Пастырскі ліст на Божае Нараджэнне 2005 года
|
13.07.2009 15:04 |
«Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім, што там сталася» (Лк 2, 15) «А Слова сталася целам і пасялілася між намі» (Ян 1, 14)
Ва ўрачыстасць Божага Нараджэння нашыя вочы, нашыя вушы, нашыя сэрцы скіраваны да Бэтлеема, да стайні, да ясляў, бо мы жадаем нанава перажыць збаўчую таямніцу ўцелаўлення Божага Сына.
У гэтую святую Бэтлеемскую Ноч адбылася доўгачаканая сустрэча чалавека з Богам. Для таго, каб належным чынам зразумець і адпаведна ацаніць гэтую сустрэчу, неабходна вярнуцца да часу стварэння чалавека, калі Творца пасяліў яго ў раі, дзе чалавек мог не толькі сустракацца з Богам, але і бачыць Яго твар у твар. На жаль, гэты благаслаўлёны час сустрэчы чалавека з Богам працягваўся не вельмі доўга. Па нашэптванні д’ябла чалавек парушыў Божую забарону пазнання дабра і зла і, у якасці пакарання, быў выгнаны з раю, такім чынам страціўшы прывілей сустракацца з Богам і непасрэдна прабываць з Ім. Для чалавека распачаліся доўгія гады, цэлыя стагоддзі зямнога жыцця ў аддаленасці ад Бога — усемагутнага Творцы, магутнага Валадара, суровага Пана. Праўда, за дабро, за змену да лепшага Бог быў літасцівы да чалавека і прабачаў яго, благаславіў яму, але за новыя адступленні, за грахі ізноў сурова караў. Але ж у сэрцы чалавека пастаянна жыла туга па сустрэчы з Богам, па прабыванні з Ім. Аднак калі чалавек усё больш аддаляўся ад Бога, калі замест пашаны адзінага, сапраўднага Творцы чалавек аддаваўся ідалапаклонству, Бог у сваёй адвечнай дабрыні і любові да сваіх стварэнняў вырашыў спаслаць на зямлю свайго Сына, каб адкупіць чалавечы род, каб навярнуць людзей да сапраўднай веры, каб прымірыцца з чалавекам. «Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў, у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына» (Гбр 1, 1–2). «Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16). І вось дзве тысячы гадоў таму назад «Слова сталася целам і пасялілася між намі» (Ян 1, 14). Якім жа дзіўным было прыйсце на зямлю Сына Божага, гэтая сустрэча Бога з чалавекам! Здавалася б, што Сыну Божаму больш пасавала б нарадзіцца ў царскім палацы, а пазней — прыняць уладу і Божай моцай наладзіць ва ўсім свеце парадак, угрунтаваны на Божым праве. Аднак Бог абраў цалкам іншы спосаб прыйсця на зямлю. Святы Лука вельмі сцісла апісвае гэтую найвялікшую з падзей, якія калі-небудзь адбываліся на зямлі: «... надышоў час нарадзіць Ёй. І нарадзіла Сына свайго першароднага, і спавіла Яго, і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе» (Лк 2, 6–7). Сярод тых, хто акружаў Дзіцятка Езуса ў бэтлеемскай стайні, не было магутных гэтага свету, а былі толькі пакорная Марыя, убогі Юзаф, некалькі наёмных пастухоў і пара жывёлінаў. А нованароджаны Сын Божы? Ён ляжаў у яслях, бездапаможна варушыў ручкамі, чакаў матчынага малака і час ад часу плакаў ад холаду. Толькі спеў анёлаў «дакументаваў» таямніцу прыйсця Божага Сына на зямлю. Так выглядала сустрэча Бога з чалавекам. Таямніца Божага Нараджэння ў сваім глыбокім вымярэнні з’яўляецца надзвычайнай сустрэчай чалавека з Богам і Бога з чалавекам на працягу гісторыі чалавецтва. У Бэтлееме Юдэйскім распачалася найпрыгажэйшая гісторыя перакрыжавання шляхоў Бога і чалавека: стары свет граху і новы свет ласкі, любоў і прымірэнне дасягаюць найбольшай блізкасці, што адкрывае новую перспектыву гісторыі чалавека і свету. Бог увайшоў у гісторыю чалавецтва, у біяграфію кожнага чалавека, каб выбавіць нас з няволі граху, каб мы нанава «ад Бога нарадзіліся» (пар. Ян 1, 13), сталіся братамі Яго Сына і Яго ўсыноўленымі дзецьмі. У Бэтлееме сустракаюцца вялікая любоў Бога і шчырая вера чалавека. Праз бэтлеемскую стайню Бог спяшаецца да людзей, а людзі вандруюць да Яго. Божы Сын стаў блізкі чалавеку, пасяліўся між людзей: Ён з імі, сярод іх і для іх. Там, у стайні, да Яго працягнуліся шматлікія рукі. І найбольш чулыя рукі Маці, і поўныя клопату рукі Юзафа, і спрацаваныя рукі пастухоў, і добразычлівыя рукі, якія перанеслі Божае Дзіцятка з ясляў у дом, і рукі вучоных Мудрацоў з Усходу. Але да Дзіцяці працягнуліся таксама і рукі нянавісці, забруджаныя крывёю забітых бэтлеемскіх немаўлят. Гэтая Бэтлеемская Ноч сталася сапраўды ноччу чалавечых рук, працягнутых да Бога. Праз трыццаць гадоў скрытага жыцця ў Назарэце Божы Сын Езус Хрыстус распачаў сваю публічную збаўчую дзейнасць. У нястомных сустрэчах з людзьмі на працягу трох гадоў Ён абвяшчаў Добрую Навіну любові да Бога і бліжняга, чыніў шматлікія цуды і ахвяраваў сябе ажно да смерці — крыжовай смерці — дзеля адкуплення чалавечага роду і прымірэння людзей з Богам. Пасля свайго ўваскрасення і ўнебаўшэсця, верны свайму абяцанню — «не пакіну вас сіротамі» (пар. Ян 14, 18), «і вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (пар. Мц 28, 20), — Езус застаўся ў сваім Касцёле — Яго Містычным Целе, — які атрымаў дары Духа Святога, каб у сустрэчах з людзьмі ў святых сакрамэнтах весці іх да свайго вечнага Валадарства. На Апошняй Вячэры, калі Езус устанавіў Боскую Эўхарыстыю, Ён даў людзям магчымасць штодзённа сустракацца з Ім праз удзел у святой Імшы — аднаўленні Яго крыжовай Ахвяры — праз прыняцце Яго Цела і Крыві ў постацях хлеба і віна, духоўнага спажытку для душы, праз наведванне і адараванне Яго ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, у табэрнакулюме — жывой Эўхарыстычнай Стаенцы. Неабходна часта і доўга заставацца на каленях перад Езусам Хрыстом, утоеным у Эўхарыстыі, каб належным чынам ушаноўваць Яго, каб дзякаваць Яму за атрыманыя ласкі, каб перапрашаць за ўчыненыя знявагі, каб прасіць Яго аб благаслаўленні. І так, пачынаючы ад Бэтлеемскай Ночы, на працягу дзвюх тысяч гадоў ажно да канца гісторыі чалавецтва пастаянна і няспынна адбываюцца сустрэчы Бога з чалавекам і чалавека з Богам. Якія ж невымоўныя дабрыня, міласэрнасць і любоў Бога ў адносінах да людзей! Пастаянныя сустрэчы з Богам даюць чалавеку магчымасць прабываць з Ім ужо ў гэтым зямным жыцці і тым самым гарантуюць атрыманне прывілею вечнага прабывання з Богам у Нябесным Валадарстве. З найлепшымі святочнымі пажаданнямі і пастырскім благаслаўленнем Кардынал Казімір Свёнтэк Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі. |
|
Камунікат 27-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
|
13.07.2009 15:02 |
[13 снежня 2005 г., г. Мінск] У пасяджэнні ўзялі ўдзел усе каталіцкія біскупы ў Беларусі на чале са Старшынёй ККББ кардыналам Казімірам Свёнткам. Прысутнічаў таксама Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Марцін Відаваіч. Дырэктар нацыянальнага «Caritas» прадставіў прысутным праект статуту парафіяльных «Caritas». Пасля ўнясення магчымых заўвагаў біскупаў, статут будзе вынесены на зацвяржэнне Канферэнцыі. Кожны ўдзельнік пасяджэння таксама атрымаў агульную справаздачу аб дзейнасці нацыянальнага «Caritas» за 11 месяцаў бягучага году і план дзейнасці арганізацыі на наступны год. Была зацверджана душпастырская праграма на 2006 год, мэтай якой з’яўляецца асвятленне постаці і набліжэнне вучэння Слугі Божага Яна Паўла ІІ. Згодна з гэтаю праграмай, 16 чысла кожнага месяца Касцёл у Беларусі будзе маліцца за хуткую беатыфікацыю і кананізацыю Слугі Божага Яна Паўла ІІ. Старшыня Рады па пытаннях сужэнства і сям’і ККББ прадставіў прысутным выдадзеныя ў форме брашуры Рэкамендацыі па душпастырстве сем’яў. Пасля рассылкі па парафіях пастановы Рэкамендацый будуць рэалізоўвацца душпастырамі. Сабраныя біскупы зацвердзілі тэмы разважанняў на май 2006 г. Яны будуць прысвечаны рэлігійным рухам і апостальскім групам у Касцёле. Пасля абмену вопытам прысутныя аднагалосна падтрымалі прапанову Старшыні кожны год арганізоўваць у дыяцэзіях сімпозіумы і рэкалекцыі, прысвечаныя пакліканням, з мэтаю паказаць маладым людзям прыгажосць і патрэбу служэння Богу ў духоўным стане. Месцам правядзення такіх сустрэчаў былі вызначаны духоўныя семінарыі. На пасяджэнні былі абмеркаваныя таксама і іншыя душпастырскія патрэбы Касцёла ў Беларусі. Антоній Дзям’янка Генеральны Сакратар ККББ |
Распараджэнне аб несанкцыянаванай дзейнасці моладзевых каталіцкіх арганізацый
|
13.07.2009 15:00 |
У сувязі з тым, што ў апошні час актывізавалася дзейнасць пэўных асобаў, якія называюць сябе моладзевай каталіцкай арганізацыяй, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі лічыць патрэбным растлумачыць духавенству і вернікам Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне, што гэтыя асобы дзейнічаюць без дазволу, а часта і без ведама Касцёльных уладаў. У прыватнасці, у Інтэрнэце з’явіліся абвесткі пра арганізацыю гэтымі асобамі пілігрымкі на сёлетнюю экуменічную сустрэчу моладзі ў Мілане, якую праводзіць супольнасць Тэзэ. Аднак гэтыя «арганізатары» і «лідэры» не былі ўпаўнаважаныя ад імя Касцёла на арганізатарскую дзейнасць кампетэнтнымі Касцёльнымі ўладамі, а таму апошнія не могуць несці ніякай адказнасці за іх дзеянні. Згаданыя асобы таксама выступілі з ініцыятывай арганізацыі курсаў для выдаўцоў парафіяльных бюлетэняў і правядзення з’езду каталіцкай моладзі на нацыянальным узроўні. Беручы пад увагу адсутнасць інфармацыі пра гэтых асобаў, а таксама іх яўна недастатковую кампетэнтнасць у названых пытаннях, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў лічыць немагчымым прызнаць за імі паўнамоцтвы, на якія яны прэтэндуюць, і не дазваляе духавенству і вернікам Каталіцкага Касцёла ў Беларусі падтрымліваць іх дзейнасць і ўдзельнічаць у гэтых праектах і ініцыятывах. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі заклікае ўсіх удзельнікаў неафіцыйных арганізацый і груп, якія называюць або лічаць сябе каталіцкімі, спыніць несанкцыянаваную дзейнасць, бо яна падрывае дысцыпліну ў мясцовым Касцёле на Беларусі і наносіць шкоду яго адзінству. Канферэнцыя таксама нагадвае пра неправамоцнасць у адпаведнасці з Кодэксам Кананічнага Права і з агульнапрынятымі нормамі міжнароднага права выкарыстання назвы «каталіцкі» без дазволу кампетэнтных Касцёльных уладаў і лічыць неадпаведным маральным прынцыпам выкарыстоўваць словы «каталік, каталікі» у назвах груп, не зацверджаных тымі ж уладамі. Разам з тым Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі настойліва рэкамендуе пробашчам давесці да ведаму аніматараў парафіяльных моладзевых груп і ўсіх асобаў, адказных за працу з моладдзю, пра недапушчальнасць у межах іх дзейнасці любых кантактаў з прадстаўнікамі несанкцыянаваных арганізацый і рухаў рэлігійнага, грамадскага або палітычнага кірункаў. Канферэнцыя таксама нагадвае, што права змяшчаць інфармацыю адносна жыцця Касцёла маюць выключна зарэгістраваныя каталіцкія выданні і інфармацыйны партал catholic.by у сеці «Інтэрнэт». За інфармацыю, змешчаную ў іншых крыніцах, Касцёльныя ўлады адказнасці не нясуць. Кардынал Казімір Свёнтэк Старшыня ККББ |
Паведамленне з XXVI Пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
|
13.07.2009 14:57 |
[27 верасня 2005 г., Мінск] У пасяджэнні прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі на чале са старшынёй ККББ кс. кардыналам Казімірам Свёнткам. На пасяджэнні прысутнічаў Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Марцін Відавіч, нунцый Апостальскай Сталіцы, а таксама новапрызначаны сакратар нунцыятуры кс. пралат Е.М. Цудны. Старшыня паінфармаваў прысутных, што Год Эўхарыстыі на Беларусі будзе працягвацца да 31 снежня 2005 г., а таксама аб тым, што на лістапад месяц апрацаваны і будуць выдадзены тэксты катэхезы і адарацый пра пакліканні. Біскупы зацвердзілі дату правядзення сімпозіума, прысвечанага пакліканням. Ён адбудзецца 18–19 лістапада бягучага года ў Маладзечне. Пастаноўлена таксама, што 3 лістапада г.г. ва ўсіх касцёлах Беларусі будуць служыцца святыя Імшы за памерлых – за святароў і за асобаў кансэкраваных. Біскуп, адказны за агульнае душпастырства, прадставіў праграму на 2006 г., прысвечаную памяці Слугі Божага Яна Паўла ІІ і яго вучэнню. Быў абмеркаваны план катэхетычных заняткаў для дзяцей і моладзі школьнага ўзросту. Старшыня Канферэнцыі заахвоціў прысутных да далейшага збору матэрыялаў аб асобах, якія падчас пераследавання Касцёла далі сведчанне веры. Старшыня перадаў усім членам Канферэнцыі апрацаваныя раней Нормы выступлення духоўных асобаў у мас-медыях. Прысутныя былі паінфармаваныя аб удзеле прадстаўнікоў з Беларусі ў VII Пленарным Кангрэсе Камісіі Біскупаў Еўропы па справах медыяў, які адбыўся 15–18 верасня 2005 г. у Варшаве, а таксама аб тэмах, якія там абмяркоўваліся. На пасяджэнні былі разгледжаны таксама іншыя пытанні аб душпастырскіх патрэбах Касцёла на Беларусі. Біскуп Антоні Дзям’янка, генеральны сакратар ККББ |
Паведамленне з ХXV Пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
|
13.07.2009 14:54 |
[30 чэрвеня 2005 г., Мінск] У пасяджэнні прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі на чале са Старшынёй ККББ кардыналам Казімірам Свёнткам. Прысутнічаў таксама арцыбіскуп Марцін Відавіч, Апостальскі Нунцый на Беларусі. Напачатку старшыня звярнуў увагу, што гэта ХХV юбілейнае пасяджэнне членаў ККББ. Ён узгадаў аб умовах і акалічнасцях першага пасяджэння і намаганнях, якія былі зроблены дзеля таго, каб Канферэнцыя магла выконваць свае абавязкі. Старшыня паведаміў аб рашэнні Апостальскай Сталіцы прадоўжыць тэрмін дзейнасці Статутаў ККББ на 5 гадоў – уключна да 2010 г. Сабраныя падзяліліся меркаваннямі аб душпастырскіх праграмах у парафіях і дыяцэзіях на наступныя 2 гады. Біскупы ўхвалілі прапанову па стварэнні праграмы ўшанавання памяці Божага Слугі Яна Паўла ІІ, працэс беатыфікацыі якога быў урачыста распачаты 28 чэрвеня і падчас Пантыфікату якога адрадзіліся структуры Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Быў прадстаўлены выдадзены нядаўна Кампендыўм Катэхізіса Каталіцкага Касцёла. Біскупы пастанавілі ў бліжэйшы час зрабіць яго пераклад на беларускую мову. Сабраныя абмяркоўвалі справы, звязаныя з фармацыяй кандыдатаў да святарства. Старшыня зазначыў, што арганізоўваецца спецыяльны асяродак для душпастырства пакліканняў. Разглядаліся магчымасці арганізацыі гадавога падрыхтоўчага курсу для кандыдатаў у духоўныя семінарыі. У сувязі з існуючай патрэбай абмяркоўваліся пытанні, якія датычаць сацыяльнага і пенсійнага забеспячэння святароў. На пасяджэнні былі зацверджаны нормы адносна выступлення духоўных асобаў на радыё, тэлебачанні і ў прэсе. Абмяркоўваліся таксама іншыя душпастырскія патрэбы Касцёла на Беларусі. Біскуп Антоні Дзям’янка, Генеральны сакратар KKББ |
Пастырскі ліст Епіскапату Беларусі да вернікаў на Год Эўхарыстыі
|
13.07.2009 14:52 |
«Я — Хлеб Жыцця» (Ян 6, 35). Дарагія святары! Шаноўныя сёстры законныя! Умілаваныя браты і сёстры! У кастрычніку 2004 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ распачаў Год Эўхарыстыі, які будзе працягвацца да кастрычніка 2005 г. У гэты час увесь Каталіцкі Касцёл, усе дыяцэзіяльныя і парафіяльныя супольнасці павінны засяродзіцца на Вялікай Таямніцы, якую пакінуў нам Хрыстус, калі падчас Апошняй Вячэры прамовіў такія знамянальныя словы: «Бярыце і ешце з гэтага ўсе, бо гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана. (...) Бярыце і піце (...) гэта ёсць келіх Крыві Маёй новага і вечнага запавету, якая за вас і за многіх будзе праліта дзеля адпушчэння грахоў», — і дадаў: «Гэта чыніце на Маю памяць». З таго памятнага моманту Касцёл прабывае ў нястомным захапленні перад гэтым дарам, які пакінуў яму Пан Езус, застаўшыся ў Таямніцы Эўхарыстыі. Год Эўхарыстыі, на думку Святога Айца Яна Паўла ІІ, павінен быць своеасаблівым працягам Вялікага Юбілею, калі ўвесь Касцёл быў запрошаны ўглядацца ў аблічча Хрыста. Год Эўхарыстыі мы адзначаем услед за Годам Ружанца, каб уваходзіць у гэтую таямніцу разам з Марыяй, якая найбольш поўна сузірала Аблічча Езуса, Божага Сына, які ад Яе прыняў чалавечае Цела. Менавіта гэтае чалавечае Цела Ён склаў у Ахвяру за збаўленне свету, цудоўным чынам застаючыся з намі і для нас у Таямніцы Эўхарыстыі. Святы Айцец Ян Павел ІІ заклікае ўвесь Касцёл асаблівым чынам сузіраць, ушаноўваць, адараваць гэты невымоўны Сакрамэнт. «Ecclesia de Eucharistia vivit» («Касцёл жыве дзякуючы Эўхарыстыі») — такімі словамі Святы Айцец Ян Павел ІІ распачынае энцыкліку «Ecclesia de Eucharistia». У ёй Папа нагадвае вучэнне ІІ Ватыканскага Сабора, згодна з якім Эўхарыстычная Ахвяра з’яўляецца «крыніцай і разам з тым вяршыняй усяго хрысціянскага жыцця». «Бо ў Найсвяцейшай Эўхарыстыі заключаецца ўсё духоўнае багацце Касцёла, гэта значыць, сам Хрыстус, наша Пасха і Хлеб жывы, які праз сваё ажыўленае Духам Святым і жыватворнае Цела дае жыццё людзям» (EccE, 1). Касцёл нарадзіўся з пасхальнай таямніцы, якая ахоплівае ўсе тыя падзеі, што мелі месца ў Вячэрніку, а пазней — у Садзе Аліўным і, урэшце, нязмерную Крыжовую ахвяру Пана Езуса, якая была прынесена на Кальварыі. Кожная святая Імша з’яўляецца не толькі ўспамінам усіх гэтых падзеяў, але таксама іх актуалізацыяй. Упэўненасцю ў гэтым жыла хрысціянская супольнасць з самага пачатку Касцёла. Ужо ў першых апісаннях Дзеяў Апосталаў можна прачытаць, што яны верна «трывалі ў навуцы апостальскай, у супольнасці і ламанні хлеба, ды ў малітвах» (Дз 2, 42). «Ламанне хлеба» азначае менавіта Эўхарыстыю. «Устанаўленне Эўхарыстыі ў вечар Вялікага чацвярга падчас Апошняй Вячэры сакрамэнтальным чынам папярэджвала падзеі, якія ў хуткім часе павінны былі адбыцца, пачынаючы ад канання ў Гефсіманіі, (...) дзе Хрыстус на малітве перажываў смяротную трывогу, „і быў пот Яго як кроплі крыві, што падалі на зямлю“ (Лк 22, 44). Распачыналася праліццё крыві — тае самай Крыві, якую крыху раней Ён ахвяраваў Касцёлу як напой зба ўлення ў сакрамэнце Эўхарыстыі; канчаткова яна будзе пралітая на Галгофе і станецца прыладаю нашага Адкуплення» (ЕссЕ, 3). Сапраўды, гэта была гадзіна нашага адкуплення. Хрыстус, хоць і перажываў бязмежную трывогу, ведаў, што прыйшоў дзеля гэтае гадзіны: Ён прыйшоў здзейсніць справу адкуплення чалавека — адкуплення ўсіх людзей, бо ўсіх Ён палюбіў. «І што мне сказаць? Ойча, збаў Мяне ад гэтае гадзіны; але ж дзеля гэтае гадзіны Я і прыйшоў» (Ян 12, 27). «У тое месца і ў тую гадзіну духоўна пераносіцца кожны святар, які цэлебруе святую Імшу, разам з супольнасцю хрысціянаў, якая ў ёй удзельнічае» (ЕссЕ, 4). «Кожны раз, калі Касцёл цэлебруе Эўхарыстыю, вернікі могуць пэўным чынам нанава перажываць досвед двух вучняў з Эмаус: „І тады расплюшчыліся ў іх вочы, і яны пазналі Яго“ (Лк 24, 31) (ЕссЕ, 6). Святы Тамаш Аквінскі, вялікі філосаф і тэолаг, які, спасцігаючы глыбіню гэтай Таямніцы, ствараў гімны на ўшанаванне Найсвяцейшага Сакрамэнту, пісаў літургічныя тэксты на свята Божага Цела, паказвае, наколькі слабы чалавечы розум, калі дакранаецца да гэтай вялікай таямніцы: «Праслаўляю з верай, Божа мой, Цябе, Ты пад відам хлеба скрыты для мяне. З сэрцам, поўным веры, Божа, прад Табой, усё губляе вартасць у велічы Тваёй...». Так, «Касцёл атрымаў Эўхарыстыю ад Хрыста, свайго Пана, не ў якасці аднаго з многіх каштоўных дароў, — тлумачыць далей Святы Айцец, — але як найвялікшы дар, бо гэта дар самога сябе, дар уласнай асобы ў яе святой чалавечнасці, а таксама дар Яго справы збаўлення» (ЕссЕ, 11). Mane nobiscum Domine («Застанься з намі, Пане») Глыбокая асабістая сустрэча з Езусам, утоеным у Таямніцы Эўхарыстыі, перамяняе жыццё чалавека. Усемагутны Бог, які ёсць Любоў, Святасць і Мудрасць, стварыў чалавека: «І стварыў Бог чалавека паводле вобразу Свайго, паводле вобразу Божага стварыў яго» (Быц 1, 27). Чалавек, адораны Любоўю, Святасцю і Мудрасцю, паддаючыся спакусам шатана, зацірае ў сабе гэтыя рысы, але калі ў Эўхарыстыі з верай і любоўю да Пана Бога прымае Божае Цела і Кроў, ён аднаўляе і павялічвае ў сабе Любоў, Святасць і Мудрасць. Эўхарыстыя — гэта найбольш дзейсны сродак для таго, каб перамагчы свае недахопы, і самы кароткі шлях да дасканаласці. «Прыйдзіце да Мяне ўсе працуючыя і абцяжараныя, і Я супакою вас» (Мц 11, 28). Эўхарыстыя адкрывае нашыя вочы на пазнанне праўды, а сэрцы напаўняе любоўю. Эўхарыстыя з’яўляецца таямніцай святла «перадусім таму, што ў кожнай святой Імшы літургія Божага слова папярэднічае эўхарыстычнай літургіі: гэта еднасць двух „сталоў“ — стала Слова і стала Хлеба» (MnD, 11). У клопаце пра духоўнае дабро вернікаў Айцы ІІ Ватыканскага Сабора выказалі жаданне, каб была адчынена для вернікаў скарбніца Святога Пісання. Таму Касцёл даў дазвол, каб падчас літургіі чыталіся фрагменты з Бібліі на нацыянальнай мове, зразумелай для ўсіх. Гэта сапраўдны дар, бо «калі ў Касцёле чытаецца Святое Пісанне, прамаўляе сам Хрыстус». Таму пабожнае слуханне Слова і разважанне ў маўчанні так неабходныя для таго, каб Божае Слова ўвайшло ў нашае жыццё і яго асвяціла. Нішто таксама не заменіць гамілію, падчас якой святар растлумачвае прачытанае Слова Божае (гл. MnD, 13). Год Эўхарыстыі накіроўвае позірк веруючых на Езуса ў табэрнакулюме, прысутнасць якога павінна з’яўляцца «нібы полюсам прыцяжэння для ўсё большай колькасці душаў, любячых Яго, здольных доўгі час слухаць Яго голас і амаль адчуваць, як б’ецца Яго сэрца» (MnD, 18). Святы Айцец заахвочвае законныя і парафіяльныя супольнасці распачаць эўхарыстычную адарацыю таксама па-за святой Імшой. Нам трэба доўгі час заставацца на кленчніку перад Езусам Хрыстом, прысутным у Эўхарыстыі, перапрашаць нашай верай і любоўю за тыя занядбанні, забыццё і нават знявагі, якія церпіць наш Збаўца ў многіх месцах свету (гл. MnD, 18). Святы Айцец раіць вернікам звярнуць асаблівую ўвагу таксама на ўдзел у нядзельнай Эўхарыстыі, каб нанава адкрываць і ў поўні перажываць нядзелю як дзень Панскі і дзень Касцёла (MnD, 23). Дазволіць, каб Эўхарыстыя вяла цябе Моц, зачэрпнутая з Эўхарыстыі, вызначае шляхі нашага апостальства. Так было ў выпадку вучняў з Эмаус, якія, пазнаўшы Езуса пры ламанні хлеба, «у той жа час вярнуліся ў Ерузалем» (пар. Лк 24, 33), каб перадаць тое, што ўбачылі і пачулі. Чалавек, які сапраўды перажыў сустрэчу з Езусам, спажываючы Яго Цела і Яго Кроў, не ў стане захаваць толькі для сябе радасць, якую перажывае. Сустрэча з Хрыстом абуджае ў Касцёле і ў кожным хрысціяніне вострую патрэбу сведчыць і евангелізаваць. Словы «Ідзіце ў супакоі Хрыста», якія святар прамаўляе ў канцы кожнай святой Імшы, з’яўляюцца наказам, які пабуджае кожнага хрысціяніна прыняць актыўны ўдзел у распаўсюджванні Евангелля і ажыўлення грамадства хрысціянскім духам (гл. MnD, 24). Хрысціянін павінен дазволіць, каб Эўхарыстыя вяла яго, бо яна з’яўляецца сапраўднай сілай у штодзённасці чалавека і вызначае ў пэўнай ступені праграму яго жыцця. У Год Эўхарыстыі хрысціяне павінны прыкласці намаганні, каб яшчэ з большай моцай сведчыць аб прысутнасці Бога ў свеце. Нельга баяцца казаць пра Бога, але трэба нават з гордасцю насіць знакі веры. Ян Павел ІІ заклікае адкрывацца на «культуру Эўхарыстыі», якая пабуджае актыўна ўдзельнічаць у будаванні больш справядлівага і братэрскага грамадства (MnD, 26). Гэтая культура не дазваляе чалавеку заставацца абыякавым да розных патрэбаў бліжніх. Трэба адкрываць вочы, каб у бліжэйшым аружэнні, у парафіі ці асяроддзі заўважыць людзей, якія ў нястачы, а таксама знаходзіць спосабы добразычлівай дапамогі ім. У гэтых адносінах кожны чалавек можа нешта ўчыніць. Важная не толькі матэрыяльная дапамога — хоць і яна часам бывае неабходнай, каб чалавек мог справіцца з крызісам ці нястачай, — але ж існуюць разнастайныя формы ўбоства: хваробы, самота старых людзей, цяжкасці, якія перажываюць беспрацоўныя, і іншыя няшчасці. «Мы не павінны ашукваць саміх сябе: толькі па ўзаемнай любові і клопату пра патрабуючых нас пазнаюць як сапраўдных вучняў Хрыста (пар. Ян 13, 35; Мц 31–46). Менавіта гэта з’яўляецца крытэрыем, паводле якога будзе мерацца сапраўднасць нашых эўхарыстычных цэлебрацый» (MnD, 28). «Прымаючы ўдзел у Эўхарыстыі, мы можам ужо тут, на зямлі, перажываць неба, валодаць гэтым шчасцем як прадчуваннем будучай паўнаты, якая абдыме чалавека да канца» (EccE, 18). «У гэты Год не перастаём дзякаваць Богу за тое, што «ў пакорным знаку хлеба і віна, перамененых у Яго Цела і Яго Кроў, — чытаем у заканчэнні ліста Mane nobiscum Domine, — Хрыстус падарожнічае разам з намі, як нашая моц і наш віятык, і чыніць нас сведкамі надзеі для ўсіх». Калі перад гэтай таямніцай розум чалавека адчувае ўласную абмежаванасць, то сэрца, асвечанае ласкаю Духа Святога, добра ведае, якую трэба прыняць паставу, паглыбляючыся ў адарацыю і любоў без межаў. Учынім жа сваімі пачуцці святога Тамаша Аквінскага, знакамітага тэолага і адначасова палымянага песняра Хрыста Эўхарыстычнага; дазволім, каб і нашая душа адкрылася ў надзеі на сузіранне мэты, да якой імкнецца сэрца, што прагне радасці і спакою: Добры Пастыр, сапраўдны Хлебе, Езу, змілуйся над намі; накармі нас і беражы, давядзі нас да вечнага багацця ў краіне жывых. Ты, які ўсё ведаеш і можаш, які нас корміш на зямлі, давядзі сваіх братоў да гасціны нябеснай, да радасці Тваіх святых (ЕссЕ, 62). | З пастырскім благаслаўленнем, Каталіцкія Біскупы Беларусі |
«Ян Павел ІІ — Бэнэдыкт XVI» — ліст кардынала Казіміра Свёнтка
|
13.07.2009 14:46 |
Ты — Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго (Мц 16, 18).
Сэнс прыведзеных на пачатку гэтага пастырскага паслання словаў Пана Езуса, з якімі Ён звярнуўся да апостала Пятра непадалёк ад Цэзарэі Філіпавай, — набыў асаблівую актуальнасць, выразнасць і значнасць у дні, калі адбывалася развітанне з Янам Паўлам ІІ і выбары новага Папы. Я перажыў іх у Рыме, у Ватыкане. Перажыванне падзеяў, сведкам і ўдзельнікам якіх мне давялося стаць у жалобныя дні смерці і пахавання Папы Яна Паўла ІІ і радасныя дні канклава і абрання Бэнэдыкта XVI, я не магу захаваць толькі для сябе, але павінен падзяліцца ім з усім Касцёлам на Беларусі, а таксама з усімі людзьмі добрай волі.
2 красавіка 2005 г. у 21.37 перастала біцца сэрца Святога Айца Яна Паўла ІІ. Адышоў у вечнасць той, хто амаль 27 гадоў спаўняў місію Намесніка Хрыста і Наступніка святога апостала Пятра. Не толькі Касцёл, якім ён так доўга кіраваў, але ўвесь свет схіліў галаву і ўкленчыў, каб ушанаваць памерлага Папу Яна Паўла ІІ, выказаць яму самыя шчырыя прызнанне і падзяку за яго цудоўны і плённы пантыфікат. Пасля яго смерці ўсе адчулі велізарны боль і пустату. Мільёны людзей, якія ў гэтыя дні жалобы сабраліся ў Рыме, і больш за два мільярды асобаў ва ўсім свеце, хто дзякуючы тэлебачанню таксама прымаў удзел у пахаванні Папы Яна Паўла ІІ, сталі жывым сведчаннем яго велічы і яго святасці. Калі ў базыліцы святога Пятра я ўкленчыў пры катафалку, што быў змешчаны перад канфесіяй Князя апосталаў і на якім спачывала цела памерлага Пантыфіка, я ўбачыў яго твар са слядамі вялікіх цярпенняў, разумення велічы смерці, а таксама благаслаўлёнага супакою вечнага жыцця і адначасова ўзнёсласці Папства. Доўга і шчыра я маліўся не столькі за яго, колькі да яго, дзякуючы за ўсё, што ён даў мне асабіста, чым адарыў Касцёл у Беларусі, і даручаў усіх нас яго далейшаму кіраўніцтву і заступніцтву ў Валадарстве Нябесным каля трону Хрыста, Намеснікам якога Ян Павел ІІ быў на зямлі. Я зразумеў таксама, што яго смерць не разлучыла нас, але яшчэ больш зблізіла і з’яднала повязямі вечнага жыцця. 8 красавіка адбыліся пахавальныя абрады на плошчы Святога Пятра, дзе сабраліся сотні тысяч людзей, сярод якіх было 200 кіраўнікоў дзяржаў, рэлігійных лідэраў і прадстаўнікоў розных веравызнанняў. Перад алтаром на плошчы стаяла труна з разгорнутай кнігай Евангелля, старонкі якой пад парывамі ветру пераварочваліся нібы пад павевам Духа Святога, ажно пакуль яна не закрылася, напэўна, на знак заканчэння зямнога жыцця Пантыфіка. Святую Імшу канцэлебравалі кардыналы пад кіраўніцтвам дэкана Калегіі кардыналаў Ёзафа Ратцынгера, які ў гаміліі, між іншым, сказаў: «Мы можам быць упэўненыя, што наш любы Папа глядзіць з акна дому Айца Нябеснага, бачыць нас і нас благаслаўляе». На заканчэнне святой Імшы натоўп людзей, сабраных на плошчы, своеасаблівым чынам развітваўся з адышоўшым у вечнасць Папам Янам Паўлам ІІ — некалькі хвілін не змаўкалі апладысменты. 12 мужчын паднялі труну, і ў велічным шэсці яна была перанесена ў базыліку, дзе кардыналы развіталіся з Папам Янам Паўлам ІІ, зняўшы свае пурпурныя шапачкі і схіліўшы галовы. Труну з целам Папы Яна Паўла ІІ паставілі ў гротах пад базылікай святога Пятра ў выкапанай магіле, якую накрылі белай мармуровай плітой з надпісам: IOANNES PAULUS PP II
16.X.1978 – 2.IV.2005 Ніякіх кветак, ніякіх свечак — толькі адзін запалены зніч перад плітой. Шматлікі натоўп штодзённа наведваў магілу Папы Яна Паўла ІІ, каб у маўчанні і засяроджанасці выказаць яму пашану і падзяку, а таксама засведчыць памяць. Некалькі разоў я наведаў магілу Святога Айца Яна Паўла ІІ, каб падзякаваць за яго цудоўны пантыфікат, за яго сведчанне веры, дабрыні, любові, за яго выключную добразычлівасць і дапамогу Касцёлу ў Беларусі, а таксама за яго цеплыню і сардэчнасць у адносінах да мяне. Я абяцаў Папу Яну Паўлу ІІ пры яго магіле, што каталікі Беларусі будуць памятаць пра яго, маліцца за яго, што будуць вернымі і паслухмянымі Касцёлу і Апостальскай Сталіцы. З 8 да 16 красавіка ў базыліцы святога Пятра адбыліся «Novendiales» — на працягу дзевяці дзён штодзённа адбываліся ўрачыстыя святыя Імшы за памерлага Папу Яна Паўла ІІ з удзелам кардыналаў. Гэта быў час жалобы. На працягу яго ў Сінадальнай зале штодзённа праходзілі агульныя сходы кардыналаў, на якіх абмяркоўваліся бягучыя справы, а таксама сітуацыя ў Касцёле і ў свеце. 18 красавіка, у дзень пачатку канклава, у базыліцы святога Пятра адбылася святога Імша, якую цэлебравалі кардыналы-выбаршчыкі пад кіраўніцтвам дэкана Калегіі кардыналаў Ёзафа Ратцынгера. У гэтай святой Імшы бралі ўдзел таксама і кардыналы, старэйшыя за 80 гадоў, якія не ўдзельнічаюць у выбары Папы. У гэты ж дзень у 16.00 кардыналы-выбаршчыкі ў працэсіі прайшлі ў Сікстынскую капэлу, дзе адбылося першае галасаване, пасля якога пайшоў чорны дым з коміну на даху капэлы. 19 красавіка ў першай палове дня кардыналы галасавалі два разы, але таксама безвынікова: з коміна двойчы ішоў чорны дым. Увечары адбылося чацвёртае галасаванне. Плошча Святога Пятра поўнасцю запоўнілася вернікамі. У 17.50 з коміна над Сікстынскай капэлай з’явіўся белы дым. Рэакцыю сабраных на плошчы Святога Пятра людзей цяжка апісаць: апладысменты, воклічы, танцы... Праз некалькі хвілін забіў звон на вежы базылікі святога Пятра. Энтузіязм узрастаў. Я быў там, углядаўся ў белы дым над дахам Сікстынскай капэлы, а пасля ўслухоўваўся ў гучанне звону на вежы базылікі. Радасць, хваляванне ахапілі мяне. Праз некаторы час адчыніліся дзверы балкону, што на фасадзе базылікі, і быў вывешаны папскі дыван. Паказаўся кардынал протадэкан Хорхэ Медына Эстэвэс, які роўна ў 18.50 абвясціў: «Annuntio vobis gaudium magnum: habemus papam» («Абвяшчаю вялікую радасць: у нас ёсць Папа»). Пачуліся радасныя апладысменты, людзі пачалі абдымацца. Далей кардынал працягваў: «Eminentissimum ac Reverendissimum Dominum, Dominum Iosephum Cardinalem Sanctae Catholicae Romanae Ecclesiae Ratzinger quis imposuit sibi nomen Benedictus XVI» («Найдастойнейшы і найвялебнейшы кардынал Святога Рыма-Каталіцкага Касцёла Ёзаф Ратцынгер, які прымае імя Бэнэдыкт XVI»). Плошчу ахапіла вялікая хваля апладысментаў. У тую ж хвіліну на балконе паказаўся 264 наступнік святога Пятра, Папа Бэнэдыкт XVI. Бурная радасць, апладысменты: «Viva il Papa!» («Няхай жыве Папа!»). Узрадаваны Папа дзякаваў з высока ўзнятымі і распасцёртымі рукамі. Калі крыкі і апладысменты сціхлі, Бэнэдыкт XVI сказаў: «Пасля вялікага Папы Яна Паўла ІІ кардыналы абралі мяне — простага і сціплага працаўніка Вінаградніку Пана. Суцяшае мяне тое, што Пан можа дзейнічаць таксама карыстаючыся недасканалымі прыладамі. Перадусім я даручаю сябе вашым малітвам. У радасці Уваскрослага Пана, з верай у Яго нястомную дапамогу, будзем ісці наперад. Пан нас падтрымае, а Маці Божая будзе з намі. Дзякуй». Зноў вялікая хваля апладысментаў. Большасць сабраных на плошчы Святога Пятра ўкленчылі, і Бэнэдыкт XVI удзяліў сваё першае апостальскае благаслаўленне «Urbi et Orbi» («Гораду і свету»). Бурныя воклічы «Брава!» суправаджалі Папу, калі ён адыходзіў з балкона ўглыб базылікі святога Пятра. Шмат часу прайшло, пакуль не апусцела плошча Святога Пятра, дзе сабраліся каля 20 тысяч чалавек, якія жадалі прысутнічаць пры абвяшчэнні новага Папы. Папа Бэнэдыкт XVI (да гэтага часу кардынал Ёзаф Ратцынгер) — немец па паходжанні – нарадзіўся 16 красавіка 1927 г., святарскае пасвячэнне атрымаў 29 чэрвеня 1951 г. 24 сакавіка 1977 г. Папа Павел VI прызначыў яго арцыбіскупам мітрапалітам Мюнхена і Фрайзінга, а 27 чэрвеня гэтага ж года ўвёў у склад Калегіі кардыналаў. 25 лістапада 1981 г. Папа Ян Павел ІІ даручыў яму кіраванне Кангрэгацыяй Веравучэння. Кардынал Ёзаф Ратцынгер адзначыўся прынцыповасцю і паслядоўнасцю ў справах веры. Ён быў адным з самых блізкіх супрацоўнікаў Папы Яна Паўла ІІ. 20 красавіка ў 9.00 Папа Бэнэдыкт XVI канцэлебраваў з кардыналамі-выбаршчыкамі святую Імшу ў Сікстынскай капэле, на заканчэнне якой па-лацінску прачытаў гамілію. У ёй Бэнэдыкт XVI неаднаразова ўзгадваў Папу Яна Паўла ІІ. Між іншым ён сказаў: «Мне здаецца, што я адчуваю моцную далонь Святога Айца Яна Паўла ІІ, якая сціскае маю далонь; здаецца, я бачу яго вочы, якія ўсміхаюцца, і чую яго словы, скіраваныя ў гэты момант асабліва да мяне: „Не бойся!“». І яшчэ: «Так, як Пётр, я таксама аднаўляю безумоўную прысягу вернасці Хрысту. Толькі Яму буду служыць, цалкам аддаючыся служэнню Яго Касцёлу». 22 красавіка ў Клементыйскай зале Апостальскага палаца адбылася сустрэча Папы Бэнэдыкта XVI з кардыналамі. Падчас сваёй прамовы Папа Бэнэдыкт XVI падзякаваў кардыналам за давер, які яны аказалі яму, калі абралі на пасад біскупа Рыма і Пастыра Паўсюднага Касцёла. Між іншым новаабраны Папа сказаў: «Ваша духоўная блізкасць, вашыя светлыя парады і вашае дзейснае супрацоўніцтва стануць для мяне дарам, за які я заўсёды буду вам удзячны. Гэта таксама будзе для мяне стымулам да таго, каб з непадзельнай вернасцю і адданасцю выканаць да канца даверанае мне заданне». Просьбу Папы Бэнэдыкта XVI аб парадзе і супрацоўніцтве многія кардыналы ўспрынялі як абяцанне большай калегіяльнасці ў кіраванні Касцёлам. На заканчэнне гэтых гістарычных дзён 24 красавіка 2005 г. у 10.00 на плошчы Святога Пятра адбылася ўрачыстая інаўгурацыя Пантыфікату Папы Бэнэдыкта XVI. У канцэлебрацыі святой Імшы пад кіраўніцтвам Папы ўдзельнічалі амаль усе кардыналы, шмат біскупаў і святароў. Плошча Святога Пятра і бліжэйшыя вуліцы запоўнілі каля поўмільёна вернікаў. Сярод 140 афіцыйных дэлегацый прысутнічалі 36 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, прадстаўнікі 24 рэлігійных канфесій. Святую Камунію ўдзялялі больш за 320 святароў. Цэлебрацыя святой Імшы і інаўгурацыя працягвалася амаль 3 гадзіны. Пасля чытання Евангелля Папа Бэнэдыкт XVI прыняў сімвалы папскай улады: палій (2, 6 м даўжыні), які з’яўляецца знакам Пастыра, біскупа Рыма, і пярсцёнак Рыбака — знак служэння Пятра. У сваёй гаміліі Папа Бэнэдыкт XVI ужо ў першых словах аддаў пашану святой памяці Папу Яну Паўлу ІІ. Ён узгадаў, «якімі пакінутымі мы адчувалі сябе пасля смерці Папы, які больш за 26 гадоў быў нашым Пастырам і Правадыром па шляхах часу». Вяртаючыся памяццю да 22 кастрычніка 1978 г. — дня інаўгурацыі пантыфікату Яна Паўла ІІ, Бэнэдыкт XVI узгадаў: «У маіх вушах увесь час гучаць словы, якія ён тады сказаў: „Не бойцеся, адкрыйце і нават расчыніце насцеж дзверы Хрысту!“». Акрамя гэтага Бэнэдыкт XVI казаў: «Мая сапраўдная праграма кіравання ў тым, каб не чыніць маю волю, не ісці за маімі ідэямі, але разам з усім Касцёлам прыслухоўвацца да слова і волі Пана і дазволіць Яму весці мяне такім чынам, каб Ён сам вёў Касцёл у гэты перыяд нашай гісторыі». Іншую форму мела ўшанаванне, якое выяўляюць Пантыфіку ўсе кардыналы. Замест яго адбыўся абрад, падчас якога абяцалі паслухмянасць Папу 12 асобаў: 3 кардыналы, біскуп, святар, дыякан, законнік і законніца, сужэнская пара і двое падлеткаў перад прыняццем сакрамэнту канфірмацыі. Пасля ўдзеленага благаслаўлення Папа Бэнэдыкт XVI у адкрытым папамабіле спусціўся з прэзбітэрыя. З прамяністай усмешкай ён праехаў сярод вернікаў, што сабраліся на плошчы Святога Пятра, удзяляючы ім благаслаўленне, а навокал гучалі воклічы: «Benedetto, viva il Papa!» («Няхай жыве Папа Бэнэдыкт!»). Так завяршыліся дні майго прабывання ў Рыме і Ватыкане. Дні, поўныя смутку і жалобы. Дні, поўныя радасці і надзеі. Вяртаючыся на Беларусь, я вязу з сабою веліч і святасць светлай постаці памерлага Папы Яна Паўла ІІ, а таксама мудрасць і лагоднасць пакорнай постаці новага Папы Бэнэдыкта XVI. Праявім жа ў сваім жыцці і паводзінах нашу моцную, нязломную веру ў Бога, нашу сталую вернасць Каталіцкаму Касцёлу, нашу пакорную паслухмянасць Апостальскай Сталіцы, нашу малітоўную памяць пра памерлага Папу Яна Паўла ІІ і пра цяперашняга Папу Бэнэдыкта XVI. Кардынал Казімір Свёнтэк Рым — Ватыкан, 2–24 красавіка |
Спецыяльнае паведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з нагоды абрання Папы Бэнэдыкта XVI
|
13.07.2009 14:44 |
Найдастойнейшыя Біскупы, Вялебныя Святары, Шаноўныя Сёстры Законныя, Дарагі народзе Божы, HABEMUS PAPAM — У НАС ЁСЦЬ ПАПА! 19 красавіка 2005 года ў 17 гадзін 50 хвілін (па сярэднееўрапейскім часе) з коміна над Сікстынскай Капэлай пайшоў белы дым, а праз некалькі хвілін пачалі біць званы базылікі Святога Пятра і на балконе з’явіўся новавыбраны Папа, да гэтага часу — кардынал Ёзаф Ратцынгер, які ўзяў сабе імя Бэнэдыкт XVI. Браты і сёстры, мы дзелімся з вамі гэтай вялікай радасцю, што ахапіла ўвесь Касцёл і ўсіх людзей добрай волі. Пасля амаль 27 гадоў выдатнага пантыфікату адышоўшага да вечнасці Папы Яна Паўла ІІ, моцаю Духа Святога, што кіруе Касцёлам, Калегія Кардыналаў выбрала чарговага Наступніка святога Пятра, які з балкону базылікі ўдзяліў сваё першае благаслаўленне Urbi et orbi — Гораду і свету. Мы сардэчна вітаем Папу Бэнэдыкта XVI і жадаем яму шчодрых дароў Святога Духа ў кіраванні Касцёлам ў справах веры і маралі, працягваючы апостальскае служэнне, прынятае ім ад Вялікага і, напэўна, Святога яго Папярэдніка Папы Яна Паўла ІІ. Цвёрда, шчыра і пераканаўча запэўніваем Папу Бэнэдыкта XVI у нашай вернасці, паслушэнстве і любові як да новага Намесніка Хрыста. Абяцаем Яго Святасці Папу Бэнэдыкту XVI нашую нястомную малітву у Яго інтэнцыі, каб Бог адарыў яго доўгім жыццём, моцным здароўем і нязломнаю сілаю душы і цела ў выкананні апостальскай місіі перад Богам, Касцёлам і светам. Цалуем персцень Рыбака — знак Пятровай улады. Мінск, 20 красавіка 2005 г. Кардынал Казімір Свёнтэк Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі |
Ліст біскупаў Каталіцкага Касцёла на Беларусі Камерленгу Святога Каталіцкага Касцёла
|
13.07.2009 14:41 |
4 красавіка біскупы Каталіцкага Касцёла на Беларусі накіравалі ліст у Ватыкан Яго Эмінэнцыі кардыналу Эдуарду Марцінэсу Самало – Камерленгу Святога Каталіцкага Касцёла. Яго Эмінэнцыі Кардыналу Эдуарду Марцінэсу Самало Камерленга Святога Каталіцкага Касцёла Ватыкан Ваша Эмінэнцыя, У вігілію нядзелі Божай Міласэрнасці мы атрымалі сумную вестку: Святы Айцец Ян Павел ІІ адышоў у дом Нябеснага Айца. Мы, біскупы Рымска-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, разам з усім народам Божым з глыбокім болем перажываем адыход у вечнасць нашага Айца. У нашым болю мы яднаемся з усім Касцёлам і прабываем у малітоўным чуванні разам з усімі вернікамі. Мы асаблівым чынам удзячныя Божаму Провіду за вялікую любоў, з якой Святы Айцец адносіўся да народаў Усходняй Еўропы, за тое, што можам сёння радавацца адраджэнню Касцёла на нашай зямлі. У дні, напоўненыя болем, мы з надзеяй услухоўваемся ў словы Адкупіцеля: «Я — уваскрасенне і жыццё. Кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ навекі» (пар. Ян 11, 25-26). Нябеснаму Айцу, шчодраму на міласэрнасць, даручаем душу нашага Святога Айца Яна Паўла ІІ, а таксама ўзносім малітвы за ўвесь Касцёл, спадзеючыся, што ў асобе Яна Паўла ІІ ён будзе мець свайго заступніка перад Панам. Біскупы Рымска-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі |
Ліст і распараджэнне Кардынала Казіміра Свёнтка
|
13.07.2009 14:38 |
2 красавіка 2005 г. Кардынал Казімір Свёнтэк – Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі – звярнуўся да святароў, законных сясцёр, да ўсяго Народу Божага з наступным лістом і распараджэннем: Шаноўныя святары, Паважаныя сёстры, Дарагі Народ Божы, Папа Ян Павел ІІ памёр... Гэтыя кароткія словы напоўненыя такім вялікім болем... Сэрца, якое ў Божай любові палюбіла не толькі вернікаў Каталіцкага Касцёла, але і ўсіх людзей на планеце, перастала біцца. 26 гадоў пантыфікату Яна Паўла ІІ гэта: - пастырскае кіраўніцтва Каталіцкім Касцёлам;
- поўнае прысвячэнне сябе справе евангелізацыі свету;
- нястомная барацьба за мір паміж народамі;
- вялікі клопат пра вернікаў, прыгнечаных у многіх краінах;
- сыноўскае ўшанаванне Маці Божай згодна з яго дэвізам Totus Tuus – Увесь Твой.
Дзякуем Богу за выдатнага Наступніка святога Пятра, які змог у кіраўніцтве Касцёлам аб’яднаць сучаснасць і Апостальскую Традыцыю; - дзякуем Папу Яну Паўлу ІІ за яго поўную адданасць Богу і Касцёлу;
- дзякуем за распаўсюджванне набажэнства да Божай Міласэрнасці;
- дзякуем за тое, што прыняў запрашэнне наведаць Касцёл у Беларусі.
Як моцна нам будзе не хапаць улюбёнага Святога Айца! Памяць пра Папу Яна Паўла ІІ захаваем ва ўдзячных сэрцах назаўсёды. Кардынал Казімір Свёнтэк Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Распараджэнне святарам 7 красавіка: у любы зручны час цэлебраваць св. Імшу у інтэнцыі Папы Яна Паўла ІІ. 8 красавіка а 11.00: біць у званы на працягу паўгадзіны. Гэты ліст у бліжэйшы час абвясціць вернікам ва ўсіх касцёлах на Беларусі. |
|
|