Пастырскі ліст Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Адвэнт 2007 г.
|
Быць гатовым да прыйсця Хрыста Шаноўныя браты ў біскупскім і святарскім служэнні, кансэкраваныя асобы, вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі! 1. Сардэчна вітаю ўсіх вас і віншую з пачаткам новага літургічнага года, які распачынаецца Адвэнтам. Слова «адвэнт» мае лацінскае паходжанне і азначае «прыйсце», якога чакаюць. Узнікае лагічнае пытанне: каго ж мы чакаем, хто павінен прыйсці? Касцёл адказвае: Хрыстус. Але ж Ён ужо прыйшоў, і 7 гадоў таму мы святкавалі Вялікі Юбілей двухтысячагоддзя Нараджэння Хрыста. Так, сапраўды, гістарычны Адвэнт скончыўся. Аднак мы жывем, чакаючы другога прыйсця Хрыста ў хвале. І кожны літургічны год зноў і зноў прапануючы нам таямніцу нашага збаўлення, вядзе да гэтай мэты. У гэтай таямніцы асаблівае і найбольш важнае месца займае таямніца Уцелаўлення Бога, гэта значыць — таямніца Нараджэння Хрыста, да якой Касцёл вядзе нас у перыяд Адвэнту. 2. У сённяшнім Евангеллі мы чуем недвухсэнсоўны заклік: чуваць і быць гатовымі да прыйсця Хрыста, бо мы не ведаем ні дня, ні гадзіны, калі Ён прыйдзе (пар. Мц 24, 44). Таму неабходна абудзіцца са сну, як заклікае ў Пасланні да Рымлянаў святы Апостал Павел (пар. Рым 13, 11). Гэта не што іншае, як праграма Адвэнту. З мэтаю яе рэалізацыі на «авансцэне» Адвэнту з’яўляецца «адвэнтавы» прарок — святы Ян Хрысціцель, становячыся своеасаблівым звяном паміж Старым і Новым Запаветамі. З перыяду напружанага чакання Збаўцы ён уводзіць чалавецтва ў рэальнасць Яго прысутнасці ў гэтым свеце. Менавіта ён заклікаў пакаяцца і падрыхтаваць дарогу Пану, які надыходзіць (пар. Мц 3, 2–3), і менавіта ён прадставіў Яго людзям, кажучы: «Вось Ягнё Божае; вось Той, хто бярэ на сябе грахі свету» (пар. Ян 1, 29). Заклік святога Яна Хрысціцеля падрыхтаваць шлях Пану, які надыходзіць, не страціў сваёй актуальнасці і ў наш час. Усім добра вядома, што па дрэннай, няроўнай, выбоістай дарозе або па горнай дарозе са шматлікімі крутымі паваротамі, са стромымі ўздымамі і спускамі ехаць небяспечна, і далёка па ёй не заедзеш. Але ж для поўнага і гарманічнага развіцця чалавека недастаткова мець добрыя дарогі, развітую інфраструктуру і эканоміку. Неабходна звярнуць увагу і на яго ўнутраную, духоўную складальную. Якая яна сёння ў чалавека, які жыве ўжо ў XXI стагоддзі, у постмадэрнісцкі час? Ці прысутнічае ў нашым штодзённым жыцці Хрыстус? Ці з’яўляемся мы Яго сведкамі? Што аб’ядноўвае нас з Касцёлам — жыццё ў ласцы, ці, можа, толькі пасведчанне хросту? Сапраўдныя, яўныя мы хрысціяне ці ананімныя? Ці з гатоўнасцю мы адчыняем дзверы Хрысту, які прыходзіць у Евангеллі, у сакрамэнтах і ў служэнні Касцёла? Ці, можа, гэтыя дзверы зачынены на сем замкоў? Магчыма, на шляху да нашага сэрца мноства завалаў, а дарога стромкая, выбоістая, з незлічонымі спускамі і ўздымамі? Такімі перашкодамі з’яўляюцца нашыя грахі. Менавіта яны ўскладняюць шлях Пану, які надыходзіць. А без Яго, як Ён сам кажа, мы нічога не можам зрабіць (пар. Ян 15, 5). А зрабіць трэба нямала. Куды ні кінем позірк — паўсюль праявы амаральнасці і рэлігійнай абыякавасці, і гэта ва ўмовах, калі існуюць вялікія магчымасці для ўзрастання ў веры, у цнотах і ў хрысціянскім сведчанні. Сучасная сям’я перажывае крызіс. Яе знішчаюць разводы і сужэнская нявернасць. Бачым, што ў пагардзе знаходзіцца бясцэнны Божы дар — чалавечае жыццё, якое забіваюць яшчэ да нараджэння. Прычым усё гэта адбываецца са згоды маці і, нярэдка, пад уплывам бацькі; здзяйсняецца ў абсталяваных па апошнім слове тэхнікі медыцынскіх кабінетах; ажыццяўляецца ўрачамі, якія далі клятву Гіпакрата і пакліканыя захоўваць жыццё. Але ж эмбрыён — гэта ўжо чалавек, гэта жыццё: кожны з нас у свой час быў эмбрыёнам. Да ўжо звыклага, на жаль, п’янства далучаецца наркаманія, якая знішчае чалавека, асабліва маладога. Квітнее прастытуцыя, а безадказная эратычная любоў вядзе да дэградацыі чалавека, які становіцца «таварам», як гаворыць Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй першай энцыкліцы «Бог ёсць любоў» (пар. DCE, 4–5). Чумой нашага часу стаў СНІД, які распаўсюджваецца вельмі хутка. Шмат маладых людзей паводзяць сябе на паказ амаральна, нават не задумваючыся пра тое, што ўводзяць у спакусу іншых, асабліва дзяцей. У свеце так шмат праяваў сацыяльнай несправядлівасці, насілля, тэрарызму, міжнацыянальных канфліктаў, ксенафобіі і іншых жахлівых з’яваў!.. Прычына гэтых і іншых праблемаў сучаснага грамадства — яго секулярызацыя, якая праяўляецца найперш у рэлігійнай неадукаванасці і абыякавасці, ва ўзрастанні амаральнасці, у адсутнасці пачуцця граху, у маральным рэлятывізме, што адмаўляе непарушнасць маральных нормаў, у такім жыцці, як быццам Бог не існуе. Яго месца ўсё часцей і часцей займае імкненне да ўзбагачэння і задавальненняў. Але ж хлеба і відовішчаў (гэта значыць задавальненняў) прагнулі таксама старажытныя рымляне. А дзе сёння тая вялікая і магутная Рымская імперыя?! Жыццё без Бога вядзе да таго, што замест стварэння цывілізацыі любові і жыцця чалавецтва стварае цывілізацыю несправядлівасці, нянавісці і смерці. Прычым гаворка ідзе як пра фізічную смерць — бо цывілізаваны свет старэе, — так і пра смерць духоўную, бо, жывучы амаральна, створаны паводле вобразу і падабенства Божага чалавек (пар. Быц 1, 27) губляе сваё Боскае аблічча. Словам, сучасны чалавек заражаны бацылаю сур’ёзнай духоўнай хваробы. Гэта — вірус бездухоўнасці з усімі наступствамі, якія ён цягне за сабою, што відаць простым вокам. 3. Таму цалкам натуральна ўзнікае пытанне: што рабіць? Дзе шукаць выратавання? Які ўрач і з дапамогай якіх лекаў можа вылечыць сучаснага, духоўна хворага чалавека? Калі фарысеі папракалі Хрыста ў тым, што Ён ходзіць у дамы мытнікаў і сустракаецца з грэшнікамі, Езус адказаў ім, што лекар патрэбны хвораму, а не здароваму (пар. Мц 9, 12). Гэта значыць, што ў духоўным сэнсе гэтым лекарам з’яўляецца Ён сам. Хрыстус можа вылечыць таксама сучасны свет, які тоне ў грэшным віры секулярызму. Аднак для таго, каб урач паставіў дыягназ і прадпісаў адпаведныя лекі, неабходна спачатку прыйсці да яго на прыём. У нашым выпадку неабходна сустрэцца з Хрыстом, перадусім у сакрамэнце пакаяння. Умоўна кажучы, трэба пайсці «на прыём» да святара — у канфесіянал. Нездарма Хрыстус кажа аздароўленым пракажоным: «Ідзіце, пакажыцеся святарам» (Мц 8, 4), каб тыя пацвердзілі аздараўленне. Толькі святар Новага Запавету, які дзейнічае ад імя Хрыста, словамі малітвы разграшэння можа вылечыць ад граху. Вялікі ў сваёй міласэрнасці Бог (пар. Эф 2, 4) у сакрамэнце пакаяння сам прыходзіць да нас і нас лечыць. У размове з самаранкай Езус кажа пра жывую ваду, якую Ён дае (пар. Ян 4, 6–15). Тая вада — гэта неабходная для збаўлення Божая ласка. 4. Сапраўдны сэнс Нараджэння Хрыста, да якога мы рыхтуемся падчас Адвэнту, — гэта Яго нараджэнне ў нашых душах праз Божую ласку. Для таго, каб Хрыстус — лекар нашых душаў — нарадзіўся ў нашых сэрцах і іх аздаравіў, неабходна падрыхтаваць, расчысціць для Яго шлях. Калі мы чакаем госця, то рыхтуемся да яго візіту. Ці можа быць госць, больш важны за Хрыста? У вышэй-шай ступені неразважлівым мы б назвалі тапельца, які не хапаецца за пададзены яму выратавальны круг. Не будзем прыпадабняцца да яго і пастараемся выкарыстаць кожную магчымасць для нашага духоўнага адраджэння. «Вось стаю каля дзвярэй і стукаюся. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною» (Ап 3, 20), — кажа Хрыстус. Адзін мастак, натхнёны гэтымі словамі, намаляваў карціну: Хрыстус стаіць каля дзвярэй і стукаецца. Яго маленькі сын уважліва паглядзеў на выяву і сказаў: «Тата, ты дрэнна намаляваў гэтую карціну, бо ў дзвярах няма ручкі, і той чалавек, які ў іх стукаецца, не зможа ўвайсці, нават калі яго і запросяць». На гэта мастак адказаў: «Сыне мой, гэты чалавек — Хрыстус, і стукаецца Ён у дзверы нашых сэрцаў, якія можна адчыніць толькі знутры». Сапраўды, ніхто, акрамя нас саміх, не зможа адчыніць дзверы нашых сэрцаў і ўпусціць туды Хрыста. Ніхто, акрамя нас, не зможа падрыхтаваць Яму шлях да нас. Гэта павінны зрабіць мы самі, і гэта — асноўная і найбольш важная задача Адвэнту. Нездарма святы Аўгустын кажа: «Ты, Божа, стварыў мяне без майго ўдзелу, але збавіць мяне без мяне самога не зможаш». Бог прапануе збаўленне, але рашэнне пакідае чалавеку, шануючы свабоду яго волі. Людзі з нецярплівасцю чакаюць святаў Божага Нараджэння. У крамах ужо пачалася перадсвяточная мітусня. Мы клапоцімся пра падарункі, якіх асабліва чакаюць дзеці. Усё больш папулярным становіцца зімовы адпачынак у калядны час, і людзі загадзя плануюць, як яго правесці. Аднак гэтыя клопаты не павінны засланіць ад нас таго галоўнага, што трапна акрэсліў наш суайчыннік Адам Міцкевіч: «Чалавек, ты верыш, што Бог нарадзіўся ў Бэтлеемскай стаенцы, але бяда табе, калі Ён не народзіцца ў тваім сэрцы». 5. Для збаўлення яшчэ не дастаткова толькі верыць у тое, што крыху больш за дзве тысячы гадоў таму ў бедным бэтлеемскім заездзе адбыўся цуд Богаўцелаўлення, дзякуючы якому ў свет прыйшоў Бог з чалавечым абліччам і сэрцам, а сама чалавечая прырода была ў гэты час абагаўлёная, напоўніўшыся Боскасцю. Неабходна, каб гэтае абагаўленне стала нашым лёсам, гэта значыць, каб нашыя сэрцы сталі Бэтлеемам нашага часу і каб у іх нарадзіўся Бог. Знамянальна тое, што Адвэнт, які сёння распачынаецца, мы перажываем у Год паклікання да святасці і ў 90-ю гадавіну аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме, а таксама тое, што ў новым Літургічным годзе мы будзем адзначаць 150-гадовы юбілей аб’яўленняў Маці Божай у Люрдзе, дзе Яна пацвердзіла догмат пра сваё Беззаганнае Зачацце. Абвяшчэнне ўсіх трох частак фацімскай таямніцы не азначае яе завяршэння. Фацімская таямніца надалей актуальная, бо яна перадусім заклікае да малітвы, да пакаяння і навяртання. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас свайго візіту ў Бразілію 13 мая гэтага года сказаў, што фацімскія аб’яўленні з іх моцным заклікам да навяртання і пакаяння з’яўляюцца найбольш значнымі прароцтвамі сучаснасці (Бэнэдыкт XVI, Малітва Regina caeli, санктуарый у Апарэсідзе, 13 мая 2007 г.). Праўда веры пра Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі — гэта вельмі актуальны ў наш час заклік да духоўнай, маральнай чысціні. Усё гэта павінна асаблівым чынам стымуляваць нас да духоўнага адраджэння і імкнення да святасці ў гэты час падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Сёння, распачынаючы Адвэнт, прыслухаемся да словаў святога Апостала Паўла, які заклікае абудзіцца са сну (пар. Рым 13, 14), і да закліку святога Яна Хрысціцеля падрыхтаваць шлях Пану, які надыходзіць (пар. Мц 3, 3). Няхай жа не будзе страчаны гэты каштоўны час Адвэнту. Няхай стане ён часам ласкі, які дапаможа нам годна падрыхтавацца да святаў Нараджэння Хрыста і перажыць іх як таямніцу Богаўцелаўлення, што рэалізуецца ў нашым жыцці. На гэтым шляху духоўнага адраджэння даручаю ўсіх вас Марыі — Маці адвэнтавага чакання — і ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Рым-Мінск, 25 лістапада 2007 г. Ва ўрачыстасць Хрыста Валадара |
Паведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі па праблеме сурагатнага мацярынства
|
13.07.2009 15:43 |
27 чэрвеня 2007 г. Ёсць сужэнствы, якія не могуць мець уласных дзяцей. У сувязі з гэтым у апошні час заканадаўства ў некаторых краінах свету дазваляе так званае «сурагатнае мацярынства». Гэтая працэдура супярэчыць хрысціянскай маральнасці. Сурагатнае мацярынства заключаецца ў тым, што эмбрыён імплантуецца ў матку іншай жанчыны, якая пасля перыяду цяжарнасці і нараджэння перадае дзіця генетычнай маці (ад якой паходзіць яйцаклетка); альбо калі жанчына зацяжарала ў выніку апладнення яе яйцаклеткі (натуральным шляхам або штучным метадам) спермай мужчыны, які не з’яўляецца яе мужам, з намерам аддаць дзіця таму, хто яго «замовіў». З пункту гледжання права магчымыя адносіны паміж генетычнымі бацькамі дзіцяці і сурагатнай маці павінен акрэсліць дагавор. Паводле дагавору, такая «паслуга» можа быць бескарыслівай альбо платнай. Таму юрыдычная сітуацыя дзіцяці, які паходзіць ад сурагатнай маці, вельмі няпэўная. Абодва бакі могуць адмовіцца ад ранейшага пагаднення, і такога роду абавязацельства цяжка спагнаць. Акрамя таго, наёмная маці прыніжаецца да ролі прылады, якая вырабляе чалавека, а дзіця — да ролі тавару. З псіхалагічнага пункту гледжання сурагатнае мацярынства — гэта насілле над мацярынскай любоўю, што нараджаецца ў сэрцы жанчыны да дзіцяці, якое яна носіць у сваім улонні, а ў выпадку біялагічнай маці — пазбаўляе яе магчымасці наладзіць кантакт з дзіцём ужо ў дародавы перыяд. Са шкодаю для самога мацярынства мацярынства сурагатнае аддзяляе яго біялагічнае вымярэнне ад псіхічнага і духоўнага. Сурагатнае мацярынства свядома парушае сямейныя адносіны (біялагічная маці — сурагатная маці). Яно таксама мае негатыўны ўплыў на развіццё дзіцяці. Само азначэнне «мацярынства» з’яўляецца неадэкватным для дадзенай сітуацыі, бо з самага пачатку выключае мацярынскую любоў да дзіцяці і адказнасць за яго. Такім чынам мацярынства пазбаўляецца годнасці (паклікання і бескарыслівага дару) і зводзіцца да катэгорыі паслугі. Каталіцкі Касцёл рашуча і адназначна не прымае практыку наёмных маці. У Інструкцыі Кангрэгацыі Веравучэння Donum vitae, зацверджанай 22 лютага 1987 г., выразна гаворыцца, што сурагатнае мацярынства з’яўляецца маральна недапушчальным, бо яно супярэчыць еднасці сужэнства і годнасці чалавечай плоднасці. Яно абражае годнасць дзіцяці і парушае яго права быць зачатым, нарадзіцца і выхоўвацца ўласнымі бацькамі. Практыка наёмных маці прыводзіць да фізічнага, псіхічнага і маральнага разбурэння адзінства сям’і, устаноўленага Творцам (пар. DV ІІ А 3; пар. ККК, 2376). Перад сужэнствамі, якія не могуць мець уласных дзяцей, адкрыты шлях усынаўлення. Шмат пакінутых дзяцей чакаюць, каб хтосьці даў ім прытулак і адарыў бацькоўскай любоўю (пар. ККК, 2378 і 2279). Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі звяртаецца з заклікам да ўсіх вернікаў, каб яны, давяраючы вучэнню Касцёла, якое абапіраецца на Божае права, зрабілі ўсё, што ў іх моцы, каб сурагатнае мацярынства наогул не мела месца, а асабліва сярод хрысціянаў. |
Паведамленне з 33-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
|
13.07.2009 15:41 |
Мінск, 25-26 чэрвеня 2007 г. 1. Сабраныя на падставе галасавання прынялі ўдакладняючыя нормы да кананічнага права. Нормы былі апрацаваныя спецыяльнай групай святароў і папярэдне раздадзеныя кожнаму члену канферэнцыі для азнаямлення. Пасля публікацыі і распаўсюджання яны будуць мець абавязковую моц. 2. Сабраныя на падставе галасавання прынялі адпаведныя дакументы, якія датычацца унутранай дзейнасці духоўных семінарый у Беларусі. 3. Былі разгледжаны праблемы забеспячэння душпастырамі парафій краіны. У многіх мясцовасцях каталікі не маюць магчымасці сустрэчы з каталіцкім душпастырам з-за адсутнасці месца культу і пастаяннага пражывання там святара. 4. Перакладзены на беларускую мову Кампендыум сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла. Сабраныя разгледзелі магчымасць выдання гэтага дакумента. 5. Была разгледжана магчымасць выдання літургічных кніг на беларускай мове, зацверджаных адпаведнымі Кангрэгацыямі ў Ватыкане. 6. У сувязі з запланаванай у Рыме на восень 2008 года звычайнай сесіяй Сіноду Біскупаў, сабраныя абмеркавалі некаторыя пытанні адносна падрыхтоўкі да гэтага прадстаўнічага Форуму. 7. Быў вызначаны дэлегат ад Беларусі на сусветны Эўхарыстычны кангрэс, які адбудзецца 15-22 чэрвеня 2008 г. у Канадзе. 8. Сабраныя выказалі пажаданне аб павелічэнні інфармацыі па працы паасобных камісій і радаў пры ККББ на інтэрнэт-старонцы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. 9. Было абмеркавана пытанне аб фінансаванні квартальніка Дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытыс» у Беларусі «Міsericordia». Акрамя таго быў абмеркаваны шэраг іншых пытанняў з актуальнага жыцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. |
Зварот Апостальскага Адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Антонія Дзям’янкі ў сувязі з прызначэннем Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
|
Браты і сёстры ў Хрысце Пану! 21 верасня 2007 года Святы Ацец Бэнэдыкт XVI прызначыў Яго Эксцэленцыю Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які да гэтага часу з’яўляўся Мітрапалітам архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве, Мітрапалітам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. На працягу года я спаўняў абавязкі Апостальскага Адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і жадаў бы сёння з гэтай нагоды выказаць сваю шчырую ўдзячнасць усім тым, хто працаваў на карысць Касцёла. Сардэчную падзяку выказваю сваім найбліжэйшым супрацоўнікам, святарам — як законнікам, так і дыяцэзіяльным святарам, — за добрасумленную працу на жніве Пана. Свае словы скіроўваю ў адрас клерыкаў з просьбай вытрываць у пакліканні. Дзякую сёстрам і братам законным за супрацоўніцтва і дапамогу ў розных служэннях, а таксама за іх працу. Дзякую ўсім тым, хто з дапамогаю друкаванага слова і аўдыёвізуальных сродкаў пашыраў Добрую Навіну ў чалавечых сэрцах. Дзякую вам, народзе Божы, за веліч вашых сэрцаў у прыняцці Божых праўдаў і за вашае сведчанне веры ў розныя перыяды гісторыі Касцёла на Беларусі. За ўсё ўчыненае вамі дабро і зразуменне няхай усіх вас благаславіць Добры Бог. У нашых малітвах будзем з удзячнасцю памятаць пра папярэдняга Мітрапаліта кардынала Казіміра Свёнтка. Будзем маліцца за арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча. Ад вашага і ад свайго імя я даслаў арцыбіскупу тэлеграму з віншаваннямі. Пра дзень урачыстага ўваходу ў мінскую архікатэдру арцыбіскупа Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча будзе зроблена спецыяльнае паведамленне. Біскуп Антоні Дзям’янка Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі |
13.07.2009 15:36 |
CONSILIUM CONFERENTIARUM EPISCOPORUM EUROPAE (CCEE) Sekretariat: CH-9000 St. Gallen, Gallusstr. 24, Tel.: ++41-71-227 60 40; Fax ++41-71-227 60 41; Email:
Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript
Сакратары Каферэнцый біскупаў Еўропы ў Беларусі Мінск, 14–18 чэрвеня 2007 г. ЗАКЛЮЧНАЕ КАМЮНІКЕ 14–18 чэрвеня 2007 г. у сталіцы Беларусі г. Мінску сабраліся Генеральныя сакратары Канферэнцый біскупаў Албаніі, Беларусі, Босніі і Герцэгавіны, Чэхіі, Харватыі, Германіі, Англіі і Уэльса, Ірландыі, Італіі, Літвы, Мальты, Нідэрландаў, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Расіі, Скандынавіі, святых Кірыла і Мятода (Македонія, Чарнагорыя і Сербія), Шатландыі, Славеніі, Іспаніі, Швейцарыі, Турцыі, Венгрыі, Украіны візантыйскага і лацінскага абрадаў. Удзельнікі вельмі ўдзячныя за запрашэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, а асабліва яе Генеральнаму сакратару Я. Э. біскупу Антонію Дзям’янку, Апостальскаму Адміністратару Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Упершыню ў гісторыі ў Беларусі сабралася такая прадстаўнічая дэлегацыя еўрапейскіх епіскапатаў. Сустрэча распачалася ўрачыстай цэлебрацыяй Эўхарыстыі ў чацвер 14 чэрвеня ў мінскім катэдральным касцёле з удзелам біскупаў з Беларусі, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый у гэтай краіне Я. Э. арцыбіскуп Марцін Відавіч. Прыемнай нечаканасцю стала прамоўленае на шасці розных мовах (нямецкай, іспанскай, польскай, італьянскай, англійскай, беларускай) цёплае прывітальнае слова ў «цэнтры Еўропы»: сапраўды, Беларусь уваходзіць у склад цэнтральнай часткі Старога Свету і вялікай сям’і еўрапейскіх краінаў. Насамрэч, Касцёл заўсёды бачыць «вялікую Еўропу»: ад Атлантыкі да Урала, з двума лёгкімі. Рада канферэнцый біскупаў Еўропы (РКБЕ), якая арганізавала сустрэчу, — гэта касцёльная структура, якая ўжо ў 1971 г., калі была створана, прароча прадстаўляла Еўропу без муроў, калі ніхто не мог нават уявіць сабе такога развіцця падзеяў. Генеральныя сакратары былі ўражаныя сардэчным прыёмам, аказаным ім у краіне і мясцовым Касцёлам. Цэлебрацыя Эўхарыстыі ў некаторых з 32-х парафій горада Мінска ўвечары ў пятніцу 15 чэрвеня, Імша ў касцёле святых Сымона і Алены ўвечары ў суботу 16 чэрвеня і наведанне некалькіх парафіяльных супольнасцяў у нядзелю 17 чэрвеня падчас падарожжа ў Нясвіж, дзе цэлебравалася Эўхарыстыя, дазволілі пазнаёміцца з жыццём і трывалаю вераю гэтага народа. Гэта вера, якая прайшла праз выпрабаванні гісторыі. На дарогах былі відаць крыжы ў памяць пра ахвяры апошняй вайны і пераследу камуністычнага рэжыму. Вядома шмат гісторый жыцця мучанікаў за веру. Пасля падзення камунізму, дзяржаўная атэістычная палітыка саступіла месца адраджэнню і аднаўленню Касцёла. Яшчэ цяжка прывесці дакладныя статыстычныя дадзеныя, але Каталіцкі Касцёл мае вельмі значную прысутнасць, якая перавышае розныя падлікі. Пажаданне Каталіцкаму Касцёлу ў Беларусі атрымаць неабходнае супрацоўніцтва як ад братніх Касцёлаў Еўропы, так і ў краіне, каб мець магчымасць развіваць арганізацыю душпастырства і будаваць парафіяльныя цэнтры і касцёлы, неабходныя для служэння свайму народу. У пятніцу 15 чэрвеня адбылася важная сустрэча прадстаўнікоў Канферэнцый біскупаў Еўропы з Яго Высокапраасвяшчэнствам Філарэтам, праваслаўным Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, на якой прысутнічаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч. Сустрэча, якая прайшла ў сардэчнай братняй атмасферы, стала сведчаннем няспыннага канструктыўнага дыялогу і ўзаемапавагі паміж каталікамі і праваслаўнымі ў краіне. Цэнтральнаю тэмаю працы Генеральных сакратароў стала міграцыя. Гэта з’ява, з якой востра сутыкаецца кожная краіна, сапраўдны «знак часу». Мы назіраем за насамрэч глабальным перамяшчэннем народаў. Пасля зменаў, якія адбыліся ў Румыніі ў 1989 г., з краіны выехала каля 15% насельніцтва, пераважна моладзь. Пры камуністычным рэжыме эміграваць было немагчыма. У Албаніі за гэта пагражаў расстрэл. У мінулым Іспанія была краінаю эміграцыі, а сёння — іміграцыі. Дзесяць гадоў таму ў ёй было паўмільёна імігрантаў, а сёння іх больш за 4 мільёны. Касцёл заклапочаны сацыяльнымі праблемамі, звязанымі са з’яваю міграцыі: нелегальнасць, беспрацоўе, старэнне насельніцтва краінаў выезду, гандаль людзьмі, разбіццё сем’яў, дзеці, якія растуць без бацькоў… Салідарная дабрачынная дзейнасць хрысціянаў — неабходны і неадкладны адказ на гэты выклік. Але рашаючую ролю будуць мець палітычныя дзеянні на сусветным узроўні, скіраваныя на пераадоленне першапрычынаў, якія змушаюць людзей да міграцыі: беднасць, насілле, несправядлівасць, эканамічная адсталасць, беспрацоўе. Акрамя таго, вельмі важнаю з’яўляецца праца ў галіне культуры: выхаванне павагі да чалавечай асобы, асуджэнне ксенафобіі, якую часта прапагандуюць СМІ, спрыянне сапраўднай інтэграцыі, якая дапаможа захаваць асабістую ідэнтычнасць. Генеральныя сакратары з краінаў Заходняй Еўропы у духу рэалізму адзначылі, што іміграцыя — гэта таксама праява «дэмаграфічнай хваробы», якая паразіла іх краіны. У прыватнасці Канферэнцыі біскупаў вырашаюць душпастырскія пытанні, якія ставіць перад імі міграцыя: душпастырская апека над рознымі этнічнымі групамі, якія жывуць у краіне, павага да ўнёску групаў з іншых краінаў у жыццё мясцовага Касцёла, абмен персаналам для правядзення душпастырства. Міграцыя таксама прынесла з сабою экуменічную рэчаіснасць і сустрэчу розных рэлігій, што стала новым для некаторых краінаў. У гэтай справе Касцёл дзякуючы сваёй паўсюднасці (каталіцкасці) мае незвычайны шанц: ён можа падтрымліваць унікальную сець салідарнасці і душпастырскага супрацоўніцтва паміж краінамі выезду і краінамі прыбыцця мігрантаў. Варта сур’ёзна падысці да гэтай магчымасці. Паглыбленне каталіцкасці — гэта адзін з лейтматываў дзейнасці, што стаіць на павестцы РКБЕ. Удзел дэлегацыі еўрапейскіх біскупаў у Генеральнай канферэнцыі біскупаў Лацінскай Амерыкі, якая праходзіла ў Апарэсідзе ў Бразіліі 15–31 мая гэтага года і была адкрытая Папам, таксама стала сведчаннем жадання шукаць новыя шляхі супрацоўніцтва паміж Касцёламі на двух кантынентах. Паміж біскупамі з Еўропы і з Афрыкі праводзіцца шэраг семінараў на тэмы, што ўяўляюць узаемны інтарэс. У лістападзе 2007 г. у Гане адбудзецца сустрэча на тэму рабства і новых відаў рабства. Неабходнасць культурнай дзейнасці і душпастырства ў галіне культуры будзе абмеркавана на сустрэчы выкладчыкаў і рэктараў універсітэтаў Еўропы, якая пройдзе ў Рыме 21–24 чэрвеня 2007 г. і збярэ каля 2000 удзельнікаў. Яшчэ адною важнаю тэмаю сустрэчы ў Мінску стала тэма экуменізму і падрыхтоўкі да ўжо недалёкай ІІІ еўрапейскай экуменічнай асамблеі, якая пройдзе ў Сібіу 4–9 верасня 2007 г. Асамблея ў Сібіу з’яўляецца кульмінацыяй «паломніцтва» хрысціянаў Еўропы, распачатага ў Рыме ў студзені 2006 г., працягнутага ў Вітэнбергу ў лютым 2007 г. і перажытага перадусім на ўзроўні паасобных краінаў дзякуючы сотням сустрэчаў. Дэлегацыі Канферэнцый Біскупаў і іншых структураў і рухаў на асамблею ў Сібіу маюць асаблівую кваліфікацыю. Перад 2500 афіцыйнымі ўдзельнікамі будзе стаяць заданне стаць «пашыральнікамі» еўрапейскага вопыту паяднання. У некаторых краінах экуменічны працэс зайшоў у «тупік», але ў іншых адбываюцца сустрэчы і падзеі, дагэтуль нябачаныя. Зрухі ў гэтым кірунку магчымыя. Нешта новае на гэтым этапе экуменізма можа стаць толькі вынікам сур’ёзнага супольнага навяртання да «Хрыста — святла, якое асвятляе ўсіх» (тэма асамблеі). Поспех асамблеі будзе ў вялікай ступені залежаць ад здольнасці па-новаму паглядзець на праблемы Еўропы і свету ў святле, якое сыходзіць з хрысціянскага аб’яўлення. Касцёл у Еўропе ўважліва сочыць за працэсам еўрапейскай інтэграцыі, які 25 сакавіка 2007 г. адзначыў пяцідзесятую гадавіну падпісання Рымскай дамовы, якою быў заснаваны Еўрапейскі Саюз. Пяцьсот упаўнаважаных дэлегатаў з палітычных і касцёльных колаў прынялі ўдзел у Кангрэсе, арганізаваным Камісіяй епіскапатаў краін Еўрасаюза (Comece), прысвечаным тэме «Каштоўнасці і перспектывы для Еўропы», які прайшоў у Рыме 25–27 сакавіка. Касцёл паслядоўна падтрымлівае працэс інтэграцыі, які нясе з сабою развіццё і мір, аднак мае сур’ёзныя пытанні, што датычацца так званых «каштоўнасцяў», якія некаторыя члены Еўрасаюза імкнуцца распаўсюдзіць у асобных краінах, асабліва ў галіне адукацыі, адносна ролі рэлігіі, жыцця і сям’і, якія з’яўляюцца небяспечнымі для самога бачання чалавечай асобы. Іншыя пытанні, узнятыя Генральнымі сакратарамі, былі наступныя: якая будучыня ў Канстытуцыйнага акта? Якія вынікі сустрэчы адказных за еўрапейскія ўстановы з рэлігійнымі лідэрамі, што адбылася 15 мая ў Бруселі? Якія наступствы «Балонскага працэсу» для тэалагічных факультэтаў? Якая роля Касцёла ў далейшым працэсе інтэграцыі? Была дасягнута агульная згода адносна тэрміновай неабходнасці наяўнасці еўрапейскай сеці кампетэнтных свецкіх хрысціянаў, якія змогуць дзейнічаць у сферы праблематыкі Еўрасаюза: па праблемах біяэтыкі, па сацыяльных і юрыдычных праблемах. Канферэнцыя біскупаў Англіі паспяхова развівае падрыхтоўку моладзі, якая мае намер заняцца палітычнай дзейнасцю. Канферэнцыі біскупаў Еўропы адчуваюць неабходнасць вынесці на павестку разважанне пра сувязь Касцёла з грамадскім жыццём адносна правоў чалавека і «канфліктаў» паміж правамі, якія часта з’яўляюцца. Гэтае патрабаванне вынікае з назірання ўскладнення сітуацыі вакол каталіцкіх агенцтваў, якія займаюцца ўсынаўленнем, з-за брытанскага заканадаўства, якое забараняе дыскрымінацыю па сексуальнай арыентацыі. Былі разгледжаны таксама і іншыя актуальныя пытанні: душпастырства моладзі і Сусветныя дні моладзі 2007 г. ў Сіднэі, дзейнасць Канферэнцый біскупаў па абароне стварэння. У 2008 г. сустрэча Генеральных сакратароў Канферэнцый біскупаў Еўропы пройдзе ў Іспаніі 26–30 чэрвеня. Мінск, 18 чэрвеня 2007 г. Альдо Джардано, Генеральны сакратар РКБЕ Рада Канферэнцый біскупаў Еўропы (РКБЕ) збірае Старшыняў існуючых 34-х Канферэнцый біскупаў Еўропы. Яе ўзначальвае кардынал Петэр Эрдо, арцыбіскуп Эстэргомска-Будапешцкі, Прымас Венгрыі; намеснікі Старшыні — кардынал Ёсіп Бозаніч, арцыбіскуп Заграбскі, і кардынал Жан-П’ер Рыкар, арцыбіскуп Бардоскі. Генеральны сакратар РКБЕ — монсіньёр Альдо Джардано. Сядзіба сакратарыяту знаходзіцца ў Сен-Галлене (Швейцарыя). Арыгінальны тэкст гэтага камюніке на італьянскай мове ў асобным файле можна спампаваць тут >>> |
Зварот Мiтрапалiта Тадэвуша Кандрусевiча
да духавенства, кансэкраваных асобаў, свецкіх вернікаў i ўсiх людзей добрай волi ў сувязi з прызначэннем арцыбiскупам Мiтрапалiтам Мiнска-Магiлёўскiм Глыбокапаважаныя святары, манахi i манахiнi, вернiкi, усе людзi добрай волi! 1. У свята святога Мацвея, апостала і евангелiста, 21 верасня 2007 года Святы Айцец Бэнэдыкт XVІ прызначыў мяне новым Мiнска-Магiлёўскiм Мiтрапалiтам. У гэты такі важны для мяне дзень з патрэбы сэрца звяртаюся да вас як ваш новы i адначасова былы бiскуп. Бог пiша гiсторыю, i мы — у Ягоных руках. 25 лiпеня 1989 г., у дзень святога Апостала Якуба, Слуга Божы Ян Павел II прызначыў мяне Мiнскiм бiскупам у якасцi Апостальскага Адмiнiстратара для католiкаў лацiнскага абраду ў Беларусi. Так што сваё бiскупскае служэнне я пачынаў у Айчыне. Гэта быў асаблiвы час, час пачатку духоўнага адраджэння Бацькаўшчыны пасля многiх дзесяцiгоддзяў зняволення Касцёла. Я добра памятаю той энтузiязм, з якiм мы бралiся за адбудову каталiцкiх структураў, змагалiся за вяртанне касцёлаў, шукалi святароў, утваралi Вышэйшую духоўную семiнарыю ў Гродне, каб рыхтаваць сваiх, беларускiх, слугаў алтара, друкавалi катэхiзісы, iмшалы i рэлiгiйную лiтаратуру на беларускай мове. 2. 13 красавiка 1991 года Апостальская Сталiца ўстанавiла новыя структуры Каталiцкага Касцёла ў Беларусi, Расii i Казахстане. Ксёндз прэлат Казiмiр Свёнтэк быў прызначаны першым Мiнска-Магiлёўскiм арцыбiскупам Мiтрапалiтам i адначасова Апостальскiм Адмiнiстратарам Пiнскай дыяцэзii, а ксёндз Аляксандр Кашкевiч — ардынарыем Гродзенскай дыяцэзii. Я быў пераведзены ў Маскву Апостальскiм Адмiнiстратарам для католiкаў лацiнскага абраду Еўрапейскай часткi Расii. 3. Больш за 16 гадоў я прысвяцiў служэнню ў Расii, дзе трэба было клапацiцца як пра адраджэнне Каталiцкага Касцёла, так i пра наладжванне адносiнаў з іншымi веравызнаннямi (перш за усё — з Рускай Праваслаўнай Царквою) i з грамадствам. Практычна трэба было распачынаць з пачатку. Дзякуючы ахвярнай працы святароў, манахаў i манахiняў, простых вернiкаў нам сумесна ўдалося адрадзiць зруйнаваны багаборчым рэжымам Касцёл у Расii. Былi ўстаноўленыя яго нармальныя структуры. У Санкт-Пецярбургу дзейнiчае Вышэйшая духоўная семiнарыя «Марыя — Каралева Апосталаў». Буйна развiлася выдавецкая дзейнасць. Толькi ў архiдыяцэзii Мацi Божай у Маскве за гэты час было выдадзена больш за 600 найменняў розных рэлiгiйных кнiг. Выходзiць штотыднёвік «Святло Евангелля». Выдадзены два тамы Расiйскай каталiцкай энцыклапедыi i ўжо здадзены ў друк трэцi. Выдаецца 6 часопiсаў. У Маскве i Санкт-Пецярбургу ёсць свае каталіцкія радыёпраграмы. У сталiцы Расii знаходзiцца велiчная i вельмi прыгожая катэдра, каля якой пабудаваныя новая курыя з залай для канферэнцый i парафiяльны дом. Устаноўлены i актыўна дзейнiчаюць патрэбныя для нармальнага функцыянавання касцёльныя камiсii i дабрачынныя арганiзацыi. Нямала было зроблена для развiцця мiжхрысцiянскага i мiжрэлiгiйнага дыялогу, хоць у гэтай галiне яшчэ неабходна шмат працы, ахвяры i малiтвы. Каталiцкi Касцёл у Расii хоць i малы, але за апошнiя 16 гадоў ён стаў неaд’емнай часткай расiйскага грамадства i робiць усё магчымае для яго духоўнага адраджэння. Я ад’язджаю з Расii, пакiдаючы ў ёй частку свайго сэрца. 4. У той самы час Каталiцкi Касцёл — гэта Сусветны Касцёл, якiм кiруе наступнiк святога апостала Пятра. У волi Папы Рымскага я заўсёды бачыў i сёння бачу волю самога Бога. Гэта — крэда майго святарскага i бiскупскага служэння. Таму з пачуццём велiзарнай адказнасцi я прымаю новае прызначэнне, якое вяртае мяне ў родную Беларусь. Я вяртаюся, каб далей працягнуць распачатае 18 гадоў таму назад служэнне першага бiскупа на Беларусi ў сучаснай яе гiсторыi i — з вялiкай удзячнасцю — тую вялікую і неацэнную працу, якую выканаў у Мiнска-Магiлёўскай архідыяцэзii i ў Касцёле на Беларусi Сведка веры кардынал Казiмiр Свёнтэк i ў апошнi год — Апостальскi Адмiнiстратар бiскуп Антонi Дзям’янка. Сёння мы можам бачыць пэўную пераемнасць. У 1991 годзе кардынал Казiмiр Свёнтэк змянiў мяне, цяпер я атрымаў накiраванне туды, дзе ён ахвярна служыў да 2006 года. 5. Дарагiя святары Мiнска-Магiлёўскай архiдыяцэзii! Вы несяце галоўную адказнасць за духоўны стан нашых парафiй, супольнасцяў i вернiкаў. Дзякуючы за ахвярную працу, сёння звяртаюся да вас як ваш новапрызначаны бiскуп: заўсёды будзьце верныя свайму святарскаму паклiканню; будзьце «спецыялiстамi» па сустрэчы чалавека з Богам i вядзiце людзей да Яго, як да гэтага заклiкае Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Няхай Эўхарыстыя, слова Божае i святарскiя абяцанні будуць для вас крынiцаю сiлы, патрэбнай для спаўнення вашых нялёгкiх абавязкаў. Спадзяюся на плённае супрацоўнiцтва i адкрыты дыялог. 6. Дарагiя манахi, манахiнi i асобы кансэкраванага жыцця! Манаства з’яўляецца багаццем усяго Касцёла. Як няма манаства без Касцёла, так i няма манаства па-за Касцёлам. Жадаю росквiту i плённай працы для розных харызмаў манаства, якiя сваiм суквеццем узбагачаюць мясцовы Касцёл. Спадзяюся на вашу дапамогу, супрацоўнiцтва і далейшае сумленнае служэнне духоўнаму адраджэнню, будаўнiцтву касцёльнай супольнасцi Мiнска-Магiлёўскай архiдыяцэзіi. 7. Дарагiя вернiкi! Бiскуп, святары, манахi, манахiнi, вернiкi — усе разам яны складаюць сапраўдны Касцёл, iмя якому — Народ Божы. Вернiкi — яго галоўная частка. Бiскуп разам са святарамi, прадстаўнiкамi iнстытутаў манаства i супольнасцяў кансэкраванага жыцця паклiканы служыць для вас. Менавiта да вас перш за ўсё мяне пасылае Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, каб мы ўсе разам маглi працаваць для праслаўлення Бога і збаўлення душаў. Словамi святога Аўгустына кажу сёння вам: «Хачу быць для вас усiх бiскупам i разам з вамi быць хрысцiянiнам». 8. З глыбокай надзеяй звяртаюся да прадстаўнікоў іншых канфесiй i рэлiгiй. Усе мы паклiканыя садзейнiчаць адраджэнню i ўмацаванню духоўнасцi ў нашай краiне, а таксама развiццю дыялога як памiж намi, так i з грамадствам. Са словамi вялiкай павагi i ўдзячнасцi я асобна звяртаюся да Мiтрапалiта Мiнскага i Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусi Фiларэта. Перад небяспечнымi выклiкамi сучаснага секулярызму i маральнага рэлятывiзму Каталiцкi Касцёл i Праваслаўная Царква займаюць аднолькавыя пазiцыi i гатовыя супрацоўнiчаць у справе абароны i ўкаранення хрысцiянскiх каштоўнасцяў. Спадзяюся, што наша супрацоўнiцтва будзе развiвацца далей i прынясе добры плён для нашай Бацькаўшчыны. 9. Звяртаюся да дзяржаўных уладаў Рэспублiкi Беларусь, Мiнска i Магiлёва, іншых адмiнiстратыўных цэнтраў нашай архiдыяцэзіi. Каталiцкi Касцёл iснуе ў Беларусi на працягу многiх стагоддзяў i мае сваю традыцыю. Пасля многiх дзясяцiгоддзяў зняволення ён зноў устаў на ногi i дынамiчна развiваецца. I дзяржаўныя ўлады, i Касцёл — усе мы разам павiнны служыць людзям. Недастаткова клапацiцца толькi пра матэрыяльны дастатак чалавека, бо ён, акрамя цела, мае i душу, якая, у сваю чаргу, патрабуе належнай павагi i апекi. Вядома, што духоўна здаровы i маральны чалавек будзе добрым i сумленным грамадзянiнам. Перад намi паўстаюць тыя ж самыя пытаннi i праблемы. Гэта, перш за усё, праблемы сям’i, дэмаграфii, алкагалiзму, наркаманii, выхавання моладзi, развiцця дабрачыннасцi i г.д. Молячыся за дзяржаўныя ўлады, я спадзяюся на ўзаемнае паразуменне ў нашых адносiнах i плённае ўзаемадзеянне на карысць Айчыне. 10. Паважаныя браты i сёстры, усе людзi добрай волi! У 1991 годзе, калi я атрымаў прызначэнне ў Расiю, я працытаваў кнiгу Быцця, калi Бог сказаў Абраму: «Выйдзi са сваёй роднай зямлi i з дому айца твайго ў зямлю, якую табе пакажу» (Быц 12, 1). Сёння Божым Провiдам я вяртаюся на сваю родную зямлю. У кнiзе Зыходу гаворыцца, што Iзраэль перамагаў амалiкiцянаў, калi Майсей малiўся з паднятымi ўгору рукамi. Але калi яму было цяжка доўга трымаць iх паднятымi, тады Аарон i Ор падтрымлiвалi iх (пар. Зых 17, 11–13). Давяраючы сваё служэнне ў Мiнска-Магiлёўскай архiдыяцэзii Божай Мацi i Апекуну Беларусi святому Мiхалу Арханёлу, прашу вас малiцца за мяне, каб я мог годна выканаць даручанае Богам праз Папу Бэнэдыкта XVI служэнне ў Беларусi, каб мы ўсе маглi перамагчы зло, пераадолець секулярызм, маральны рэлятывiзм i лiбералiзм на хвалу Пана i для збаўлення людзей. Дэвiзам свайго бiскупскага служэння я выбраў словы Quis ut Deus — «Хто ж як Бог». Па-старагабрэйску гэта — iмя святога Арханёла Міхала, апекуна Беларусі. Дарагiя суайчыннiкi! Для вас Бог заўсёды быў на першым месцы. Давайце супольна зробiм усё магчымае, каб небяспечныя выклiкi нашага часу не аддалiлi нас ад Яго i каб Ён заўсёды ўзмацняў нас i заставаўся крынiцай нашай радасцi i надзеi! На гэты шлях няхай усiх нас благаславiць усемагутны Бог: Айцец + i Сын, i Дух Святы. Арцыбіскуп Мiтрапалiт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевiч Масква, 21 верасня 2007 г. Свята св. Мацвея, апостала i евангелiста |
Адозва да пілігрымаў Апостальскага Адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Антонія Дзям’янкі
|
І. Значэнне адпачынку: час, прысвечаны Богу
Сёння мы сабраліся, каб у Імя Божае распачаць пілігрымку ў Будслаў. Магчыма, многія людзі, гледзячы на вас, будуць здзіўляцца: чаму час уласнага адпачынку вы прысвячаеце рэлігійным мэтам? Няўжо не лепш было б паехаць куды-небудзь на мора або, прынамсі, на лецішча? Аднак нам нельга забывацца пра тое, што чалавек з’яўляецца адзінствам душы і цела. Адпачынак чалавека — гэта не толькі «перадых» для змучанага цела, але таксама дыханне для душы. А чалавечая душа адпачывае толькі ў кантакце з Богам, і гэты кантакт нясе з сабою адкрыццё сэнсу жыцця чалавека і дае сілы любіць бліжняга. У такім свеце, якім ён з’яўляецца сёння, — прасякнутым духам спаборніцтва, шалёным імкненнем да поспеху, — умацаванне цела і духу проста неабходнае. Асабліва гэта датычыць людзей, якія жывуць у горадзе, бо ўмовы іх жыцця часта пазбаўленыя месца для цішыні, роздуму ці адпачынку на ўлонні прыроды. Бэнэдыкт XVI сказаў такія словы пра час летняга адпачынку: «Канікулы — гэта таксама дні, калі можна прысвяціць больш часу малітве, чытанню і разважанням над глыбінным сэнсам жыцця (...). Час канікулаў — гэта таксама выключная нагода для таго, каб сузіраць невымоўную прыгажосць прыроды, цудоўную „кнігу“, даступную ўсім, вялікім і малым» (17.07.2005 г.). Таму пілігрымка, напоўненая малітвай і слуханнем Божага Слова, злучаная з сузіраннем прыроды, рэкаў і лясоў, з’яўляецца вельмі добрым спосабам правесці частку свайго адпачынку. Так павінен адпачываць чалавек, які шануе праўду пра тое, што ў яго ёсць не толькі цела, але і душа. Той, хто клапоціцца выключна пра адпачынак цела, няхай не здзіўляецца, што пазней яму не хапае духоўных сілаў, сталай веры, здольнай супрацьстаяць спакусам роспачы, дэпрэсіі, уцёкам ад сваёй штодзённасці, імкненню да поспеху за кошт іншых і нават за кошт уласнай сям’і. Кантакт з прыродай дапамагае чалавеку бачыць сябе такім, які ён ёсць. Мы адкрываем, што з’яўляемся стварэннем малым, але выключным. Мы можам усвядоміць, што наш дух адкрыты на Бясконцасць і таму «здольны адкрыць Бога». Пытанне пра сэнс жыцця можа дапамагчы нам убачыць у навакольным свеце дабро, прыгажосць і дзеянне Божага Провіду. Такая сустрэча з прыродай адкрывае нас для пакланення і малітвы. ІІ. Усе мы пілігрымуем да Бога Пілігрымка ў Будслаў з’яўляецца своеасаблівым сімвалам нашага жыцця, гэта як бы вандраванне ў дом Нябеснага Айца. На шляхі пілігрымкі ў дом Спрадвечнага ўваходзіць той, хто распачынае духоўную або ўнутраную пілігрымку. Гэта імкненне да святасці. У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла напісана: «Святасць немагчымая без самаадрачэння і духоўнай барацьбы. Духоўнае развіццё прадугледжвае аскезу і пакаянне, якія паступова вядуць да жыцця ў супакоі і радасці благаслаўленняў» (ККК 2015). Першым крокам аскезы і пакаяння з’яўляецца пазнанне самога сябе, а для гэтага неабходныя намаганні і адрачэнні. У пасланнях Апосталаў чытаем такія словы: «Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды» (пар. 1 Ян 1, 8–9). Такім чынам, кожны чалавек мае ў сабе пэўную супярэчнасць, якая знішчае ў ім належныя адносіны да рэчаў, да іншых асобаў і да Бога. У сучасным свеце наша ўнутраная супярэчнасць праяўляецца ў нястрымным імкненні да багацця, улады, прэстыжу і выгоднага жыцця. Ачышчэнне ад гэтых наступстваў першароднага граху з’яўляецца крытэрыем сталай індывідуальнасці і веры. Святы Аўгустын нагадвае нам пра вельмі важны прынцып, які пабуджае нас да працы над сабою: «Бог стварыў цябе без цябе, але Ён не збаўляе цябе без цябе». Колькі ж падчас пілігрымкі мы маем бясцэнных нагодаў для таго, каб пазнаць саміх сябе, колькі разоў мы адкрывалі розныя праявы нашага эгаізму і пыхі, якія ў нашым штодзённым жыцці не заўважаем? Са здзіўленнем мы можам прачытаць у Катэхізісе, што вынікам адмовы ад аскезы, змяншэння чуйнасці ў адносінах да сябе, занядбання імкнення да святасці з’яўляецца дэпрэсія і заняпад духу (пар. ККК, 2733) — сучасныя хваробы чалавека. Аскеза вядзе да пазнання ўласнай слабасці, да адкрыцця таго, што наша воля вельмі лёгка паддаецца розным спакусам. Чалавек, які практыкуе адрачэнне і пакаянне, прыходзіць да пакоры як першага плоду аскезы. Чалавек пакорны не здзіўляецца свайму ўбоству, бо яно вядзе яго да большага даверу і дапамагае вытрываць у пастаянстве. Дэпрэсія і заняпад духу — гэта вынік адкрыцця свайго ўбоства, пра якое мы не падазравалі. Мы ўражаны ўласнай слабасцю і не можам прымірыцца з такім абліччам саміх сябе. Ва ўнутранай пілігрымцы да святасці мы не адны. Езус становіцца для нас сябрам у Эўхарыстыі. Еднасць з Ім праз спажыванне Яго Цела і Крыві вызваляе ў нас сілы дабра, якое перамагае зло ў нашым сэрцы. Такім чынам можа распачацца перамена свету — з сэрца чалавека, які імкнецца да святасці. Бэнэдыкт XVI так акрэсліў неабходныя сродкі для зямнога вандравання: «Для таго, каб ісці наперад у зямной пілігрымцы да Нябеснай Айчыны, нам усім неабходны спажытак Слова і Хлеба вечнага жыцця, якія з’яўляюцца непадзельнымі» (22.02.2006 г.). ІІІ. Пілігрымка мае на мэце паглыбленне сувязі з Марыяй Вы пілігрымуеце да Маці Божай Будслаўскай, каб шукаць у Яе падтрымкі ва ўнутраным пілігрымаванні да святасці, скарбу нашага жыцця, які ні іржа не знішчыць, ні злодзей не скрадзе, і за які варта аддаць усё, што маем, нават жыццё, як гэта ўчыніў святы Андрэй Баболя, трохсотпяцідзесятую гадавіну мучаніцкай смерці якога мы адзначалі ў маі гэтага года. Марыя з’яўляецца нашай найпершай дапамогай, бо, хоць сярод усіх чалавечых стварэнняў Яна была найбліжэй да Бога, але як пакорная Слуга з дня ў дзень вандравала ў своеасаблівай пілігрымцы веры (пар. Lumen gentium, 58). Яна была здольная нястомна разважаць у сваім сэрцы пра словы, якія Бог скіраваў да Яе, і праз Святое Пісанне, і праз падзеі жыцця Яе Сына. Яна таксама можа навучыць нас слухаць Езуса ў падзеях нашага жыцця, спрабуючы бачыць у іх пасланні Божага Провіду. Урэшце, слухаць Яго ў братах, асабліва ў малых і ўбогіх, для якіх сам Езус патрабуе нашай дзейснай любові. Слухаць Хрыста і быць паслухмяным Яго голасу — гэта частка нашага пілігрымавання да святасці. Найсвяцейшая Панна ўсім сваім жыццём увасабляла таямніцу Эўхарыстыі. Эўхарыстычны Хлеб, які мы прымаем, — гэта беззаганнае Цела Яе Сына. Бэнэдыкт XVI нагадаў у энцыкліцы пра Эўхарыстыю пра тое, што «хрысціянская старажытнасць акрэслівала гэтым самым выразам — Corpus Christi — Цела, народжанае з Дзевы Марыі, Цела Эўхарыстычнае, а таксама тое Цела, якім з’яўляецца Касцёл» (Sacrosanctum Concilium, 15). Марыя вызнала сваю «эўхарыстычную веру» яшчэ да таго, як была ўстаноўлена Эўхарыстыя. Гэта здзейснілася праз факт ахвяравання Ёю свайго дзявочага ўлоння, каб магло здзейсніцца Уцелаўленне Божага Слова. Марыя з’яўляецца для нас найпершай неабходнай дапамогай у нашай зямной пілігрымцы ў Нябесную Айчыну. Менавіта ў Яе школе мы можам вучыцца прымаць спажытак Божага Слова і Хлеба жыцця вечнага, якія Бэнэдыкт XVI назваў непадзельнымі і неабходнымі для кожнага пілігрыма. Пілігрымка ў Будслаў з’яўляецца своеасаблівым знакам. Мы, народы Усходняй Еўропы, нагадваем усяму кантыненту пра яго хрысціянскія карані. Гэтая пілігрымка з’яўляецца ўвасабленнем гарачага жадання Слугі Божага Яна Паўла ІІ, які ў 1982 годзе ў Сант’яго-дэ-Кампастэла заклікаў: «Я, біскуп Рыма і пастыр паўсюднага Касцёла, звяртаю да цябе, Еўропа, з Сант’яго заклік, поўны любові: абудзі сама сябе, знайдзі сама сябе, будзь сабою, адкрый свае пачаткі; ажыві свае карані, ажыві тыя сапраўдныя каштоўнасці, якія ўчынілі тваю гісторыю цудоўнай, а тваю прысутнасць сярод іншых кантынентаў — благаслаўлёнай». |
Ліст Апостальскага Адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Антонія Дзям’янкі на заканчэнне навучальнага года 2006/2007
|
Шаноўныя святары, вялебныя законныя сёстры, паважаныя катэхеты і настаўнікі, дарагія бацькі, умілаваныя дзеці і моладзь!
Хутка ўжо празвініць апошні званок у 2006/07 катэхетычным і навучальным годзе. Ён будзе знакам заканчэння гадавой працы, а таксама пачаткам канікул. Прыйшоў час заслужанага адпачынку для вучняў і настаўнікаў. Амаль ва ўсіх парафіях на тэрыторыі нашай архідыяцэзіі праводзілася катэхізацыя, злучаная з немалымі клопатамі і ахвярнай працай святароў, законных сясцёр, катэхэтаў і вучняў. Менавіта праз іх Евангелле Езуса Хрыста было данесена да нашых дзяцей і моладзі. Сёння жадаю ўзгадаць усіх іх і выказаць ад свайго імя і ад імя катэхетычнага аддзела Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі вялікую падзяку і належную пашану за іх ахвярнасць, адданне без рэшты сваіх сіл, духоўных і фізічных, каб у гэты нялёгкі час дэмаралізацыі ўказваць веруючым людзям праўдзівую дарогу. Сваю ўдзячнасць скіроўваю да дырэктараў школ і настаўнікаў, за тое, што яны сваёю паставаю, поўнаю чалавечнасці і высокіх маральных каштоўнасцяў, выхоўвалі маладое пакаленне, дапамагаючы юнакам і дзяўчатам станавіцца добрымі і адказнымі грамадзянамі нашай краіны. Сардэчна дзякую бацькам, якія з клопатам пра духоўнае развіццё сваіх дзяцей рупіліся аб іх рэгулярнай прысутнасці на катэхізацыйных занятках у парафіях. Асаблівую пахвалу выказваю моладзі і дзецям за іх адказны падыход і вернае выкананне свайго хрысціянскага абавязку пастаянна паглыбляць рэлігійныя веды. Падчас Эўхарыстычнай Ахвяры з нагоды заканчэння катэхетычнага і навучальнага года заахвочваю ўсіх вас шчыра дзякаваць Пану Богу за ўсе атрыманыя ў гэтым годзе ласкі. 10 чэрвеня, ва ўрачыстасць Божага Цела, мы ўсе як адна сям’я, з’яднаная супольнасць архідыяцэзіі, будзем дзякаваць Богу за пасеянае зерне падчас рэлігійнага навучання. Няхай актыўны ўдзел дзяцей, моладзі, бацькоў і катэхетаў у гэтай урачыстасці будзе сведчаннем нашай веры. Усім вернікам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, як тым, якія навучаюць, таксама і тым, якія вучацца, сардэчна жадаю, каб перажывалі глыбокую радасць ад таго, што катэхізацыя займае належнае месца ў жыцці нашага Касцёла. Усіх тых, хто клапоціцца пра будучыню і далейшае развіццё рэлігійнага навучання, ад усяго сэрца благаслаўляю. Мінск, 14.05.2007 г. † Біскуп Антоні Дзям’янка Апостальскі Адміністратар Sede vacante et ad nutun Sanctae Sedis Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі |
Пастырскі ліст Кардынала Казіміра Свёнтка, Апостальскага Адміністратара Пінскай дыяцэзіі, з нагоды 350-й гадавіны мучаніцтва св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
|
13.07.2009 15:34 |
Быць сведкам веры сёння Умілаваныя ў Хрысце мае дыяцэзіяне! У гэтым годзе мы адзначаем 350-ю гадавіну мучаніцкай смерці святога Андрэя Баболі, якую ён прыняў у Янаве (у цяперашні час — Іванава) 16 мая 1657 года ад казакаў, ворагаў Каталіцкага Касцёла. Кім быў гэты мучанік? Святы Андрэй Баболя быў манахам-езуітам. Манаскую і святарскую фармацыю ён прайшоў ва ўстановах свайго ордэна. Святарскае пасвячэнне прыняў 12 сакавіка 1622 года ў Вільні. Чым ён займаўся? Настаяцелі даручалі св. Андрэю розныя абавязкі, з якімі ён цудоўна спраўляўся. Ён быў настаўнікам і выхаваўцам свецкай моладзі і тых, хто рыхтаваўся да манаства, мадэратарам Марыянскай Садаліцыі ў шматлікіх езуіцкіх школах, напрыклад, у Браневе, Пултуску, Полацку, Нясвіжы. Члены Марыянскай Садаліцыі ўпрыгожвалі набажэнствы і працэсіі, працавалі, не чакаючы ўзнагароды, у шпіталях, прытулках і вязніцах. Яны былі сведкамі веры. Святы Андрэй спаўняў таксама абавязкі настаяцеля ў Нясвіжы, Бабруйску, Пінску. Акрамя таго ў Пінску ён спаўняў абавязкі прапаведніка, рэктара Калегіума і мадэратара Марыянскай Садаліцыі. Многія праваслаўныя ахвотна слухалі яго казанні і катэхезы, аддавалі сваіх дзяцей у калегіум. Часта гэта быў іх шлях навяртання ў каталіцызм. Найбольш ахвотна наш святы спаўняў абавязкі прапаведніка і вандроўнага місіянера. Каго называлі вандроўным місіянерам? Гэта быў святар-законнік, які хадзіў з вёскі ў вёску, вучыў малітвам, праўдам святой веры, хрысціў, спавядаў, цэлебраваў святую Імшу, удзяляў святую Камунію, злучаў пары сакрамэнтам сужэнства, узмацняў у веры католікаў, шчыра дапамагаў жадаючым перайсці з праваслаўя ў каталіцызм, набліжаў людзям Хрыста, а тым самым уздымаў чалавечыя каштоўнасці і ўзровень жыцця. Дзейнасць і папулярнасць св. Андрэя сталі прычынаю яго мучаніцкай смерці. Якімі былі абставіны мучаніцтва? Еўропа знаходзілася ў стане міжусобных канфліктаў. На Русі казакі, якія валодалі баявымі навыкам і мелі прагу да незаконнага ўзбагачэння, былі выкарыстаныя ворагамі Каталіцкага Касцёла, каб знішчаць святыні і кляштары, забіваць свецкіх католікаў і святароў, асабліва уніятаў і езуітаў. У маі 1657 г. на Пінск, Янаў і іх ваколіцы напалі казакі. Як свецкія католікі, так і духоўныя асобы шукалі прытулку ў лясах і суседніх мясцовасцях. Казакі ж рабавалі, што хацелі, хапалі, каго хацелі, і забівалі, як хацелі. І вось, 15 мая ў Гарадку яны схапілі і забілі а. Шымона Маффона, езуіта, а на наступны дзень, пасля паўдня, схапілі а. Андрэя Баболю ў вёсцы Перадзела каля Янава. Яго мучылі незвычайна жорстка. Здзекі над ім працягваліся дзве гадзіны і скончыліся ў 15.00. Яго бічавалі, білі па твары так, што выбілі некалькі зубоў, вырывалі пазногці на руках, сціскалі галаву дубовымі абручамі. Пасля гэтага а. Андрэя звязалі вяроўкаю, прывязалі да двух коней і пагналі ў Янаў, каб паставіць яго перад сваімі завадатарамі. Тыя працягнулі лютыя здзекі з дапамогаю шабляў, нажоў, агню і прыладаў, якія знайшліся на бойні. Урэшце, яго падвесілі за ногі да столі, галавою ўніз, і калі казакам надакучыла чакаць смерці Божага слугі, яны абрэзалі вяроўку. Калі Апостал любові і адзінства хрысціянаў упаў на зямлю, яго дабілі, двойчы ўдарыўшы шабляю па шыі. Ян Павел ІІ сказаў: «Ён памёр, аддаючы сваё жыццё за каталіцкую веру, замучаны з нянавісці да каталіцкай веры хрысціянамі, якія не былі католікамі» (29.05.1988 г.). Святога мучаніка пахавалі ў Пінску, у крыпце езуіцкага касцёла. Культ святога Андрэя Толькі праз сорак пяць гадоў, 16 красавіка 1702 года, труну з целам Андрэя Баболі дасталі з зямлі, па ўказанні самаго святога, якое ён даў у сне рэктару калегіума ў Пінску Кіпрыяну Гадэбскаму. Адкрыўшы труну, прысутныя ўбачылі, што цела Андрэя захавалася нятленным, з усiмi слядамi катаванняў. Яго паклалі ў новую труну, якую змясцілі на ўзвышэнні пасярод касцёльнай крыпты. Да рэліквій пачалі прыбываць шматлікія пілігрымы. Людзі атрымлівалі незвычайныя ласкі. Асаблівым праяўленнем клопату св. Андрэя пра жыхароў Піншчыны быў прызнаны той факт, што іх абмінула эпідэмія, якая з сярэдзіны 1709 і да канца 1710 года забрала тысячы ахвяраў у Польшчы і Літве. У 1712 годзе быў распачаты беатыфікацыйны працэс, але толькі 30 кастрычніка 1853 г. Папа Пій IX абвясціў Андрэя Баболю благаслаўлёным. Яго культ распаўсюджваўся ў Польшчы, Літве, на Русі. У 1918 г. польскія біскупы звярнуліся да Папы Бэнэдыкта XV з просьбай аб кананізацыі благаслаўлёнага Андрэя. Пасля шматлікіх даследаванняў заяўленых цудаў, 17 красавіка 1938 года ва ўрачыстасць Уваскрасення Пана Папа Пій XI абвясціў Андрэя Баболю святым. Духоўны партрэт нашага апекуна Святы Андрэй меў высакародны характар. Пакорны, сціплы, ён не клапаціўся пра выгоды, быў працавітым, мужным, але імпульсіўным, запальчывым, упарта абараняў свае меркаванні, з-за чаго меў шмат клопатаў у манаскім жыцці. У кантактах з вызнаўцамі іншых рэлігій ён быў ураўнаважаны, хоць і бескампрамісны ў тым, што датычылася вернасці Евангеллю і Касцёлу. Яго называлі «душахватам», «лаўцом душаў», «Апосталам Піншчыны», святым. Святы Андрэй — Апякун Пінскай дыяцэзіі У 1925 годзе, калі была створана Пінская дыяцэзія, біскуп Зыгмунт Лазінскі атрымаў ад Апостальскай Сталіцы дазвол на тое, каб бл. Андрэй Баболя быў абвешчаны яе Апекуном. З 1926 г. кожны год 16 мая ў Янаве адбываліся ўрачыстасці з удзелам біскупа Зыгмунта Лазінскага, а пазней — біскупа Казіміра Букрабы. Іх называлі «янаўскімі ўрачыстасцямі». У іх прымалі ўдзел вернікі лацінскага і ўсходняга абрадаў не толькі з Пінскай дыяцэзіі, але таксама з розных мясцовасцяў Польшчы. Другая сусветная вайна, атэістычны палітычны рэжым, рэпатрыяцыя палякаў, ператварэнне янаўскага касцёла спачатку ў склад збожжа, потым — у дом культуры і, урэшце, у склад розных прадметаў мясцовага гарвыканкама — усё гэта зрабіла немагчымым развіццё культу св. Андрэя ў Янаве і пілігрымкі на месца яго мучаніцтва. Толькі пасля рэгістрацыі парафіі ў 1991 г. і вяртання касцёла, якое адбылося 21 кастрычніка 1994 года, з 16 мая 1995 года ізноў пачалі адбывацца пілігрымкі жыхароў Беларусі на месца мучаніцкай смерці святога Андрэя Баболі. Але ўжо з 199 0 года кожны год 16 мая ў Янаў прыбывалі аўтобусныя пілігрымкі з Польшчы, Велікабрытаніі, ЗША, Аргентыны, Аўстраліі, Украіны. Дыяцэзіяне моляцца да св. Андрэя. З нагоды кананічнай біскупскай візітацыі парафіяне даручалі сябе апецы святога. Былі надрукаваны розныя малітвы, абразкі і брашуры на беларускай мове, якія знаёмяць з асобаю святога апекуна, а з нагоды юбілею, які мы цяпер адзначаем, быў адчаканены медалік з выяваю святога Андрэя Баболі. Святкаванне юбілею 350-ю гадавіну мучаніцкай смерці святога Андрэя Баболі наша дыяцэзія будзе святкаваць на працягу цэлага года. Гэта будзе Год святога Андрэя Баболі — сведкі веры. Святкаванне распачнецца навэннай, якая будзе адпраўляцца ў кожнай парафіі з 7 па 15 мая. 16 мая мы будзем перажываць галоўную ўрачыстасць у Іванаве з удзелам Апостальскага Нунцыя, біскупаў Беларусі, з вашым удзелам, дарагія дыяцэзіяне, а таксама з удзелам вернікаў з дэканатаў Нясвіжа, Бабруйска, Полацка, на тэрыторыі якіх працаваў св. Андрэй і якія ў цяперашні час належаць да Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і да Віцебскай дыяцэзіі. Усіх сардэчна запрашаем! Няхай жа нас будзе як мага больш! Гэта — вялікая ўрачыстасць святога Андрэя і наша! Дайце сведчанне сваёй веры і ўдзячнасці Божаму Провіду за святога Андрэя Баболю! Прыходзьце пешкам або прыязджайце на транспарце, але заўсёды арганізавана з вашымі душпастырамі. Пасля галоўнай урачыстасці распачнецца перыяд святых Місій у парафіях нашай дыяцэзіі ў адпаведнасці з зацверджаным каляндарным планам. Шаноўныя вернікі! Святыя Місіі — гэта вялікая і адказная духоўная праца кожнага верніка і парафіяльных супольнасцяў, Божая праца ўсёй дыяцэзіі згодна з заклікам: «Сёння быць сведкам веры!». Мы сталі веруючымі людзьмі дзякуючы нашым бабулям, дзядулям, бацькам, родным, святарам, катэхеткам, дзякуючы падзеям веры. Цудоўна, што ў працэсе нашага чалавечага развіцця нам спадарожнічаюць сведкі веры. За гэты дар нам трэба дзякаваць Богу! Жыццё кожнага хрысціяніна, у залежнасці ад таго, наколькі кожны яго жыццёвы выбар адпавядае веры, з’яўляецца сведчаннем прысутнасці Хрыста ў ім і праз яго там, дзе ён жыве і працуе. Некаторыя асобы могуць даць гераічнае сведчанне веры, вытрываць у найцяжэйшых выпрабаваннях, часам нават да праліцця крыві. Гэтыя сведкі веры маюць выключны ўплыў на фармаванне веры ў сэрцах і розумах людзей. Такім сведкам веры з’яўляецца святы Андрэй Баболя. Святым Місіям перш за ўсё будуць спадарожнічаць рэліквіі і абраз святога Андрэя, а таксама мой аповед пра гісторыю рэліківій святога Андрэя, запісаны на магнітафонную стужку, і выстава. У парафіях абдудзецца таксама конкурс пад назваю: «Што я ведаю пра святога Андрэя Баболю?». Рэліквіі нашага святога апекуна, місіянера-вандроўніка будуць спадарожнічаць нашай духоўнай працы. Яны будуць нагадваць нам пра Божага апостала, які надалей вандруе з адной мясціны ў другую, несучы святарскае служэнне, служэнне сведкі веры, пацверджанай жыццём і мучаніцтвам. Падчас святой Імшы перад рэліквіямі святога мы хочам публічна ўшанаваць нашага апекуна, узгадаць яго прыклад сведчання веры, выпрабаваць сваю веру, чэрпаць духоўныя сілы, неабходныя для таго, каб жыць згодна з Божымі запаведзямі, аднавіць у сабе жаданне адзінства ўсіх хрысціянаў. Бог праз служэнне святога Андрэя Баболі набліжаецца да нас, да кожнага з нас паасобку і да ўсёй дыяцэзіяльнай супольнасці. Будзем жа гатовыя прыняць Яго прысутнасць і дзейнасць! Дапаможам адно аднаму аднаўляць хрысціянскае жыццё, каб быць сведкамі веры сёння! Я разлічваю на тое, што вы добра ўсвядомілі гэтыя заданні, якія мы хочам здзейсніць з дапамогаю святога Андрэя. Вельмі хачу, каб напрыканцы святых Місій кожны вернік з радасцю ўсклікнуў: «„Ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус!“ (Гал 2, 20). Я, разам са святым Андрэем, належу Хрысту, Яго Касцёлу і разам з ім усклікаю: „Мая вера вядзе да збаўлення, навяртайцеся!“». Я ўскладаю надзею на Божы Провід і веру, што так станецца! На гэтую боска-чалавечую працу ад усяго сэрца благаслаўляю вас усіх. Кардынал Казімір Свёнтэк Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі |
Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на Дзень малітваў аб пакліканнях
|
13.07.2009 15:34 |
У Евангеллі паводле святога Мацвея гаворыцца, што Езус, паглядзеўшы на натоўпы людзей, якія ішлі за Ім, убачыў, што яны былі знясіленыя і пакінутыя, нібы авечкі, якія не маюць пастыра, і таму скіраваў да сваіх вучняў такія словы: «Маліце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё» (Мц 9, 38). Гэта не проста заклік да малітвы, а наказ, скіраваны да сумлення ўсіх ахрышчаных. Адказваючы на гэты заклік Добрага Пастыра, мы сёння жадаем ва ўсім Касцёле на Беларусі звярнуцца з палымянымі просьбамі да Гаспадара жніва — да Бога, — ад якога паходзяць кожнае пакліканне і ўсе чалавечыя намеры, каб моцаю Святога Духа натхніў маладыя і высакародныя сэрцы дзяўчатаў і хлопцаў на выбар адзінай і найпрыгажэйшай Любові — Бога, а таксама на велікадушнае і поўнае прысвячэнне свайго жыцця працы ў вінаградніку Пана. Мы ўзносім нашыя малітвы ў еднасці з усім паўсюдным Касцёлам, які ў чацвертую Велікодную нядзелю — нядзелю Добрага Пастыра, адзначае Дзень малітваў аб пакліканнях, устаноўлены Папам Паўлам VI 23 студзеня 1964 г. падчас Другога Ватыканскага Сабору. Святы Айцец жадаў, каб адна з нядзеляў Велікоднага перыяду была прысвечана малітвам аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця і разважанню пра таямніцу паклікання. Выбіраючы для гэтага нядзелю паміж урачыстасцямі Змёртвыхпаўстання Пана і Спаслання Духа Святога, Папа Павел VI падкрэслівае, што пакліканне бярэ выток у таямніцы Уваскрасення, а сваёй паўнаты дасягае моцаю Святога Духа, якога апосталы прынялі ў дзень Пяцідзесятніцы. Езус Хрыстус, уцелаўлёны Бог, Адкупіцель чалавецтва, сказаў пра сябе: «Я — добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак» (Ян 10, 11). У гэтых словах Пан Езус праводзіць паралель з біблейскім матывам пастыра і авечак. Юдэі назвалі Бога пастырам Ізраэля. Шырока вядомыя словы псальму: «Пан — мой пастыр, ні ў чым не буду мець нястачы» (Пс 23 (22), 1). Ізраэліты былі жывёлаводамі, таму гэтая вобразная аналогія, узятая са штодзённага жыцця, была для іх вельмі красамоўнай. З пастырамі параўноўваліся таксама выбраныя і ўстаноўленыя Богам правадыры народа. Вось што Бог вуснамі прарока Ераміі абяцае выбранаму народу: «Я дам вам пастыраў паводле Майго сэрца, і яны будуць пасвіць вас мудра і разважліва» (Ер 3, 15). Наогул, пастыр — гэта той, хто клапоціцца пра статак, сцеражэ яго, вядзе на пашы і да патокаў вады. Хрыстус пашырае значэнне гэтага слова: пастыр — гэта той, хто аддае жыццё сваё за авечак (пар. Ян 10, 11–18). Такім павінен быць добры пастыр, якога Езус адрознівае ад найміта, што не клапоціцца пра авечак. Менавіта такі сам Езус — першаўзор і прыклад добрага пастыра. Ён, пасланы Айцом, ахвяраваў на крыжы сваё жыццё, каб ніводзін чалавек не загінуў, але меў паўнату вечнага жыцця. У Вялікі чацвер, напярэдадні сваёй смерці, Езус Хрыстус устанавіў знак сваёй таямнічай прысутнасці сярод народа новага Запавету і даручыў актуалізаваць і працягваць сваю збаўчую справу выбраным апосталам, якія павінны былі дзейнічаць ад Яго імя і Яго моцаю. Езус застаўся з намі на ўсе дні аж да сканчэння свету (пар. Мц 28, 20), а вымаўляючы словы «Ідзіце і навучайце ўсе народы» (Мц 28, 19), паслаў сваіх вучняў па ўсім свеце, жадаючы, каб праз іх служэнне Добрая Навіна і збаўчая моц дасягнула ажно да краёў зямлі. Місія Хрыста працягваецца ў гісторыі ў служэнні пастыраў, якім Ён даручае сваіх авечак. Ужо амаль дзве тысячы гадоў, як і падчас свайго зямнога жыцця ў чалавечым целе, Хрыстус скіроўвае да сэрца і розуму многіх людзей свой заклік «Ідзі за Мною!» (Мк 2, 14). Часта так здараецца, што гэты заклік, які з’яўляецца прапановаю жыццёвага шляху, з’яўляецца неспадзяваным і незразумелым. Падобна, як гэта было з апосталамі, Бог кліча і выбірае тых, каго сам пажадае, не звяртаючы ўвагі на асобу. Святы апостал Павел піша ў сваім лісце да карынцянаў, што Пан, даючы пакліканне, не звяртае ўвагі на мудрасць у вачах людзей, матэрыяльны дабрабыт ці паходжанне, але выбірае зусім па-іншаму, каб мы не ганарыліся перад Богам (пар. 1 Кар 26 – 29). Бог сам выбірае і здзіўляе… Прыкладам такога выбару можа для нас служыць гісторыя Давіда. Прарок Самуэль, пасланы ў Бэтлеем, увайшоў у дом Есэя, каб там выбраць і намасціць аднаго з ягоных сыноў на цара. Першым ён убачыў Эліява і падумаў, што гэта ён з’яўляецца памазаннікам Пана. Аднак падчас малітвы Пан сказаў Самуэлю не звяртаць увагі на ягоны выгляд і высокі рост, бо Бог глядзіць інакш, чым чалавек. Бог глядзіць на сэрца, а чалавек — на тое, што можна ўбачыць вачыма; яшчэ доўга памыляўся Самуэль, пакуль, нарэшце, не знайшоў Давіда, якім напачатку ўвогуле не цікавіліся: у той час ён працаваў, пасучы авечак (пар. 1 Сам 16, 4–12). Не выключана, што калі б самі вернікі або святары скіроўвалі кандыдатаў у семінарыю ці ў ордэн, то шмат абраннікаў Божых не мелі б ніякага шанцу. Слуга Божы Ян Павел ІІ, разважаючы над гісторыяй свайго святарства, коратка і ёміста абагульніў сэнс і значэнне паклікання да служэння Богу і людзям у Касцёле. Вялікі Папа назваў гэта «Дарам і Таямніцаю». І сапраўды, кожнае пакліканне да святарскага жыцця, да манаства ці да місіянерскага служэння з’яўляецца дарам Бога, якога ніякім чынам немагчыма заслужыць. Чалавек не можа па сваёй ініцыятыве ступіць на шлях паклікання. Яно застаецца таксама поўнаю таямніцаю міласэрнай любові Бога да чалавека, якога Ён запрашае да асаблівага ўдзелу ў сваёй місіі і дае ў яго рукі моц сваёй прысутнасці ў Касцёле. Ніякім чынам немагчыма зразумець, ані растлумачыць гэтай таямніцы. Перад гэтым Божым дарам і таямніцаю чалавек можа толькі з пакораю ўсклікнуць разам з Псальмістам: «Чым аддзячу я Пану за ўсе дабрадзействы Яго для мяне? Келіх збаўлення ўзніму і буду заклікаць імя Пана» (Пс 116В (115), 12–13). Насамрэч, кожнае пакліканне з’яўляецца сустрэчаю дзвюх свабодаў: свабоды Бога, які кліча, і свабоды чалавека, які адказвае Богу «так» або «не». Сёння мы таксама дзякуем Пану Богу за дар святарскіх і манаскіх пакліканняў на нашай беларускай зямлі. Як жа шмат тых, хто ў цяжкія часы панавання атэістычнага рэжыму мужна адказаў на голас паклікання, пераадольваючы разнастайныя перашкоды і не адступаючы перад заплохваннем і пераследам. Доўгія гады чакалі яны дазволу на тое, каб паступіць у семінарыю, або таемна рыхтаваліся да апостальскага служэння. Дзякуем Пану Богу за гады ахвярнай і трывалай працы святароў і кансэкраваных асобаў, якія ўжо адышлі да Пана. Вялікім жывым знакам пастырскай адданасці з’яўляецца для нас Сведка веры кардынал Казімір Свёнтэк. Дзякуем Пану Богу таксама за малодшае пакаленне хрыстовых апосталаў; за тых, хто рыхтаваўся да душпастырскай дзейнасці за межамі Беларусі і на нашай зямлі. Мы адчуваем вялікую радасць ад плёну дзейнасці семінарый у Гродне і Пінску, а таксама ад развіцця супольнасцяў кансэкраванага жыцця. Аднак у апошнія гады назіраецца невялікае змяншэнне колькасці пакліканняў. Прычыну гэтага мы ў пэўнай ступені бачым у змяншэнні натуральнага прыросту насельніцтва, а таксама ў секулярызацыі жыцця вернікаў і ў наступствах атэістычнай сістэмы. Сапраўды, цяжка пачуць голас паклікання там, дзе справы веры і рэлігійнага жыцця адыходзяць на другі план, а такія каштоўнасці, як самаадрачэнне і ахвярнасць сёння «не ў модзе». Заклік Езуса да малітвы аб пакліканнях сведчыць пра адказнасць усіх вернікаў за дапамогу ў распазнанні і абуджэнні пакліканняў. Мы звяртаемся перадусім да бацькоў, каб у сваіх сем’ях будавалі хатні Касцёл, дзе маладое пакаленне зможа пачуць бязгучны голас Хрыста, які кліча да святога служэння. Менавіта бацькі з’яўляюцца для сваіх дзяцей тымі першымі «азбукамі» і «катэхізісамі», з разгорнутых старонак якіх дзеці пазнаюць праўду пра Бога і навакольны свет, у тым ліку пра вышэйшыя каштоўнасці, пра святасць, пра ўзнёсласць святарскага і манаскага пакліканняў. Мы заклікаем бацькоў усіх дзяцей, якія чуюць голас Божага паклікання, ахвотна і велікадушна дапамагаць ім яго правільна зразумець і ўвасобіць у жыццё. Мы звяртаемся да святароў з просьбаю свядома і актыўна дзейнічаць у сферы душпастырства пакліканняў, а перадусім святасцю і радасцю свайго асабістага жыцця сведчыць пра прыгажосць і прывабнасць жыцця ў святарстве. Кансэкраваных асобаў мы просім быць у мясцовых супольнасцях жывымі сведкамі прысутнасці сярод нас Уваскрослага Пана. Усіх свецкіх вернікаў мы заахвочваем няспынна маліцца аб пакліканнях, бо сапраўды жніво ў Касцёле вялікае, а работнікаў на ім усё яшчэ мала (пар. Мц 9, 36–37). Моладзь, поўную юнацкага запалу, мы заклікаем не прыстасоўвацца да гэтага свету, але ў малітве ўсклікаць: «Кажы, Пане, бо жадае пачуць Цябе слуга Твой» (пар. Рым 12,2; 1 Сам 3, 9). На заканчэнне ўсе разам просім Пана Бога: Добры Пастыру, Гаспадару жніва, абудзі ў нашым народзе шмат палымяных пакліканняў да святарства, манаства і місіянерскага служэння, каб Тваю любоў удзялялі ўсё больш адданых Табе работнікаў Твайго вінаградніка. Каталіцкія Біскупы Беларусі |
|
|