Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі
Пастырскі ліст біскупа Антонія Дзям'янкі з нагоды 350-годдзя мучаніцкай смерці св. Андрэя Баболі ў Янаве Палескім (Іванаве)
Ёсць падзеі, якія мелі месца ў гісторыі толькі аднойчы, але іх значэнне стварае ў наступныя гады новую гісторыю, дае прыклад паводзінаў і становіцца крыніцаю надзеі для вернікаў. Такая падзея адбылася 350 гадоў таму 16 мая 1657 года, калі ў Янаве Палескім (сёння — горад Іванава Брэсцкай вобласці) загінуў руплівы місіянер, каталіцкі святар Андрэй Баболя, які стаў 49-й ахвярай з ордэна езуітаў у выніку крывавага пераследу тых часоў.

Постаць святога Андрэя Баболі блізкая для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, бо ён працаваў у Нясвіжы і Бабруйску. Акрамя таго, ён займаўся душпастырствам у Вільне, Пінску і Янаве Палескім (Іванаве), дзе і быў жорстка забіты казакамі.

Пасля заканчэння школы Андрэй Баболя прайшоў навіцыят у Вільні, там жа ўступіў у ордэн езуітаў і прыняў святарскае пасвячэнне. Хутка ён стаў вядомы як добры арганізатар і выдатны прапаведнік. Людзі не толькі ахвотна слухалі яго, але, больш за тое, навярталіся і змянялі сваё жыццё. Сваім навучаннем Андрэй Баболя прывабліваў не толькі католікаў, але таксама праваслаўных і пратэстантаў, за што яго называлі «душахватам». Аўтарытэт і слава яго пастаянна ўзрасталі, выклікаючы разам з тым нянавісць ворагаў. Пасля сваёй мучаніцкай смерці ён таксама меў велізарны ўплыў на вернікаў, калі пры труне святога пачалі адбывацца незвычайныя рэчы: здзяйсняліся цуды, людзі атрымлівалі розныя ласкі. Да яго труны ішлі каралі і простыя людзі, ішлі прасіць і дзякаваць, бо ўсім па Божай волі ён прыходзіў на дапамогу. Папа Пій XI, які раней маліўся да Андрэя Баболі, просячы дапамогі ў хвіліны небяспекі, абвясціў яго святым, а ягоны Наступнік Пій ХІІ назваў святога «непераможным змагаром Хрыста» (Энцыкліка Invicti Athletae Christi ад 16 мая 1957 г.).

Безумоўна, св. Андрэя Баболю можна назваць вялікім святым пры жыцці і пасля смерці. Але які шлях вёў да дасягнення такой вялікай святасці, што нават Папы Рымскія заахвочвалі вернікаў ісці за яго прыкладам? У год, прысвечаны святасці, паразважаем крыху над шляхам святога Андрэя Баболі да хрысціянскай дасканаласці.

У жыцці святога Андрэя Баболі, як у жыцці многіх іншых святых, шлях да святасці ішоў праз працу над сабою і праз барацьбу з расчараваннямі. Падчас вучобы ў семінарыі гэты малады здольны шляхціц, нягледзячы на руплівасць у манаскім жыцці, перажыў цяжкія паражэнні ў вучобе, не дасягаючы таксама заўважных вынікаў ва ўнутраным жыцці.

Слабасць натуры, з якой Андрэй Баболя сутыкнуўся ў першыя гады манаскага жыцця, выклікала бязлітасную крытыку з боку духоўных кіраўнікоў. Часцей за ўсё яму даводзілася чуць дакоры за прывязанасць да асабістага меркавання, за празмерную імпульсіўнасць, абумоўленую яго тэмпераментам, а таксама за выбухі раздражнення. Яго таксама крытыкавалі за няўменне валодаць эмоцыямі і захоўваць маўчанне.

Манах, які абяцае паслухмянасць і пры гэтым адчувае моцную прывязанасць да свайго меркавання і ўласнай волі, безумоўна, мае шмат нагодаў для таго, каб пераканацца ў сваёй духоўнай слабасці. Імпульсіўнасць і выбухі раздражнення сведчаць пра бунт прыроды супраць таго, што пярэчыць асабістым імкненням і намерам асобы. Бясспрэчна, гэта дапамагло Андрэю Баболю пазбавіцца ад добрага меркавання пра сябе.

Знікла таксама яго высокае меркаванне пра ўласныя інтэлектуальныя здольнасці. Хоць падчас вучобы ён і атрымліваў добрыя адзнакі, аднак у выніку спазнаў у гэтай галіне поўнае паражэнне. На самым важным экзамене ex universa (па ўсім курсе тэалогіі), на якім вырашалася пытанне аб наданні студэнту навуковай ступені і, у пэўнай ступені, вызначалася яго будучае становішча ў ордэне, толькі адзін з чатырох экзаменатараў прызнаў веды Андрэя Баболі дастатковымі. Астатнія паставілі яму незадавальняльныя адзнакі.

Пахіснутая ўпэўненасць ва ўласных інтэлектуальных здольнасцях стала для Андрэя Баболі чарговым крокам на шляху адыходу ад амбіцый, звязаных з навукаю і становішчам у ордэне. Перад допускам да чацвёртага манаскага шлюбу, які прыносяць святары ў Таварыстве Езуса (яму на працягу пэўнага часу адмаўлялі ў допуску з прычыны нездавальняльных вынікаў на экзамене), духоўны кіраўнік атрымаў параду звярнуць яго асаблівую ўвагу на ўсялякія хібы і недасканаласці. Вядома, усё гэта спрыяла больш поўнаму адрачэнню ад самога сябе і схіляла шукаць дапамогі Божай ласкі.

Шлях святога Андрэя Баболі да хрысцінскай дасканаласці з’яўляецца ажыццяўленнем словаў Езуса Хрыста: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе» (Лк 9, 23). Для кожнага з нас крыніцаю надзеі з’яўляецца тое, што Божая ласка можа дапамагчы пераадолець усе перашкоды на шляху да дасягнення святасці. Апошні дакумент Бэнэдыкта ХVІ паказвае нам Эўхарыстыю як крыніцу навяртання і энергіі для маральнай перамены. Таму я заахвочваю ўсіх вернікаў не адступаць перад цяжкасцямі, непазбежнымі ў барацьбе з уласным эгаізмам, імкненнем да выгодаў і пыхаю, і мужна крочыць да святасці. Будзем жа старацца як мага часцей прымаць поўны ўдзел у святой Імшы і прасіць заступніцтва святога Андрэя Баболі.

Напрыканцы я хацеў бы скіраваць некалькі словаў да моладзі, якая стаіць перад выбарам жыццёвага шляху. Не бойцеся ісці за голасам паклікання, каб прысвяціць сваё жыццё выключнаму служэнню Хрысту. Вашыя слабасці або недахоп здольнасцяў — гэта не прычына, каб сказаць Богу «не» ў адказ на Яго пакліканне да святарства або манаскага жыцця. Святы Андрэй Баболя павінен быў шмат змяніць у сабе, каб стаць вялікім святым пры жыцці і пасля смерці. Яго грунтоўная праца над сабою і дзеянне ласкі, што сыходзіла з Эўхарыстыі, далі неверагодны плён, якога ён сам нават не чакаў.

У маі мы ўшаноўваем Маці Божую, якую святая Альжбета назвала благаслаўлёнаю, бо Марыя паверыла, што ў Бога няма нічога немагчымага. Заахвочваю вас даручаць Багародзіцы сваё жаданне жыць выключна для Хрыста. Яна дапаможа вам паверыць, што вашыя слабасці і абмежаванасць — нішто перад абліччам Божай велічы і ласкі, якая сыходзіць з Эўхарыстыі. У хвіліны роспачы і абыякавасці ўзгадвайце пра шлях да святасці святога Андрэя Баболі. Несумненна, гэта быў адзін з самых цяжкіх шляхоў барацьбы з самім сабою.

Цяпер у Янаве Палескім, сучасным Іванаве, што прыблізна ў 30-ці кіламетрах ад Пінска, знаходзіцца санктуарый святога Андрэя Баболі. З нагоды 350-годдзя мучаніцкай смерці святога 16 мая а 15-й гадзіне там адбудуцца рэлігійныя ўрачыстасці. Далучымся ж духоўна да тых, хто моліцца на месцы мучаніцкай смерці святога Апекуна нашай зямлі.

Амэн.

З памяццю ў малітве

Біскуп Антоні Дзям’янка
Апостальскі Адміністратар
Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

Мінск, 20.04.2007 г.

 
Паведамленне з XXXII Пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
13.07.2009 15:32
12 красавіка 2007 г., Сакратарыят ККББ, Мінск
 
У пасяджэнні прынялі ўдзел усе члены Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, прысутнічалі таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч і сакратар Апостальскай Нунцыятуры кс. пралат Ежы Мірослаў Цудны.
 
На пасяджэнні былі разгледжаны дапаўненні да Кодэксу Кананічнага права, якія згодна з касцёльным заканадаўствам зацвярджае кожная Канферэнцыя епіскапату.
 
Старшыня ККББ прадставіў прысутным пераклад Кампендыума Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, а таксама Рытуалу сакрамэнту намашчэння хворых.
 
Сабраныя зацвердзілі новага дырэктара Нацыянальнага «Caritas». Ім стаў кс. дырэктар «Caritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
 
Сабраныя абмеркавалі магчымасць удзелу дэлегацыі каталіцкай моладзі з Беларусі ў Сусветным дні моладзі, які пройдзе ў 2008 г. у Сіднэі (Аўстралія).
 
Прысутныя пазнаёміліся з ходам падрыхтоўкі да фестывалю «Магутны Божа», правядзенне якога запланавана на 12–21 ліпеня 2007 года ў Магілёве, і абмеркавалі магчымасць удзелу ў гэтай рэлігійна-культурным мерапрыемстве кожнай дыяцэзіі.
 
Сабраныя таксама пазнаёміліся з папярэднім планам урачыстасці Маці Божай Будслаўскай, якая пройдзе 2 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе. Сустрэча ў гэтым годзе адбудзецца пад дэвізам: «Прыгледзьцеся, браты, да вашага паклікання», згодна з праграмай душпастырства, якая сёлета прысвечана святасці.
 
Кардынал Казімір Свёнтэк, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі, прадставіў сабраным план святкаванняў урачыстасці 350-годдзя мучаніцкай смерці св. Андрэя Баболі. Урачыстасці запланавана правесці ў месцы мучаніцкай смерці гэтага святога, які быў закатаваны казакамі ў Янаве Палескім (Іванаве). Урачыстасці распачнуцца ў дзень яго мучаніцкай смерці 16 мая а 15-й гадзіне.
 
Былі абмеркаваныя таксама іншыя пытанні з жыцця Касцёла.
 
Біскуп Антоні Дзям’янка
Генеральны сакратар
 
Паведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на Дзень святасці жыцця
13.07.2009 15:32
У адказ на заклік Святога Айца Яна Паўла ІІ, выказаны ў 1995 г. у энцыкліцы Evangelium vitae, кожны год ва ўрачыстасць Звеставання Пана адзначаецца Дзень святасці жыцця. У гэты дзень мы дзякуем Пану Богу за дар жыцця і далучаемся да патоку малітваў, ахвяраў і ўчынкаў міласэрнасці ў інтэнцыі кожнага зачатага чалавечага жыцця.

Хоць тая праўда, што жыццё паходзіць ад Бога, здаецца бясспрэчнай, для многіх, аднак, гэта не так. Неаднойчы можна пачуць пра адсутнасць пашаны да жыцця. Словы «аборт» і «эўтаназія», якія так часта паўтараюцца, цалкам адмаўляюць святасць жыцця.

Бог, Даўца Жыцця, жадае, каб мы прынялі кожнае чалавечае жыццё і атулілі яго любоўю. У іерархіі каштоўнасцяў чалавечае жыццё павінна стаяць на першым месцы. Таму ўслед за Слугою Божым Янам Паўлам ІІ нам трэба заклікаць да паўсюднай мабілізацыі сумленняў і да супольных намаганняў у сферы этыкі, каб ажыццявіць вялікую стратэгію абароны жыцця. «Абараняць жыццё і ўмацоўваць яго, шанаваць яго і любіць — вось заданне, якое Бог даручае кожнаму чалавеку» (EV, 42).

У вачах свету мы не маем для гэтага вялікіх сродкаў, аднак у нас, як у веруючых, ёсць незвычайная сіла і засцярога ад зла — малітва, якая, калі ўзносіцца з глыбокай верай да трону Спрадвечнага, можа чыніць цуды. Дзякуючы справе духоўнага ўсынаўлення ўратавана мноства чалавечых жыццяў. Духоўнае ўсынаўленне — гэта малітва ў інтэнцыі дзіцяці, якому пагражае забойства ва ўлонні маці, а таксама гэта просьба да Бога аб патрэбных ласках і святасці для яго бацькоў. Малітва працягваецца дзевяць месяцаў. Яна заключаецца ў тым, што кожны дзень моляцца адну таямніцу Ружанца і чытаецца спецыяльная малітва. Яе атрымліваюць падчас святой Імшы, калі складаюцца ўрачыстыя абяцанні — супольна або індывідуальна. Той, хто прадпрымае справу духоўнага ўсынаўлення, павінен таксама спаўняць дабравольна прынятыя рэлігійныя практыкі. Гэта можа быць, напрыклад, часты ўдзел у святой Імшы ў буднія дні і прыняцце святой Камуніі ў інтэнцыі духоўна ўсыноўленага дзіцяці, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, рэгулярнае чытанне Святога Пісання, пост на хлебе і вадзе, змаганне з уласнымі дрэннымі звычкамі, дапамога тым, хто гэтага патрабуе, пэўныя дадатковыя малітвы.

Сутнасць духоўнага ўсынаўлення — абарона ўжо зачатага жыцця. Гэта таксама падзяка за ўласнае жыццё і адначасова дапаўненне дару бацькоўства для тых, хто не можа мець уласных дзяцей. Уключэнне ў справу духоўнага ўсынаўлення ёсць праяваю поўнага даверу да Бога з надзеяй на тое, што Ён у сваёй звышнатуральнай моцы здзейсніць перамену сэрцаў, настроеных супраць жыцця. Ненароджаным дзецям, якім пагражае аборт, а таксама жанчынам, якія апынуліся ў складанай сітуацыі, сужэнствам і бацькам вельмі патрэбны нашая малітоўная падтрымка, нашыя ахвяры, індывідуальныя пастановы — тое, што мы ў іх інтэнцыі ўзносім да Бога. Таму вельмі важна вытрываць у штодзённай малітве і такім чынам пасадзейнічаць выратаванню цалкам безабаронных чалавечых істотаў.

Дзякуючы Богу за дар кожнага чалавечага жыцця і перапрашаючы за шматлікія грахі непашаны ў адносінах да гэтага дару, непашаны да жыцця ад моманту зачацця да натуральнай смерці, мы далучаемся да патоку і малітваў, ахвяраў і ўчынкаў міласэрнасці ў інтэнцыі кожнага зачатага чалавечага жыцця. Няхай Дзень святасці жыцця будзе для вернікаў, якім не абыякава чалавечае жыццё, нагодай для распачацця справы духоўнага ўсынаўлення зачатага дзіцяці.

Усіх тых, хто прымае ўдзел у справе духоўнага ўсынаўлення, сардэчна благаслаўляем.

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

 
Пажаданні на нядзелю Уваскрасення Пана 2007 года біскупа Аляксандра Кашкевіча
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!

«Дзень поўны радасці настаў: сёння Пан Хрыстус з гробу ўстаў, аллелюя!» У словах велікоднай песні адлюстравана галоўная прычына радасці, якая напаўняе нас у гэтыя святочныя дні.

Ёсць шмат прычын для радасці. Нас цешыць надыход вясны, якая абудзіла зямлю ад зімовага сну, аздобіла яе кветкамі і напоўніла паветра водарам аднаўлення. Мы радуемся новаму буянню жыцця, якое на нейкі час замерла, а цяпер ізноў працягваецца і імкнецца дарыць плады. Але найбольшую радасць дае нам уваскрасенне Хрыста.

Пасля крывавай мукі, смерці і пахавання Хрыстус устае з памерлых без усялякага ўмяшальніцтва звонку. Уваскрасенне стала завяршэннем Яго пасхальнай ахвяры і пацвердзіла прадказанні, у якіх Ён неаднаразова сведчыў пра гэта. Езус аб’яўляецца жанчынам, якія прыбеглі да гробу, каб намасціць Яго цела, а пазней прыходзіць да апосталаў у зачынены Вячэрнік, дзе яны прабываюць у страху, збянтэжаныя смерцю свайго Настаўніка.

Словы, з якімі ўваскрослы Пан Езус звяртаецца да жанчынаў, напоўнены радасцю велікоднай таямніцы. Гэтыя словы скіраваны таксама і да нас. Разам з пажаданнямі, Езус паказвае нам каштоўнасці хрысціянскага жыцця — духоўную радасць і ўнутраны супакой, які вынікае з усведамлення добра выкананых абавязкаў.

Уваскрослы Хрыстус вітае сваіх вызнаўцаў, якія радуюцца Яго змёртвыхпаўстанню і жывуць надзеяй на ўласнае ўваскрашэнне. Асаблівым чынам Ён звяртаецца да тых, хто ачысціў сваю душу ў сакрамэнце пакаяння, і жадае ім вытрываць ў добрых намерах і не вяртацца больш да грахоў, але, жывучы ў стане асвячальнай ласкі, заўсёды захоўваць духоўную еднасць з Уваскрослым.

Вітаючы Апосталаў, Хрыстус жадае ўсім сапраўднага супакою. Пра супакой Ён часта гаварыў у сваіх прамовах: «Супакой пакідаю вам, супакой мой даю вам. Не так, як свет дае, Я вам даю» (Ян 14,27). Супакой Хрыста адрозніваецца ад супакою свету. Супакой свету — гэта мір, адсутнасць вайны паміж народамі, узаемаразуменне і эканамічнае развіццё. Усталяваць супакой у свеце складана, бо для гэтага неабходна згода паміж народамі. Вось чаму для дасягнення міру мы павінны спачатку прыняць супакой Хрыста, які ўплывае на супакой у свеце і фармуе яго. На гэтую праўду часта звяртаў нашую ўвагу Слуга Божы Ян Павел II, выразна падкрэсліваючы, што «не будзе супакою ў свеце, калі не будзе яго ў сем’ях і ў чалавечых сэрцах».

Калі мы прымем Хрыстовы супакой і будзем рэалізаваць яго згодна з Евангеллем, калі нашыя ўчынкі будуць падпарадкаваныя Божым запаведзям, а канстытуцыяй сучаснага свету стане вучэнне Хрыста, то аблічча зямлі зменіцца да лепшага. Я прашу і заклікаю вас да гэтага, а таксама хачу выказаць усім вам святочныя пажаданні, якія плывуць з перапоўненага велікоднай радасцю сэрца.

Усім тым, хто любіць Хрыста, я жадаю знайсці крыніцу радасці і супакою ў сваіх сэрцах, якія штораз больш будуць палаць любоўю, як у вучняў на дарозе ў Эмаус.

Тым, хто адчувае сябе самотным і разгубленым, каго трывожыць уласны лёс або лёс блізкіх, я жадаю ўсвядоміць, што ўваскрослы Хрыстус як пераможца ідзе па жыцці побач з вамі, і знайсці ў Ім крыніцу сапраўднай радасці і супакою.

Тым, хто плача з прычыны страты блізкага чалавека, я жадаю знайсці супакой у надзеі, якую дае ўваскрасенне Хрыста. Ён паказаў, што смерць — гэта не канец чалавечага жыцця, і паабяцаў, што некалі ўваскрасіць усіх нас. Памятайце пра гэга, і няхай малітва за памерлых блізкіх суцішыць ваш боль ад расстання з імі.

Тым, хто спрабуе пераадолець свае ўласныя слабасці або дапамагчы зрабіць гэта сваім блізкім, я жадаю моцнай надзеі на тое, што зло можна перамагчы, таму што яго ўлада не бязмежная. У гэтым вам таксама дапаможа ласка Уваскрослага.

Хворым і тым, хто церпіць фізічна або духоўна — гэта значыць, усім тым, хто мае ўдзел у таямніцы Хрыстовага Крыжа, я жадаю сілы веры, каб спасціглі пасхальны сэнс сваіх цяжкіх перажыванняў. Жадаю таксама надзеі, якая выплывае з таго, што мука Хрыста была толькі ўступам да радасці Велікоднай раніцы.

Святочнымі пажаданнямі і малітвай я атуляю таксама ўсіх вас, дарагія браты і сёстры іншых хрысціянскіх канфесій, а асабліва вернікаў Праваслаўнай Царквы, якія сёння разам з намі перажываюць радасць Хрыстова ўваскрасення.

Уваскрослы Хрыстус разбурыў мур варожасці паміж людзьмі і даў магчымасць аб’яднацца ў Ім і стаць, як першыя хрысціяне, адным сэрцам і адной душою. Сёлетнія святы сімвалічна паказваюць на гэтае адзінства. Дык няхай жа любоў Хрыста яшчэ больш распаліць і аб’яднае нашыя сэрцы.

Няхай Марыя, якая радуецца ўваскрасенню Сына, і якую вы акружаеце такой пашанай і любоўю, апякуецца ўсімі намі, якія ў Вялікую пятніцу сталі яе сынамі і дочкамі.

Я жадаю ўсім, каб праз часты ўдзел у Эўхарыстыі штораз лепш пазнавалі Уваскрослага «ў ламанні хлеба», як вучні па дарозе ў Эмаус.

На радаснае і плённае перажыванне Велікодных святаў ад усяго сэрца благаслаўляю.

 

Біскуп Аляксандр Кашкевіч
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
 
Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на V Нацыянальны дзень CARITAS
13.07.2009 15:30
11 сакавіка 2007 г., ІІІ нядзеля Вялікага посту

«Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові,
той жыве ў Богу, і Бог у ім» (1 Ян 4, 16)

 

 

Бог стварыў чалавека паводле свайго вобразу і падабенства і адначасова даў яму зямлю, якая павінна была забяспечваць чалавека неабходнай для жыцця ежаю. Пакуль паміж Богам і чалавекам існавала гармонія, усё ў чалавека было добра: ён жыў у дастатку і цешыўся Божым благаслаўленнем. Аднак чалавек паддаўся спакусе і дапусціў, што з яго сэрца знік давер да Божай дабрыні і любові. Чалавек сам захацеў быць як Бог, але без Бога і па-над Богам (пар. ККК, 397, 398). Праз першародны грэх смерць, хваробы і боль увайшлі ў гісторыю чалавецтва, пачаліся падзелы, і некаторыя людзі сталі адчуваць нястачу штодзённага хлеба.

Праблема, якая як у даўнія часы, так і сёння стаіць перад чалавецтвам, гэта праблема недахопу любові. Уважліва назіраючы за тым, што цяпер адбываецца на зямлі, мы бачым вялікую дыспрапорцыю паміж рознымі краінамі. Адны краіны вельмі багатыя і заможныя, іншыя церпяць з прычыны беднасці і нястачы. Больш магутныя і багатыя імкнуцца любым коштам навязваць сваю волю і падпарадкоўваць сабе меншыя і слабейшыя. На жаль, гэта з’ява глабальнага маштабу.

Касцёл рознымі спосабамі імкнецца задаволіць чалавечыя патрэбы і паказвае шлях да збаўлення, да сапраўднага дабра, якое вяртае надзею і прыносіць палёгку. Давайце задумаемся, чаму сучасны свет забываецца пра Бога і з цяжкасцю знаходзіць шлях да свайго Збаўцы? Святы Ян Багаслоў піша: «Той, хто не любіць брата свайго, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць» (1 Ян 4, 20).

Мы ведаем евангельскую прыпавесць пра багача і Лазара: «Быў адзін багаты чалавек, які апранаўся ў парфіру і тонкае палатно і кожны дзень цудоўна банкетаваў» (Лк 16, 19). І вось, гэты багаты чалавек з Евангелля паводле Лукі памірае і апынаецца ў пекле. Такі прысуд для яго становіцца поўнай нечаканасцю: ён жа не краў, не рабаваў, не пазычаў пад працэнты. Няўжо быць багатым — гэта грэх? Безумоўна, не. Багач асуджаны не за тое, што меў багацце, бо і ў самога Езуса былі адданыя сябры сярод заможных людзей, гасціннасцю якіх Ён неаднойчы карыстаўся. У Бібліі асуджаюцца не столькі багатыя людзі, колькі іх грахі. А грахі гэтыя, як вучыць нас шматвяковы вопыт, асабліва буяюць на глебе, удобранай золатам.

У чым зграшыў багаты чалавек з прыпавесці Езуса? Каля брамы яго дому ляжаў хворы ўбогі чалавек, якога звалі Лазар. Багач ведаў пра яго існаванне і ўбоства, але не звяртаў на яго ніякай увагі, нічым яму не дапамог.

Не заўважаць свайго бліжняга, асабліва калі той знаходзіцца ў крайняй нястачы, не працягнуць яму руку дапамогі, калі гэта так лёгка зрабіць, застацца абыякавым да беднасці вакол нас — гэта трывожная праява. Чалавек, які не ведае літасці, не можа быць справядлівым, пабожным, поўным унутранай дабрыні і блізкім да Бога.

Міласэрнасць — гэта адна з формаў любові. Хто не мае міласэрнасці, той не любіць і гэтым самым парушае асноўную запаведзь Евангелля. «Калі хтосьці мае дастатак у свеце, — піша Ян Багаслоў, — і бачыць брата свайго ў нястачы, і закрывае перад ім сваё сэрца, то як любоў Божая можа жыць у ім?» (1 Ян 3, 17).

Такі падыход, калі не заўважаюцца патрэбы іншага чалавека, асабліва беднага, калі яму адмаўляецца ў любові, пагражае кожнаму, не толькі багатаму. Але заможныя людзі ў гэтым сэнсе знаходзяцца ў асаблівай небяспецы. Адбываецца гэта перадусім таму, што багацце скіроўвае ўсю ўвагу яго гаспадара не на асобаў, а на рэчы. Сэрца пастаянна жыве пажадлівасцю таго, што ўбачылі вочы, па чым засумавалі пачуцці, і не ў стане адчуць патрэбаў бліжняга.

Мы павінны заўсёды памятаць пра тое, што ў абліччы бедных да нас прыходзіць Хрыстус. Адкрытасць сэрца на патрэбы іншых людзей і гатоўнасць прыйсці ім на дапамогу — гэта тое, без чаго немагчыма стаць паўнавартасным чалавекам і хрысціянінам. Немагчыма без цяжкасцяў, самаадрачэння і ахвяры заўважыць добрае ў бліжнім, асабліва калі яно крыецца пад абліччам бедняка ці чалавека, адкінутага грамадствам.

У Евангеліі паводле святога Мацвея ёсць апісанне апошняга суда, у якім Езус кажа асуджаным на вечны праклён: «Я быў галодны, і вы не далі Мне есці; прагнуў, і вы не напаілі Мяне; быў падарожным, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне» (Мц 25, 42–43).

Ігнаруючы чалавека, не бачачы ў бедным Хрыста, багаты можа дайсці да таго, што перастане бачыць і Бога. Яму будзе здавацца, што ўсе яго жаданні могуць задаволіць грошы. Звычкі сучасных багатых людзей ні для каго не з’яўляюцца таямніцай. Прэса, радыё, кіно, тэлебачанне ахвотна звяртаюцца да гэтай тэмы, бо ўсе добра ведаюць, што гэта тэма, якая кранае «за жывое». Колькі ж людзей з зайздрасцю кідаюцца на гэтыя апісанні, колькі людзей са шчырым захапленнем, амаль робячы з гэтага культ, назіраюць за банкаўскімі рахункамі вядомых мільянераў, за тым, як яны апранаюцца, падарожнічаюць і легкадумна трацяць грошы.

Мы ўжо бачылі, за што багач з евангельскай прыпавесці пайшоў у пекла. Адсутнасць спагады да Лазара была толькі часткаю большага і складанага цэлага, была трагічным фіналам дрэнна накіраванага і дрэнна пражытага жыцця, была сведчаннем заганнага ўнутранага выбару, які паставіў яго вышэй не толькі за Лазара, але вышэй за ўсіх людзей і нават вышэй за Бога. Але і бедны чалавек можа мець такое сэрца, як у таго багача, што да бяспамяцтва зачаравана скарбамі гэтага свету, якое «ўсёю сілаю, усёю душою, усімі сваімі думкамі» прагне не Бога, а дабрабыту.

Іншая праява дэфіцыту міласэрнасці ў наш час — гэта недахоп часу. Усюды гаворыцца, што час — гэта грошы, але для хрысціяніна час — гэта любоў. У пагоні за кар’ерай, дабрабытам ці ведамі чалавек забываецца пра свой абавязак быць побач з жонкаю, мужам, дзецьмі, бацькамі.

У выніку міграцыі з вёсак у гарады шмат людзей пажылога ўзросту засталося ў сваіх родных дамах часта зусім без дапамогі. Дзеці жывуць у гарадах, часам прыязджаюць. Але ці дастаткова такога клопату пра пажылых бацькоў?

Час Вялікага посту павінен нам дапамагчы зразумець, што міласэрнасць адносіцца не толькі да незнаёмых людзей, якія сядзяць на вуліцы каля магазіна або касцёла, але і да нашых блізкіх. Як часта я наведваю бацькоў? Ці цікавіць мяне іх лёс і патрэбы? Хто і калі апошні раз адводзіў іх у касцёл ці запрашаў да іх святара? Такіх пытанняў можна задаваць шмат: яны дапамагаюць нам рэальна глядзець на нашу рэчаіснасць і заўважаць у ёй чалавека.

Святы Айцец Бэнэдыкт ХVІ у энцыкліцы Deus Caritas est («Бог ёсць любоў») разважае над рознымі аспектамі любові: над любоўю паміж жанчынай і мужчынам, і над той формай бескарыслівай любові, якая праяўляецца праз учынкі любові да бліжняга, перадусім да хворага, беднага, адкінутага. Гэты дакумент звяртае асаблівую ўвагу на дабрачынную місію Касцёла і нагадвае, што канкрэтныя праявы любові да бліжняга — гэта абавязак кожнага хрысціяніна. «Уся дзейнасць Касцёла — гэта выраз любові, якая жадае абсалютнага дабра чалавеку: жадае яго евангелізацыі праз Слова і сакрамэнты, што часта бывае гераічнаю справаю ў яе гістарычнай рэалізацыі; жадае яго развіцця ў розных сферах жыцця і чалавечай дзейнасці. Такім чынам, любоў — гэта служэнне, якое здзяйсняе Касцёл, каб нястомна адказваць на цярпенні і патрэбы людзей, у тым ліку і матэрыяльныя».

Як католікі, мы павінны памятаць пра ўчынкі міласэрнасці для цела бліжняга і здзяйсняць іх, бо яны найлепш адлюстроўваюць наша стаўленне да бліжніх. Паўтараючы за Катэхізісам Каталіцкага Касцёла: галодных накарміць, спрагненых напаіць, нагіх адзець, падарожных прыняць у дом, хворых адведаць, вязняў суцешыць, памерлых пахаваць, мы ў той жа час чуем словы Хрыста: «Што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40).

Каталіцкія Біскупы Беларусі

 
Пастырскі ліст ККББ «Усе пакліканы да святасці»
13.07.2009 15:29

У імя Божае мы распачалі новы 2007 Год Пана. Бог у сваёй бязмежнай дабрыні дазволіў нам увайсці ў чарговы год трэцяга тысячагоддзя. 2006 год, які ўжо стаў гісторыяй, вернікі Каталіцкага Касцёла на Беларусі перажывалі ў духу памяці пра Слугу Божага Яна Паўла ІІ і пра яго вучэнне, дзякуючы такім чынам за дар гэтага Вялікага Папы і разважаючы над багатым вучэннем, якое ён пакінуў нам за 26 гадоў пантыфікату. Згодна з рашэннем Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, гэты год нашай зямной пілігрымкі мы будзем перажываць пад дэвізам: «Усе пакліканы да святасці».

Такім чынам мы хочам нагадаць пра пакліканне кожнага чалавека да святога жыцця і нанава засяродзіцца на словах Другога Ватыканскага Сабору, які асабліва падкрэсліў, што «ўсе ў Касцёле, незалежна ад таго, адносяцца яны да іерархіі ці з’яўляюцца аб’ектам яе пастырскай апекі, пакліканы да святасці, згодна са словамі Апостала: „Бо воля Божая — гэта вашае асвячэнне“ (1 Тэс 4, 3)» (Lumen gentium 39).

Некаторыя людзі памылкова лічаць святасць чымсьці надзвычайным, даступным толькі для абраных, забываючыся, што кожны без выключэння чалавек можа яе дасягнуць, калі будзе нястомна супрацоўнічаць з Божай ласкай. У адказ на пытанне юнака: «Што належыць рабіць, каб быць збаўленым?», Хрыстус сказаў: «Калі хочаш увайсці ў жыццё вечнае, захоўвай запаведзі» (пар. Мц 19, 16–17). Гэта значыць, што святым становіцца той, хто ў штодзённым жыцці кіруецца Божым законам, яднаецца з Богам у святых сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі, і з любоўю служыць Богу ў бліжніх. Сапраўдная святасць не залежыць ад маштабу ўчынкаў, але заключаецца ў выкананні Божай волі. Таму кожны чалавек мае шанц стаць святым.

Пра святасць хрысціяніна можна гаварыць тады, калі ён як мага паўней захоўвае вернасць вучэнню Хрыста, калі імкнецца да Яго, яднаецца з Ім і Яго наследуе. Аднак не ўсім дадзены аднолькавыя магчымасці ісці за Хрыстом. Яны адрозніваюцца ў залежнасці ад узросту чалавека, яго культурна-рэлігійнай фармацыі, узроўню жыцця, прафесіі або паклікання і нават ад стану здароўя. Шлях да святасці хрысціянскіх сужэнцаў будзе адрознівацца ад шляху святара або кансэкраванай асобы. Аднак кожны ахрышчаны абавязаны выкарыстаць дадзеныя яму для гэтага магчымасці. Усе пакліканні, усе прафесіі і жыццёвае становішча павінны разглядацца як шанц для рэалізацыі паклікання да святасці, або, інакш кажучы, як шанц для рэалізацыі паклікання да дасканалай любові ў адносінах да Бога і людзей. Такім чынам, святым чалавек становіцца не таму, што выбраў шлях кансэкраванага або святарскага жыцця, але таму, што яго жыццё ў адпаведнасці са становішчам і пакліканнем ператвараецца ў любоў да Бога і бліжняга. Такое разуменне святасці адкрывае надзвычай творчае асэнсаванне вартасці нават найбольш свецкага жыццёвага шляху і цалкам свецкай дзейнасці. Такая святасць мае шанц узрастаць і гераічна рэалізавацца нават пры самай звычайнай дзейнасці, калі толькі гэтая дзейнасць з’яўляецца вынікам любові да Бога і людзей.

Распачынаючы год, на працягу якога мы засяродзім увагу на ўсеагульным пакліканні да святасці, звяртаемся да вас, дарагія браты ў святарстве. Дзякуючы вам за вашае ахвярнае святарскае служэнне, мы хочам нагадаць, што менавіта вы асабліва пакліканы да святасці, бо прынялі сакрамэнт святарства. Святы Айцец Ян Павел ІІ у Апостальскай адгартацыі Pastores dabo vobis напісаў, што пакліканне да святасці асабліва датычыцца святароў: «Яны пакліканы не толькі як ахрышчаныя, але таксама і асабліва як святары, гэта значыць, на падставе новага сану і асаблівых умоваў, якія вынікаюць з сакрамэнту святарства» (PDV 19). Згодна з вучэннем Аб’яўлення, святар у Каталіцкім Касцёле з’яўляецца не толькі «паслом» Езуса Хрыста, але ў пэўнай ступені «другім Хрыстом» (alter Christus), — менавіта гэта асаблівым чынам вылучае каталіцкага святара. «Святарская тоеснасць, — тлумачыць Кангрэгацыя па справах духавенства, — вынікае з асаблівага ўдзелу ў святарстве Хрыста, дзякуючы якому той, хто прыняў пасвячэнне, становіцца

ў Касцёле і для Касцёла сапраўдным, жывым і выразным вобразам Хрыста Святара, «сакрамэнтальнай актуалізацыяй Езуса Хрыста, Галавы і Пастыра» (PDV 15). Таму жыццё і служэнне святара з’яўляюцца працягам жыцця і дзейнасці Хрыста.

Дарагія браты, ваша імкненне да святасці выяўляецца ў пастырскай любові, якая з’яўляецца ў першую чаргу дарам сябе самога, прынясеннем без рэшты сябе самога ў дар Касцёлу, па прыкладзе дару Хрыста і ў супольнасці з Ім. Ён «палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго» (Эф 5, 25). У вашай святарскай штодзённасці гэтая пастырская любоў павінна выяўляцца ў правільнай і самаахвярнай цэлебрацыі святых сакрамэнтаў, у ахвярнай і нялёгкай катэхетычнай і прапаведніцкай працы, у прыкладзе вашага жыцця, у кіраванні даручанай вам супольнасцю, у дабрачыннай і выхаваўчай дзейнасці, у лучнасці са сваім біскупам і ў еднасці з іншымі святарамі.

Са словамі заахвочвання мы звяртаемся да кансэкраваных асобаў. Гэта вы, ідучы за голасам паклікання, велікадушна ўзялі на сябе заданне наследаваць Хрыста цнатлівага, убогага і паслухмянага Айцу. Ян Павел ІІ у адгартацыі Vita conseсrata падкрэслівае, што кансэкраванае жыццё, як дар Айца, «знаходзіцца ў самым сэрцы Касцёла як элемент, які мае вырашальнае значэнне для яго місіі, таму што выражае найглыбейшую сутнасць хрысціянскага паклікання» (VC 3).

Фундаментам вашага жыцця з’яўляецца кансэкрацыя, якая азначае поўнае і выключнае адданне сябе Богу на векі. Ваш вобраз жыцця з’яўляецца радыкальным супрацьпастаўленнем часовым каштоўнасцям гэтага свету, якія зводзяцца да цялеснай пажадлівасці, пажадлівасці вачэй і жыццёвай пыхі. Вы з’яўляецеся для свету знакам таго, што існуе звышнатуральнае вымярэнне, рэальнасць неба, да якой чалавек, як Божае стварэнне, пакліканы. Вашае асабістае асвячэнне мае грамадскае вымярэнне; яно прыносіць карысць усяму Касцёлу, узмацняючы яго і паказваючы частку будучай хвалы.

Заахвочваем, каб вы як духоўная святыня ўсё больш асвячалі сваё жыццё па прыкладзе Таго, Хто вас паклікаў.

Нашае пастырскае слова мы скіроўваем да свецкіх асобаў. Без вас, свецкіх вернікаў, Касцёл не быў бы Касцёлам. Калі б у Касцёле не было свецкіх, то духоўныя і кансэкраваныя асобы страцілі б сваю ўласную тоеснасць. Святы Айцец Ян Павел ІІ у Апостальскай адгартацыі Christifideles laici заклікае ўсіх свецкіх, каб усё глыбей усведамлялі, што яны «не толькі належаць да Касцёла, але самі з’яўляюцца Касцёлам» (ChL 9), а ў сваю чаргу, усё жыццё касцёльнай супольнасці павінна імкнуцца да святасці.

На жаль, многія з ахрышчаных сцвярджаюць, што дастаткова быць «добрым хрысціянінам», гэта значыць, такім чалавекам, які ўпэўнены, што не чыніць цяжкіх грахоў, але таксама і не імкнецца да дасканаласці, задавольваючыся «адгаворваннем» штодзённых пацераў, «слуханнем» нядзельнай святой Імшы і спавядаючыся адзін раз на год, і пры гэтым лічыць, што амаль не мае грахоў. Прывілею духоўнага жыцця, імкненне да святасці такі хрысціянін пакідае святарам, кансэкраваным асобам, і ў першую чаргу законнікам і законніцам. Для такой пазіцыі духоўнага жыцця характэрна павярхоўнасць, таму што ў гэтым жыцці не адведзена першае месца Хрысту як Асобе, — жывому і праўдзіваму, — хоць сама назва «хрысціянін» адназначна ўказвае на вучня Хрыста.

Існуе яшчэ іншая катэгорыя — умоўныя хрысціяне, гэтак званыя «яшчэ веруючыя, але ўжо не практыкуючыя». Такі падыход указвае на жахлівае скажэнне праўды пра Бога і пра чалавека, а значыць, на адсутнасць веры як фундамента духоўнага жыцця. У хрысціянскай веры Бог — гэта не ідэалогія, створаная людзьмі для іх часовага карыстання. Ён з’яўляецца жывой, хоць і нябачнай Асобай, Якую пазнаваць, прызнаваць і для Якой чыніць усё — значыць любіць Яе ўсім сэрцам, усім розумам і ўсёй душой.

Добры хрысціянін, такім чынам, гэта сталы ў веры чалавек, для якога духоўнае жыццё з’яўляецца найглыбейшай і найважнейшай патрэбай самарэалізацыі ў пакліканні быць чалавекам «па вобразе Божым» і хрысціянінам, — гэта значыць Божым Дзіцём, — свядомым, што ён таксама быў адкуплены Крывёй Хрыста.

Нагадваючы пра ўсеагульнае пакліканне да святасці, нельга абмінуць праблему небяспекаў, якія існуюць у сучасным свеце. Секулярызм, маральны рэлятывізм і іншыя тэндэнцыі сучаснага свету моцна пагражаюць духоўнаму жыццю хрысціянаў. На жаль, многія сучасныя хрысціяне слухаюць зманлівы голас свету, які намагаецца любым коштам пераканаць, што сёння святасць немагчымая. Свет імкнецца пераканаць чалавека, што ўчынкі, за якія яго дакарае сумленне, робяць усе. Абмовы, злосць, нянавісць, распуста, алкаголь, наркотыкі, кантрацэпцыя і гэтак далей — усё гэта, на жаль, папулярна ва ўсім свеце і закранае сотні мільёнаў людзей. Гэта сапраўды так. Аднак Касцёл з плошчы святога Пятра вуснамі Папы няспынна аб’яўляе ўсяму свету імёны тых, хто на ўзор Хрыста праведна прайшоў шляхам зямнога жыцця. Гэта тыя, хто жыў, кіруючыся хрысціянскімі каштоўнасцямі, часта аддаючы за іх сваё жыццё. Яны не былі вольнымі ад людскіх слабасцяў, але заўсёды падымаліся і вярталіся, безупынна і глыбока верачы ў Божую Міласэрнасць.

Усё яшчэ гучыць у нашай памяці вокліч Божага народа пасля адыходу Яна Паўла ІІ: «Santo subito!» — «Ужо святы!». Гэта ён здзейсніў 1338 беатыфікацый і 482 кананізацыі, каб заахвоціць нас наследаваць святых. Ён заклікаў дарослых і моладзь, духоўных і свецкіх: «Не бойцеся імкнуцца да святасці».

Ідучы ў кірунку святасці, гэта значыць да збаўлення, неабходна ўспрымаць сваё зямное жыццё як экзамен на здольнасць кіравацца вераю і як час для назапашвання добрых справаў. Змаганне за святасць з’яўляецца для чалавека адказам на Божы заклік, нялёгкай і ахвярнай рэалізацыяй прынятага хросту.

Зразумела, што святасць перавышае прыродныя сілы чалавека, але, заклікаючы да яе, Бог даў нам вялікую дапамогу: Ён даў нам Евангелле, якое з’яўляецца праўдай пра Бога, пра людзей, пра свет; даў сакрамэнт паяднання, Эўхарыстыю, даў нам свайго Духа. А таму давайце нанава ўсвядомім тую праўду, што мы пакліканыя да святасці, паверым, што можам яе дасягнуць, і будзем святымі, наследуючы нашага Настаўніка з Назарэта!

Ад усяго сэрца благаслаўляем.
Каталіцкія Біскупы Беларусі

 
Камунікат Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на свята Святой Сям’і
13.07.2009 15:27

Умілаваныя ў Хрысце Пану!

Кожны год у актаву Божага Нараджэння мы перажываем свята Святой Сям’і, якая з’яўляецца цудоўным узорам для кожнай сям’і. Яна — выключная, бо ў цэнтры яе штодзённага жыцця знаходзіцца Езус — Божы Сын, наш Збаўца. Гэта Ён учыніў яе шчасліваю, нягледзячы на тое, што яна цярпела нястачу, выгнанне і страх перад Ірадам. Тое, што Святую Сям’ю сустракала ў зямным жыцці, яна перажывала з Богам.

У сённяшнія часы найбольш церпяць сем’і. Яны знішчаюцца і часта распадаюцца з-за разводаў, эгаізму, распусты, алкагалізму, забойства зачатых дзяцей. Так адбываецца, калі сям’я забываецца пра тое, што самай важнай асобай у іх сямейным жыцці павінен быць Бог, калі ў сваіх выбарах не лічыцца з Яго воляй. Літургія сённяшняга свята запрашае сем’і да таго, каб яны даверыліся Богу, каб глыбока з’ядналіся з Ім. Нагадвае, што асвячэнне штодзённага жыцця з’яўляецца першым заданнем і павінна быць самым важным клопатам сям’і. Яно з’яўляецца шляхам да асабістага развіцця і крыніцай сямейнага шчасця.

Спяшаючыся на дапамогу сям’і, Касцёл прадпрымае шматлікія дзеянні. Адным з самых важных з’яўляецца ратаванне жыцця зачатага дзіцяці. Радасцю нас напаўняе той факт, што ў справу так званага «духоўнага ўсынаўлення» ўключылася шмат людзей, таксама і ў нашай краіне. На працягу дзевяці месяцаў праз добрыя ўчынкі і малітву, якая распачалася 25 сакавіка ў свята Звеставання Пана і працягваецца ажно да Божага Нараджэння, мы падтрымліваем маці, якія чакаюць патомства, просім для іх аб мужнасці прыняць дзіця, нарадзіць і палюбіць яго. Мы верым, што такім чынам была выратавана шматлікая колькасць зачатых чалавечых істотаў, жыццё якіх аказалася пад пагрозай.

Мы жадаем падзякаваць усім тым, хто праз малітву і ахвяру прычыніўся да выратавання зачатых дзяцей. Спадзяёмся, што гэты жэст любові не будзе аднаразовым, але будзе паўтарацца кожны год многімі людзьмі з клопатам пра ратаванне жыцця, якое знаходзіцца пад пагрозай, а таксама пасадзейнічае распаўсюджанню цывілізацыі любові ў секулярызаваным свеце. Асаблівую падзяку жадаем скіраваць у адрас пробашчаў, якія заахвочвалі вернікаў да распачацця духоўнага ўсынаўлення.

Усіх тых, якія распачалі гэтую высакародную справу і жадаюць яе працягваць, шчырым сэрцам благаслаўляем.

Каталіцкія Біскупы ў Беларусі,
сабраныя на XXXI Пленарнай канферэнцыі
ў Мінску 12 снежня 2006 г.
 
Паведамленне з XXХІ Пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
13.07.2009 15:25
[12 снежня 2006 г., Сакратарыят ККББ, Мінск]
 
У пасяджэнні ўдзельнічалі члены Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, прысутнічалі таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч і сакратар Апостальскай Нунцыятуры кс. пралат Ежы Мірослаў Цудны.
 
На пасяджэнні была разгледжана праграма душпастырства на 2007 год, пасля чаго сабраныя зацвердзілі праграму на паасобныя месяцы. Былі вызначаны тэрміны правядзення сустрэчаў, конкурсаў і сімпозіума на тэму «Паўсюднае пакліканне да святасці», якой будзе прысвечаны 2007 год. У адпаведнасці з зацверджанай праграмай у студзені 2007 г. вырашана падрыхтаваць пастырскі ліст ККББ, прысвечаны святасці. Плануецца таксама падрыхтаваць пастырскія лісты па дабрачыннай тэматыцы (на ІІІ нядзелю Вялікага посту) і пра пакліканне (на IV Велікодную нядзелю).
 
Прысутным быў прадстаўлены пераклад на беларускую мову рытуала Сакрамэнту намашчэння хворых. Пасля ўнясення паправак і зацвярджэння тэксту пераклада Кангрэгацыяй Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў рытуал будзе надрукаваны для выкарыстання ў дыяцэзіях Беларусі.
 
Біскупы пастанавілі, што ўсе дыяцэзіі атрымаюць адпаведную колькасць кніг «Біблія для дзяцей» на беларускай мове для патрэбаў катэхізацыі ў парафіях.
 
Было вырашана правесці ў 2007 г. чарговы міжнародны хрысціянскі фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа» і трэці міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлевізійных праграм «Magnificat’ 2007».
 
Сабраныя вырашылі звярнуцца з адозваю да вернікаў на заканчэнне сёлетняга тэрміну духоўнага ўсынаўлення, распачатага 25 сакавіка ва ўрачыстасць Звеставання Пана. Для гэтага быў вызначаны дзень свята Святой Сям’і, якое ў гэтым годзе прыпадае на 31 снежня.
 
Удзельнікі пасяджэння атрымалі праграму працы Бюро па справах сям’і на 2007 г. і план катэхез для сужэнцаў.
 
Былі вызначаны дэлегаты ад ККББ для ўдзелу ў сустрэчы старшыняў Камісій па справах культуры пры Канферэнцыях Біскупаў, якая пройдзе з 2 па 6 мая 2007 г. у Сібіу (Румынія), а таксама для ўдзелу ў еўрапейскай сустрэчы выкладчыкаў універсітэтаў, якая пройдзе з 21 па 24 чэрвеня 2007 г. у Рыме.
 
Біскупы ўзгаднілі расклад пленарных пасяджэнняў ККББ на 2007 г.

Былі абмеркаваны таксама іншыя надзённыя пытанні жыцця Касцёла.

Біскуп Антоні Дзям’янка
Генеральны сакратар
 
Паведамленне з XXХ Пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
13.07.2009 15:23
[12 верасня 2006 г., Сакратарыят ККББ, Мінск]
 
У пасяджэнні бралі ўдзел члены ККББ.
 
Старшыня прадставіў сабраным Рытуал «Пасвячэнне біскупа, прэзбітэраў і дыяканаў» на беларускай мове, зацверджаны Кангрэгацыяй Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў. У хуткім часе ён будзе перададзены для выкарыстання ў паасобных дыяцэзіях.
 
Было вырашана надрукаваць 600 экзэмпляраў Рытуалу сакрамэнту канфірмацыі на беларускай мове для патрэбаў дыяцэзій. Выдавецтва «Pro Christo» выканае адпаведную працу па падрыхтоўцы да друку згаданага Рытуалу.
 
Быў таксама прадстаўлены пераклад Кампендыума Катэхізіса Каталіцкага Касцёла на беларускую мову, падрыхтаваны Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла. Гэты дакумент будзе накіраваны ў Ватыкан на зацвярджэнне адпаведнай Кангрэгацыяй.
 
Сабраныя абмяняліся меркаваннямі наконт паляпшэння душпастырства пакліканняў.
 
Была зацверджана кандыдатура душпастыра скаўтаў.
 
Былі прызначаны дэлегаты ад ККББ для ўдзелу ў ІІІ Еўрапейскай экуменічнай сустрэчы ў Сібіу (Румынія) і ў міжнароднай канферэнцыі, якую арганізуе ў Ватыкане Папская Рада Душпастырства Службы Аховы Здароўя.
 
Было прапанавана дапрацаваць шэраг дэталяў, звязаных з конкурсам ведаў пра Слугу Божага Яна Паўла ІІ.
 
Біскуп Антоній Дзям’янка
Генеральны Сакратар
 
Паведамленне з ХXІХ Пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
13.07.2009 15:21
[14 чэрвеня 2006 г., Сакратарыят ККББ, Мінск]
 
У пасяджэнні прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі разам са Старшынёй ККББ кардыналам Казімірам Свёнткам. На пасяджэнні таксама прысутнічаў Нунцый Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Марцін Відавіч.
 
Сабраныя аднагалосна зацвердзілі 3 тэмы на ХІІ Сінод Біскупаў.
 
Старшыня прадставіў сабраным першы том брэвіяра на беларускай мове, падтрыхтаваны Секцыяй па перакладзе літургічных і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў ККББ. Ён таксама паведаміў, што Рытуал сакрамэнту сужэнства на беларускай мове высланы ў Ватыкан на зацвярджэнне Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў.
 
Старшыня прапанаваў увесці ў Касцёле на Беларусі душпастырства пакліканняў.
 
Сабраныя пазнаёміліся з матэрыяламі, пададзенымі на конкурс ведаў пра Слугу Божага Папу Яна Паўла ІІ для дзяцей і моладзі, а таксама з ходам падрыхтоўкі да навуковага сімпозіума, які адбудзецца 4 лістапада бягучага года ў Мінску і будзе прысвечаны асобе Вялікага Папы.
 
Вызначаны дэлегат ККББ на курсы, якія адбудуцца ў Рыме з 10–11 ліпеня бягучага года ў межах даследчыцкага праекта, зацверджанага Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Еўропы «Навучанне рэлігіі ў Еўропе».
 
Абмяркоўвалася прапанова Легіёна Марыі аб пабудове ў Мінску помніка ненароджанаму дзіцяці.
 
На пасяджэнні былі разгледжаны таксама іншыя пытанні, якія датычацца душпастырскіх патрэбаў Касцёла на Беларусі.
 
Біскуп Антоні Дзям’янка
генеральны сакратар ККББ

 

 
<< Першая < Папярэдняя 1751 1752 1753 1754 1755 1756 1757 1758 1759 1760 Наступная > Апошняя >>

Старонка 1755 з 1895
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.