адказваць на гэты заклік, нас асаблівым чынам будзе весці Маці Божая. Яна спазнала, як прысутнасць зачатага Езуса пад Яе сэрцам дапамагла Ёй праспяваць “Magnificat”, гімн удзячнасці Богу. Дзівосны гімн удзячнасці, у якім Маці Божая, напоўненая прысутнасцю Езуса, была здольная ўбачыць Божыя дары не толькі ў сваім жыцці, але таксама ў гісторыі свайго народа, а таксама ў гісторыі збаўлення ўсяго чалавечага роду.

Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
біскуп Антоні Дзям’янка.
 
Пастырскі ліст на Вялікдзень 2006 года
13.07.2009 15:12
«Дзень, поўны радасці, настаў» —
Вось дзень, які Пан учыніў, будзем радавацца ў ім і весяліцца!
(Пс 118 (117), 24).


Хрыстус Пан сваім Уваскрасеннем абудзіў ва ўсіх вялікую, шчаслівую радасць. «Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана» (пар. Ян 20, 20). Колькі ж радасці зведала Марыя! Касцёл Хрыста апявае гэта ў велікодным марыйным гімне Regina caeli laetare і ў папулярных песнях нашага народа. Якой жа вялікай была радасць Марыі Магдалены, калі раптам яна пачула: «Марыя!», — і ўсклікнула: «Раббуні, — што азначае „Настаўнік“!». Хрыстус усюды, дзе з’яўляўся, выклікаў радасць.

Знамянальна, што зніклі ўсе сляды Яго жудаснай Мукі. Засталіся толькі шрамы — доказ, які пераканаў Тамаша. Але не было ўжо цярпення ў душы Хрыста. Ён не згадваў пра зведаныя пакуты, нікога не дакараў, не папракаў, не выказваў прэтэнзій. Калі гартаем старонкі Евангелля, параўноўваем тэксты і супастаўляем іх сінаптычна, каб аднавіць вобраз Хрыста пасля Уваскрасення, мы не знаходзім там нават кроплі болю, смутку ці расчаравання. Хрыстус узвысіўся над усім, што людзі з Ім учынілі. Пётр у сваіх прамовах спасылаўся на Муку і Смерць Хрыста, але Хрыстус сябе паводзіў так, нібы ўсяго гэтага і не было...

Яго Справа была настолькі вялікая, магутная, цудоўная і радасная, што ўсё іншае — нават успамін жахлівай Мукі — нібы не існавала! Яго справа стала адказам на спадзяванні пакаленняў, якія чакалі сотні тысяч гадоў. Усе чалавечыя правіны, якія абражаюць Нябеснага Айца, уся нявернасць Ізраэля, які чакаў Месію, паводзіны габрэяў у адносінах да Хрыста, іх нявер’е, вераломства, злосць, гнеў і нянавісць — усё гэта было нічым у Яго вачах у параўнанні з веліччу Справы Адкуплення. Чалавечую слабасць перавысіла Любоў, а любоў абуджае радасць. Таму Хрыстус, здзейсніўшы Справу Адкуплення, даручаную Яму Айцом, узрадаваўся нічым не азмрочанай радасцю. Ён адчуў палёгку, супакой і шчасце.

Яго радасць і супакой перадаваліся ўсім, з кім Ён сустракаўся. Хрыстус жадаў гэтай радасці. Ён сам выклікаў яе і прымаў у ёй асабісты жывы ўдзел. Ён бачыў, як радуюцца Яго вучні, ствараў мноства нагодаў для радасці — вельмі чалавечай і звычайнай.

Цела Хрыста было пераменена, але Ён так сябе паводзіў, нібыта ніякай змены не адбылося. Яго адносіны да вучняў і акружэння былі звычайнымі і натуральнымі. Ён сядаў разам з імі за стол, дзяліў з імі спажытак. Нават часцей, чым перад Мукай, Ён запрашаў іх есці, заахвочваючы сваім прыкладам: «Хадзіце ж, снедайце...», сам «... узяў хлеб і падаў ім, а таксама і рыбу» (пар. Ян 21, 12–13). На беразе Тыберыядскага возера Ён паклапаціўся пра тое, каб на сапраўдны Вялікдзень падрыхтаваць спажытак для вучняў, занятых лоўляю рыбы. Мы ведаем, што перад Мукаю Езус размнажаў хлябы, але ніколі да гэтага мы не чулі, каб ён сам «кухарыў». Ён зрабіў гэта менавіта пасля Уваскрасення, калі Яму самому гэта было ўжо менш за ўсё патрэбна. Адкуль Езус узяў рыбу, што пёк на вуглях на беразе возера? Гэта таямніца. Ён сказаў яшчэ дадаць толькі што налоўленую рыбу і прыгатаваў вучням сапраўдны пір.

Хрыстус Пан не аб’яўляецца вучням у постаці Увакрослага Пераможцы. Ён не падкрэслівае сваёй незвычайнай велічы, хоць Яму мы спяваем у велікодных песнях: «Ён смерць перамог! Ён — Пан наш і Бог». Нічога такога ў Хрысце няма! Ён звычайны і штодзённы, Ён уваходзіць у чалавечыя справы па-чалавечы.

Можа, ніколі раней Хрыстус не праяўляў такой сардэчнасці, як пасля Уваскрасення. Ён ужо вырваў з рук сатаны запіс нашых даўгоў, з дапамогай якога той аспрэчваў у Бога сваё права на чалавечы род. Цяпер шатан застаўся з пустымі рукамі, а ў руках Хрыста — усё... Тыя, хто Яго акружае, з’яўляюцца цяпер Яго дзецьмі, здабытымі за вялікую цану — Empti enim estis pretio magno — каштоўнай крывёю Хрыста як Беззаганнага Ягняці... (пар. 1 П 1, 19).

Ён стаў на чале грамады людзей, якія ідуць да Айца. Вось Яго дзеці, Яго сябры, Яго самыя блізкія! Колькі ж яны каштавалі Яму! Таму Ён глядзіць на іх, як на адшуканыя скарбы.

За знявагі, спазнаныя перад смерцю, Хрыстус пасля Уваскрасення адплаціў людзям дабрынёй, сардэчнасцю, блізкасцю і радасцю. Які ж Ён велікадушны! Пасля Уваскрасення Ён мог добра «адплаціць» фарысеям, кніжнікам, Іраду, Пілату і нават вучням, якія Яго пакінулі, асабліва Пятру, які адрокся ад Яго, — усім! Усім! Ён жа мог запытацца: «А дзе ж вы, сыночкі, дзеліся, калі Я быў на крыжы?». На шчасце, Хрыстус ні пра што такое не пытаўся. Пра гэта ў Евангеллі няма ніводнай згадкі. Ён трымаў сябе так, нібы ўсяго гэтага не было.

Як жа гэта цудоўна — забываць і прабачаць! Гэта ўнутрана вызваляе, чыніць чалавека сапраўды вялікім і адначасова блізкім і братэрскім. Менавіта такой з’яўляецца любоў, менавіта такім бывае сапраўднае сяброўства!

Хрыстус вучыць уменню быць адно з адным і ўзвышацца над усім, што для нас магло б стаць непрыемным і балючым. Ён вучыць нас забываць. Што было — тое прайшло! Хрыстус увёў нас у новае жыццё і ў новую атмасферу.

Вось як паводзіць сябе Хрыстус Уваскрослы. Так павінны паводзіць сябе таксама і мы ў сваім жыцці, на працы і ў адносінах з іншымі людзьмі. Так паводзяць сябе ўсе, хто любіць Хрыста, і ўсе, хто любіць адно аднаго ў Хрысце. Ён нам паказаў, як трэба адносіцца да акружэння, каб жыць у згодзе з братамі.

Няхай нашае суіснаванне будзе адзначана Божай радасцю! Няхай дом кожнага з нас будзе домам Божай радасці, домам сяброўства, добразычлівасці, дабрыні і роднасці, дзе ўжо не памятаюць абразаў і не нагадваюць пра спазнаныя крыўды, бо тут валадарыць любоў, якая ўсё перамагае, пра ўсё забываецца і прабачае.

Умілаваныя браты і сёстры, з нагоды Велікодных святаў прыміце мае самыя шчырыя пажаданні шчодрых ласкаў і благаславенняў Уваскрослага Хрыста ў вашым асабістым, сямейным і грамадскім жыцці.

Кардынал Казімір Свёнтэк
Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,
Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі

 
Зварот да вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Апошнім часам закранаецца праблема дзяцей, пазбаўленых апекі бацькоў. Дзякуй Богу, у нашай краіне няма дзяцей пакінутых, дзяцей, якія б заставаліся на вуліцах нашых гарадоў без ніякай апекі. Дзяржава спяшаецца дапамагчы гэтым дзецям, стварае для іх інтэрнаты і дзіцячыя дамы.

Асаблівай пашаны заслугоўваюць тыя асобы, якія працуюць выхавацелямі ў дзіцячых дамах, служаць дзецям, памяншаючы такім чынам іх цярпенні, выкліканыя стратай сям’і. Неабходна таксама ўзгадаць пра розныя грамадскія арганізацыі, прыватных спонсараў са свету бізнесу, якія для сіротаў арганізоўваюць адпачынак у нашай краіне і за мяжой. Іх самаадданую працу Слуга Божы Ян Павел ІІ назваў супрацоўніцтвам у справе стварэння цывілізацыі любові.

На жаль, нават найлепш упарадкаваныя дзіцячыя дамы не заменяць сямейнай атмасферы. Нішто і ніхто не дасць столькі цяпла дзецям, колькі можа даць штодзённае жыццё ў поўнай і любячай сям’і.

Касцёл заклікае сужэнствы і хрысціянскія сем’і прыйсці на дапамогу дзецям-сіротам. Найлепшая дапамога — гэта падзяліцца атмасферай сямейнага цяпла і ўзяць такое дзіця на выхаванне. Такім чынам можна дзейсна перадаць дзецям традыцыі нашых продкаў і бясцэнны дар веры.

Дзеці — гэта будучыня грамадства, будучыня нацыі і Касцёла. Усыноўленае дзіця, выхаванае ў сям’і веруючых, сустракаецца ў штодзённым жыцці са сведчаннем дабрыні Бога, адчувальна перажывае благаслаўленне, якое нараджаецца тады, калі чалавек становіцца на шлях веры. Таму я вельмі прашу сужэнствы і сем’і, якія маюць адпаведныя хатнія і матэрыяльныя ўмовы, адкрыць свае сэрцы і прыняць на выхаванне адно ці некалькіх дзяцей-сіротаў.

Са шматгадовай душпастырскай практыкі я ведаю, што такое дзіця часта становіцца падтрымкай для бацькоў у старасці. Будзем таксама памятаць пра заслугу перад Богам: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых найменшых, тое Мне зрабілі». Прыкладам для нас з’яўляюцца сем’і з нашай краіны і з-за мяжы, якія чакаюць сваёй чаргі, каб усынавіць дзяцей-сіротаў, часта хворых або калекіх.

Нават калі сем’і не маюць адпаведных матэрыяльных умоваў для таго, каб узяць назаўсёды да сябе дзіця-сірату, я заклікаю не зачыняць сваіх дамоў для сіротаў. Можна дапамагаць такім дзецям, запрашаючы іх да сябе з нагоды розных святаў, значных датаў у жыцці дзіцяці, напрыклад, з нагоды дзён нараджэння ці імянінаў, на час школьных канікулаў. Дзяржаўны закон прадугледжвае і такія кантакты сем’яў з сіротамі. Гэтым законам ужо карыстаюцца і прадстаўнікі іншых хрысціянскіх веравызнанняў.

Важнай і вострай праблемай з’яўляецца праблема дапамогі хворым дзецям, пазбаўленых сем’яў, дзецям, якія жывуць у спецыяльных установах.

Нават тады, калі мы не ў стане матэрыяльна дапамагчы дзецям-сіротам, мы можам дапамагаць ім духоўна. Мы можам памятаць пра іх у нашых малітвах, прасіць добрага Бога, каб на іх жыццёвым шляху Ён паставіў людзей, якія адкрыюць свае сэрцы на іх патрэбы.

Усіх тых, хто клапоціцца пра матэрыяльнае забеспячэнне і выхаванне дзяцей-сіротаў і інвалідаў, усіх, хто распрацоўвае законы на карысць сіротаў, усіх, хто прыняў у свае сем’і гэтых дзяцей, я шчыра благаслаўляю.

 

Апостальскі Адміністратар
Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
біскуп Антоній Дзям’янка
 
Камунікат з 28-га Пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
13.07.2009 15:10
[4 красавіка 2006 г., Сакратарыят ККББ у Мінску]
 
У пасяджэнні бралі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі на чале са Старшынёю ККББ кардыналам Казімірам Свёнткам. Прысутнічаў таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч.
 
Удзельнікі пасяджэння абмяняліся думкамі адносна адзначэння ў дыяцэзіях на Беларусі І-й гадавіны смерці Слугі Божага Яна Паўла ІІ. У касцёлах з удзелам вялікай колькасці вернікаў адбыліся святыя Імшы ў інтэнцыі хуткай беатыфікацыі, прайшлі начныя чуванні моладзі, адбылася спецыяльная Імша з удзелам духавенства і кансэкраваных асобаў. Сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку і дзяржаўныя, падалі інфармацыю пра асобу Вялікага Папы і пра адзначэнне І-й гадавіны з дня яго адыходу ў вечнасць.
 
У сувязі з тым, што 15-годдзе аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі прыпадае на Вялікі чацвер, было вырашана абмежавацца зваротам з пастырскім лістом, які будзе прачытаны ва ўсіх касцёлах краіны.
 
Старшыня перадаў дыяцэзіяльным біскупам пасланне Папы Бэнэдыкта XVI, адрасаванае семінарыстам, і 3 сведчанні. Са зместам гэтых пасланняў будуць азнаёмленыя выхаванцы духоўных семінарый краіны.
 
Удзельнікі зацвердзілі тэкст Рытуалу Сужэнства ў перакладзе на беларускую мову, падрыхтаваны Секцыяй па перакладах Камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў ККББ. Былі таксама зацверджаныя прадпісанні адносна парадку фатаграфавання, а таксама кіна- і відэаздымкі ў касцёлах, падрыхтаваныя згаданай Камісіяй. Яны становяцца абавязковымі з моманту іх апублікавання.
 
Старшыня даў інфармацыю пра запрашэнне польскім епіскапатам пілігрымаў з Беларусі на святую Імшу з удзелам Папы Бэнэдыкта XVI, якую ён будзе цэлебраваць у Варшаве 26 мая г.г. Каардынатарам пілігрымкі на нацыянальным узроўні быў прызначаны дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
 
Біскупы азнаёміліся з планам трансляцыі беларускім тэлебачаннем сёлетніх пасхальных урачыстасцяў з Ватыкану і з Беларусі.
 
Старшыня перадаў удзельнікам Пасланні Святога Айца Бэнэдыкта XVI з нагоды XL Сусветнага дня сацыяльнай камунікацыі і ХХІ Сусветнага дня моладзі, просячы як найшырэй распаўсюдзіць іх у дыяцэзіях.
 
Старшыня Рады па справах сям’і паведаміў пра тое, як 25 сакавіка г.г. адзначаўся Дзень абароны жыцця і як адбывалася акцыя «Духоўнае ўсынаўленне» ў парафіях. Ён прапанаваў, каб завяршэнне «Духоўнага ўсынаўлення» адбылося ў нядзелю Святой Сям’і ў актаве Нараджэння Пана.
 
Генеральны сакратар ККББ даў інфармацыю пра ўдзел прадстаўнікоў Беларусі ў Канферэнцыі, арганізаванай Папскай Радаю Cor Unum, якая праходзіла ў Рыме 23–24 студзеня г.г., і ў пасяджэнні выканаўчага камітэта Камісіі па сродках масавай інфармацыі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Еўропы, якое адбылося ў Рыме 10–12 сакавіка г.г.
 
Былі таксама абмеркаваныя іншыя душпастырскія патрэбы Касцёла ў Беларусі.
Біскуп Антоній Дзям’янка
Генеральны сакратар ККББ
 
<< Першая < Папярэдняя 1751 1752 1753 1754 1755 1756 1757 1758 1759 1760 Наступная > Апошняя >>

Старонка 1756 з 1895
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.