Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
|
13.07.2009 13:48 |
Вялікі навукова-тэхнічны прагрэс у галіне біялагічных навук адкрывае перад чалавецтвам магчымасць і для вялікага дабра, і для вялікага зла. Медыцына даволі дакладна вывучыла чалавечы «ген» і ў хуткім часе зможа яго відазмяняць. Шмат хваробаў можна выявіць ужо на першай стадыі эмбрыянальнага жыцця чалавека і вылечыць, пазбаўляючы яго ад многіх цярпенняў. На жаль, існуюць таксама шматлікія злоўжыванні сілаю, якой з’яўляюцца генетычныя веды і іх выкарыстанне супраць чалавека. Людзі робяць сябе гаспадарамі жыцця і смерці іншых людзей. Прыкладам гэтага можа быць штучнае стварэнне новых людзей метадам гэтак званага апладнення in vitro і іх успрымання ў якасці «чалавечага матэрыялу», а не жывых істотаў, прызначаных для жыцця вечнага. Парламенты некаторых краін зацвердзілі закон, які будзе дазваляць кланаванне чалавечых эмбрыёнаў з мэтаю вытворчасці «запасных частак», прыдатных да лячэння пэўных хваробаў. Некаторыя генетыкі ўжо заявілі, што насуперак прынятым у большасці дзяржаў прававым абмежаванням, яны будуць рабіць спробы кланавання людзей, каб забяспечыць патомствам бяздзетныя сужэнствы. Зазначым, што ў гэтых краінах ужо зачатых дзяцей пазбавілі юрыдычнай абароны, легалізуючы аборты. Усё настойлівей гучыць заклік аб легалізацыі эўтаназіі. Паступова распаўсюджваецца перакананне, што жыццё чалавека не каштоўнае само па сабе, што яго вартасць залежыць толькі ад ступені інтэлектуальнага і эмацыянальнага развіцця і ад грамадскай прыдатнасці. Той, хто не адпавядае гэтым уяўным крытэрыям гуманнага чалавецтва, пазбаўляецца права на жыццё, а эўтаназія, якая па сутнасці з’яўляецца забойствам, апраўдваецца спачуваннем. Трэба выразна сказаць, што ніводны чалавек не мае права прымаць рашэнне перарываць уласнае жыццё або жыццё іншага чалавека. Кожнае жыццё даецца Богам, і толькі Ён з’яўляецца яго Гаспадаром. Толькі Ён як Найвышэйшы Творца можа вырашаць, калі пачнецца і калі скончыцца жыццё чалавека. Да супрацоўніцтва ў справе перадачы новага жыцця Бог запрасіў бацькоў словамі: «Будзьце плоднымі і размнажайцеся, напаўняйце зямлю і валодайце ёю» (Быц 1, 28). Бацькі перадаюць дзіцяці толькі зямное жыццё, а душа чалавека створана непасрэдна Богам. Ствараючы душу чалавека, Бог стварае ўсяго чалавека ва ўлонні жанчыны і пры ўдзеле мужчыны. Зачаты чалавек падобны не толькі да сваіх зямных бацькоў, але таксама і да Створцы, бо мае ў сабе «вобраз і падабенства» Бога. З самага зачацця ён з’яўляецца асобаю, адоранаю годнасцю і пакліканнем да жыцця вечнага. Але з прычыны безабароннасці яму патрэбна абарона і дапамога бацькоў у развіцці закладзеных у ім дароў. Жаданне мець дзяцей з’яўляецца цалкам натуральным, аднак адзіны годны спосаб зачацця дзіцяці – акт сужэнскай любові. Штучнае апладненне (in vivo ці in vitro), да якога звяртаюцца сужэнствы, пакрыўджаныя невылечнаю бясплоднасцю, пазбаўлены гэтага асабістага дару. Дзіця становіцца прадуктам медыцынскіх тэхнік, прадметам. Шмат дзяцей, зачатых такім чынам, павінна памерці, каб магло нарадзіцца адно дзіця. Ненатуральная па сваёй сутнасці тэхніка апладнення вядзе да «вырабу» большай колькасці чалавечых эмбрыёнаў, каб павялічыць верагоднасць удалай працэдуры. З маральнага пункту погляду, сужэнствы, якія згаджаюцца на штучнае апладненне, робяць цяжкі грэх. Сужэнства не заўсёды дае магчымасць мець дзіця, але дае магчымасць весці сумеснае жыццё, у выніку якога можа быць зачата дзіця. Сужэнцы толькі ствараюць адпаведныя «ўмовы» для зачацця, а Бог дае жыццё, і Яго волю трэба прыняць. Для бяздзетных сем’яў вырашэннем праблемы можа быць усынаўленне. Акружыць бацькоўскаю апекаю і любоўю дзяцей, якія ўжо ёсць і якім гэта патрэбна, напэўна, больш высакародна, чым спробы зачаць «сваё» дзіця (або часткова «сваё») любым коштам, нават звяртаючыся да нікчэмных у маральных адносінах тэхнік. Нядаўна генетыкі вынайшлі новыя магчымасці зачацця чалавечага жыцця, а менавіта – кланаванне. Гэты спосаб размнажэння паходзіць са свету раслінаў. Ён грунтуецца на атрыманні павялічанай лічбы генетычна ідэнтычных клетак, зародкаў або арганізмаў раслін ці жывёлаў, а таксама на капіраванні генаў і генетычных канструкцый. Магчымасць кланавання чалавечых асобаў прывяла да жадання займець поўную ўладу над існаваннем іншых, як бы замяшчаць Бога ў справе стварэння, даючы жыццё (або не) у адпаведнасці з чалавечымі памкненнямі і ўяўленнямі. Масавае кланаванне адной і той жа адзінкі парушае прынцып чалавечай раўнавагі, свабоды і годнасці нават у выпадку стварэння толькі адной копіі ўжо існуючага чалавека. Тое, што кожны чалавек, зачаты і народжаны натуральным чынам, адрозніваецца ад іншых, з’яўляецца прыгожым дарам, адлюстраваннем Божай мудрасці. Ці хочам мы парушыць гэтую мудрую, прыгожую гармонію? Падыходзячы да гэтага пытання з «рэлігійных» пазіцый, мы гаворым, што гэты спосаб нараджэння людзьмі патомства пярэчыць Божай задуме. Чалавек, створаны на вобраз і падабенства Божае (пар. Быц 1, 27), павінен працягваць Яго справу стварэння, апекавацца ёю, развіваць яе і пераўтвараць, але захоўваць акрэсленыя ўмовы. У перадачы жыцця гэтыя ўмовы датычаць ушанавання чалавечай годнасці, паўнавартаснай перадачы жыцця і гарантавання дабра паасобным людзям і ўсяму чалавецтву. Гаворка ідзе пра ўшанаванне годнасці чалавека ад моманту зачацця і ўшанаванне годнасці перадачы жыцця. Кланаванне нясе з сабою такія ж вынікі, як і штучнае апладненне. Выкарыстанне значнай колькасці эмбрыёнаў, якія пераўзыходзяць дапушчальную колькасць, іх знішчэнне для атрымання аднаго індывідуума, а далей пазбаўленне дзіцяці ў біялагічным, псіхічным і юрыдычным вымярэннях права быць зачатым і нарадзіцца ў сям’і ад бацькоў, трактаванне яго як «прадукту» біямедыцынскіх методык – гэта галоўныя аргументы, якія сведчаць пра тое, што кланаванне людзей недапушчальнае. Небяспеку, што вынікае з кланавання чалавека, разумеюць нават няверуючыя людзі. У Еўрапейскім парламенце ўжо 3 сакавіка 1989 года сцвярджалася, што «прававая забарона з’яўляецца верагоднаю рэакцыяй на магчымасць стварэння чалавечых істотаў метадам кланавання». Як для бясплодных сужэнстваў найбольшым жаданнем з’яўляецца магчымасць мець патомства, так для некаторых здаровых сужэнцаў іх плоднасць стварае шмат праблемаў. З гэтай прычыны цяпер у найбольшай небяспецы знаходзіцца жыццё ненароджаных. Шмат людзей забылася, што ад зачацця плод з’яўляецца асобаю, і як асоба мае права на жыццё. Людзі, захопленыя дасягненнем поспехаў, павелічэннем матэрыяльных дабротаў або змаганнем са штодзённымі цяжкасцямі, страцілі прыязнасць і да Бога, і да чалавека. Яны ўспрымаюць дзіця як ворага, які перашкаджае ім ажыццяўляць жыццёвыя планы. Яны абараняюцца ад яго рознымі метадамі, пачынаючы ад кантрацэптыўных сродкаў і заканчваючы абортамі. Заданне кантрацэпцыі – знішчыць плоднасць, якая з’яўляецца дарам Створцы. Дзякуючы гэтаму дару чалавек супрацоўнічае з Богам у справе перадачы жыцця. Знішчэнне гэтага дару – самавольны ўчынак супраць Божых запаведзяў, бунт супраць Створцы. Кантрацэпцыя праз занядбанне (і нават пагарду) дара плоднасці выклікае нянавісць да новага жыцця і вядзе да дэградацыі чалавецтва. Такія адносіны спараджаюць разрыў кантакту з Богам і могуць стаць прычынай канфлікту сумлення. Кантрацэптыўныя сродкі забіваюць ужо зачатае дзіця ў першыя дні яго жыцця.У жанчыны гэта выклікае шматлікія фізічныя і нервовыя хваробы, а часам і псіхічныя растройствы. Выкарыстанне кантрацэптыўных сродкаў – заўсёды цяжкі грэх. Цяжкі грэх робяць таксама жанчыны, якія перарываюць цяжарнасць, а таксама тыя, хто якім-небудзь чынам спрычыняюцца да забойства дзіцяці, напрыклад, даюць парады, шантажуюць або непасрэдна прымаюць удзел у аборце, як медыцынскія работнікі. Святы Айцец Ян Павел ІІ у энцыкліцы Evangelium vitae піша: «Сярод усіх злачынстваў супраць жыцця, якія можа ўчыніць чалавек, перарыванне цяжарнасці мае наступствы, якія робяць яго асабліва сур’ёзным злачынствам, што заслугоўвае асуджэння» (EV 58), а ў Кнізе Быцця Бог перасцерагае: «Спаганю таксама душу чалавека ад рукі чалавека, ад рукі брата ягонага» (гл. Быц 9, 5). Жыццё чалавека недатыкальнае ад зачацця аж да натуральнай смерці. Таму трэба атуліць апекаю таксама людзей старэйшых, знямоглых, інвалідаў і псіхічна хворых, бо ў многіх краінах ім пагражае небяспека эўтаназіі. Эўтаназія – гэта скарачэнне цярпенняў хворага па яго просьбе праз выкарыстанне смяротных сродкаў альбо таксама праз неаказанне яму медыцынскай дапамогі з мэтаю прыспешыць яго смерць. Прыхільнікі эўтаназіі лічаць, што такім чынам чалавек можа распараджацца ўласным жыццём. Размова ідзе не столькі пра магчымасць распараджацца ўласным жыццём, сколькі жыццём іншых. Такім чынам, легалізуецца выдаленне з грамадства людзей, жыццё якіх лічыцца менш каштоўным і занадта абцяжарвае бліжніх. Такія ж погляды леглі ў аснову легалізацыі эўтаназіі ў нацыянальна-сацыялістычнай Германіі, у выніку чаго яшчэ перад пачаткам Другой сусветнай вайны лекары забілі 80 тысяч быццам бы «непаўнацэнных» людзей. Агульная колькасць людзей, страчаных у выніку так званай «міласэрнай смерці», магла дасягнуць 400 тысяч, не ўлічваючы масавага знішчэння ў канцэнтрацыйных лагерах, дзе менш «міласэрна» і ў большых маштабах ажыццяўляліся гэтыя «праграмы». Тыя лекары дзейнічалі цалкам легальна ў межах закона. Ян Павел ІІ у энцыкліцы Evangelium vitae піша аб гэтай практыцы: «Эўтаназія становіцца актам, які яшчэ больш заслугоўвае асуджэння, калі набывае форму забойства і ажыццяўляецца над іншым чалавекам, які ніякім чынам гэтага не прасіў і ніколі не выказваў на гэта згоды. Вяршыня дэспатызму і несправядлівасці – пазіцыя, у якой некаторыя людзі, напрыклад, лекары альбо працадаўцы, прэтэндуюць на права распараджацца тым, хто павінен жыць, а хто памерці (...). Толькі Бог мае ўладу распараджацца смерцю і жыццём» (EV 66). Святы Айцец Ян Павел ІІ у энцыкліцы Evangelium vitae з клопатам і болем звяртае ўвагу на зніжэнне ў сучасным грамадстве маралі і разумення святасці жыцця чалавека. «Свядомае і дабравольнае рашэнне пазбавіць жыцця бязвінную чалавечую істоту з маральнага пункту погляду – заўсёды зло і ніколі не можа быць дазволена ні як мэта, ні як сродак на шляху да добрай мэты. (...) Ніхто і нішто не можа даць права забіваць бязвінную чалавечую істоту (...). Ніякая ўлада не мае права змушаць да гэтага ці даваць на гэта дазвол (EV 57). Мы, біскупы Каталіцкага Касцёла на Беларусі, настойліва нагадваем, што жыццё кожнага чалавека – старога або малога, здаровага або хворага, які выконвае важныя абавязкі ў грамадстве або выкінуты па-за межы грамадскага жыцця – святое. Езус у прытчы аб апошнім судзе вучыць нас: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых меншых братоў Маіх, вы зрабілі Мне» (гл. Мц 25, 40). «Абараняць жыццё і ўмацоўваць яго, шанаваць яго і любіць – вось задача, якую Бог даручыў кожнаму чалавеку» (EV 42), асабліва бацькам, медыцыне, дзяржаве і Касцёлу. Біскупы Каталіцкага Касцёла |
Пастырскі ліст на Вялікдзень 2004 года
|
13.07.2009 13:46 |
«Езус кажа яму: ты паверыў таму, што ўбачыў Мяне; шчаслівы той, хто не бачыў, а паверыў». (гл. Ян 20, 29)
«Забралі Пана з грабніцы... не разумелі яшчэ Пісання... словы гэтыя здаліся ім пустаслоўем», – вось некалькі сказаў, узятых з апісання аб’яўлення Хрыста пасля Уваскрасення. Яны выразна адлюстроўваюць настрой, які панаваў сярод вучняў, раскрываюць думкі самых блізкіх Хрысту людзей. Памёр! Гэта ўжо канец. Ці маглі яны думаць інакш: так заканчваецца жыццё ўсіх людзей, нават найбольш паяднаных з Богам – такі закон чалавечага жыцця, такая логіка мыслення чалавека. Аднак у адных і тых жа евангельскіх апавяданнях ёсць і іншы настрой: «Убачыў і паверыў! Тады яны ўзгадалі словы Ягоныя і, вярнуўшыся ад грабніцы, абвясцілі ўсё гэта адзінаццаці...». Ёсць настрой абуджэння веры ў сэрцах людзей. Яны перамаглі страх пасля драматычных падзей пятніцы, сутыкнуліся з пустою грабніцаю, перажылі сустрэчу з Настаўнікам, які ім аб’явіўся, і нарэшце адступіліся ад прынцыпаў чалавечай логікі, пайшлі за Божаю праўдаю – Ён жыве! – і спасылаліся пры гэтым на асабістае сведчанне сустрэчы з Панам. Мабыць, самым яскравым з’яўляецца сведчанне нявернага Тамаша. Падчас аб’яўлення Уваскрослага Езуса ў вечары першага дня тыдня ў доме, дзе знаходзіліся вучні, не было апостала Тамаша. Калі вучні расказвалі яму, што бачылі Езуса, ён сказаў: «Пакуль не ўбачу на руках у Яго ранаў ад цвікоў, і не ўкладу пальца майго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі маёй у бок Ягоны, не паверу». А праз восем дзён, калі вучні Яго зноў былі ў доме і Тамаш з імі, Езус прыйшоў пры замкнутых дзвярах, стаў пасярэдзіне і прамовіў: «Спакой вам!». А потым сказаў Тамашу: «Дай сюды палец твой і паглядзі рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым». Тамаш адказаў Яму: «Пан мой і Бог мой». Езус сказаў: «Ты паверыў таму, што ўбачыў Мяне; шчаслівы той, хто не бачыў, а паверыў» (гл. Ян 20, 25-29). О як жа гэтая нявернасць Тамаша найлепш засведчыла Уваскрасенне Езуса Хрыста! Спачатку апосталы з вялікай цяжкасцю прымалі гэту неверагодную праўду, пакуль самі не сталі сведкамі Уваскрасення Езуса. Адзінымі аргументамі для іх былі сведчанні Святога Пісання, пустая грабніца і ўзрушаныя словы жанчын, якім першым аб’явіўся Хрыстус. Нядзіўна, што Тамаш не паверыў апосталам, якія казалі яму, што бачылі Пана, і адрэагаваў катэгарычна і адназначна: «Пакуль не ўбачу на руках у Яго ранаў ад цвікоў, і не ўкладу рукі маёй у бок Ягоны, не паверу». Тамаш хоча ўпэўніцца ў рэальнасці і праўдзівасці слоў апосталаў. І вось Хрыстус не толькі аб’яўляецца Тамашу, каб надаць гэтаму сведчанню асаблівае значэнне, але дазваляе яму дакрануцца да ранаў на Яго руках і ў баку. Усё ж такі з усіх апосталаў і вучняў адзін-адзінюткі Тамаш быў вылучаны такім чынам. (...) Каб лепш зразумець сустрэчу Тамаша з Хрыстом праз восем дзён пасля Яго Уваскрасення, трэба таксама ўзяць пад увагу ранейшае здарэнне, запісанае тым жа евангелістам, у якім прымае ўдзел Тамаш. Апостал становіцца сведкам пустой грабніцы, перажывае цуд уваскрашэння памерлага, бачыць, як Лазар устае з магілы. Пасля Вялікай пятніцы і Вялікай нядзелі Тамаш даведваецца, што грабніца, у якой ляжаў Езус, пустая, а апосталы гавораць яму, што «бачылі Пана». Тамаш катэгарычна адмаўляецца верыць у Змёртвыхпаўстанне Езуса, і толькі пасля таго як убачыць раны на руках і ў баку Уваскрослага, ранейшы няверуючы вымавіць словы веры і праслаўлення: «Пан мой і Бог мой!». Пазней, згодна з традыцыяй, Тамаш накіруецца на Усход. Ён стане прапаведаваць над Еўфратам, дойдзе да Індыі і там будзе заколаты дзідамі. Ён памірае як верны сведка Езуса Хрыста. Разам з іншымі апосталамі і вучнямі Тамаш спадарожнічаў Езусу падчас Яго публічнай дзейнасці, слухаў Яго Добрую Навіну, быў сведкам розных цудаў, якія здзейсніў Езус, сам па даручэнні Настаўніка прымаў актыўны ўдзел у абвяшчэнні Божага валадарства. Але толькі пасля таго, калі апостал сустрэўся з Уваскрослым Езусам, убачыў сляды мукі і смерці на крыжы, адбылося яго поўнае вызнанне веры і поўнае прысвячэнне сябе апостальскай місіі. У свеце ёсць шмат людзей, падобных да Тамаша ў перыяд яго нявер’я. Многія б хацелі мець пацверджанне веры ў Бога канкрэтнымі цудоўнымі знакамі, якія сведчылі б пра Божае існаванне і дзейнасць, аднак сёння праблема веры зводзіцца да таго, што сказаў Езус, адказваючы на вызнанне Тамаша «Пан мой і Бог мой»: «Шчаслівы той, хто не бачыў, а паверыў». Цяпер наша вера чэрпае сведчанні ад тых, хто слухаў, бачыў, дакранаўся да Езуса і перадаў наступным пакаленням. Зрэшты, не чалавек робіць ласку і дабро Богу тым, што верыць. Гэта вера з’яўляецца незвычайнаю Божаю ласкаю для чалавека, таму што Бог у сваёй дабрыні паказвае Сябе людзям у постаці свайго ўкрыжаванага і ўваскрослага Сына. Нам патрэбна менавіта тая вера, якая абапіраецца на праўду смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста. Такая вера для нас – благаславенне, ласка, «дарога, праўда і жыццё», і яна вядзе нас па зямным жыцці да лучнасці з Богам у вечнасці. Схіляючы галовы і кленчачы перад Уваскрослым Хрыстом Панам, просім Яго пакорна, каб мы, умацаваныя сведчаннем святога апостала Тамаша праз прызнанне чалавечнасці і Боства Езуса («Пан мой і Бог мой»), кіраваліся ў сваім жыцці і паводзінах запаведдзю Езуса: «Шчаслівы той, хто не бачыў, а паверыў» (гл. Ян 20, 29). І гэта, мае шаноўныя дыяцэзіяне, велікодныя пажаданні, якія падтрымліваю пастырскім благаславеннем. Амэн. Кардынал Казімір Свёнтэк, Арцыбіскуп, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі |
Пажаданні пастыра Віцебскай дыяцэзіі на Вялікдзень 2004 г.
|
13.07.2009 13:44 |
Дарагія браты і сёстры! Мы перажываем асаблівы час – час Вялікага посту і чакання Вялікадня. Велікодны тыдзень, а асабліва Пасхальны трыдуум з’яўляецца для нас своеасабліваю кульмінацыяй усяго літургічнага года. Гэта ўжо не падрыхтоўка да Вялікадня, але ўжо ўшанаванне Хрыстовай Пасхі праз удзел у Яго Муцы, Смерці і Змёртвыхпаўстанні. Неабходна памятаць, што Смерць і Змёртвыхпаўстанне Хрыста – гэта адно цэлае, гэта вялікая гісторыя. Хрыстос адкупіў чалавецтва не толькі праз Сваю Смерць, але і праз Сваё Змёртвыхпаўстанне, а гэта значыць, усёю Пасхальнаю містэрыяй. Сучасны свет, хоча ён таго альбо не, імкнецца да Бога. Такая прырода і таямніца часу, такая гісторыя чалавека, які належыць да Бога. Бог шчодра пасеяў у сэрцы чалавека кветкі дабрыні і надзеі, а яны, як парасткі, цягнуліся заўсёды да сонейка ... да Бога. Кроплямі Божай крыві і Божага святла набрыняла зямля нашай штодзённасці, а ходзячы па ёй, чалавек вучыўся заўсёды знаходзіць дарогу да Бога. Таму час пакуты і посту – гэта ўпарадкаванне любові, выцягванне з чалавека глыбінных пластоў дабра, час перамены яго сэрца. Такім чынам, гэты перыяд дапамагае спазнаць вартасць смерці і змёртвыхпаўстання, дапамагае глядзець на жыццё чалавека ў перспектыве крыжа. Чалавек, які бярэ на сябе крыж, бяре адначасова і тую любоў, якая сплывае з крыжа на гэтую грэшную зямлю. Таму за гэты час многае ў нас павінна памерці і многае павінна нарадзіцца, асабліва тады, калі мы зможам дакрануцца да «Святла Хрыста» – пасхала, які сімвалізуе ўваскрослага Хрыста, і хрысцільнай вады, якой будуць аднаўляцца прысягі сакрамэнту хросту і якой будзе адбывацца акрапленне грэшнікаў. Хрыстос прадказаў Сваю Смерць і Сваё Змёртвыхпаўстанне. Але ці паверылі Яму нават Яго вучні, калі гэтакога ніколі не было, калі гэтага ніколі не бачылі? Але Той, Каго ўкрыжавалі, у Пасхальную ноч змёртвыхпаўстаў. Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! - гэтая вялікая радасць будзе гучаць у Пасхальнае свята, таму што і мы змёртвыхпаўстанем, асабліва тыя, хто ўсім сэрцам паверыў у Хрыста – нашага Збаўцу. Нашая вялікая вера ў Хрыста – гэта тая самая каралеўская дарога, якою ішоў Хрыстус, каб перамяніць чалавека ў жывое, непагаснае полымя любові; гэта дарога, якая вядзе хрысціянаў да змёртвыхпаўстання; гэта змёртвыхпаўстанне любові, якое ўжо не памірае; гэта штодзённая логіка крыжа і сэнс змёртвыхпаўстання. Жадаю ўсім вам, каб свята Уваскрашэння Пана стала той духоўнай крынічкай абнаўлення кожнага з нас, каб было праменьчыкам у кожнай сям’і і для кожнага з нас асабіста, каб было святлом для ўсёй нашай дыяцэзіі і для ўсёй нашай Бацькаўшчыны. У духу гэтага Велікоднага віншавання прыміце маю малітву і пастырскае благаслаўленне. Біскуп Уладзіслаў Блін Віцебск, Вялікдзень, 2004 г. |
Ліст Біскупаў з нагоды 65-й гадавіны святарскіх пасвячэнняў Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, Апостальскага Адміністратара Пінскай дыяцэзіі, Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
|
13.07.2009 13:42 |
Шаноўныя браты ў біскупстве, умілаваныя браты ў Хрыстовым святарстве, дарагія алюмны духоўных семінарый, шаноўныя законнікі і законніцы, умілаваны люд Божы Каталіцкага Касцёла на Беларусі! Пры сённяшнім усё хутчэйшым тэмпе жыцця, ва ўмовах пастаяннай мітусні нам неабходна прыпыніцца, каб знайсці час на роздум, на глыбейшае пазнанне важных для нашага жыцця праблем. Адной з такіх праблемаў, над якой нам трэба засяродзіцца, з’яўляецца пакліканне да святарства і роля святара як у жыцці асобнага верніка, так і ў жыцці ўсяго Касцёла. У гэтыя дні ў нас ёсць асаблівая нагода, каб паразважаць пра гэта, таму што неўзабаве мы будзем адзначаць гадавіну радаснай падзеі, цудоўны юбілей святарства. Шэсцьдзесят пяць гадоў назад, 8 красавіка 1939 года, пасля заканчэння духоўнай семінарыі ў Пінску сённяшні іерарх Каталіцкага Касцёла на Беларусі Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк прыняў з рук біскупа Казіміра Букрабы сакрамэнт святарства. Пачатак святарства шаноўнага Юбіляра не быў лёгкім – распачалася вайна і пераслед Касцёла. Некалькі разоў святара арыштоўвалі, дзесяць гадоў ён быў вязнем сталінскіх лагераў. Пяцьдзесят гадоў назад, у 1954 годзе, Казімір Свёнтэк быў вызвалены і распачаў душпастырскую працу ў Пінску. У красавіку 1989 года ён быў прызначаны Генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі, праз два гады – 21 мая 1991 года – менаваны біскупам. Дзесяць гадоў назад, у лістападзе 1994 года, біскупу Казіміру Свёнтку была нададзена годнасць кардынала. Але сярод гэтых важных гадавін галоўнае месца займае ўсё ж гадавіна святарскіх пасвячэнняў, таму што святарства з’яўляецца асновай усіх іншых падзей у жыцці шаноўнага Юбіляра. Святы Айцец Ян Павел ІІ падчас пяцідзесятай гадавіны сваіх святарскіх пасвячэнняў адзначаў, што такая падзея як юбілей пасвячэнняў з’яўляецца добрай нагодай для разважання на тэму святарства, глыбейшага разумення яго сутнасці. У нашай краіне разуменне сутнасці святарства з’яўляецца вельмі важнай неабходнасцю. Згадаем, што ва ўсходняй частцы Беларусі, на ўсёй яе велізарнай прасторы ў выніку пераследу Касцёла не было аніводнага каталіцкага святара. Такая сітуацыя працягвалася многія дзесяцігоддзі. У выніку некалькі пакаленняў католікаў былі цалкам пазбаўлены магчымасці кантакту са святаром. На іншых тэрыторыях святары хоць і былі, але іх не хапала. Магчымасць кантакту вернікаў са святарамі абцяжарвалася шматлікімі перашкодамі, а для дзяцей і моладзі такі кантакт наогул быў забаронены. Адначасова вялася прапаганда з мэтаю падарваць давер да святароў і высмеяць святарства. Гэта прывяло да таго, што некаторыя людзі і сёння не заўсёды добра ўсведамляюць, кім з’яўляецца каталіцкі святар і якое ён мае заданне. Паспрабуем асэнсаваць: чым з’яўляецца святарства, якую місію выконвае каталіцкі святар? Гэта не простае заданне, таму што, як падкрэслівае Святы Айцец Ян Павел ІІ, «кожнае святарскае пакліканне ў сваёй найглыбейшай аснове – гэта вялікая таямніца, гэта дар, які бясконца пераўзыходзіць чалавека» (Дар і Таямніца, І). Пакліканне з’яўляецца таямніцай Божага абрання. Хрыстус сам сказаў гэта, звяртаючыся да сваіх вучняў: «Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб ішлі і прынеслі плод, і каб плод ваш трываў» (гл. Ян 15, 16). У Пасланні да Габрэяў чытаем: «І ніхто сам сабе не бярэ гэтай годнасці, але толькі той, хто пакліканы Богам, як і Аарон» (гл. Гбр 5, 4). Ёсць і застанецца таямніцай Бога: чаму Ён выбірае на сваю службу тых ці іншых людзей, даючы ім разам з пакліканнем адпаведныя духоўныя, інтэлектуальныя і фізічныя схільнасці. Пра гэта вельмі добра сказаў Святы Айцец Ян Павел ІІ: «Людскія словы не ў стане ўзняць цяжар таямніцы, якую нясе ў сабе святарства». Бог не кліча і не выбірае чалавека толькі дзеля дабра самога пакліканага. Святарскае пакліканне з’яўляецца дарам для ўсёй супольнасці Касцёла. Пакліканы Богам павінен служыць люду Божаму, і гэтаму вучыць аўтар Паслання да Габрэяў: «Кожны першасвятар, якога выбіраюць з людзей, прызначаны для людзей у справах Божых, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі» (гл. Гбр 5, 1). Хрысціяне на працягу ўсёй гісторыі хрысціянства разумелі святарства як служэнне дзеля карысці духоўнага дабра вернікаў. Сутнасць гэтага служэння заключалася ў адным: весці людзей да Бога. Вялікі Айцец Касцёла з першых стагоддзяў хрысціянства, святы Грыгоры Назіянзскі, пісаў: «Святар павінен душы акрыляць, адрываць іх ад свету, і вобраз Божы, той, які ёсць, шанаваць, а калі ён знікае – вяртаць, калі становіцца невыразным – аднаўляць і ўводзіць Хрыста ў сэрцы праз Духа Святога». На лацінскай мове слова святар азначае pontifex. Дакладны яго пераклад – той, хто будуе мост. У гэтых словах заключаны глыбокі сэнс сутнасці святарства. Такім чынам, яго сутнасць – будаванне мастоў, наладжванне сувязі паміж чалавекам і Богам. Пакліканы Богам, ідучы за Хрыстовым заклікам «ідзі за Мною», святар аддае сябе, усё сваё жыццё ў распараджэнне Хрыста, каб Той мог карыстацца ім як прыладай збаўлення. Прымаючы ад чалавека гэты дар, Хрыстус паслугуецца яго чалавечнасцю. Праз паслугу святара сам Сын Божы становіцца прысутным сярод людзей. Так Збавіцель працягвае і робіць відавочнай сваю дзейнасць. Найлепш гэта бачна ў часе Святой Імшы, падчас Эўхарыстычнай Ахвяры. Тады святар вымаўляе словы, якія ў Вялікі чацвер, напярэдадні сваёй Мукі, вымавіў сам Езус Хрыстус. Цяпер, праз дваццаць стагоддзяў, святар гаворыць Хрыстовы словы: «Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдадзена. Гэта ёсць Келіх Крыві маёй новага і вечнага Запавету, якая за вас і за многіх будзе праліта дзеля адпушчэння грахоў. Гэта чыніце на Маю памяць». Праз паслугу святара падзеі шматвяковай даўнасці, а менавіта Мука, Смерць і Уваскрэсенне Хрыста становяцца рэчаіснасцю тут і цяпер, на алтары. Тое, што ўчыніў Хрыстус на алтары крыжа, а перад гэтым устанавіў у Вячэрніку як сакрамэнт, святар здзяйсняе цяпер моцай Святога Духа. Словы, якія вымаўляе святар, маюць тое ж самае значэнне, што і словы Хрыста падчас Апошняй Вячэры. Сам Сын Божы становіцца прысутным, каб быць з намі «ва ўсе дні, аж да сканчэння свету» (гл. Мц 28, 20). Гэта ёсць, як вучыць Святы Айцец Ян Павел ІІ, «таемная, хвалюючая ўлада, якую святар мае над Эўхарыстычным Целам Хрыста. Сілаю гэтай улады ён становіцца даўцам найвялікшага дабра Адкуплення, бо дае людзям самога Адкупіцеля» (Дар і Таямніца, IX). Падобным чынам ад імя Хрыста дзейнічае святар, калі ў сакрамэнце Паяднання выконвае Хрыстовы наказ: «Прыміце Духа Святога! Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны, на кім пакінеце, на тым застануцца» (гл. Ян 20, 22-23). Вымаўляючы словы «я адпускаю табе грахі ў імя Айца і Сына, і Духа Святога », святар дзейнічае моцай Хрыста. Такім чынам ён з’яўляецца не толькі сведкам, але і прыладай Божай Міласэрнасці. Святар працягвае і робіць відавочнай дзейнасць Хрыста ў свеце таксама і тым, што абвяшчае Яго Слова, пераказвае радасную навіну – Евангелле. Гэта, як вучыць ІІ Ватыканскі Сабор, з’яўляецца абавязкам святара (Presbyterorum ordinis, 4). У сучасным свеце, перанасычаным інфармацыяй, чалавек губляецца і не заўсёды можа адрозніць праўду ад фальшу, знайсці сваё месца ў свеце і зразумець мэту свайго жыцця. Чалавек часта губляе надзею, і тады яму вельмі патрэбны словы Добрай Навіны, каб зразумець, што ён умілаванае Дзіця Божае, што ён мае ў небе Айца. Трэба нагадваць пра гэтую поўную надзеі праўду, бо «так палюбіў Бог свет, што паслаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае». Абвяшчэнне Добрай Навіны павінна скіроўваецца на тое, каб чалавек не адчуваў сябе адзінокім у свеце. Пачутае слова павінна весці яго да спаткання з Хрыстом, які заўсёды прысутнічае сярод нас, асабліва ў таямніцы Эўхарыстыі. Такім чынам, абвяшчэнне Евангелля і Эўхарыстыя цесна звязаныя з сакрамэнтам святарства. Сучасны чалавек прагне Хрыста, хоць не заўсёды добра ўсведамляе гэта. З патрэбамі эканамічнага, палітычнага або грамадскага характару ён можа звярнуцца да іншых людзей, але Хрыста, які прысутнічае ў поўным надзеі слове, Хрыста, з якім можна сустрэцца ў сакрамэнце пакаяння, Хрыста, прысутнага ў сакрамэнце Эўхарыстыі, ён просіць толькі ў святара. І ў гэтым заключаецца каштоўнасць святарства і незаменная роля святароў. Сёння мы дзякуем добраму Богу за дар святарскага служэння Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка на працягу шасцідзесяці пяці гадоў. Мы ўдзячныя Богу за тое, што шаноўны Юбіляр многія гады атуляе сваёй пастырскай апекай усіх нас. Будзем жа прасіць у Бога, асабліва сёння, шчодрых ласкаў для нашага арцыпастыра. Няхай мужнае сведчанне веры ў цяжкія часы пераследу і ахвярная праца ксяндза кардынала на карысць адбудовы структур Каталіцкага Касцёла на Беларусі будуць прыкладам для наследавання тым маладым людзям, якіх Хрыстус кліча на сваё служэнне. Гады змагання з Касцёлам, недахоп духоўных семінарый, немагчымасць падрыхтоўкі новых святароў – усё гэта яшчэ доўга будзе адчувацца. Аднак мы ведаем, што святарскія пакліканні – гэта Божы дар. Памятаем таксама словы Хрыста: «Жніво вялікае, але работнікаў мала. Прасіце ж Пана жніва, каб паслаў работнікаў на сваю ніву» (гл. Мц 9, 37). Таму звяртаемся да ўсіх вернікаў Касцёла на Беларусі, каб, дзякуючы Богу за дар святарства нашага Мітрапаліта, мы маліліся аб шматлікіх і добрых пакліканнях да святарства. Мы звяртаемся да маладых людзей, якія пачуюць у сваіх сэрцах заклік Хрыста «ідзі за Мной», каб яны не баяліся, але самааддана і радасна пайшлі за голасам Збавіцеля, таму што святарскае пакліканне, паводле слоў Святога Айца, – гэта «евангельскі скарб, за які варта аддаць усё» (пар. Мц 13, 44). Няхай Марыя, Маці святароў, выпрошвае для ксяндза кардынала патрэбныя ласкі, а для ўсяго люду Божага Беларусі новыя, шматлікія і святыя пакліканні да святарства. Біскупы Каталіцкага Касцёла на Беларусі |
Вялікія Свіранкі — парафія Св. Юрыя
|
 | Фота grodnensis.by | Тэл.: (8-01591) 3-79-29; 3-79-30
фРасклад набажэнстваў (магчымы змены)
- Св. Імша ў нядзелю і святы — 12.00
Адпуст: 23 красавіка ыЗ гісторыі парафіі
Парафія створана ў 1671 г., сённяшні касцёл пабудаваны ў II палове XIX ст., зачынены ў 1951 г. i перароблены ў магазін, вернуты ў 1998 г., адбудаваны ў 1999 г. ц
 | Фота grodnensis.by | Падольцы — капліца Маці Божай Чэнстахоўскай, пабудавана ў 1995 г., асвечана 14.05.1995 г. Св. Імша ў нядзелі і святы — 13.30 |
Паведамленне з ХХ Пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
|
13.07.2009 13:38 |
У сустрэчы прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі на чале са старшынёй ККББ кардыналам Казімірам Свёнткам. У сувязі з юбілеямі і гадавінамі з жыцця Старшыні ККББ у 2004 г. – 90-годдзем з дня нараджэння (21 кастрычніка), 65-й гадавінай святарскіх пасвечанняў (8 красавіка), 10-годдзем кардынальскай дзейнасці (26 лістапада), 50-годдзем вызвалення з Гулагу, 50-й гадавіны працы ў Пінску – сабраныя абмеркавалі, якім чынам будуць адзначацца гэтыя важныя даты. Пачатак урачыстасцяў адбудзецца 8 красавіка ў Пінску. У Віцебскай дыяцэзіі Кс. Кардынал правядзе юбілейнае набажэнства 26 чэрвеня ў Відзах каля Браслава; у Гродзенскай дыяцэзіі – 3 ліпеня ў Марыйным дыяцэзіяльным санктуарыі ў Тракелях каля Ліды. Працяг Юбілею запланаваны на 21 кастрычніка ў Мінску. Таксама прапанавана правесці ўрачыстае набажэнства ў касцеле св. Джэрарда Маёлі ў Рыме 26-27 лістапада. Старшыня паінфармаваў сабраных аб падрыхтоўцы Паўсюднага Касцёла да ХІ Сіноду Біскупаў, які адбудзецца ў Рыме 2-29 кастрычніка 2005 г. Тэмай Сіноду будзе “Эўхарыстыя – крыніца і вяршыня жыцця і місіі Касцёла”. Старшыня паінфармаваў таксама аб працах у Касцёле над скарочанай версіяй Катэхізіса Каталіцкага Касцёла і аб прыблізным тэрміне выдання гэтай версіі (150 старонак). Віцебскі ардынарый паінфармаваў аб утварэнні ў яго дыяцэзіі касцельнага суда. З дазволу Ксяндза Кардынала другой інстанцыяй суда для Віцебскай дыяцэзіі будзе касцельны суд Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У сувязі з небяспекай, якая існуе для жыцця чалавека на розных этапах яго развіцця і неабходнасці яго абароны сабраныя вырашылі выдаць Пастырскі ліст ККББ на гэтую тэму і абвясціць яго ва ўсіх касцёлах на Беларусі ў 3-ю Вялікодную нядзелю. Вялося абмеркаванне сацыяльнага страхавання грамадзян Беларусі, якія працуюць у рэлігійных арганізацыях. Абмяркоўваліся таксама справы, звязаныя з дапамогай, прызначанай для ахвяраў землятрусу ў Іране. Была падкрэслена ахвярнасць вернікаў і іх адкрытасць на праблемы пацярпелых. Біскуп Антоні Дзям’янка, Генеральны сакратар ККББ |
Пастырскі ліст Біскупа Аляксандра Кашкевіча на Вялікі пост 2004 года
|
13.07.2009 13:37 |
Умілаваны люд Божы Гродзенскай дыяцэзіі! Каляндарная зіма яшчэ не скончылася, але мы ўжо ахоплены прадчуваннем тых дзён, калі скаваная холадам і заледзянелая зямля абудзіцца ад сну і расквітнее новым жыццём пад цёплымі промнямі вясновага сонца. Менавіта ў такі час разам з усім Касцёлам мы перажываем літургічны перыяд, які называецца Вялікім пастом. Гэта асаблівы час. Усе нашы думкі ў гэты перыяд скіраваны да Езуса Хрыста, Які з любові да нас дабравольна згадзіўся на жудасныя пакуты і аддаў сваё жыццё, прыбіты да цвёрдага дрэва крыжа. Для кожнага з нас Вялікі пост — гэта шанц для ўнутранай перамены, для навяртання, яшчэ адна нагода задумацца над сваім жыццём і змяніць да лепшага тое, што павінна быць зменена. Евангелле, якое чытаецца ў касцёлах у першую нядзелю Вялікага посту, апавядае пра спакушэнне Хрыста ў пустыні. Спакусы датычылі штодзённага хлеба, улады, славы і даверу да Бога, але Езус распазнаў крывадушнасць спакусніка і рашуча адхіліў іх. На жаль, спакусы, якімі сатана выпрабоўваў Езуса Хрыста, заўсёды актуальныя і не абыходзяць кожнага з нас. Таму нам трэба навучыцца распазнаваць хлуслівасць спакуснікаў нашага часу і рашуча адхіляць іх прапановы. Спынімся хаця б на той спакусе, у якой сатана паказвае ўсе валадарствы свету і абяцае аддаць усё гэта Хрысту, аднак, узамен хоча, каб Хрыстус пакланіўся яму і ўшанаваў як Бога. Езус адказаў: «Пану Богу свайму пакланяйся і Яму аднаму служы». На жаль, і ў наш час дастаткова тых, хто зводзіць людзей, пляце перад іх вачыма прывабнае павуцінне прыгожых вобразаў і хоча адарваць ад веры ў праўдзівага Бога. Гэтыя спакуснікі накіроўваюць маласвядомых хрысціянаў на бездарожжа веры: забабоны, прыкметы і нават фанатызм розных сектаў, якія распаўсюдзіліся ў нашай краіне і сеюць спусташальнае зерне ў галовах і сэрцах яе грамадзянаў. У наш час выразна бачныя вынікі вайны з Касцёлам, якая вялася на працягу мінулых дзесяцігоддзяў. Недахоп святароў, забарона катэхізацыі дзяцей і моладзі прывялі большасць людзей да невуцтва ў веры, да павярхоўнасці рэлігійных ведаў. У такіх умовах фальшывыя прарокі заўсёды лёгка знаходзяць прыдатную аўдыторыю. Прыгледзімся да некаторых з іх. На жаль, у нашым грамадстве вельмі папулярнымі з’яўляюцца разнастайныя вераванні і прыкметы, ці, інакш кажучы, – забабоны. Гэта наданне некаторым рэчам, жывёлам, падзеям і нават лічбам важнага значэння і нават звышнатуральнай сілы, якімі яны самі па сабе не маюць. Напрыклад, забабонны чалавек верыць, што нейкі прадмет, калі яго насіць у якасці талісмана, можа абараніць ад няшчасця, што ў такія жыццёва важныя моманты, як шлюб або пахаванне трэба выканаць дадатковыя, нярэдка абсурдныя дзеянні, каб забяспечыць поспех або адвярнуць бяду. Такіх забабонаў у нашым грамадстве існуе шмат. Усе яны прыніжаюць годнасць чалавека. Чалавек павінен кіравацца ў сваім жыцці розумам, а не фатальным страхам перад нечым, чаго ён не разумее. Забабоны — гэта сучасная форма паганскіх вераванняў. У іх няма веры ў Божую любоў, Божую апеку, Божую міласэрнасць, а ёсць вера толькі ў магічныя вынікі нейкіх прадметаў або дзеянняў. Забабоны – гэта грэх, і ад іх трэба катэгарычна адмовіцца. Вера ў магічную сілу пэўных прадметаў або, нават, асобаў можа набыць небяспечныя формы. Перыядычна ў нашым грамадстве з’яўляюцца розныя «знахары», якія нажываюцца на чалавечым няшчасці і прапануюць «цудоўныя аздараўленні». Іх цэлы шэраг – гэта і «бабулькі-шаптухі» з іх заклінаннямі і замовамі ад хваробаў, і біяэнергатэрапеўты, і тыя, дзейнасць якіх непасрэдна абапіраецца на дапамогу нячыстай сілы. Вынікі іх дзейнасці могуць быць вельмі небяспечнымі для людзей, якія карыстаюцца такімі паслугамі. І няхай не падманвае вас тое, што гэтыя людзі нярэдка выкарыстоўваюць рэлігійныя сімвалы, а нават чытаюць хрысціянскія малітвы. Гэтыя жэсты і словы ўжываюцца не ў хрысціянскім духу, але ў духу магічных заклінанняў. Хто жыве ў згодзе з хрысціянскай верай, той шукае ў сваім жыцці благаславення і дапамогі ад Бога, а не ад таямнічых сілаў, якіх можна змусіць да гэтага заклінаннямі. Безумоўна, гісторыя Касцёла ведае цудоўныя аздараўленні, якія здараюцца і цяпер, але ў выпадку іх духоўнае і фізічнае аздараўленне цесна звязаны паміж сабою, а цудатворцам заўсёды з’яўляецца Бог, наш Нябесны Айцец. Немагчыма суаднесці з каталіцкай верай спадзяванне на тое, што лёс чалавека залежыць ад зорак або ад іншых нябесных сілаў. Гараскопы, якім усё больш увагі прысвячаюць у апошні час сродкі масавай інфармацыі, спекулююць на чалавечай цікаўнасці, на жаданні даведацца аб тым, што чакае ў будучыні. А той, хто верыць гараскопам, наіўна прызнае, што яго лёс залежыць не ад яго самога, не ад Божага Провіду, але ад космасу, рабом якога ён з’яўляецца. Часта вера ў гараскопы становіцца падмуркам для новага язычніцкага руху, вызнаўцы якога гавораць пра касмічную энергію, практыкуюць варажбу, выклікаюць духаў. Яны вераць у перасяленне душ і іншыя супярэчлівыя хрысціянскай верай рэчы. Гэты рух, які называюць яшчэ светапоглядам «новага веку», з’яўляецца мешанінай будызму, індуізму і прымітыўнага язычніцтва. Яго паслядоўнікі часта выкарыстоўваюць хрысціянскія паняцці, надаючы ім іншы сэнс. Такая дактрына, якая настойліва прапагандуецца некаторымі сродкамі масавай інфармацыі, таксама пярэчыць вучэнню Касцёла і стасуецца з каталіцкай верай. Сапраўднай праблемай, якая стаіць не толькі перад Касцёлам, але таксама перад бацькамі і ўсім грамадствам, з’яўляюцца секты. На Беларусі іх вельмі шмат. Ёсць сярод іх такія, якія падпарадкоўваюць чалавека настолькі, што пазбаўляюць яго здольнасці карыстацца розумам і свабодай волі, чалавека змушаюць да абсалютнай паслухмянасці кіраўнікам секты, якія вельмі часта лічаць сябе прарокамі і нават ставяць на месца Бога. Многія секты называюць сябе паслядоўнікамі Хрыста, аднак яны настолькі скажаюць навуку Хрыста, што іх удзельнікі не могуць называцца хрысціянамі. Адны секты, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі, маюць усходняе паходжанне і рысы азіяцкіх вераванняў, другія з’яўляюцца мешанінай розных поглядаў і культаў, выбраных адвольна кіраўнікамі груп. Аднак усе секты маюць агульную рысу, па якой іх можна распазнаць. Заўсёды на чале секты стаіць кіраўнік, які патрабуе абавязковай паслухмянасці. Сектанты лічаць сябе элітай і перакананыя, што толькі яны будуць збаўленыя. Лагічнае мысленне ў сектах падаўляецца, а думкі і пачуцці людзей узятыя кіраўнікамі пад кантроль. Кіраўнікі сектаў часта вымагаюць ад іх удзельнікаў разрыву з сям’ёй і вялікіх грашовых унёскаў. У некаторых сектах для падпарадкавання выкарыстоўваюцца сродкі псіхічнага ўздзеяння. Святыя сакрамэнты і аўтарытэт Касцёла ўсе секты адмаўляюць. Адной з прычын распаўсюджвання сектаў з’яўляецца нізкая рэлігійная адукацыя католікаў і праваслаўных. Секты прапануюць людзям, стомленым аднастайнасцю жыцця, хуткае вырашэнне іх праблемаў, але гэта шлях уцёкаў ад жыцця, ад адказнасці за сябе і іншых. Прадстаўнікі сектаў падступна ўкараняюцца ў розныя групы моладзі і тут, сярод людзей, якім не хапае жыццёвага вопыту і якія прагнуць добразычлівасці, знаходзяць сваіх ахвяраў. Часта яны дзейнічаюць пад выглядам грамадска-адукацыйных або лекавых цэнтраў, прапануюць усходнія сістэмы трэнінгу, прапагандуюць рознага тыпу дыеты, каб толькі наладзіць кантакты з моладдзю. Бацькі-католікі павінны звярнуць пільную ўвагу на асяроддзе, у якім праводзяць час іх дзеці, аднак не менш важным застаецца веданне прынцыпаў хрысціянскай веры і маральнасці. Трэба больш настойліва клапаціцца пра рэгулярную катэхізацыю дзяцей і моладзі, трэба таксама, каб сярэдняе пакаленне, якое было пазбаўлена магчымасці атрымаць у свой час рэлігійную адукацыю, хацела ліквідаваць, пранамсі часткова, свае прабелы ў гэтай сферы. Для гэтага існуюць каталіцкія газеты, часопісы і кнігі. Яны даступныя кожнаму, трэба толькі захацець іх прачытаць. Трэба слухаць праграмы каталіцкага радыё. Трэба пазнаваць сваю веру, свайго Бога, каб фалышывым прарокам нашага часу даць адказ, які даў Езус спакусніку ў пустыні: «Пану Богу свайму пакланяйся і Яму аднаму служы». Не дастаткова ведаць прынцыпы веры, неабходна ўмацаваць сваю веру малітваю. Святы Айцец заклікае нас у часе гэтага Вялікага посту асаблівым чынам чытаць Малітву Панскую. Гэту малітву нам даў сам Сын Божы, Езус Хрыстус. У ёй змешчаны просьбы аб усім, што нам патрэбна ў жыцці, не абмінаючы таксама зямных патрэбаў. Аднак перадусім яна вучыць, што мы маем у небе Айца і Яму павінны давяраць, да Яго звяртацца з просьбамі, Яму служыць, засцерагаючы сябе і сваіх блізкіх ад фальшывых прарокаў. Няхай Марыя, Сталіца Мудрасці, выпрошвае для ўсіх нас, сваіх дзяцей, сапраўдную мудрасць, якая вельмі патрэбна ў гэтыя цяжкія часы. На велікапосныя пастановы для ўзрастання ў веры і любові да Бога і да людзей да ўсяго сэрца благаслаўляю. У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Аляксандр Кашкевіч, Гродзенскі біскуп |
Калядныя і Навагоднія пажаданні Пастыра Віцебскай дыяцэзіі
|
13.07.2009 13:31 |
“О Зорка Бэтлеему, засвяці на небе маім. Так шукаю Цябе сярод ночы, прагну святла Твайго”.
Умілаваныя ў Пане, Браты і Сёстры! Разгараецца над светам Зорка, абвяшчаючы надыход Эмануэля, што застанецца з намі як “Бог з намі”, Даўцам супакою і Крыніцаю радасці. Зорка звястуе прыход Пана ўсім людзям на зямлі, як вернікам, так і тым,хто не верыць у Яго. Гэта вялікая радасць, якая ўжо больш дзвюх тысяч гадоў апраменьвае ўсю зямлю. Радасць, якая ахоплівае і нашу дыяцэзіяльную супольнасць, што 13 кастрычніка 2004 г. будзе адзначаць пяцігоддзе свайго існавання. Віцебская дыяцэзія была ўтворана рашэннем Святога Айца Яна Паўла ІІ 13 кастрычніка 1999 года і ўключае ў сябе тэрыторыю Віцебскай вобласці. Пяць гадоў нашай дыяцэзіі – невялікі, але разам з тым значны юбілей. З’яўляецца ён нагодаю для падзякі Богу за Яго прысутнасць сярод нас, у нашых сэрцах, дамах і сем,ях, у супольнасцях парафіяльных. У год юбілею прагнем падзякаваць Хрыстусу за кожнага каплана,кожную сястру і брата законнага, кожнага клерыка і за кожнага з Вас, Сястра і Брат. Відавочным знакам нашай удзячнасці Богу будзе асвячэнне новых святыняў у Шуміліне і Наваполацку, асвячэнне адбудаваных касцелаў ва Ушачах і Відзах. Капліцы ў Бярозаўцы. Супольнай вялікай радасцю стануць капланскія пасвячэнні ў траўні ў Глыбокім. Дарагія мае Дыяцэзыяне! Дзелячыся радасцю з нагоды Таямніцы Нараджэння Пана Езуса, Які прыносіць супакой людзям добрай волі, выказваю ўсім Капланам, Сёстрам законным, Дыяканам, Клерыкам і Братам законным, усім Вернікам Віцебскай дыяцэзіі сардэчныя віншаванні і найлепшыя пажаданні з нагоды Свята Божага Нараджэння і Новага Года. Няхай Міласць, што нарадзілася ў Бэтлееме больш 2000 год таму, падтрымлівае Вашу Веру і надзею на лепшае ў Новым 2004 годзе і ўзмоцніць Вас, каб Вы з радасцю спявалі разам з анёламі: ”Хвала Богу на вышынях, а на зямлі супакой людзям добрай Волі. Няхай гэты спеў будзе гімнам удячнасці за пяць гадоў існавання Віцебскай дыяцэзіі і за ўсё добрае, што здзейснілася цягам тых пяці гадоў у нашых парафіях і сем’ях. Каханым Капланам, Сёстрам законным і ўсім Вернікам Віцебскай дыяцэзіі на радаснае святкаванне Народзінаў Пана і шчаслівыя дні Новага Года ўдзяляю пастырскае Благаславенне. + Уладыслаў Блін Біскуп Віцебскі |
Пастырскі ліст Ксяндза Біскупа Ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі на Нядзелю Святой Сям’і
|
13.07.2009 13:30 |
Разам з усім Касцёлам ва ўсім свеце мы перажываем час адзінай у гісторыі падзеі, калі больш за дзве тысячы гадоў таму назад Бог у сваёй бязмежнай любові да людзей даў нам свайго Адзінароднага Сына, які нарадзіўся ў Бэтлеем. Перажываем час Божага Нарадження. Словы Божыя, якія слухаем у гэтыя дні, дазваляюць нам зразумець адносіны, якія былі ў сям’і Езуса, Марыі і Юзафа. Напэўна , усё тое, што перажывалі яны, клопаты і турботы, якія іх хвалявалі, вельмі падобныя сёння да нашых. Евангелле, якое чытаем сёння і якое традыцыйна завецца нядзеляй Святой Сям’і паказвае нам заклапочанасць Марыі і Юзафа з прычыны страты Езуса ў Ерузаліме. На жаль, радаснае свята ў пэўным моманце змяняецца ў трагедыю. Марыя і Юзаф губляюць з вачэй Езуса, які затрымліваецца ў святыні, каб паслухаць, пагутарыць і паразважаць з настаўнікамі. Гэты момант нам, людзям, вельмі знаёмы. Мы добра разумеем іх перапалох: іх боль сэрца, іх слёзы... Яны добра ведалі, хто такі малы Езус. Ведалі, што ён з’яўляецца Богам, так як гэта было аб’яўлена. Значыць яны згубілі Бога. Ці гэтая трагедыя не прыпамінае нам шмат людзей, якія ў сваім жыці губляюць Бога? Гэтыя людзі губляюць не толькі Бога, але і губляюцца самі сябе ў тым жыцці, якое робіцца незразумелым, пераблытаным і неасэнсоўваным. Адбываецца гэта таму, што губляючы Бога, які ёсць любоўю, мы не можам да канца любіць. Навучаныя словамі Святога Айца Яна Паўла ІІ прыпамінаем: “Чалавек не можа жыць без любові. Чалавек застаецца сам для сябе стварэннем не зразумелым, яго жыццё не мае сэнсу, калі яму не абявіцца Любоў, калі ён не сустрэнецца з Любоў’ю, калі ён не зможа дакрануцца да яе і не зможа зрабіць яе сваёю і калі не знойдзе ў ёй жывога ўдзельнцтва.” (Redemptor Hominis, 10) Асноўным месцам , дзе чалавек зможа праявіць і рэалізаваць гэтую любоў, вучыцца кахаць іншых і адчуваць сябе каханым – гэта сужэнства і сям’я. А пачынаецца ўсё гэта з урачыстага святога сакрамэнту сужэнства, які прымаецца перад Богам і перад Касцёлам. Словы гэтай прысягі: “Бяру цябе, (...) у жоны – мужы і абяцаю табе любоў, узаемаразуменне, быць адданай і вернай і не пакідаць цябе аж да смерці” зразумела і ясна акрэсліваюць тое, што для сужэнства з’яўляецца самым галоўным і каштоўным у жыцці. Муж і жонка прысягаюць адзін аднаму каханне, вернасць і прыстойнасць аж да смерці. Блізкай да гэтага таксама з’яўляецца вельмі важная праблема аб нашчадках і іх выхаванні. Для захавання хрысціянскай маралі прыняцце і выхаванне будучага пакалення – гэта дзве асноўныя мэты сям’і і з’яўляюцца асноўнай мэтай гэтага шлюбу. Вядома, што ў большасці нашых сем’яў гэта так і ёсць, таму што жыццё ў асноўным грунтуецца на любові, на ўзаемаразуменні, на клопатах аб другім чалавеку, на клопатах пра тое, каб не мне было добра з іншымі, а каб добра было іншым са мною. Гэта здзейсняецца толькі тады, калі муж і жонка адкрыта прымаюць ласкі святога сакрамэнту сужэнства, калі жывуць з дзецьмі не толькі для сябе, але і для Таго, які за нас памёр на крыжы і змёртвыхпаўстаў. Нажаль, і вельмі нам прыкра тое, што ў шматлікіх сем’ях рэчаіснасць зусім іншая, што шмат іх па розных прычынах перажываюць сур’ёзны крызіс. Таму сярод іх ёсць маці, якія жывуць у адзіноце, сужэнства, якія жывуць у сепарацыі, пакінутыя дзеці, а магчыма нават дайшло да скасавання сям’і. Трэба мець на ўвазе яшчэ і тое, што ў нашым грамадстве балючай праблемай з’яўляецца сужэнства мешаныя, калі адна з старон – каталіцкая, а другая належыць да іншай веры некаталіцкай. І таму гэта бывае драматычна: для аднаго – гэта як жыцёвы проігрыш, для другога – як асабістая трагедыя. Перажываючы за ўсё гэта, Касцёл не ўхіляецца ад гэтых цяжкіх праблемаў, як і тое, што не лічыць,” што ён існуе для таго, каб выдаваць бязлітасны і бяздушны суд над імі, але жадае разсвятліць цемру людскіх драмаў праменнямі Божага Слова, апіраючыся на сведчанні Яго Божай міласэрнасці” (Ecclesia In Europa, c. 92). Святы Айцец паслядоўна падкрэслівае, што вернікі, якія скасавалі шлюб, а пасля яшчэ раз уступілі ў сужэнскі саюз, не гледячы на тое, што яны ўжо пазбаўленыя сакрамэнту сужэнства, яны “не выключаны із супольнасці, а наадварот, яны пакліканыя, каб прымаць удзел у іх жыцці, замацовуючы дух загадаў евангелля” (c. 93). Для таго, каб лягчэй можна было “разсвятліць цемру людскіх драмаў”, Касцёл мае яшчэ магчымасць праз судовы працес, які можа прызнаць несапраўднасць шлюбу. Трэба толькі даказаць, што гэта сужэнства было несапраўдное ад самага яго пачатку. Бывае і такое, што сужэнства як быццам на першы погляд адбылося нармальна, але сапраўдным яно не лічыцца. Адбываецца гэта тады, калі не да конца былі захованыя ўсе юрыдычные патрэбавання альбо сужонкі не выконвалі ўсіх абяцанняў, якія павінны былі выконваць. Але, і гэта трэба падкрэсліць, што распад сужэнства не заўсёды азначае яго несапраўднасць. Сужэнства толькі тады лічыцца несапраўднымі, калі прычына па якой распадаецца сужэнства была да шлюбу альбо калі яна заіснавала ў часе яго існавання. Аднак не мае ні якога значэння для важнасці сакрамэнту сужэнства прычына якая паяўляецца пасля шлюбу але раней яе не было. І таму такі судовы працес не можа быць у ніякім разе “скасаваннем сакрамэнту” або “разводам касцёльным” як гэта кажуць у народзе . Таму яшчэ больш увагі трэба будзе звярнуць на падрыхтоўку нарачоных да сакрамэнту сужэнства праз душпатыраў і пробашчаў. У наступным годзе з дапамогай Бога ў нашай Віцебскай дыяцэзіі пачынае дзейнічаць касцёльны суд, які будзе займацца гэтымі справамі. Мэтай яго будзе дапамагаць выравноўваць сцежкі жыцця людзей, але толькі тады, калі для гэтага будуць сапраўдыя прычыны пра якія ўжо ішла размова вышей. Таму просім Маці Божую Валадарку Азёраў у Браславе праз яе ўставеніцтва, каб гэтую новую справу Біскупскага Суда Віцебскай Дыяцэзіі даверыла Богу. + Уладыслаў Блін Біскуп Віцебскі |
|
|